Ры́хлы ’порысты, рассыпісты, мяккі’ (Нас., ТСБМ), ры́хлы, ру́хлы ’рассыпісты’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ’шпаркі, хуткі’ (Нас.), ’спрытны, увішны, хуткі ва ўсім чалавек’ (Пан.), ’хуткі ў рабоце’ (ушац., ЛА), ст.-бел. рыхлый, рихлый ’хуткі’, ’шпаркі’ (XVI ст.), рус. рыхлый, польск. rychły ’хуткі, паспешны’, славац. rýchly ’хуткі’, ’жвавы’, чэш. rychlý ’тс’, в.-луж. і н.-луж. rychły ’хуткі’. Лексема адсутнічае ў паўднёва-славянскіх мовах. Прасл. *rychlъ. Звязана з рух, ру́шыць, параўн. лат. rusenis ’вельмі рыхлы снег’, rūsa ’смецце’, літ. ruošù (лат. roušs) ’клапатлівы’, ’мітуслівы’, ’дзейны’, ruõšti ’рыхтаваць’, ’збіраць’, с.-н.-ням. rusch, ст.-ісл. rúst ’разваліны’, нідэрл. rul ’рыхлы і сухі пясок’ (Голуб-Копечны, 2, 320; Фасмер, 5, 532; Брукнер, 471; Чарных, 2, 131). Прасл. *rychlъ (да *rychnǫti, *rysăti, роднасных да *ruchnǫti, *rušiti) (Варбат, Морфонол., 88–89). Польск. rychle, rykle, rytle ’сып, кароста, гнайнікі’ з’яўляецца нямецкім запазычаннем, параўн., с.-в.-ням. rücheln, ням. Röteln ’краснуха’, Rütteln ’трэсці, устрэсваць’ (Брукнер, 471). Сюды ж ры́хленько ’скоранька’ (Нас.). Два значэнні гэтага прыметніка (’хуткі’ і ’рассыпісты, няшчыльны, мяккі’) тлумачацца з асноўных значэнняў зыходных дзеясловаў з коранем *ruch‑: *rъch‑рыць, капаць’ > ’пасоўваць’, ’ссоўваць з месца’, ’разбураць’. Кожнае са значэнняў прыметніка прадстаўлена ў варыянтах з рознай агаласоўкай. Таму варта казаць пра адзінае ўтварэнне з суф. ‑l‑ і двума значэннямі, часткова размеркаванымі па дыялектах: у заходнеславянскіх прадстаўлена толькі ’хуткі’, у паўднёва-славянскіх — толькі ’няшчыльны, мяккі’ (Варбат, Морфонол., 88). Махэк адрознівае заходне- і ўсходнеславянскія лексемы. Ён сцвярджае, што ўсходнеславянскія трэба звязваць з рух, рушыць. Заходнеславянскія лічыць роднаснымі да літ. rušėti ’быць поўным’, ’варушыцца’, ’быць жвавым, актыўным, дзейным’. З доляй імавернасці лічыць, што існаваў дзеяслоў *rych‑ati і лексема рыхлы з’яўляецца скарочанай формай ад *rychaly (якое ўтварылася як dbaly ад dbati) (Махэк₂, 527).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лыч1 ’выцягнутая пярэдняя частка галавы некаторых жывёл, рыла’ (Нас., ТСБМ, Мядзв., Грыг., Гарэц., Касп., Растарг., Клім., ТС, Сл. ПЗБ, Мікуц.; КЭС, лаг.; рагач., КЭС), ’твар, брудны твар’ (КТС, Касп.), лы́чак ’лыч’ (Ян.), лы́чык ’рыльца ў парасяці’ (Нас.). Укр. паўн., валын., палес. лич, ли́че, ли́ччя ’свінячае рыла’, ’не пакрытая поўсцю пярэдняя частка галавы каня’, рус. смал., бран., калін. лыч ’рыла свінні’, наўг. лы́чко ’морда сабакі’; польск. łycz ’рыла’, ’доўгі нос’, ’рыла дзіка’, lycz lodzi ’нос карабля’, паводле Слаўскага (5, 384), запазычана з бел. мовы. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 181) узводзіць гэту лексему да прасл. дыял. lyčь < *lūkjo‑, супастаўляючы яе ўслед за Траўтманам (151), Фрэнкелем (344, 361), з літ. laũkas ’з белай плямай на лбе’, лац. lūcidus ’ясны’, літ. liaukà ’шыйная залоза’, laukos ’залозы ў свінні’, лат. laukos, ļauka ’пухліна залоз у свінні’. Інакш і больш імаверна Краўчук (Бел.-укр. ізал., 38), які мяркуе, што бел. форма была запазычана з укр. гаворак і ўзыходзіць да прасл. ličь, якое з’яўляецца роднасным да прасл. likъ, lice. Сюды ж лычава́цьрыць лычом’ (карэліц., Сцяшк. Сл.), ’рабіць падкоп (пад каго-небудзь)’ (Юрч. Вытв.).

