ІНСТЫТУ́Т ЭКАНО́МІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1931 у Мінску. Аддзелы (1997): заканамернасцей развіцця эканам. адносін; эфектыўнасці вытв. патэнцыялу; рыначнай інфраструктуры; рэгіянальнай эканомікі; эколага-эканам. праблем; эканомікі навукі.
Асн. кірункі даследаванняў: арг-цыя вытворчасці; удасканаленне сістэмы планавання; паскарэнне навук.-тэхн. прагрэсу; пытанні рэфармавання адносін уласнасці і стварэння змешанай эканомікі; удасканаленне фін. крэдытных адносін. Мэта даследаванняў — распрацоўка нац.-дзярж. мадэлі рыначнай эканомікі Беларусі і адэкватнага ёй дзейснага механізму гаспадарання. Аспірантура з 1945. Выдадзены працы: «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму, 1900—1917» (1963); «Эканоміка Савецкай Беларусі, 1917—1967» (1967), «Тэхнічны прагрэс і пытанні эканомікі» (1969); «Вытворчыя аб’яднанні: Рэгіянальны аспект арганізацыі» У.С.Фацеева (1987); зб. «Рыначнае рэфармаванне эканомікі Беларусі» (вып. 1—2, 1996—97); «Эканоміка Беларусі: шляхі стабілізацыі і сацыяльна-эканамічнага абнаўлення» (1995); «Інвестыцыйная палітыка Беларусі: (Аналіз, праблемы, прапановы)», «Інфляцыя. прырода, сутнасць і рэгуляванне, «Праблемы рэфармавання беларускай эканомікі» І.М.Абрамава, В.С.Булко, І.В.Калеснікавай (усе 1996) і інш. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі В.М.Лубяка, В.С.Нямчынаў, І.А.Пятровіч, Ф.С.Марцінкевіч, чл.-кар. М.І.Вядута, Ф.А.Дронаў; працуюць акад.Нац.АН Беларусі Г.М.Лыч, чл.-кар. П.Г.Нікіценка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАРГА (ад познагрэч. katergon галера),
асобы від пакарання за крымін. і паліт. злачынствы, што спалучаў пазбаўленне волі з асоба строгім рэжымам, у т. л. закоўванне ў кайданы і цялесныя пакаранні, і прыцягненнем зняволеных да цяжкай фіз.працы. Узнікла ў сярэднія вякі ў шэрагу еўрап. краін спачатку як адпраўка засуджаных грабцамі на галеры (адсюль назва), потым з’явіліся спец. катаржныя турмы. У Расіі вядома з пач. 18 ст.; з канца 18 ст. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на К. пачалі ссылаць дзярж. злачынцаў і з Беларусі. Праца катаржан у Расіі выкарыстоўвалася пры буд-ве крэпасцей, марскіх партоў, караблёў, дарог і на рудніках; гал. месцамі адбыцця К. былі Нерчынскія руднікі і в-аў Сахалін. На тэр. Беларусі з 1820-х г. існавала катаржная турма ў Бабруйскай крэпасці. У 18 ст. сярод катаржан былі ўдзельнікі Пугачоўскага паўстання, у 19 ст. — дзекабрысты, петрашэўцы, удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, пазней удзельнікі народніцкага руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі ўзнікла сістэма цэнтр. катаржных турмаў, сярод якіх найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных вызначаліся Арлоўскі і Аляксандраўскі «цэнтралы», Акатуйская турма; значную колькасць катаржан разам з рэвалюцыйна настроенымі інтэлігентамі складалі рабочыя, сяляне і салдаты — удзельнікі масавых рэв. выступленняў, у т. л. рэвалюцыі 1905—07. Ліквідавана у Расіі ў сак. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЛО́СЫ»
(«Kłosy», «Каласы»),
навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выходзіў у 1865—90 у Варшаве на польск. мове 1 раз у тыдзень. Рэдактар К.Вуйціцкі (да 1875), А.Пяткевіч (А.Плуг, з 1879 гал. рэдактар). Змяшчаў матэрыялы па л-ры, гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве, а таксама нататкі з падарожжаў, успаміны, біягр. нарысы, тэатр. і муз. агляды, пераклады маст. твораў, мясц. і замежную карэспандэнцыю. Выданне вызначалася высокім графічным і маст. узроўнем (мастакі М.Э.Андрыёлі, С.Віткевіч, Ф.Кастшэўскі, Н.Орда, Ю.Фалат і інш.).
