ПЕРАЛО́М,
поўнае парушэнне цэласці косці. Адрозніваюць П. траўматычны (ад уздзеяння мех. сілы) і паталаг. (пухліна, запаленне і інш.). Можа суправаджацца пашкоджаннем нерв. канцоў або ствалоў, буйных сасудаў, скурных покрываў, інфіцыраваннем раны. Пашкоджанне крывяносных сасудаў пры П. вядзе да крывацёку, часам да развіцця дэкампенсаванай ішэміі тканкі і інш. П. бываюць адкрытыя, закрытыя (скура не пашкоджваецца), са зрушэннем і без зрушэння. Асн. клінічная праява П. — паталаг. рухомасць косці. Інш. праявы залежаць ад лакалізацыі П. (на чэрапе, пазваночніку, канечнасцях і інш.). Асн. метад дыягностыкі — рэнтгенаграфія. Лячэнне кансерватыўнае (гіпсавыя павязкі, лёгкія шыны, выцяжэнне), хірургічнае.
І.М.Грышын.
т. 12, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)