скрыві́цца, скрыўлюся, скрывішся, скрывіцца; зак.

1. Зрабіцца крывым, няроўным; перакрывіцца, выгнуцца. [Лявон:] — Полаз у санак скрывіўся. Жычка. На вуліцы жоўты пясок, Скрывілася хата набок, Яе кулямётныя кулі Навылет, як ветрам, прадзьмулі. Астрэйка. Прыплёўся .. [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі, якія пасля скрывіліся так, што было смешна і балюча глядзець, як бяжыць гэтае сабачаня. Ваданосаў. Скрывіўшыся ў сядле,.. [коннік] кінуў каманду назад: — А ну, падцягніся! Лынькоў.

2. Разм. Зрабіць грымасу, міну, якая выказвае незадавальненне, пагарду, боль і інш. — Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся. Чорны. [Алесь:] — Яшчэ і мой Андрэй напэўна скрывіцца, як даведаецца, што бацька ў сорак пяць гадоў надумаўся ажаніцца. Васілевіч. Бародка зноў спыніўся каля ложка, і твар яго так скрывіўся ад болю і злосці, што Марына спалохалася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́цягнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпасці з чаго‑н. ад штуршка, неасцярожнага руху; вышмаргнуцца. Выцягнулася нітка з іголкі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца даўжэйшым, падоўжыцца. Агонь выцягнуўся доўгім языком, лізнуў ім высокую кучу ельніку, пранізаў яе навылёт. Васілевіч.

3. Вырасці, стаць высокім, рослым. [Хлапец] падрос, выцягнуўся, як тая сасёнка ў бары, пашырэў у плячах. Асіпенка.

4. Выцягнуць сваё цела на ўсю даўжыню; расцягнуцца. Шчанюк выцягнуўся на пяску доўгім целам сваім і ціха завыў. Чорны.

5. Выпрастаўшыся, стаць прама. Майбарада спалохана падхапіўся, выцягнуўся перад камандзірам, апраўляючы пакамечаны бушлат. Шамякін.

6. Стаць у адну лінію, размясціцца радамі, ланцугом і пад. На гэты раз тут [у інтэрнаце] .. двума радамі выцягнуліся сталы. Васілевіч. Коннікі, пяхота.. доўгім вужам выцягнуліся па лугавой дарозе. Брыль.

7. Разм. Выйсці адкуль‑, куды‑н., ледзь перастаўляючы ногі; вывалачыся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацвісці́, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце; зак.

1. Пачаць цвісці; распусціцца, раскрыцца (пра кветку). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў. Васілевіч. // Пакрыцца кветкамі. Сад зацвіў. □ Паглядзіш з горкі ўвесну, як зацвітуць дрэвы, здаецца, быццам хтосьці ўсё малаком абліў. Пальчэўскі.

2. перан. Зрабіцца радасным, ажыўленым (пра чалавека, яго твар, вочы). Як глянула на гэту фатаграфію, радасцю зацвіла дзяўчына, і шчокі яе макам загарэліся. Колас. Зацвіў усмешкай.. бацькаў твар. Астрэйка.

3. перан. Пачаць пышна развівацца; расквітнець. І па волі вялікага Леніна Дружна рушаць атрады на бой, Каб жыццё і квяціста і зелена Зацвіло над Бярозай-ракой. Глебка.

4. Пакрыцца, напоўніцца водарасцямі (пра ваду). Вада зацвіла.

5. Пакрыцца цвіллю, плесняй. Хлеб зацвіў. Сыр зацвіў.

6. Пакрыцца плямамі (пра шкло, метал).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыхо́дзіць, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; зак.

1. Выйсці адкуль‑н., пакінуць межы чаго‑н. — пра ўсіх, многіх. Партызаны павыходзілі з лясоў. □ Людзі павыходзілі з зямлянак, рассыпаліся па лесе. Шамякін. // Прарвацца, прабіцца адкуль‑н. поўнасцю або ў вялікай колькасці. Павыходзіць з акружэння. // Пакінуць месца знаходжання дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Некаторыя з.. [сяброў па былому падполлю] толькі ў верасні трыццаць дзевятага павыходзілі з санацыйных астрогаў. Брыль.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.); перан. Быць выдадзеным, надрукаваным — пра ўсё, многае.

3. Прыйсці куды‑н., апынуцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Павыходзіць на суботнік.

