КРАПІ́ЎНІЦА,
рэакцыя арганізма на энда- і экзагенныя раздражняльнікі, якая праяўляецца раптоўнай высыпкай на скуры (іншы раз на слізістай гартані) і моцным свербам. Абумоўлена апёкамі крапівой і інш. раслінамі, укусамі насякомых, дзеяннем тэмпературных, хім., харч., фіз. (холад, сонца і інш.), мех., нерв., эндакрынных, мікробных фактараў, павышанай адчувальнасцю да медыкаментаў, стомленасцю, страўнікава-кішачнымі інтаксікацыямі, гліснымі інвазіямі, хваробамі крыві, парушэннямі абмену рэчываў і інш. Працякае востра (пухіры ўзнікаюць раптоўна, знікаюць праз мінуты ці гадзіны) і хранічна (высыпка або яе рэцыдывы цягнуцца тыдні ці месяцы), іншы раз з дрыжыкамі, ліхаманкай, недамаганнем, павышанай т-рай цела. Лячэнне тэрапеўтычнае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 8, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)