Лыч2, лы́чык ’верхняя частка бурака, націна’ (Нас.), віл. лы́чыкі ’націна буракоў’ (Сл. ПЗБ), рус. лыч, паўн.-дзв. ’валасы над ілбом’, вяц., валаг., калін., перм. ’націна караняплодаў (бручкі, морквы, рэпы, буракоў, бульбы)’, наўг. ’лісты і сцябло рэпы’, казан. лычы́ ’агурэчнік’. Бел.-рус. ізалекса. Роднаснае да лыка (гл.), якое да прасл. lyk‑o (н. роду), побач з якім існавалі формы ж. роду (параўн. рус. лыка ’лыка’) і м. роду — lykъ/lykь > lyčь < *lūkʼ‑, як у літ. і лат. мовах (lùnkas, lûks), якое абазначала выцягнутыя, (як лыка) падоўжаныя прадметы, параўн. суч. бел. лы́чык ’край буханкі хлеба’ (глыб., Сл. ПЗБ), лычка ’колца, круг кілбасы’, лычка, лычкі ’вузкія папярочныя нашыўкі на пагонах’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нос, ‑а; мн. насы, ‑оў; м.

1. Выступ паміж вачамі і ротам на твары чалавека або мордзе жывёлы, які з’яўляецца пачаткам дыхальных шляхоў і органам нюху. Я пацягнуў глыбока носам і шапнуў тату: — Чуеце, як пахне хлеб... Пальчэўскі. Алесь прыхінуўся да Шуры, паклаў на плячо галаву. Ужо носам пасвіствае. Навуменка. Са злосці .. [воўчы важак] ляснуў зубамі, брыкнуў задам, панура чмыхнуў носам і, крадучыся, рушыў наперад. Чорны.

2. Дзюба ў птушкі. Буслы клякочуць, бусляняты Пішчаць жалобна, як шчаняты, Насы закідваюць угору. Колас. Хто б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос! Прыказка.

3. Пярэдняя частка судна, лодкі, самалёта і пад. Чатыры вялікія чорныя лодкі адна за адной чыркнулі насамі па пяску. Брыль. Паправіўшы курс на чатыры градусы, Сіняўскі паставіў нос самалёта на захад. Алешка. Танк спыніўся, нязграбна ўткнуўшыся носам у канаву. Шамякін.

4. Аб выступаючай пярэдняй частцы якога‑н. прадмета. Крышыла лёд, Крышыла скалы аб нос бетоннага быка... Кляшторны. На самым носе пясчанай касы прытулілася невялікая вёска. В. Вольскі.

5. Тое, што і насок (у 1 знач.). Боты з тупымі насамі. □ Ногі былі мокрыя вышэй каленяў, і я з жалем успомніў пра свае юхтовыя боты, сумна глянуўшы на камашы з вострымі насамі. Кірэенка.

•••

Арліны нос — нос з гарбінкай.

Рымскі нос — вялікі, правільнай формы нос з гарбінкай.

Аж нос гнецца у каго — прагна, з апетытам есць хто‑н.

Астацца з носам гл. астацца.

Без фігі не да носа — аб ганарыстым чалавеку, да якога ніяк нельга падступіцца.

Біць (даваць) у нос гл. біць.

Бубніць (сабе) пад нос гл. бубніць.

Вадзіць за нос гл. вадзіць.

Ветрыць носам гл. ветрыць.

