БАТЫСКА́Ф (ад грэч. bathys глыбокі + skaphos судна, лодка),
самаходны глыбакаводны апарат. Складаецца з корпуса-паплаўка, запоўненага лёгкай вадкасцю, напрыклад спец. бензінам сашчыльн. да 500 кг/м³, цыстэрны з баластам, акумулятарнай батарэі і назіральнай кабіны — батысферы, дзе знаходзіцца экіпаж і спец. апаратура. Звонку батыскафа ўстаноўлены электрарухавікі з грабнымі вінтамі. Апусканне на глыбіню і ўсплыванне батыскафа рэгулююцца баластам. Выкарыстоўваецца для гідрафіз., біял., геал. і інш. даследаванняў марскіх глыбіняў. Першы батыскаф пабудаваны і выпрабаваны швейц. вучоным А.Пікарам у 1948. У 1960 яго сын Ж.Пікар дасягнуў глыбіні каля 11 км (Марыянскі жолаб у зах. частцы Ціхага ак.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ХМАН ((Bachmann) Інгеборг) (25.6.1926, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 17.10.1973),
аўстрыйская пісьменніца. У 1945—50 вучылася ў Грацкім, Інсбрукскім, Венскім ун-тах. Д-р філасофіі (1950). Аўтар зб-каў вершаў «Адтэрмінаваны час» (1953), «Покліч Вялікай Мядзведзіцы» (1956), зб-каў апавяданняў «Трыццаты год» (1961), «Сінхронна» (1972), рамана «Маліна» (1971), эсэ, нарысаў. Пісала лібрэта для балетаў і опер Г.Генцэ, радыёп’есы: «Панскі двор» (1954), «Цыкады» (1955), «Добры бог з Манхатана» (1958). Яе лірыка сімвалічная, вытанчаная, са складанай метафарычнасцю, аднак стыль ясны, просты, строгі. Героі Бахман дзёрзкія, упартыя, поўныя пошукаў і супярэчнасцяў. Яны бунтуюць супраць багоў, лёсу, сац. умоў.
Тв.:
Рус.пер. — Три дороги к озеру: Повесть и рассказы. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГЛЫЯ, збегі,
групы, сем’і сялян ці асобныя сяляне ў ВКЛ, якія без ведама і дазволу феадала кідалі сваю гаспадарку і патаемна перасяляліся ў інш. месцы (найчасцей у інш. вёскі, гарады). Уцёкі былі адной з пасіўных формаў класавай барацьбы сялян, яны пачасціліся па меры ўвядзення і ўзмацнення прыгону, асабліва ў час заснавання фальваркаў. Сяляне пагранічных ваяводстваў ВКЛ часта ўцякалі за мяжу — у Расію, Прусію, на Украіну. За 2-ю пал. 16—17 ст. сейм Рэчы Паспалітай прыняў каля 20 пастаноў аб уцёках сялян са шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ. Каб прадухіліць уцёкі, былі расшыраны паліцэйскія функцыі сельскага войта, уведзена кругавая парука і адпрацоўка паншчыны абшчынай за збеглага, уведзены штрафы за прыём беглых і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ (БКЗ),
культурна-асветная арг-цыя, якая дзейнічала на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створана ў студз. 1944 у Мінску кіраўніцтвам Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) са згоды герм.акупац. улад. Кіраўнік А.Калубовіч. Мела 4 аддзелы: музыкі — узначальваў М.Шчаглоў (М.Куліковіч), прапаганды і бел. культуры — У.Дудзіцкі (У.Гуцька), л-ры — Н.Арсеннева, музеяў і краязнаўства — А.Шукелайць. Мела на мэце аб’яднаць усе існуючыя на той час на Беларусі культ.-асв. ўстановы (тэатры, нар. дамы, б-кі, музеі і інш.). Пры дапамозе БКЗ кіраўніцтва БЦР спадзявалася ўздзейнічаць на бел. насельніцтва з мэтай прапаганды афіц. палітыкі і ідэалогіі акупантаў, барацьбы супраць камуніст. ідэалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАНО́МНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,
аб’яднанне бел. епархій абнаўленчай царквы (гл. ў арт.Абнаўленцы). Існавала ў 1924—34. Утворана ў маі 1924 на чале са Свяшчэнным сінодам і мітрапалітам магілёўскім і беларускім на 1-м Бел. абласным царк. саборы ў Магілёве. Падзялялася на 5 епархій, налічвала каля 500 парафій (пераважна ва ўсх. рэгіёне; у снеж. 1924 прыходы Дубровенскага р-на абвясцілі ўласную незалежнасць). Выдавала час. «Белорусский православный вестник» (Магілёў, 1924—27). Мітрапаліты Уладзімір (1924—26), Іосіф (І.П.Крачатовіч; 1926—34). З пач. 1930-х г., ва ўмовах пераходу сав. дзяржавы да жорсткай антырэліг. палітыкі і агульнага крызісу абнаўленства, аўт. царква пачала траціць пазіцыі і спыніла існаванне. Парафіі вярнуліся пад уладу Маскоўскага патрыярхату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫЦА,
возера ў Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ула, за 10 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 2,25 км², даўж. 4,49 км, найб.шыр. 1,02 км, найб.глыб. 23 м, даўж. берагавой лініі 10,3 км. Пл. вадазбору 16,3 км².