У часопісе апублікаваны працы пра Беларусь Вуйціцкага «Яўстах граф Тышкевіч» (1865), М.Камінскага «Танцы народа Павілля» (1866), В.Поля «На азёрах» (1869), З.Шчэры «Экскурсія ў Пінск і на Піншчыну» і А.Плуга «Руіны замка ў Міры» (абедзве 1877) і «Аляксандр Ходзька» (1881), В.Каратымскага «Ігнат Дамейка» (1877), З.Глогера «Земляробчыя абрады» (1879) і «Колькі слоў пра народныя і нацыянальныя песні» (1881), Э.Хлапіцкага «Апавяданні з вандроўкі па краі» (1887), В.Бютнера «Перажыткі язычніцтва на Палессі» (1890) і інш., маст. творы А.Э.Адынца, Э.Ажэшкі, Ю.Крашэўскага, Я.Лучыны, М.Радзевіча, У.Сыракомлі і інш. У 1890 зліты з час. «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»).
Літ.:
Szyndler B. Tygodnik ilustrowany «Kłosy» (1865—1890). Wrocław, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́Ш (Панцеляймон Аляксандравіч) (7.8.1819, г.п. Варонеж Сумскай вобл., Украіна — 14.2.1897),
украінскі пісьменнік, гісторык, этнограф. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1839—40). У 1846—47 чл.Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства.
Пісаў на ўкр. і рус. мовах. Вывучаў гісторыю Украіны, этнаграфію, нар. творчасць: зб-кі «Украінскія народныя паданні» (1847), «Запіскі пра Паўднёвую Русь» (т. 1—2, 1856—57), гіст.працы «Гісторыя ўз’яднання Русі» (т. 1—3, 1874—77), «Адлучэнне Маларосіі ад Польшчы» (т. 1—3, 1888—89) і інш. Асэнсаванне гіст. падзей на Украіне ў паэме «Украіна» (1843), аповесці «Міхайла Чарнышэнка, або Маларосія восемдзесят гадоў назад» (ч. 1—3, 1843), гіст. рамане «Чорная Рада, хроніка 1663 г.» (1845—57). У маст. творах паказаў барацьбу казацтва за незалежнасць з пэўнай ідэалізацыяй гетманскіх вярхоў, даў рэаліст. карціны побыту. Аўтар зб-каў вершаў «Світанне» (1862), «Хутарская паэзія» (1882), «Звон» (1893). Заснаваў у Пецярбургу друкарню, дзе выдаў творы М.Гогаля, Т.Шаўчэнкі, І.Катлярэўскага, М.Ваўчок і інш. Удзельнічаў у рэформе нац. правапісу, склаў укр. буквар «Граматка» (1857). Перакладаў на ўкр. мову Біблію, творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, А.Пушкіна, А.Міцкевіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПКА (Kupka) Францішак [франц.псеўд.Рэньяр Поль
(Paul Regnard); 23.9.1871, Опачна, Чэхія — 21.6.1957], чэшскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Праф.АМ у Празе (з 1919). Вучыўся ў АМ у Празе (1888—91) і Вене (1891—95). З 1895 у Парыжы, з 1906 у Пюто (Францыя). Чл. аб’яднання «Абстракцыя — творчасць» (з 1931). У ранні перыяд пісаў карціны ў духу імпрэсіянізму («Бібліяфіл»),
сімвалізму («Недавер, або Чорны ідал», 1903), экспрэсіянізму («Архаічная», 1910). Пазней звярнуўся да абстрактных кампазіцый і т.зв. арфізму (тэрмін уведзены Г.Апалінэрам для абазначэння жывапісу, які перадае дынаміку рухаў і муз. рытмаў праз спалучэнні чыстых моцных тонаў і перасячэнне крывалінейных паверхняў). Сярод твораў: «Клавішы раяля — возера», «Першы крок» (абодва 1909), «Жонка мастака сярод вертыкаляў» (1910—11), «Чырвоныя і сінія дыскі» (1911), «Аморфа, двухколерная фуга» і «Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі (абодва 1911—12), «Вертыкальныя чырвоныя і сінія планы», «Філасофская архітэктура» (абодва 1913), «Тры сінія, тры чырвоныя» (1913—57), «Механізм» (1920), «Абстрактны жывапіс» (1931), «Аўтаномны белы» (1951—52) і інш. Аўтар ілюстрацый да «Чалавека і зямлі» Э.Рэклю (1904—06), «Гімна гімнаў» і «Эрынеяў» Л. дэ Ліля (1905—09), «Лісістраты» Арыстафана (1906), «Праметэя» Эсхіла (1911), шэрагу малюнкаў, тэарэт.працы «Творчасць у пластычных мастацтвах» (1923).
