пабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.
1. Узяцца за што‑н. (пра двух або некалькіх асоб). Трэба было з’ехаць з гары. Гара была высокая, стромая. Сёмка з Марцінам пабраліся за аглоблі. Колас. [Надзя і Барыс] пабраліся за рукі і павольна пайшлі па агародах. М. Ткачоў.
2. Разм. Пажаніцца; стаць мужам і жонкай. Гэтую бярозу пасадзіў Андрэй, яе [Алены] чалавек, калі яны пабраліся. Мележ.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ператварыцца ў што‑н., набыць іншы выгляд у многіх месцах. Валасы пабраліся сівізною. □ Вада шырока разальецца, І снег на кашу пабярэцца. Колас. Ад сонца, ад дажджоў фанера парэпалася, пабралася парахнявымі пухірамі. Лынькоў.
4. Абл. Пайсці, выправіцца куды‑н. І я, не чакаючы, калі адыдзе цягнік, памалу пабраўся назад, у вёску. Сачанка. Са слязамі на вачах, паўз сценку, старая .. пабралася ў сенцы. Жук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падгрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; пр. падгроб, ‑грэбла і ‑грабла, ‑грэбла і ‑грабло; зак., што.
1. Грабучы, сабраць у адно месца, у адну кучу. Падгрэбці сена. // Пры дапамозе грабель прыбраць, падчысціць дзе‑н. Падгрэбці салому на двары. □ Дзядзька Андрэй моўчкі падгроб сена, ускінуў наверх і, навёўшы поўны парадак, зачыніў дзверы і павесіў замок. Ус. // Разм. Грабянуўшы, падкінуць пад што‑н., бліжэй да каго‑, чаго‑н. Падгроб [Платон] нагой пад шалі дробныя гіры і спыніўся перад Сцяпанам. Ракітны.
2. і чаго. Падгарнуць пад сябе. Мілоўскі прыўзняўся, падгроб пад сябе саломы і, скурчыўшыся, прымасціўся ў развалах. Галавач. // перан. Разм. Захапіць сабе, заўладаць чым‑н. Была ў постаці Макара цвёрдая самаўпэўненасць, жаданне падтаптаць усіх сабе пад ногі, чым больш падгрэбці пад сябе рознай маёмасці і крыкнуць усім: — Вось гэта ўсё маё. Не хадзі сюды! Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рухо́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны рухацца (аб прыстасаваннях, механізмах і пад.). Рухомы блок. □ Зроблены новы рухомы круг і прыстасаванні для дэкарацый. «Беларусь».
2. Які не знаходзіцца пастаянна на адным і тым жа месцы, здольны змяняцца. Рухомы націск у слове. □ [Вецер] разрываў полаг хмар, і тады праз рухомыя прасветы згасаючымі іскрамі падалі на зямлю зоркі. Шамякін. // Які пераязджае з месца на месца; проціл. нерухомы. Рухомы лазарэт. Рухомы магазін. // Прызначаны для перамяшчэння з месца на месца. Рухомая артылерыя. Рухомы мост. □ — Будзем ствараць невялікія рухомыя атрады, якія б змаглі знайсці прытулак і ў стэпе, — прапанаваў Андрэй. Няхай.
3. Які можа змяняцца ў залежнасці ад умоў. Рухомыя формы арганізацыі. // Які хутка развіваецца, мяняецца. Стыль пісьменніка, калі разглядаць яго як сувязі, што існуюць паміж асноўнымі вобразамі твораў, — з’ява рухомая. Юрэвіч.
•••
Рухомая маёмасць гл. маёмасць.
Рухомы састаў гл. састаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́сна,
1. Прысл. да ясны.
2. безас. у знач. вык. Пра добрую бясхмарную пагоду. На небе было ясна. Чарнышэвіч. Хмары яшчэ больш разышліся на небе, вадзяны пыл апаў, стала зусім ясна. Лупсякоў. Едзе восень на рабым кані, Тут дажджы ліюць, а тут і ясна. Астрэйка. // Пра наяўнасць дзе‑н. святла; празрыста, светла. Кусты і трава.. слухалі звонкую музыку крышталёва-чыстага патоку. Тут было ціха, ясна і радасна. Самуйлёнак.
