ГАРМОНАТЭРАПІ́Я, гармоналячэнне,
лячэнне прэпаратамі, асн. дзеючым рэчывам якіх з’яўляюцца гармоны. Найчасцей выкарыстоўваецца пры эндакрынных хваробах (замяшчальная, стымулявальная, прыгнечвальная ці тармазная). Пры хваробах неэндакрыннага паходжання ўжываецца як сродак уплыву на фарміраванне і цячэнне многіх асн. у іх патагенезе рэакцый — запалечных, алергічных, імуналагічных і інш. — праз змяненні ферментнай і метабалічнай актыўнасці клетак. Асобнае месца ў гармонатэрапіі займаюць вытворныя палавых гармонаў — анаболікі, якія выкарыстоўваюцца для рэгулявання мышачнай масы цела, працэсаў росту, загойвання ран і інш.
Замяшчальная гармонатэрапія неабходна пры частковай ці поўнай недастатковасці эндакрынных залоз; праводзіцца, як правіла, пастаянна, з індывід. падыходам да выбару доз гарманальных прэпаратаў. Стымулявальная гармонатэрапія накіравана на павышэнне функцыі той ці іншай залозы; праводзіцца перарывіста. Найчасцей ужываюцца тропныя гармоны гіпофіза. Прыгнечвальная (тармазная) гармонатэрапія выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі эндакрынных залоз і лячэнні гарманальных пухлін. У лячэнні можна спалучаць сінт. антыгармоны, прамянёвую і хірург. тэрапію.
т. 5, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРЫ́Т (ад гастр... + ...іт),
вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек. (у жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв. сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведна гастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гастрыту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.
т. 5, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБКО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ СКУ́РЫ, дэрматамікозы,
хваробы скуры і слізістых абалонак, выкліканыя патагеннымі грыбкамі. Крыніца хваробы — хворыя людзі ці жывёлы (цяляты, каты, пацукі). Прычыны: наяўнасць хранічных інфекц. і неінфекц. хвароб (туберкулёз, цукровы дыябет, злаякасныя пухліны і інш.), хранічныя інтаксікацыі (наркаманія, алкагалізм, таксікаманія), пашкоджанні скуры і слізістых абалонак, ужыванне доўгі час антыбіётыкаў, цытастатычных і кортыкастэроідных прэпаратаў, прамянёвая тэрапія і інш. Падзяляюцца на 4 групы: кератамікозы, дэрматафітыі, кандыдозы, глыбокія мікозы.
Кератамікозы (вотруб’епадобны лішай) мала заразныя. Узбуджальнікі іх паразітуюць у паверхневым слоі скуры, запаленне яе не выклікаюць. Дэрматафітыя (трыхафітыя, мікраспарыя, эпідэрмафітыя, фавус) выклікае хваробы скуры, валасоў, пазногцяў, а кандыдоз, акрамя таго, слізістых абалонак. Пры глыбокіх мікозах (какцыдыяідоз, гістаплазмоз, хромамікоз і інш.) пашкоджваюцца не толькі скура і слізістая абалонкі, але і ўнутр органы, нерв. сістэма і касцявы апарат. Лячэнне: прэпараты з фунгістатычным і фунгіцыдным дзеяннем, анілінавыя фарбы.
М.З.Ягоўдзік.
т. 5, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПІЛАБАКТЭРЫЁЗ, вібрыёз,
інфекцыйная хвароба буйн. раг. жывёлы і авечак, радзей свіней, коз, курэй, чалавека, якая выклікаецца кампілабактэрыямі. Адзначаецца ў многіх краінах, у т. л. на Беларусі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і носьбіты (часцей быкі ці бараны-вытворнікі). У жывёл заражэнне адбываецца палавым або аліментарным шляхам. Хвароба часцей адзначаецца восенню і зімой. Характарызуецца запаленнем слізістых абалонак похвы, маткі, часовай бясплоднасцю, абортамі, затрыманнем паследу. У чалавека К. характарызуецца пашкоджаннем страўнікава-кішачнага тракту. Перадаецца праз ежу, ваду, забруджаныя выдзяленнямі жывёл. Інкубацыйны перыяд 1—2 (іншы раз 6) дні; востры боль, слабасць, моташнасць, ірвота, вадкі стул з прымессю слізі і крыві. Т-ра цела 38—40 °C, боль у мышцах і суставах. К. садзейнічае ўзнікненню хранічнага гастрыту з развіццём язвавай хваробы; можа ўскладняцца пнеўманіяй, артрытам, міякардытам, менінгітам, сепсісам (асабліва ў дзяцей першых месяцаў жыцця). Лячэнне: дэзінтаксікацыйная і сімптаматычная тэрапія.