Высунуць (выткнуць) нос гл. высунуць.

Вярнуць нос гл. вярнуць ​2.

Далей свайго носа не бачыць гл. бачыць.

Драць нос гл. драць.

Дулю табе (яму, ім і пад.) пад нос гл. дуля.

Заараць носам (зямлю) гл. заараць.

Задраць нос гл. задраць.

Зарубіць (сабе) на носе гл. зарубіць.

Зарыць носам (зямлю) гл. зарыць.

Застацца з носам гл. застацца.

З-пад (самага) носа — на вачах у каго‑н., у непасрэднай блізкасць ад каго‑н.

Камар носа не падточыць (не падаткне, не падсуне) гл. камар.

Кляваць (дзюбаць) носам гл. кляваць.

Крукам (шастом) носа не дастаць гл. дастаць.

Круціць носам гл. круціць.

На носе — вельмі скора, у самы блізкі час (адбудзецца што‑н.). [Сабураў:] — Ні адна са стратэгічных задач не дасягнута, а зіма на носе. Навуменка.

Не ў нос (не па носе) — не даспадобы.

Нос адвярнуць гл. адвярнуць.

Носам рыць гл. рыць.

Носам чуць гл. чуць.

Носа не ўбіць гл. убіць.

Нос у нос; носам к носу — вельмі блізка адзін да другога; твар у твар. Дні праз тры Міхась сустрэўся з камендантам нос у нос... Якімовіч.

Павесіць (апусціць, звесіць) нос гл. павесіць.

Пад (самым) носам; перад (самым) носам — блізка, побач, у непасрэднай блізкасці ад каго‑, чаго‑н.

Пакінуць з носам гл. пакінуць.

Паляцець носам гл. паляцець.

Соваць (сунуць, тыцкаць) нос гл. соваць.

Соваць (тыцкаць) пад нос гл. соваць.

Сунуцца з (сваім) носам гл. сунуцца.

Трымаць нос па ветры гл. трымаць.

Тыцнуць носам гл. тыцнуць.

Уткнуцца носам гл. уткнуцца.

Уцерці (падцерці) нос гл. уцерці.

(Хоць) кроў з носа гл. кроў.

Хоць (ты) нос затыкай гл. замыкаць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. у што. Стаць цвёрда перакананым, упэўненым у чым‑н. Паверыць у свае сілы. Паверыць у перамогу. □ Праўда, у якую паверыў змоладу, якой кіраваўся ў жыцці, сапраўдная, непадробная! Навуменка. «Кахаю» я не гаварыў, Не пераконваў важка... Нашто паверыла ў парыў? Мне проста было цяжка. Дукса. // у каго. Палічыць каго‑н. здольным здзейсніць надзеі, спадзяванні. Не рабіце мне скідак, Паверце ў мяне, Як рака У вясну гэту шчыра паверыла. Мацяш.

2. Прыняць за праўду, палічыць верагодным, адпаведным рэчаіснасці. Паверыць чуткам. □ Што дарагі Якім застанецца тут, на чужыне, далёка ад роднага дома, ляжаць у сырой зямлі, у братняй магіле пры дарозе, пад зялёным узгорачкам — Міхась не мог уявіць і паверыць жорсткай яве. Машара. Канькоў нават не паверыў сваім вылічэнням. Асіпенка. Не паверыць народ Абяцанкам, Не будзе пакорны Цярпець і стагнаць. Глебка.

3. Згадзіцца з кім‑н., прыняць чые‑н. словы за праўду. [Жэня:] — Жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Не паверыла нават мне, якому заўсёды, як брату, верыў Андрэй. Брыль. — Не, — кажа Іван, — не паверу табе: ты падманеш. Якімовіч.

4. што на каго-што. Даручыць або даверыць што‑н., спадзеючыся на цэласць, зварот даверанага, даручанага. [Усевалад:] — Ты цяпер тонка ведаеш падыспад гэтае машыны. Ты сам будзеш поўны гаспадар — я ўсё магу на цябе паверыць. Скрыган.