3. безас. у знач. вык. Зразумела, відавочна. Усё было ясна. Усё акрэслена. Усё безумоўна. Ні сумненняў, ні мрояў, ні дзіўных сноў... Кірэенка. // Пра здольнасць лагічна, свядома мысліць, успрымаць што‑н. На душы было светла, у галаве ўсё ясна. Ермаловіч.
4. у знач. пабочн. Несумненна, безумоўна, вядома. І куды ж Андрэй Шэмет можа ісці на Устроні? Ну ясна, у райком. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
балю́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Пашкоджаны хваробай, раненнем. Вавілыч і партызаны, якія прыходзілі яму на дапамогу, паспелі адскочыць крокаў на сотню, аднак балючая нага садоўніка пашкодзіла ўсяму. Кулакоўскі.
2. Які выклікае адчуванне фізічнага болю. Балючы ўкол. // Які сведчыць пра боль; пакутны. Балючым енкам прагучэў самотны крык арла ў вышыні. Самуйлёнак.
3. перан. Які прычыняе душэўныя хваляванні, неспакой. — Добра, тата, добра, — адказала Таня, каб хутчэй закончыць гэтую балючую размову. Шамякін. // Які выяўляецца ў рэзкай форме. Андрэй чакаў нейкага адказу, магчыма, самага балючага рэагавання. Кулакоўскі. // Вельмі важны, найбольш хвалюючы. [Дзяўчынкі] спяшаюцца выкласці самае балючае — у іх класе ёсць яшчэ вучні з дрэннымі паводзінамі. «Маладосць». // Які цяжка адбіваецца на чым‑н. Была скончана пачатковая школа, але далейшы лёс хлопчыка апынуўся ў тупіку: працяг вучобы патрабаваў грашовых затрат, балючых для сялянскай гаспадаркі. У. Калеснік.
•••
Балючае месца гл. месца.
Балючае пытанне гл. пытанне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дый, злучнік.
Разм.
1. спалучальны. Злучае звычайна члены сказа, якія абазначаюць паслядоўныя з’явы; па значэнню набліжаецца да злучнікаў «і», «ды». Палазіў Якуш ля воза, выцягнуў рыдлёўку, узяў сякеру дый падаўся [у лес]. Скрыган.
2. далучальны. Далучае члены сказа і сказы, якія ўдакладняюць, завяршаюць або абагульняюць папярэднія думкі. Дома практыкавацца .. [Аксёну Калю] няма калі, дый нязручна. Колас. Развітаўшыся з Захарам, Андрэй палявымі дарогамі пайшоў, кіруючыся да Апанаса Хмеля. Дарога была няблізкая, але дня яшчэ хопіць, дый пагода спрыяе. Пестрак. Зыгмунт Асядовіч зноў, можа ўжо ў пяцідзесяты раз, пайшоў да фабрыкі. Далей брамы яго не пусцілі. Дый чаго было старацца ісці туды: фабрыка ледзьве жыла. Чорны. // Ужываецца пры нечаканых пераходах да наступных падзей. — Адно ж ты, Пятруська, не баўся на кірмашы. Сюды-туды дый дадому. Колас.
•••
Дый то — тое, што і ды і то (гл. ды 1).
Дый толькі — тое, што і ды і толькі (гл. ды 1).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.
1. Намачыць, змачыць злёгку, трохі. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Каб не плёскаць вадой, Маша асцярожна памачыла ручнік і выцерла твар. Шамякін. // Зрабіць зусім мокрым; вымачыць. Сагнуўшы ногі, [Андрэй] пачуў, што мокрыя калені: памачыў у расу, калі ішоў ля жыта. Пташнікаў. Доўга хадзілі нашы паляўнічыя, ногі памачылі, але ніякай здабычы не траплялася. Лынькоў.
2. Разм. Прыгубіць. Галя памачыла губы і адставіла [шклянку]. — Што гэта вы — і за сябе не хочаце выпіць? Сабаленка. Андрэй прынёс з хаты цёплае пойла, забеленае мукой. Кабыла ў ім толькі памачыла мызу. Чарнышэвіч.
