АЛЬГАЛО́ГІЯ
(ад лац. alga водарасць + ...логія),
фікалогія, раздзел батанікі, які вывучае водарасці.
Станаўленне альгалогіі як навукі звязана з працамі замежных вучоных 19 ст. (англ. Дж.Стакхаўс і Д.Тэрнер, амер. У.Г.Харві, швед. К.А.Агард і Й.Г.Агард, ням. Ф.Т.Кютцынг і інш.), якія заклалі асновы таксанаміі і сістэматыкі водарасцяў. Развіццю сучаснай альгалогіі садзейнічалі працы рус. альголагаў Л.С.Цанкоўскага, Х.Я.Габі, І.М.Гаражанкіна, А.А.Яленкіна, М.М.Вараніхіна, У.М.Арнольдзі, К.І.Меера, на Беларусі — М.М.Гайдукова, В.Д.Акімавай, Н.І.Срэценскай, Г.К.Хурсевіч, Т.М.Міхеевай, Л.В.Прасянік і інш.
У рэспубліцы н.-д. работа вядзецца ў БДУ і ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, фотабіялогіі, геалогіі), БелрыбНДІпраекце. Вывучаюцца якасны склад водарасцяў розных экалагічных груповак, колькаснае развіццё пераважна фітапланктону ў штучных і прыродных вадаёмах і рыбагадоўчых сажалках, даследуюцца праблемы фарміравання першаснай прадукцыі фітапланктону ў вадаёмах, у т. л. забруджаных, вызначаецца яго роля пры эўтрафаванні водаў і ў іх самаачышчэнні, даследуюцца водарасці перыфітону з пункту гледжання іх ролі ў працэсах самаачышчэння водных экасістэм ад радыенуклідаў, вядзецца лабараторнае культываванне некаторых водарасцяў. Альгалогія цесна ўзаемадзейнічае з экалогіяй. Даныя альгалогіі выкарыстоўваюцца пры ачыстцы бытавых, прамысл., сцёкавых водаў, у рыбнай і сельскай гаспадарках, харч., хім. прам-сці, бальнеалогіі і інш.
Літ.:
Водоросли: Справ. Киев, 1989;
Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ. М., 1990.
Т.М.Міхеева.
т. 1, с. 275