4. Выйсці (замуж) — пра ўсіх, многіх. Удава Пагуляйская не мела сыноў, а дочкі павыходзілі замуж, апрача меншай, што яшчэ хадзіла ў.. дзесяцігодку. Грамовіч.

5. Разм. Стаць, зрабіцца кім‑, чым‑н. — пра ўсіх, многіх. [Вейс:] — Бач, колькі.. [маладых] не то што ў памочнікі, а ў машыніст павыходзіла. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памякчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш мяккім, эластычным; пазбавіцца цвёрдасці. Косцю здалося, што памякчэў пад нагамі асфальт, пасвяжэла на вуліцы. Адамчык.

2. перан. Страціць суровасць, стаць больш лагодным. — Ды я не пра гэта, — адразу ж памякчэў, палагаднеў бацька, — я хацеў сказаць, каб ты не дурэў, не смяшыў людзей... Сачанка. Кастусь ведаў шмат сентыментальных рамансаў, якія даходзяць да таямніц жаночае душы, прымушаюць жанчыну расчуліцца, сэрца яе — памякчэць. Шынклер. // Стаць больш прыветлівым, сардэчным (пра твар, голас і пад.). Твар у Валянціна памякчэў, засвяціўся радасцю. Кулакоўскі. Суровы голас Яўгенні Пятроўны тут памякчэў. Грамовіч.

3. Стаць слабейшым, менш адчувальным; паменшыцца (пра з’явы прыроды). Памякчэлі Маразы, Сталі ветлымі Вятры, Паласкавелі Снягі, Раздабрыліся Дажджы. Лужанін.

4. Стаць цяплейшым (пра надвор’е, клімат). Надвор’е памякчэла. □ І ўсё ж памякчэла зіма, стала больш лагоднай. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аджы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. Пражыць, адслужыць свой час. Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. М. Стральцоў. // перан. Адысці ў мінулае, ліквідавацца. Не пакладайцеся на цуды, Бо аджылі свой век яны. Колас. [Апановіч:] — Фёдар Андрэевіч, добрая яна рэч — каса, а ўсё ж аджыла яна сваё. Кірэйчык. // Перастаць адпавядаць патрабаванням сучаснасці; устарэць.

2. Вярнуцца да жыцця, стаць зноў жывым; ажыць. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін — і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Аднавіць сілы, зрабіцца бадзёрым, трапіўшы ў іншыя ўмовы.

3. Абудзіцца з надыходам вясны, ажыць, зазелянець. Прайшоў дождж, і аджыла ніва. // Пажвавець, акрыяць духам. Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заплы́сці 1 і заплы́ць 1, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.

Плывучы, трапіць куды‑н., за што‑н. Заплыць за востраў. Далёка заплыць. □ Зялёнае возера, сярод якога шэрыя выспачкі-будынкі. Куды можна заплысці па яго хвалях? Гартны.

заплы́сці 2 і заплы́ць 2, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым і без дап. Напоўніцца, пакрыцца чым‑н. цякучым, сыпкім. Вочы заплылі слязамі. □ Грузкім глеем заплылі Скрозь старажытныя дарогі. Зарыцкі. Нанава заплыла граззю, скупа зарасла зверху травою. Крапіва. // Зрабіцца маленькім, звузіцца ад распаўнелых або распухлых шчок (пра вочы). Вочы заплылі хіжаю сыццю. Гарэцкі.

2. чым і без дап. Распаўнець (ад тлушчу, ацёкаў, пухліны і пад.). [Верхаводка:] Табе хоць трохі трэба рухацца, а то заплывеш. І так на табе лопаецца ўсё, а тады зусім, як тая бочка будзеш. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

углы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. Пранікнуць, прасунуцца ўглыб, унутр чаго‑н.; удацца. Хлопцы выйшлі на другі канец Зазыбаў і ўглыбіліся ў бярэзнік. Навуменка. Раптам зубр .. сышоў з дарогі і падаўся да статка, які ўжо даволі далёка углыбіўся ў лес. Краўчанка. // Капаючы, рыючы, пранікнуць глыбей у зямлю. Будаўнікі метро ўглыбіліся на дзесяць метраў ў зямлю. // Стаць, зрабіцца больш глыбокім (пра вочы). Пан Вашамірскі пабляднеў. Вочы ўглыбіліся, сківіцы ходырам захадзілі. Бядуля.