3. Апусціць ручку з пяром у чарніла, чарніліцу. Прыстаў даў пратакол. Дзед Хрушч прысеў за стол, узяў ручку, памачыў у чарні[лі]цы пяро і выразна .. вывеў сваё прозвішча, пасля чаго па-рыцарску вярнуў пратакол прыставу. Колас.
4. і без дап. Мачыць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. прылёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. прыляж; зак.
1. Легчы на кароткі час. Пакуль маці гатавала снедаць, Андрэй прылёг адпачыць. Чарнышэвіч. Максім зноў заняў сваю варту, а дзед Талаш і Мартын Рыль прыляглі не раздзяючыся. Колас. // Хаваючыся, прыняць ляжачае становішча. [Мінёры], толькі дабегшы да першых кустоў прылеска.., прылеглі. Брыль. Мікола ціха прылёг на сухі грудок, за густым альховым кустом, і стаіўся. Краўчанка.
2. Прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. Гукамер [доктар] прыклаў да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало. Крапіва.
3. Шчыльна прыстаць. Сукенка добра прылягла да таліі.
4. Прыгнуцца. Ніжэй к сядлу казак прылёг, Махнуў стралою у вароты. Колас. // Пахіліцца дадолу ад ветру, дажджу і пад. (аб раслінах). Пахла сырой зямлёй; густая, мокрая ад расы маладая мятліца на дарозе прылягла да зямлі і парылася на сонцы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пята́, ‑ы́, ДМ пяце́; мн. пя́ты (з ліч. 2, 3, 4 пяты́), пят; ж.
1. Задняя частка ступні. Андрэй паглядзеў .. [цётцы Таццяне] услед, як яна ішла па халоднай зямлі босымі нагамі з парэпанымі пятамі. Пестрак. // Частка панчохі або шкарпэткі, якая закрывае гэтую частку ступні. Гэлька, Лявонава дачка, рабіла парцяную панчоху — дарабляла пяту. Баранавых.
2. Спец. Апорная частка чаго‑н. (якая іншы раз устаўляецца ў якую‑н. аснову, гняздо).
•••
Ахілесава пята — пра слабае месца каго‑н. (паводле грэчаскага міфа, Ахілес меў толькі адно слабае месца на целе — пяту, ад раны ў якую і загінуў).
З галавы да пят; ад пят да галавы гл. галава.
Кату па пяту гл. кот.
Наступаць на пяты каму гл. наступаць.
Падмазаць пяты гл. падмазаць.
Пад пятой каго або чыёй — пад уладай, пад прыгнётам.
Па пятах — неадступна, услед (хадзіць).
Сесці на пяты каму гл. сесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак.
Разм.
1. што. Скаламуціць. Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі, Скалацілі в[а]ду ціхага Дунаю. Багдановіч. — Ой, гусі в[а]ду скалацілі ў рэчцы... — Дзявочы голас чуецца здалёк. Барадулін. Ляцеў птах, на ваду — бах. Вады не скалаціў і сам не паляцеў. (Снег). З нар.
2. каго-што. Моцна пабіць, збіць. [Ляснік мядзведзя] Скалаціў, змалаціў, Вытаўк, аддубасіў, Пад зарокам адпусціў, Каб да пчол не лазіў. Калачынскі. // Пабіць, знішчыць. То скалоціць град дазвання, То пажар, то недарод... Так і мучацца звычайна, Б’юцца рыбай з года ў год. Броўка.
3. перан.; каго-што. Стварыць, сабраць, арганізаваць. Мы тут брыгадку з маладняка скалоцім, — прыкладам пераканаем... Шынклер. [Ваўчок:] — Хіба не я скалаціў калектыў, вядомы на ўсю рэспубліку? Хадкевіч. Андрэй пабыў ужо ў Пярэжыры, недалёкай вёсцы, сустрэўся там са сваім аднадумцам Андрэем Крывашчокім, які таксама скалаціў невялікую групу, звязаную з мінскімі падпольшчыкамі. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)