Схілы катлавіны выш. 14—20 м, стромкія, на Пд да 8 м, спадзістыя, параслі лесам. Берагі высокія, на Пн зліваюцца са схіламі. Дно карытападобнае, утварае 2 плёсы: усх.глыб. да 20 м і зах., больш шырокі, глыб. да 14 м. Плёсы злучаны нешырокім пралівам. На мелкаводдзі дно пясчанае, глыбей сапралелістае. Ёсць 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Расліннасць да глыб. 5,5 м. Злучана пратокай з воз. Уклейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОП ((Bopp) Франц) (14.9.1791, г. Майнц, Германія — 23.10.1867),
нямецкі мовазнавец. Чл. Прускай АН (з 1822). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Праф. Берлінскага ун-та (1821—64). Заснавальнік параўнальна-гіст. вывучэння індаеўрап. моў і параўнальнага мовазнаўства. Даследуючы марфалагічную структуру слоў у санскрыце, прыйшоў да высновы аб граматычным падабенстве гэтай мовы састараж. мовамі Еўропы, што дазволіла ўявіць першасную структуру граматычных формаў (найперш дзеяслоўных) у гэтых мовах (кн. «Сістэма спражэння ў санскрыце ў параўнанні з грэчаскай, лацінскай, персідскай і германскімі мовамі», 1816). У 1833—49 выпускамі выходзіла яго «Параўнальная граматыка санскрыту, зенду, грэчаскай, лацінскай, літоўскай, гоцкай і нямецкай моў». Аўтар «Крытычнай граматыкі санскрыту» (1834); выдаў шэраг стараж.-індыйскіх тэкстаў і перакладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗА́ЎСКАС ((Brazauskas) Альгірдас) (н. 22.9.1932, г. Рокішкіс, Літва),
літоўскі дзярж. і паліт. дзеяч. Канд.эканам.н. (1974). Скончыў Каўнаскі політэхн.ін-т (1956). У 1965—66 міністр прам-сці буд. матэрыялаў Літ. ССР. У 1966—77 1-ы нам. Старшыні Дзяржплана Літ. ССР. З 1977 сакратар, чл. Бюро, з 1988 1-ы сакратар ЦК КПЛ, якая ў канцы 1989 пераўтворана ў Дэмакр. партыю працы Літвы (ДППЛ). Састудз. 1990 старшыня Вярх. Савета Літ. ССР. Пасля абвяшчэння 11.3.1990 Акта аб аднаўленні незалежнасці Літ. дзяржавы — нам. прэм’ер-міністра Літвы. У кастр. 1992 пасля перамогі ДППЛ на выбарах у сейм Літ. Рэспублікі Бразаўскас абраны старшынёй сейма. З лют. 1993 прэзідэнт Літ. Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДА́Н, курэнь,
часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СКІ,
рэчывы, пераважна прыроднага паходжання, па ўласцівасцях блізкія да пчалінага воску. Аморфныя, тэрмапластычныя, воданепранікальныя, маюць нізкую эл. праводнасць, tпл 40—90 °C, гаручыя. Хім. ўласцівасцямі блізкія да тлушчаў.
Прыродныя воскі падзяляюць на жывёльныя (пчаліны воск, ланалін, спермацэт), раслінныя (карнаўбскі, пальмавы, японскі і інш.) і выкапнёвыя (тарфяны, буравугальны, азакерыт, цэразін). Жывёльныя і раслінныя складаюцца пераважна са складаных эфіраў, утвораных вышэйшымі тлустымі к-тамі і аднаатамнымі спіртамі з 12—46 атамамі вугляроду ў малекуле. Выкапнёвы воск (азакерыт, цэразін) — сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць сінт. воскі (напр., з нафтавых парафінаў, полімерызацыяй этылену).
Выкарыстоўваюць для прыгатавання палітур, ахоўных кампазіцый для металаў, тканін, паперы, скуры, як ізаляцыйны матэрыял, кампанент мазяў у касметыцы і медыцыне.