штыль ​1, ‑ю, м.

Адсутнасць ветру, бязветранае надвор’е (на моры, акіяне, возеры і пад.). Мы з табою на тым разышліся паўстанку, Дзе прадрок навальніцу бязветраны штыль. Звонак. Абрыдла ўсё ў вандроўцы дальняй — Чужая соль, і хлеб чужы, І штыль, і шторм дзесяцібальны, З якім нялёгка падружыць. Танк.

•••

Мёртвы штыль — поўная адсутнасць ветру.

[Ад гал. stil.]

штыль ​2, ‑я, м.

1. Востры стрыжань.

2. Спец. Тое, што і шып ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРАНЕ́ЎСКІ ((Broniewski) Уладзіслаў) (17.12.1897, г. Плоцк, Польшча — 10.2.1962),

польскі паэт і перакладчык. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1918—24). У 1925 разам з В.​Вандурскім і С.​Стандэ выдаў праграмны маніфест польск. рэв.-пралет. паэзіі «Тры залпы». У 1939 у Львове. У 1940—41 зняволены сав. ўладамі па лжэданосе. Некаторы час жыў у Куйбышаве, уступіў у армію Андэрса. У 1945 вярнуўся на радзіму. Паэтычны дэбют — зб. «Ветракі» (1925). У ім — зварот да традыцый рамантычнай паэзіі, высокая патэтыка, эмацыянальна напружаная вобразнасць. У зб-ках «Дымы над горадам» (1927), «Смутак і песня» (1932), у паэме «Парыжская Камуна» (1929) трагічныя настроі, дамінаванне грамадска-паліт. тэматыкі. Тэма Радзімы, заклікі да барацьбы са стомленасцю, дэпрэсіяй, настальгіяй у вершах ваен. гадоў (зб-кі «Зброю да бою», 1943; «Дрэва ў адчаі», 1945). Пейзажная, філасофская, інтымная лірыка склала зб. «Надзея» (1951). У 1956 выйшаў зб. «Анка». Цыкл «Новыя вершы» (1956—62) — запавет паэта, прасякнуты элегічна-трагічнымі матывамі. Перакладаў на польск. мову творы М.​Гогаля, А.​Талстога, А.​Пушкіна, У.​Маякоўскага, С.​Ясеніна, Б.​Пастарнака і інш. Творы Бранеўскага на бел. мову перакладалі М.​Арочка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, П.​Броўка, А.​Вялюгін, Н.​Гілевіч, Ю.​Голуб, С.​Дзяргай, У.​Дубоўка, С.​Законнікаў, Я.​Купала, М.​Лужанін, П.​Макаль, М.​Машара, П.​Пестрак, М.​Танк і інш.

Тв.:

Wierszy i poematy. 7 wyd. Warszawa, 1970;

Wiersze warszawskie. Warszawa, 1986;

Бел. пер. — Дарогай дзён: Вершы і паэмы. Мн., 1961;

Рус. пер. — Стихи. М., 1986.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЛО́ССЕ»,

заходнебел. літ.-навук. часопіс. Выдаваўся ў 1935—39 у Вільні на бел. мове штоквартальна. Меў бібліягр. аддзел «Кнігапіс», вёў хроніку культ. жыцця ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчаў матэрыялы па бел. гісторыі, сац. псіхалогіі, этнаграфіі, культуры, краязнаўстве, мова- і літ.-знаўстве. З’яўляўся гал. трыбунай бел. інтэлектуальнага асяродка ў Зах. Беларусі ў 2-й пал. 1930-х г. Сваімі праграмнымі ўстаноўкамі садзейнічаў нац. адраджэнню, пашырэнню грамадска-культ. базы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У часопісе супрацоўнічалі М.​Шкялёнак (рэдактар), Я.​Шутовіч (адказны рэдактар, з 1937 рэдактар-выдавец), Н.​Арсеннева, В.​Багдановіч, М.​Васілёк, А.​Луцкевіч, М.​Машара, У.​Самойла, М.​Танк, В.​Таўлай, Р.​Шырма і інш. Ідэйнае аблічча часопісу надаваў А.​Станкевіч, які выступаў з публікацыямі па пытаннях нац. адраджэння, пра газ. «Мужыцкая праўда», «Гоман», Ф.​Скарыну, Б.​Эпімаха-Шыпілу і інш., з рэцэнзіямі на кнігі. Упершыню ў бел. друку ўзняў пытанне пра выкарыстанне псіхааналізу ў літ.знаўстве, разглядаў нац. самасвядомасць як фактар псіхічнага і духоўнага здароўя асобы. Выступаў з крытыкай рас. і польск. гісторыкаў, якія, фетышызуючы вайск. і дзярж. моц б. шляхецкай Рэчы Паспалітай і самадзяржаўнай Расіі, прыніжалі культуру ВКЛ. Сцвярджаў самабытнасць шляху бел. сялянства пасля адмены прыгоннага права. Публікаваў маст. творы зах.-бел. пісьменнікаў, перадрукоўваў творы пісьменнікаў БССР. Змяшчаў артыкулы пра Ф.​Шаляпіна, Ш.​Руставелі, М.​Рэрыха і інш. Выйшла 20 кніжак. Спыніў дзейнасць у сувязі з набліжэннем 2-й сусв. вайны.

У.​А.​Калеснік.