5. у знач. пабочн. паве́р(це), паве́рыш (паве́рыце). Ужываецца ў гутарцы для большага пераканання субяседніка. [Тодар:] — А потым аперацыю зрабілі, ды, паверыце, такую, што ніхто тут у нас і не браўся яшчэ! Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. Знішчыцца агнём. У шалёнай злосці афіцэр загадаў падпаліць гумно. Яно згарэла, як свечка, сярод белага дня. Сабаленка. — Пажар здарыўся, згарэла ўсё. Чорны. // Зрасходавацца для ацяплення, асвятлення. Дроў згарэла многа, а печ не нагрэлася. За вечар у лямпе ўся газа згарэла.

2. Разм. Страціць маёмасць у выніку пажару; аказацца ў становішчы пагарэльца. Ад маланкі згарэў не адзін гаспадар.

3. Сапсавацца, стаць непрыгодным у выніку моцнага перагрэву; падгарэць. Сала згарэла на скаварадзе. Хлеб згарэў у печы.

4. Разм. Засохнуць ад сонечнай спёкі (пра расліны). Пасевы згарэлі. □ — Такі туман. Днём зноў будзе пячы. Бульба ў гародзе згарыць. Зямля як попел. Пташнікаў.

5. Моцна загарэць, атрымаць сонечныя апёкі. Плечы згарэлі.

6. Згніць, сапрэць зляжаўшыся (пра сена, зерне і пад.). Сена згарэла ў стозе. Згарэла зерне ў кучы. □ — Бульба, яна грэецца. Ды асабліва, калі макраватую ссыпаюць. Вось і перагрэлася, згарэла ўся. Асіпенка.

7. перан. Страціць фізічныя і духоўныя сілы, расходуючы іх без меры. Прыходзяць госці, а гаспадыню ўжо нішто не цікавіць, яна ўжо згарэла. Шамякін. Душой і песняю я за жыццё згару! Трус. // Памерці (ад нягод, перанапружання або скарацечнай хваробы). Бацька, як лучына, У турме згарэў. Бядуля. За Радзіму ты ў бітвах змагаўся, За яе ты ў рабоце згарэў. Прыходзька.

8. перан. Зведаць якое‑н. пачуццё; загінуць ад якога‑н. моцнага пачуцця. — Кахала яна вельмі... Не паглядзела, што з сям’ёй, што хворы... Вось і згарэла ля яго. Мехаў.

•••

Згарэць ад сораму — моцна засаромецца.

Каб ты (ён, яна і пад.) згарэў; хай ён (яна і пад.) згарыць — ужываецца як праклён, выражэнне крайняй незадаволенасці кім‑, чым‑н. — Цьфу, каб ты згарэў, гэтакі чалавек. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Паддавацца дзеянню агню, знішчацца агнём. У печцы зырка гарэлі дубовыя дровы. Шамякін. Уперадзе каля станцыі гарэлі эшалоны. Мележ. // Паліцца (пра вогнішча і пад.). Гарыць піянерскі касцёр. □ Ля калёс гарэлі агні. Лынькоў.

2. Даваць, выпраменьваць святло, полымя; ярка свяціцца. І над усім — над горадам, над ракой, над бязмежнымі прасторамі зямлі гарэла, пералівалася зыркае ранішняе сонца. Лынькоў. Нешта сёння у Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва.

3. Траціць маёмасць з прычыны пажару, аказвацца ў становішчы пагарэльца. Вось дзед Хвядос пяць разоў гарэў ад маланкі, пяць разоў будаваўся. Бажко.

4. Разм. Быць моцна нагрэтым, гарачым. Ад лютай летняй спёкі Гарыць сухі пясок. Глебка. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч.

5. Быць у гарачцы, у ліхаманкавым стане. Бацька ўсё гарэў, аж два тыдні не ўставаў з пасцелі. Сабаленка. // Ныць, пячы (пра натруджаныя, пашкоджаныя ўчасткі цела). На далонях пад вечар гараць мазалі. Бураўкін. Ужо сонца на поўдні, ужо ногі гараць і ныюць ад стомленасці, а нішто нідзе не прасвятляецца. Кулакоўскі.