Я.Ф.Шунейка.
Ф.Купка. Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі. 1911—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮДКЕ́ВІЧ (Станіслаў Піліпавіч) (24.1. 1879, г. Ярослаў, Польшча — 10.9. 1979),
украінскі кампазітар, тэарэтык, педагог. Нар.арт.СССР (1969). Герой Сац. Працы (1979). Д-р мастацтвазнаўства (1908). Скончыў Львоўскі ун-т (1901). Кампазіцыі вучыўся ў Львове (1898—01) і Вене ў Г.Грэдэнера (1907—08). Адзін з арганізатараў і дырэктар (1908—14) Вышэйшага муз. ін-та імя М.Лысенкі (Львоў). У 1939—72 праф. Львоўскай кансерваторыі. Адзін з буйнейшых майстроў укр. сімфанічнай і кантатна-аратарыяльнай музыкі. У творчасці пераўтвараў укр.муз. фальклор. Складальнік зборнікаў укр.нар. песень. Сярод твораў: оперы «Бар Кохба» (1926, не закончана), «Доўбуш» (1955); сімфонія-кантата «Каўказ» (1913), кантаты «Запавет» (2-я рэд. 1955; абедзве на словы Т.Шаўчэнкі), «Найміт» на словы І.Франко (1940) для салістаў, хору і арк.; «Прыкарпацкая сімфонія» (1952), сімфаньета (1943), сімф. паэмы «Каменяломы» (1926), «Дняпро» (1947), фантазія «Наша мора» (1957) для арк., і інш.; інстр. канцэрты; камерна-інстр. ансамблі; для хору з арк. на словы Франко (1898) і Т.Шаўчэнкі (1931); рамансы, апрацоўкі нар. песень. Аўтар музыказнаўчых прац (сабраны ў кн. «Даследаванні і артыкулы», 1976), артыкулаў пра Дз.Бартнянскага, М.Вярбіцкага, М.Лысенку, рэдакцый і аркестровак твораў інш. кампазітараў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙМАН (Maimon) Саламон [сапр.Хейман (Heiman); 1753 або 1754, мяст. Мір, цяпер г.п. Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.11.1800], філосаф-асветнік. Вучыўся ў Івянецкай талмудычнай школе. З 1777 у Германіі, дзе самастойна вывучаў філасофію, медыцыну, фізіку, матэматыку. У 1784 скончыў гімназію ў Алтане. Пасля знаёмства ў Берліне з ням. філосафам М.Мендэльсанам пераклаў яго філас. працу «Ранішнія часы», напісаў «Дапаможнік да прыродазнаўства і пачаткаў Ньютана». У «Аўтабіяграфіі» (1791) адлюстраваў гаротнае і бяспраўнае становішча сялян-беларусаў, сваіх землякоў-яўрэяў, жорсткасць і пагардлівыя адносіны да людзей з боку магнатаў і князёў. Быў прыхільнікам філасофіі яўр. тэолага Майманіда (таму і змяніў сваё прозвішча). У працы «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі» (1790) паказаў немагчымасць існавання незалежнай ад свядомасці кантаўскай «рэчы ў сабе». Лічыў, што існуе толькі адзіны свет — свет свядомасці і, як дадзенае, ён не можа быць растлумачаны («Аб прагрэсе філасофіі», 1793). У сваёй гнасеалогіі вылучаў 3 віды пазнання: апастэрыёрнае, апрыёрнае і чыста апрыёрнае (філасофія). Даследаваў тэарэт. праблемы логікі, этыкі, эстэтыкі, выступаў за рэфармаванне існуючай сістэмы ўлады на прынцыпах гуманізму, свабоды і справядлівасці («Гісторыя жыцця», 1792; «Катэгорыі Арыстоцеля», 1794, і інш).