А.А.Астапаў.
т. 7, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАЦЁК, гемарагія,
выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл. Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).
Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласці — гематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш. Найб. небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.
Літ.:
Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;
Основы реаниматологии. М., 1966.
А.У.Чантурыя.
т. 8, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛО́ІД (ад грэч. kēlē пухліна + eidos выгляд),
пухлінападобнае разрастанне злучальнай тканкі скуры. Прычыны ўзнікнення хваробы невядомыя. Мяркуюць, што ў аснове развіцця К. прыроджаная генет. абумоўленая ўласцівасць злучальнай тканкі рэагаваць на траўмы. У некат. хворых выяўляюць абменныя і эндакрынныя парушэнні, хранічныя інфекц. хваробы (напр., туберкулёз лёгкіх), ачагі хранічнай інфекцыі (карыес, танзіліт і інш.). Найчасцей бывае ў юнакоў на грудзях, шыі, у вушных ракавінах, радзей — на твары і канечнасцях. К. сапраўдны — цвёрдае, белаватае ці ружовае, гладкае разрастанне на 5—8 мм над паверхняй скуры, з’яўляецца раптоўна, расце некалькі тыдняў, іншы раз месяцаў, ад бакавой паверхні адыходзяць адросткі ў выглядзе клюшняў рака, потым памеры яго не мяняюцца да канца жыцця. К. несапраўдны ўзнікае пры парэзах, апёках, на месцы рубцовых змен, гнайнічковых хвароб скуры і інш.; асобная форма такога К. — акне келоід. Лячэнне тэрапеўтычнае.
А.У.Руцкі.
т. 8, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРАТЫ́Т [ад грэч. keras (keratos) рог],
запаленне рагавой абалонкі вока, іншы раз з частковым або поўным яе памутненнем (бяльмом) і паніжэннем зроку да слепаты. Адрозніваюць К. экзагенныя (пры ўздзеянні знешніх фактараў, пераважна інфекц., ці пры траўме) і эндагенныя (пры захворваннях арганізма); па лакалізацыі бываюць паверхневыя і глыбокія. Сімптомы К.: святлабоязь, слёзацячэнне, боль, пачырваненне вока, парушэнне празрыстасці рагавіцы, паніжэнне зроку.
Найчасцей бываюць вірусныя К. (напр., герпетычны выклікаецца вірусамі герпесу). Катаральныя ўзнікаюць пры інфекц. кан’юнктывітах (ганарэйным, дыфтэрыйным), трахоме і інш. Пры бактэрыяльных гнойных К. (выклікаюцца стафілакокамі, пнеўмакокамі і інш.) можа развіцца паўзучая язва з дэфектам рагавіцы і рубцом. Паверхневыя туберкулёзна-алергічныя скрафулёзныя К., як правіла, двухбаковыя; гематагенныя глыбокія К. пашкоджваюць адно вока з моцным памутненнем рагавіцы. Парэнхіматозны К. (тыповая форма глыбокага эндагеннага К.) найчасцей бывае пры прыроджаным сіфілісе. Лячэнне: рассысальная тэрапія, хірург — кератапластыка.
Л.М.Марчанка.