6. Рабіцца гарачым, чырванець ад прыліву крыві. Гарэць ад сораму. □ Адно, што адчуваў.. [Алёшка], гэта — як гараць яго вушы, як густая чырвань залівае ўвесь твар, падбіраецца да жорсткіх бялесых віхроў. Лынькоў. Гарачая хваля найвялікшага шчасця залівае.. [Сяргею] грудзі, часта і гулка стукае сэрца,.. гараць шчокі, вушы. Шамякін.

7. звычайна чым. Быць ва ўзбуджаным стане, з запалам аддавацца якой‑н. справе, пачуццю. Гараць жаданнем. Гарэць ад нецярплівасці. □ Сягоння жыла, трапяталася і гарэла ўся .. шчуплая істота [Тодара Кірыка], — гэтакіх навін яму даўно не здаралася разносіць па сяле. Крапіва. Жанчына гарыць на калгаснай рабоце. Пташнікаў.

8. Ззяць бляскам, выдзяляцца яркімі колерамі, афарбоўкай. Пад страхой полымем гарэлі гронкі рабіны. Шамякін. У снежнай завеі гарэлі алмазам Старыя крамлёўскія вежы. Колас. // Блішчаць пад уплывам якога‑н. пачуцця, думкі (пра вочы). Вочы.. [Паўла] гарэлі вострым агнём нявыказанай крыўды, і губы трасліся. Чорны.

9. Цвісці (пра агуркі, гарбузы і пад.). У барознах павівасты гарбузнік.. гарэў цветам. Грамовіч.

10. Псавацца, станавіцца непрыгодным ад моцнага перагрэву. Буксы гараць. // Разм. Сохнуць, гінуць ад засухі, моцнай спёкі (пра расліннасць). Пасевы гараць. // Разм. Прэць, гніць. Сена гарыць у стагах.

11. перан. Разм. Цярпець няўдачу ў якой‑н. справе, задуме і пад. // Не выконвацца, не рэалізавацца. Планы гараць. Пуцёўка гарыць.

12. Разм. Хутка зношвацца, рвацца (пра абутак, адзенне). На дзецях усё гарыць, адзежа і абутак.

13. Адбываць чаргу пры гульні ў гарэлкі.

•••

Вока (зуб) гарыць на што гл. вока.

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць — ужываецца як праклён.

Гарыць зямля пад нагамі ў каго гл. зямля.

Гарэць агнём — а) пра гарачкавы стан хворага; б) вельмі моцна балець, пячы. Рана гарыць агнём.

Ліха гарыць з каго гл. ліха.

На злодзеі шапка гарыць гл. шапка.

Не гарыць — няма патрэбы спяшацца.

Работа (усё) гарыць у руках гл. работа.

Скура гарыць на кім гл. скура.

Як мокрае гарыць гл. мокры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нос м., в разн. знач. нос;

кірпа́ты н. — курно́сый нос;

н. бу́льбінай — нос карто́шкой;

арлі́ны н. — орли́ный нос;

ры́мскі н. — ри́мский нос;

н. карабля́ — нос корабля́;

на но́се — на носу́;

пад но́сам — под но́сом;

зве́сіць (апусці́ць) н. — пове́сить нос;

уткну́цца но́сам у што-не́будзь — уткну́ться но́сом во что́-л.;

хлі́паць но́сам — шмы́гать но́сом;

усу́нуць н. не ў сваю́ спра́ву — су́нуть нос не в своё де́ло;

фі́гай но́са не даста́ць — фи́гой но́са не доста́ть;

вадзі́ць за н. — води́ть за́ нос;

заста́цца з но́сам — оста́ться с но́сом;

з-пад (са́мага) но́са — из-под (са́мого) но́са;

пе́рад са́мым но́сам — пе́ред са́мым но́сом;

зарубі́ць сабе́ на но́се — заруби́ть себе́ на носу́;

ты́цнуць но́сам — (каго, у што) ткнуть но́сом (кого, во что);

не ба́чыць дале́й свайго́ но́са — не ви́деть да́льше своего́ но́са;

ты́цкаць у н. — ты́кать (сова́ть) в нос;

аж н. гне́цца — аж за уша́ми трещи́т; уплета́ет за о́бе щёки;

паказа́ць (вы́сунуць) н. — показа́ть (вы́сунуть) нос;

уце́рці н. — (каму) утере́ть нос (кому);

