прыкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што. Прыбавіць, кінуўшы яшчэ, у дадатак; падкінуць. // Дадаць, дабавіць да таго, што ёсць, набавіць. [Міхал:] Два гады толькі, а яшчэ прыкінуць пяць. Усе машыны будзем мець... Васілевіч.
2. каго-што. Прыкрыць, кінуўшы што‑н. зверху. Жанчына накрыла скрынку посцілкай, прыкінула яе зверху саломай і тады змоўкла. Галавач. Яшчэ дасвеццем, бывала, коўдрай прыкіне на ложку сыноў, сама .. ляціць у кантору паліць грубкі. Карамазаў. // Накінуўшы, прыклаўшы што‑н., прымераць. [Гаспадыня:] — Прыкіньце, падыдзе вам вопратка майго мужа? Новікаў.
3. Вызначыць прыблізна колькасць, вагу, даўжыню і пад. чаго‑н. Прыкінуць па вазе. // Прыблізна падлічыць; падумаўшы, разлічыць, прыйсці да якога‑н. вываду. — Прыкінь, колькі гэта калёс са збруяй закупім? Пташнікаў. Я іншы раз як прыкіну сам сабе ў думках, якія магчымасці ёсць у калгасе .., дык, сапраўды, як бы цябе што падымае на крылах. Хадкевіч. — Яшчэ ў мінулую восень, калі я праект складаў, то прыкінуў, дзе будуць канавы, — адказаў Андрэй. Дуброўскі.
•••
Прыкінуць вокам (на вока) — вызначыць прыблізна што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)