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
Беленький М.С. Иудаизм. 2 изд. М., 1974;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІМАЛІ́СТЫ, эсэры-максімалісты,
палітычная плынь у рас. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) у 1904—12 і 1917—20. Узніклі ў 1904, арганізацыйна аформіліся ў «Саюз сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістаў» у кастр. 1906 Кіраўнікі Ф.Я.Святлоў, М.І.Сакалоў, М.І.Рыўкін і інш. У 1905—07—2—2,5 тыс., у 1917 каля 3 тыс.чл. Друкаваныя органы — газеты «Вольный дискуссионный листок», «Трудовая республика» і інш. Выступалі за неадкладны сац. пераварот, ажыццяўленне эсэраўскай праграмы-максімум (адсюль назва): сацыялізацыю зямель, фабрык, заводаў. Асн. тактыка — індывід. тэрор і экспрапрыяцыі. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічалі арг-цыі М. у Віцебску, Гомелі, Гродне, Пінску, Слоніме. У 1912 М. часова спынілі дзейнасць, аднавілі яе пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Блакіраваліся з левымі эсэрамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у працы 2—7-га з’ездаў Саветаў і ВЦВК, але выступалі супраць дыктатуры пралетарыяту і Брэсцкага міру 1918. Частка іх удзельнічала ў антыбальшавіцкіх мяцяжах. У 1919 «Саюз» М. раскалоўся: большасць арг-цый выступіла за супрацоўніцтва з бальшавікамі, частка, у т. л. Аршанская арг-цыя, засталася на антыбальшавіцкіх пазіцыях. У маі 1920 арг-цыя М. самаліквідавалася, частка яе членаў уступіла ў РКП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАЎ (Георгій Макеевіч) (19.4.1911, с. Новакускова Асінаўскага р-на Томскай вобл., Расія — 26.9.1991),
расійскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974, 1984). Вучыўся ў Томскім ун-це (1930—32). Друкаваўся з 1936. Раман «Строгавы» (кн. 1—2, 1939—46; Дзярж. прэмія СССР 1952) прысвечаны гісторыка-рэв. тэме. Пра далейшы лёс дынастыі Строгавых раман «Соль зямлі» (кн. 1—2, 1954—60). Аўтар раманаў «Бацька і сын» (ч. 1—2, 1963—64; аднайм. фільм 1980), «Сібір» (кн. 1—2, 1969—73; Ленінская. прэмія 1976), «Наступнаму стагоддзю» (1981—82), аповесцей «Арлы над Хінганам» (1947—48; першапачатковая назва «Салдат пяхоты»), «Запавет» (1975), «Мая ваенная пара» (1979), зб-ка нарысаў і апавяданняў «Ліст у Марэеўку» (1952), п’есы «Выклік» (разам з Э.Ю.Шымам, паст. 1980), зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Жыццё. Літаратура. Пісьменнік» (1971), «У пошуках паэзіі і праўды» (1983) і інш. Творчасці М. ўласціва ўвага да цэльных характараў людзей з народа, умелае ўзнаўленне дэталей побыту. Асобныя творы М. на бел. мову пераклалі Л.Салавей, Т.Мартыненка і інш. Старшыня праўлення СП СССР (19-77—89).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
абавязак аднаго з бакоў працоўнага дагавору кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную ім другому боку гэтага дагавору ў выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў у сферы прац. адносін. Існуюць 2 віды М.а.: работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам. Для прыцягнення работніка да М.а. паводле норм прац. заканадаўства неабходна, каб на момант нанясення шкоды работнік быў у прац. адносінах з прадпрыемствам, установай, арг-цыяй, якім ён нанёс шкоду. Парадак прыцягнення да М.а., умовы, яе памер вызначаюцца КЗаП Рэспублікі Беларусь, пастановай Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па працы і сац. абароне насельніцтва ад 8.10.1993 «Аб зацвярджэнні Узорнага пераліку пасад і работ, якія замяшчаюцца або выконваюцца работнікамі, з якімі наймальнікі могуць заключаць пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці», Узорным дагаворам або поўнай індывідуальнай М.а. і Палажэннем аб калектыўнай (брыгаднай) М.а. Пытанні М.а. работніка перад наймальнікам рэгламентуюцца і інш. актамі заканадаўства. М.а. настае толькі за прамую сапраўдную шкоду, калі яна ўзнікла ад проціпраўных дзеянняў па віне работніка. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць М.а. за шкоду, нанесеную работніку пакалечаннем або інш. пашкоджаннем здароўя, звязанымі з выкананнем ім сваіх прац. абавязкаў. Абавязковай умовай прыцягнення наймальніка да М.а. з’яўляецца проціпраўнае нанясенне шкоды. Прыкмета проціпраўнасці выяўляецца ў парушэнні наймальнікам абавязкаў, ускладзеных на яго як аднаго з бакоў прац. дагавору.