уткну́ць свой н. — су́нуть свой нос;

(хоць) кроў з но́са — (хоть) кровь и́з носу;

н. у н. — нос в нос;

н. з но́сам — нос с но́сом;

но́сам к но́су — но́сом к но́су;

не пака́зваць но́са — не каза́ть но́са;

з но́саразг. с но́са;

трыма́ць н. па ве́тры — держа́ть нос по́ ветру;

паве́сіць н. на кві́нту — пове́сить нос на кви́нту;

рыць но́сам — рыть но́сом;

хоць н. затыка́й — хоть нос затыка́й;

вярну́ць (адваро́чваць) н. — вороти́ть нос;

но́сам круці́ць — вороти́ть ры́ло;

біць у н. — рази́ть, си́льно па́хнуть;

не ў н. — не по́ носу;

дзю́баць но́сам — клева́ть но́сом;

но́сам натаўчы́ — но́сом ткнуть; кру́кам но́са не даста́ць не подступи́ться (к кому);

задзіра́ць (драць) н. — драть нос;

пакі́нуць з но́сам — оста́вить с но́сом;

кама́р но́са не падто́чыцьпогов. кома́р но́са не подто́чит;

у сямі́ ня́нек дзіця́ без но́сапосл. у семи́ ня́нек дитя́ без гла́зу;

не сунь но́са ў чужо́е про́сапосл. не суй но́са в чужо́е про́со

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (актуальны правапіс)

уда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. каго-што, у што, па чым і без дап. Нанесці ўдар, выцяць; стукнуць. Ударыць вартавога прыкладам. Ударыць кулаком па стале. □ Грыша не мог больш стрымаць свае злосці і з усяе сілы ўдарыў пана. Пальчэўскі. Рыпіць і грукае аб сцяну аканіца, што сарвалася з кручка, — ударыць, адскочыць і зноў калышацца. Каршукоў. Зашумелі хвалі, моцна і сярдзіта ўдарылі ў бераг. Шамякін. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў. // перан.; каго і ў што. Прычыніць каму‑н. боль, пакуты. Бяда звалілася раптоўна і балюча ўдарыла ў сэрца. Пянкрат. [Аржанец:] — Табе, брат, цяжка. Не ты адзін такі: многіх ударыла і многіх яшчэ ўдарыць вайна. Брыль. / у безас. ужыв. Ударыла токам. // перан. Пакрыўдзіць, абразіць каго‑н. Шабета знянацку ўдарыў [Васіля] пытаннем: — Даўно ў лесе б[ы]ў? Мележ.

2. каго-што. Пашкодзіць сябе ўдарам, выцяць. Сяргей устаў з тапчана і незнарок ударыў нагу. Федасеенка.

3. што, у што. Ударам утварыць гук. Ударыць у далоні. □ Ад плошчы даляцела новае салдацкае «Ура!». Дробна і часта ўдарылі ў барабаны. Грымнуў і доўга ўжо не змаўкаў марш. Карпаў. Звонка ўдарылі ў цынкавае вядро густыя струмені малака, зашумеў, запеніўся пахучы сырадой. Бялевіч. // Ударамі апавясціць, адзначыць што‑н. Ударыць трывогу. Ударыць у набатны звон. □ І толькі пасля таго як ударылі ў рэйку... аб’явіўшы канец работы,.. [Федзя] сарваў адну кветку і падышоў да варот. Хомчанка. / Пра бой гадзінніка. Гадзіннік стрэлкі ўгору падганяе, Ударыў поўнач звонкі малаток. А. Александровіч. // без дап. Раздацца, прагучаць. Ля станцыйнага будынка заварушыліся нешматлікія пасажыры, вось-вось павінен быў ударыць звон, да якога падыходзіў ужо чалавек у чырванаверхай шапцы. Хадкевіч. Ударыў гром, і поруч з гэтым Пабег Ручай, за ім другі. Лужанін.

4. Разм. Выстраліць, распачаць стрэльбу. Справа з хмызняка ўдарыла раз, другі гармата. Мележ. З зямлі ўдарылі і змоўклі зеніткі. Асіпенка. Ударылі кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, пачалі біць мінамёты. Гурскі.