т. 8, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОЎЦЕКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
захворванне, абумоўленае ўтварэннем камянёў у жоўцевым пузыры і (або) жоўцевых пратоках. Частата ўтварэння жоўцевых камянёў павялічваецца з узростам і дасягае 50% у жанчын старэй за 80 гадоў. У мужчын жоўцевыя камяні трапляюцца ў 3—5 разоў радзей, у дзяцей — вельмі рэдка. Асн. прычыны ўзнікнення Ж.х.: застой жоўці, запаленне жоўцевага пузыра і жоўцевых шляхоў, змяненне хім. саставу жоўці ў сувязі з парушэннямі абмену рэчываў (спадчынная схільнасць). Жоўцевыя камяні (халеліты) — цвёрдыя ўтварэнні, колькасць якіх можа складаць ад аднаго да некалькіх тысяч, велічыня — да некалькіх сантыметраў у дыяметры, Маса — да 30 г і болей. Асн. праяўленне захворвання — болі ў правым падрабрынні, якія ўзнікаюць пасля ежы, асабліва вострай або тлустай. Часта назіраюцца слабасць, недамаганне, раздражняльнасць, горкая адрыжка, няўстойлівы стул. Ускладненні Ж.х.: флегмона, гангрэна, вадзянка, эмпіема і перфарацыя жоўцевага пузыра, жоўцевы перытаніт, самаадвольны жоўцевы свішч. Лячэнне тэрапеўтычнае, бальнеалагічнае, хірургічнае.
т. 6, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎРАСТЭНІ́Я (ад неўра... + астэнія),
форма неўрозу, які характарызуецца павышанай узбуджальнасцю і хуткай знясіленасцю нерв. сістэмы, эмацыянальнай няўстойлівасцю, вегетатыўнымі зменамі. Звычайна ўзнікае пасля працяглых псіхатраўмуючых сітуацый у сям’і, на рабоце, таксама на фоне ператамлення і саматычных хвароб. Адрозніваюць 2 формы Н.: гіперстэнічную (раздражняльную), пераважна ў дзяцей і гіпастэнічную (дэпрэсіўную), часцей ва ўзросце 45—60 гадоў. Хворыя на Н. нецярплівыя, скардзяцца на зніжэнне памяці. у іх неадэкватныя рэакцыі на гучную размову, яркае святло, скрып дзвярэй і да т.п., могуць з’яўляцца ўспышкі гневу, грубасці. Пры Н. ўзнікае галаўны боль сціскаючага характару (сімптом неўрастэнічнай каскі Шарко), боль у вобласці сэрца, сэрцабіцце, сухасць у роце і інш. Лячэнне фіта-, фізія-, псіхатэрапія, іголкарэфлексатэрапія.
Літ.:
Дмитриева И.В., Дмитриева Т.Н. Лекарственные растения в лечении нервных расстройств. Н. Новгород, 1994;
Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996.
Г.Г.Шанько.
т. 11, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫ́РАЧНАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ,
паталагічны стан, пры якім ныркі часткова ці цалкам страчваюць здольнасць падтрымліваць пастаянства хім. саставу ўнутр. асяроддзя арганізма. У выніку парушаюцца водна-электралітны баланс, кіслотна-шчолачная раўнавага, затрымліваецца выдаленне з арганізма прадуктаў азоцістага абмену. Устойлівая Н.н. (на 70% і больш) вядзе да самаатручэння. Бывае вострая і хранічная. Прычыны вострай Н.н. — шок, цяжкае абязводжванне арганізма і страта солей, атручэнне ртуццю, некат. лек. прэпаратамі і інш. Пры вострай Н.н. рэзка скарачаецца выдаленне мачы, узнікае смага, задышка, ірвота, мышачныя сутаргі. Хранічная Н.н. абумоўлена хранічнымі захворваннямі нырак і іх пашкоджаннямі пры хваробах абмену рэчываў (напр., цукр. дыябеце), некат. хваробах крыві і інш. У хворых на хранічную Н.н. скура шэра-жоўтага колеру, павышаны артэрыяльны ціск, у цяжкіх выпадках вял. ацёкі, кома. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., ачышчэнне крыві (напр., гемадыяліз), у канчатковай стадыі хранічнай Н.н. — перасадка ныркі.
В.С.Пілатовіч.
т. 11, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)