КАГЭЛНІЧА́НУ ((Kogálniceanu) Міхаіл) (6.9.1817, г. Ясы, Румынія —20.6.1891),
румынскі і малд.паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. Вучыўся ў Францыі і Германіі (1834—48). У 1843—44 выкладаў у Міхайлаўскай акадэміі ў Ясах. Удзельнік рэв. руху 1848 у Малд. княстве, пасля яго задушэння (май 1848) у эміграцыі (Чарнавіцы, да 1849). Склаў дакумент «Пажаданні нацыянальнай партыі ў Малдове», у якім прапанаваў праграму рэформ (роўнасць грамадз. і паліт. правоў, асабістая свабода, адданне зямлі сялянам за выкуп) і выступаў за аб’яднанне Малдовы і Валахіі ў адзіную Рум. дзяржаву. У 1860—61 кіраўнік урада Малдовы, у 1863—65 — Рум. княства; правёў агр. (1864) і інш. рэформы. У 1876 і 1877—78 міністр замежных спраў Румыніі; напярэдадні рус.-тур. вайны 1877—78 падпісаў канвенцыю аб праходзе рас. войск праз рум. тэрыторыю. 21.5.1877 абвясціў незалежнасць Румыніі. У 1868—70 і 1879—80 міністр унутр. спраў. У 1887—90 прэзідэнт Рум. акадэміі. Аўтар «Гісторыі Валахіі, Малдовы і задунайскіх валахаў» (1837), шэрагу навел, нарысаў і п’ес. Апублікаваў архіўныя матэрыялы «Летапісы Малдаўскай дзяржавы» (т. 1—3, 1845—52).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЭ́ЛЬ (франц. cartel ад італьян. cartello ад carta папера, дакумент),
форма аб’яднання вытворцаў і спажыўцоў на аснове пагаднення аб кватаванні аб’ёмаў вытв-сці, умовах збыту прадукцыі, размежаванні рынкаў, найме рабочай сілы, узроўні аплаты працы, выкарыстанні патэнтаў і інш. Прадпрыемствы, якія ўваходзяць у К., юрыдычна самастойныя. Збыт прадукцыі ажыццяўляюць на аснове дагавораў паміж прадпрыемствамі. Часцей К. ўтвараюцца ў рамках адной галіны (нафтавы, с.-г. К.). Адрозніваюць К. ўнутраныя (у межах адной краіны), экспартныя (складаюцца з нац. прадпрыемстваў-экспарцёраў, часам з уключэннем філіялаў замежных фірм), міжнародныя (інтэгрыруюць фірмы-экспарцёры і фірмы-імпарцёры некалькіх краін).
К. ўзніклі ў выніку канцэнтрацыі вытв-сці і цэнтралізацыі капіталу ў 19 ст. як адна з форм манапалістычных аб’яднанняў. Найб. пашыраны былі ў Германіі (у 1940-я г. больш за 2 тыс.). Цяпер існуюць у выглядае саюза канцэрнаў і трэстаў, патэнтных пулаў, кансорцыумаў па правядзенні навук. даследаванняў, сумесным буд-ве або фінансаванні буйных праектаў, канвенцый, корнераў, рынгаў, джэнтльменскіх пагадненняў. На Беларусі К. дзейнічаюць у выглядзе кансорцыумаў (часовых аб’яднанняў), створаных на паявой аснове для сумеснай рэалізацыі праектаў, дзярж. заказаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДАР (Карл Іванавіч) (17.4.1883, Ліепайскі р-н, Латвія — 29.7.1937),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1905 вёў падп. работу ў Маскве, Пецярбургу, Лібаве, Рызе, Самары, Ніжнім Ноўгарадзе. З 1915 на Зах. фронце, чл. латышскай с.-д. групы ў Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП(б). Чл. часовага ВРКЗах. фронту па барацьбе з карнілаўшчынай. З вер. 1917 старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 9.11.1917 старшыня ВРКЗах. фронту, у ліст. 1917 — студз. 1918 — СНКЗах. вобласці і фронту. З мая 1918 нарком дзярж. кантролю РСФСР. З 1920 асобаўпаўнаважаны ВЧК на Паўн. Каўказе і ў Данской вобл., нач. асобага аддзела Каўказскага фронту. У 1921 заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела Маскоўскага к-та РКП(б). З 1922 упаўнаважаны Сав. ўрада пры замежных місіях дапамогі галадаючым у Расіі, у 1923—25 чл. калегіі Наркамата знешняга гандлю СССР, пазней на навук.-літ. і пед. рабоце ў ВНУ Масквы, Ленінграда, Кіева. Чл.ВЦВК у 1917—18 і яго Прэзідыума.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПУНО́Ў (Анатоль Максімавіч) (н. 15.9.1940, г. Гомель),
бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1998). Скончыў Бел. кансерваторыю па спецыяльнасцях ігра на нар. інструментах (1964) і оперна-сімф. дырыжыраванне (1973, клас Я.Вашчака). З 1974 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, у Вял. т-ры ў Маскве, у Дзярж.сімф. аркестры Беларусі. У 1975—87 (з перапынкам) гал. дырыжор, з 1991 дырыжор Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. З 1993 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Сімфанічнага аркестра Беларускага тэлебачання і радыё. Пад яго муз. кіраўніцтвам у Дзярж. т-ры муз. камедыі пастаўлены аперэты бел. кампазітараў «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі (1975), «Судны час» Р.Суруса (1984), «Джулія» У.Кандрусевіча (1991), класічныя «Вясёлая ўдава» Ф.Легара (1978), «Д’ябальскі наезнік» (1983), «Сільва» (1986) і «Марыца» (1992) І.Кальмана і інш., творы сучасных айч. і замежных аўтараў; з Сімф. аркестрам Дзяржтэлерадыёкампаніі Беларусі ажыццявіў шэраг фондавых запісаў (оперы «Агатка, ці Прыезд пана» Я.Д.Голанда, «Фауст» А.Радзівіла, музыка да драмы «Фінгал» і скрыпічны канцэрт В.Казлоўскага, прэм’еры буйных твораў сучасных бел. кампазітараў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІН (Леанід Мендэлевіч) (н. 25.7.1936, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1988). Скончыў БПІ (1960). Працаваў у ін-це «Мінскпраект» (у 1980—97 кіраўнік арх. майстэрні). Работы ў Мінску: інтэрнат трактарнага з-да (1966), павільён Рэсп. выставачнага цэнтра (1968), будынак б. гаркома КПБ (1979; цяпер Мін-вазамежных спраў), станцыі метро «Плошча Леніна» (1984; цяпер «Плошча Незалежнасці») і «Няміга» (1990); праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра (1970—75), Машэрава праспекта, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне Траецкага прадмесця (1980—86, усе ў сааўт.). Працуе таксама ў галіне манум. мастацтва: арх.-скульпт. мемар. комплексы Хатынь (Ленінская прэмія 1970), «Прарыў», «Кацюша» і «Праклён фашызму» (усе ў сааўт); помнікі Я.Купалу і Я.Коласу ў Мінску (абодва 1972), К.С.Заслонаву ў Оршы (1964), падпольшчыкам Асінторфа, Ф.Конанавай у г. Любань (абодва 1967), М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976) і інш. Сярод інш. твораў помнікі воінам-бухарцам у Бухары (1975), «Салдацкае поле» ў г. Валгаград (1976—80, абодва ў сааўт.). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ БІ́ЗНЕС,
прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца з контрагентаміінш. краін. Перадумовы інтэрнацыяналізацыі эканам. і фін. працэсаў склаліся ў пач. 20 ст. Пасля 2-й сусв. вайны развіццё інтэграцыйных працэсаў прывяло да з’яўлення і імклівага пашырэння якасна новай формы буйнога бізнесу — транснацыянальных карпарацый (ТНК), якія ўстанавілі кантроль над значнай доляй сусв. рынку і сёння адыгрываюць вядучую ролю ў сістэме міжнародных эканамічных адносін. Актыўнаму асваенню замежных рынкаў нац. капіталам вядучых краін спрыяла пашырэнне сучасных форм сувязі, паляпшэнне сусв.трансп. шляхоў, фарміраванне сістэмы крэдытна-грашовых сувязей, што ахоплівае ўвесь свет. Разам са знешнегандл. абменам таварамі і паслугамі і вывазам капіталу ў пазыковай форме значнае месца занялі прамыя фін., вытв. і тэхнал. сувязі паміж прадпрыемствамі розных краін, розныя формы навук.-тэхн., культ. і інш. супрацоўніцтва. Урады прамыслова развітых краін (асабліва ў Зах. Еўропе) садзейнічаюць развіццю і паглыбленню міжнар.эканам. сувязей кампаній і капіталаў, ад чаго ў значнай ступені залежыць стан нац. эканомікі, загрузка вытв. магутнасцей, узровень беспрацоўя і інш. У выніку капіталы свабодна мігрыруюць з адной краіны ў другую ў пошуках найб. спрыяльных умоў для свайго выкарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Прэзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Забалоцкага, А.Міцкевіча, Р.Кіплінга, Э.Хемінгуэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́ШКІНА (Тамара Андрэеўна) (н. 13.9.1934, г. Астрахань, Расія),
расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт.СССР (1973). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1959, клас А.Катульскай). У 1958—89 салістка Вял.т-ра. Валодае голасам прыгожага цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), роўным ва ўсіх рэгістрах, сцэн. абаяльнасцю. Выкананню ўласцівы шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокі псіхалагізм. Сярод партый: Ліза, Таццяна, Марыя, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Мазепа», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Аіда, Лізавета, Леанора, Дэздэмона («Аіда», «Дон Карлас», «Трубадур», «Атэла» Дж.Вердзі), Валхава, Фяўроння («Садко», «Казанне пра нябачны горад Кіцеж...» М.Рымскага-Корсакава), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Донна Анна («Каменны госць» А.Даргамыжскага), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Наташа Растова, Любка («Вайна і мір», «Сямён Катко» С.Пракоф’ева), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна). Выступала ў «Ла Скала» і інш.замежных т-рах, выконвала партыю драм. сапрана ў «Рэквіеме» Вердзі. Яе творчасці прысвечаны фільм «Чараўніца з горада Кіцежа» (1966). Дзярж. прэмія Расіі 1978.
Літ.:
Грошева Е. Тамара Милашкина // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКОЕ Э́ХО»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 30.5(12.6).1908 да 20.9(3.10).1909 у Мінску на рус. мове. Выступала за бурж.-дэмакр. рэформы, абмежаванае культ.-нац. самавызначэнне народаў, эвалюцыйнае развіццё грамадства на аснове раўнапраўя, свабоды слова. Змяшчала агляды друку, крытычныя матэрыялы на асобныя рэакц. выданні («Минское слово» і інш.), камерцыйную рэкламу і аб’явы, антываен. публіцыстыку, белетрыстыку, маст. творы мясц. аўтараў. Інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё Мінска, дзейнасць Мінскага літ.-артыстычнага т-ва. Пры асвятленні эстэт. праблем схілялася да народніцкай крытыкі, займала кампрамісную пазіцыю ў спрэчках паміж прыхільнікамі рэалізму і мадэрнізму. Апублікавала літ.-крытычныя нататкі, літ. агляды пра рус., бел. пісьменнікаў, кампазітараў (Л.Андрэева, М.Арцыбашава, С.Гарадзецкага, М.Гумілёва, М.Горкага, А.Каменскага, Я.Купалу, Л.Талстога, П.Чайкоўскага, А.Чэхава), а таксама замежных (М.Метэрлінка, Ю.Славацкага), пра юбілеі М.Гогаля, І.Тургенева.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985. С. 136—153.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИР ИСКУ́ССТВА»,
літаратурна-мастацкі ілюстраваны часопіс, пад эгідай якога сфарміравалася аднайм.маст. аб’яднанне (гл.«Свет мастацтва»), да 1903 друкаваліся таксама творы пісьменнікаў-сімвалістаў. Выдаваўся ў 1898/99—1904 у Пецярбургу (у 1899 М.К.Ценішавай і С.І.Мамантавым, у 1900—04 С.Дзягілевым). Заснавальнік і гал. рэдактар Дзягілеў, з 1903 рэдактарам быў таксама А.Бенуа. У галіне выяўл. мастацтва часопіс сцвярджаў эстэт. пазіцыю аб’яднання «Свет мастацтва», папулярызаваў рус. мастацтва 18 — пач. 19 ст., нар. творчасць, уздымаў праблемы рас. і замежнага маст. жыцця (артыкулы і нарысы Бенуа, І.Грабара, Дзягілева і інш., пераклады з замежных выданняў, рэпрадукцыі твораў мастацтва). У літ. частцы «М.и.», якую ўзначальваў Дз.Філасофаў, змяшчаліся рэліг.-філас. творы Дз.Меражкоўскага, З.Гіпіус, Л.Шастова, В.Розанава, літ.-крытычныя артыкулы В.Брусава і А.Белага. Публікаваліся таксама артыкулы па пытаннях эстэтыкі, маст. адукацыі, рэцэнзіі, нарысы пра тэатр., муз., арх. жыццё і інш. У афармленні часопіса ўдзельнічалі Л.Бакст, Я.Лансерэ, К.Сомаў і інш. У 1903 выходзіла асобнае выданне «Хроника журнала «Мир искусства».