2. перан. Засяродзіцца, цалкам аддацца якой‑н. справе. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся, дзе ён, куды ідзе. Колас. Прыйшоўшы ў калгас, я так углыбіўся ў севазвароты, што нават і забыўся аб усім. Кулакоўскі. Кавалёў з нецярпеннем узяў .. ліст, зірнуў на адрас, пазнаў родны почырк. Пісала жонка. Сеў ля стала, падсунуў лямпу і углыбіўся ў чытанне. Чарнышэвіч. // Унікнуць у тонкасці чаго‑н. Углыбіцца ў аналіз твора.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

устанаві́цца, ‑новіцца; зак.

1. Разм. Стаць, размясціцца дзе‑н., якім‑н. чынам. Паліцыянты ўстанавіліся шпалерамі ўздоўж нораў. Пестрак. Вось і ўстанавілася своеасаблівая чарга, наперадзе якой знаходзіцца старэйшае птушаня, а ў канцы — самае маленькае. Самусенка.

2. Стаць устойлівым, пастаянным; умацавацца. Калі ўстанавілася Савецкая ўлада, Андрэй Бабейка быў ужо рослы, ладны хлопец, паўнапраўны гаспадар бацькавай сядзібы. Хадкевіч. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Пагода, нарэшце, установіцца і ў бліжэйшыя дні будзе скончаны сенакос. Чарнышэвіч. На поўдні Украіны ўстанавілася цёплае надвор’е. «Звязда».

3. Скласціся, наладзіцца, усталявацца. [Юскавец:] — Скажу толькі, што ваша трактоўка Лабановіча разыходзіцца з той, якая ўстанавілася ў нас цяпер і лічыцца бясспрэчнай. Дамашэвіч. У групе бадай што з першага дня ўстанавіліся свае таварыскія сувязі, выявіліся сімпатыі. Карпаў. Між бабкай і Слаўкам скончыліся сваркі. Устанавілася такая любоў і дружба, што толькі можна было пазайздросціць. Няхай. // Наступіць. За сталом устанавілася мёртвая цішыня. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апяша́лы ’лянівы, аслаблены’ (Нас.), апе́шыный ’разгублены’ (Бяльк.). Укр. дыял. зах. опішілий ’лянівы, павольны’. Польск. opieszały ’лянівы, марудны, які не любіць спяшацца’. Параўн. рус. опешить ’астацца без каня’, ’разгубіцца’, укр. уст. опішити ’астацца без каня’, укр. зах. опішітизрабіцца павольным, марудным’ («Кінь опішів»). Ст.-рус. опѣшити ’зрабіць пешым; аставіць без крыл’, опѣшати ’стаць пешым (без каня)’. Параўн. яшчэ чэш. уст. opěšalý ’хто стаў без каня’, opěšati ’астацца без каня’, ст.-чэш. opěšalý. Серб.-харв. уст. opješati стаміцца’, славен. pȇšati ’стамляцца’, pẹ̑h ’стамленне’. Найбольш пашырана ўяўленне аб тым, што рус. опешить і падобныя ўтварэнні этымалагічна тлумачацца значэннем ’стаць пешым’ (Праабражэнскі, 2; Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 191; Фасмер, 3, 144). Прыводзячы ў дадатак да адзначаных ужо фактаў ст.-польск. pieszeć і ст.-чэш. pěšěti ’стаць слабым’, а таксама ст.-рус. припѣшати зрабіць пешым, падрэзаць крылы’, Безлай (Južnoslav. leks., 9–10) параўноўвае гэту групу слоў з літ. paikė́ti, лат. (iz‑)paiki ’дурнець’, узводзячы корань да і.-е. *poik‑ (што ў сваю чаргу параўноўваецца з коранем слоў псаваць і інш.). На нашу думку, тут магчыма кантамінацыя двух слоў: слова, якое ўзнікла пазней і першасна азначала ’стаць пешым’, і другое, больш ранняе, якое суадносіцца, магчыма, з тым коранем, аб якім піша Безлай, або ўваходзіць у іншую сям’ю слоў. Хаця спех, спяшацца звычайна ўзводзіцца да групы спець, магчыма, суадносіны спешна — ’марудна’ (апяшала), паспяхова — ’няўдала’ (апяшала) не выпадковыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)