5. па кім-чым. Разм. Імкліва і рашуча нанесці ўдар ворагу і атакаваць. Партызаны дружна ўдарылі па немцах. Сіняўскі. Асноўныя сілы атрада зайшлі ў тыл ворага і нечакана ўдарылі па карніках. Шчарбатаў. [Палкоўнік:] — З меншымі сіламі можна адолець ворага, калі ўдарыць знянацку. Новікаў. Па акупантах так ударым, што не далічацца касцей. Таўлай.

6. перан.; па кім-чым. Спыніць чые‑н. адмоўныя, шкодныя дзеянні; знішчыць што‑н. шкоднае, адмоўнае. Ударыць па бюракратах. Ударыць па недахопах. □ Пашоргаўшы косы мянташкамі, чатыры хлопцы, як месяц назад на сенажаці, размахнуліся на ўсё плячо, ударылі па пустазеллю. Шахавец. // Разм. Панесці ўрон, шкоду каму‑, чаму‑н. Моцна ўдарыла вайна па ўсіх планах аканома. Чарнышэвіч.

7. у што, па чым. Трапіць куды‑н. Куля ўдарыла ў сцяну. □ Маланка ўдарыла ў старую бярэзіну, паляцелі долу галіны. Гурскі. // перан. Імкліва пранікнуць куды‑н. Першы стрэл балюча ўдарыў у вушы. Шамякін. Гарачыня ўдарыла ў твар Смірыну. Алешка. Хвошч падняў маснічыну, і ў нос ударыла сырым пахам бульбяных парасткаў. Лупсякоў. Лукер’я Мінаўна пстрыкнула ўключальнікам, святло ўдарыла па вачах. Місько.

8. перан.; у што. Уздзейнічаць на што‑н. (свядомасць, здольнасць рухацца і пад.). Віно ўдарыла ў галаву. □ Язэп адчуў, як у галаву, нібы хмель, ударыла злосць. Асіпенка. // без дап. Пачаць дзейнічаць з вялікім напорам; забіць. Нафтавы фантан ударыў восенню, у пахмурны, імглісты дзень. Навуменка. Пад правым крылом самалёта ўдарыў магутны фантан агню. Новікаў. Спярша са шчыліны ўдарыў газ. Кірэйчык.

9. што і без дап. Разм. Пачаць энергічна рабіць што‑н. (іграць, бегчы і пад.). Аркестры ўдарылі Радасны марш. Глебка. Пасля добрай вячэры музыканты павесялелі, ажывіліся. Ударылі вальс, пасля абэрак. Дамашэвіч. [Пятро:] Выскачыў я з ружжом, босы,.. а яны [воўк і сабака] ужо вуліцу праскочылі, махнулі цераз плот і ўдарылі па гароду — толькі снег віхурай павіс. Ракітны. // чым. Пачаць энергічна дзейнічаць чым‑н. Матросы ўдарылі вёсламі, шлюпка слізганула па вадзе, за кармой закіпеў белы струмень. Хомчанка.

10. перан.; без дап. Наступіць, здарыцца раптоўна, пачацца з вялікай сілай (звычайна пра з’явы прыроды). Ударыў дождж. □ Не ў пару ўдарылі першыя асеннія замаразкі. Сяргейчык. Ударыў вецер з Фінскае затокі. Звонак. А ячмень і зусім яшчэ ад зямлі не адрос, як пусціў каласкі. Ударыла сухмень — ён так і сеў. Сяркоў.

11. безас. Раптоўна ахапіць (пра стан чалавека). На вуліцы, пад каштанамі, Кірыла адчуў, што ўдарыла ў пот. Пацяклі раўчакі за каўнер, залівала вочы. Шамякін.

•••

Кроў ударыла ў твар каму гл. кроў.

Не ўдарыць (не ўпасці, не пляснуцца) тварам у гразь — паказаць сябе як мага лепш, не асарамаціцца, выканаць што‑н. найлепшым чынам.

Палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (не стукнуць) — зусім нічога не зрабіць, звычайна для дасягнення якой‑н. мэты.

Ударыць па кішэні — увесці ў вялікія выдаткі.

Ударыць па руках — прыйсці да пагаднення з кім‑н.; заключыць здзелку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)