Вокладка часопіса «Калоссе». 1935.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Усевалад Аляксандравіч) (10.4.1895, г. Пушкін Ленінградскай вобл — 31.8.1977),

рускі паэт і перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). Друкаваўся з 1910. У зб-ках «Вялікая Мядзведзіца» (1926), «Гранітны сад» (1929), «...Зямное сэрца» (1933), «Акно ў сад» (1939) пісаў пра жыццё ў краіне, дзеячаў рус. культуры. Зб-кі «Голас Радзімы» (1943), «Ладага» (1945), «Родныя дарогі» (1947) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Лірыка 1950—70-х г. прысвечана паўн. прыродзе і Ленінграду. Аўтар кніг пра А.​Пушкіна («Чытаючы Пушкіна», 1962), мемуараў. З канца 1920-х г. перакладаў бел. паэзію. У 1930-я г. наведваў Беларусь, сустракаўся з бел. пісьменнікамі. На рус. мову пераклаў больш за 60 вершаў Я.​Купалы, яго паэмы «Яна і я», «Тарасова доля», драму «Раскіданае гняздо» (з П.​Кабзарэўскім). Я.​Купалу прысвяціў некалькі вершаў і артыкулаў. Пераклаў таксама вершы Ф.​Багушэвіча, Цёткі, П.​Глебкі, У.​Дубоўкі, К.​Кірэенкі, М.​Лужаніна, П.​Панчанкі, М.​Танка і інш. На бел. мову яго творы перакладалі Р.​Баравікова, А.​Вялюгін, Дубоўка, В.​Зуёнак, Г.​Кляўко, Р.​Няхай, У.​Паўлаў, Я.​Сіпакоў, М.​Танк і інш.

Тв.:

Избранное. Т 1—2. Л., 1974;

В созвездии Пушкина М., 1972;

Страницы жизни. 2 изд. М., 1974;

Город на Неве. 2 изд. Л., 1978;

Бел. пер. — у кн.: Паэты Ленінграда. Мн., 1948;

У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.

Літ.:

Васильева И.А. Всеволод Рождественский: Очерк жизни и творчества. Л., 1983;

Лиокумович Т. Поэзия Янки Купалы в русских переводах // Мастерство перевода. Сб. 12. 1979. М., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гуртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

1. Збіраць у гурт; групаваць, канцэнтраваць. — А ваш, таварышы, абавязак — шырыць, развіваць паўстанне, збіраць народ, гуртаваць яго ў баявыя групы. Колас. Камуністы ў лясным гушчары палкі партызан гуртавалі. Ставер.

2. перан. Аб’ядноўваць, збліжаць на аснове адзінства поглядаў, сумесных дзеянняў. Трэба, трэба, пясняр, Песню гэткую даць, Каб яна памагла Сілы нам гуртаваць. Танк. Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкупі́ць, ‑куплю, ‑купіш, ‑купіць; зак., каго-што.

1. Атрымаць права на што‑н., заплаціўшы грошы; купіць. [Дзед:] — А пасля адкупілі ў пана лес купцы, высеклі, а бацькі нашыя зямлю адкупілі і поле зрабілі. Галавач. Вось паслы і кажуць: — Хоча цар адкупіць тваёй жалейкі чар. Танк. // Узяць на водкуп, заарандаваць. Адкупіць рыбалоўныя промыслы на год.

2. Разм. Купіўшы што‑н., аддаць у замест чаго‑н. сапсаванага, згубленага і пад. Адкупіць бібліятэцы згубленую кніжку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

афарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.

1. Пакрыць або насыціць фарбай, чым‑н. фарбуючым. Афарбаваць дах. Афарбаваць тканіну. □ Лукаш асеў, і кроў яму афарбавала скронь. Танк.

2. Надаць які‑н. колер. Афарбаваць шчокі румянцам. □ Усход сонца афарбаваў акно спальні Крушынскага. Бядуля. А з-за лесу выплыў вялізны-вялізны месяц і адразу ўсё афарбаваў у жоўты колер. Чарнышэвіч.

3. перан. Надаць якое‑н. адценне, які‑н. сэнс чаму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абро́к ​1, ‑у, м.

Гіст. Натуральны або грашовы падатак, які спаганяўся памешчыкамі з прыгонных сялян; чынш. Збіраць аброк. □ Пранюхаў князь: мужыкі багацей сталі жыць, Маюць хлеб ды з бярозавым сокам. Загадаў аканомам сваім аблажыць Мужыкоў цяжэйшым аброкам. Танк.

абро́к ​2, ‑у, м.

Корм для коней, звычайна авёс. Мужчыны павыпрагалі коней, далі ім аброку і таксама пайшлі да гурту. Сачанка. Не даўшы аброку, не бі кіем па боку. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змагчы́, змагу, зможаш, зможа; пр. змог, змагла, ‑ло; зак., звычайна з інф.

Здолець зрабіць што‑н. — Стаць разведчыцай ты зможаш у любы момант, калі гэта спатрэбіцца. Шамякін. Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая! Танк. // Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. Далёкая мілая мама, Я знаю — каб толькі змагла, Не зёлкамі ты, а рукамі Бяду б ад мяне адвяла. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лабіры́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Палац з мноствам пакояў і заблытаных хадоў, пабудаваны, паводле старажытнагрэчаскага падання, Дэдалам на востраве Крыт.

2. Складанае, заблытанае размяшчэнне памяшканняў, праходаў, дарог, алей у парку і пад. Вялізны санаторый адразу здаўся Казанцаву сапраўдным лабірынтам. Васілевіч.

3. перан. Што‑н. вельмі складанае, заблытанае, у чым цяжка адразу разабрацца. Лабірынт думак. Лабірынт падзей. □ У лабірынце памяці маёй Цудоўнейшыя скарбы выяўляю. Танк.

4. Спец. Унутраная частка вуха.

[Грэч. labyrinthos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)