НЕАПАЛІТА́НСКАЯ О́ПЕРНАЯ ШКО́ЛА,

італьянская оперная школа і стылявы кірунак у 18 ст. Узнікла ў Неапалі. Заснавальнік — А.Скарлаці, першы найб. значны прадстаўнік — Ф.​Правенцале. Н.о.ш. абагульніла дасягненні італьян. оперы 17 ст. Вял. значэнне для яе фарміравання мелі традыцыі быт. неапалітанскай музыкі і дзейнасць кансерваторый Неапаля, якія падрыхтавалі многіх спевакоў-віртуозаў. У Н.о.ш. склаліся арыстакратычны жанр оперы-серыя (Скарлаці, Л.​Вінчы, Н.​Порпара, Л.​Леа, Н.​Іамелі, Т.​Траэта) і дэмакр. жанр оперы-буфа (Дж.​Б.​Пергалезі, Н.​Пічыні, Дж.​Паізіела, Д.​Чымароза). Сярод лібрэтыстаў — паэты і драматургі А.​Дзена і П.​Метастазіо. Вял. ролю ў ёй адыгралі кантыленныя і віртуозныя сольныя спевы, выкрышталізаваліся формы опернай арыі, італьян. опернай уверцюры, тыпы рэчытатыву, устанавіліся традыцыі выкарыстання аркестра ў оперы. Стыль Н.о.ш. паўплываў на еўрап. музыку.

Літ.:

Гл. пры арт. Опера.

т. 11, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФАГО́Р (Pythagoras) Самаскі

(каля 580, в-аў Самас, Грэцыя — 500 да н.э.),

старажытна-грэчаскі матэматык і філосаф-ідэаліст, заснавальнік піфагарэізму. У галіне матэматыкі яму прыпісваюць увядзенне доказу ў геаметрыю, пабудову планіметрыі прамалінейных фігур, стварэнне вучэння пра падобнасць, доказ Піфагора тэарэмы, адкрыццё ірацыянальных лікаў, пабудову некат. правільных многавугольнікаў і мнагаграннікаў і інш. Ёсць звесткі пра П. як астранома. Ён лічыў Зямлю шарам, які знаходзіцца ў цэнтры Сусвету; ведаў пра ўласны рух Сонца, Месяца і планет. Заснаваў у г. Кратоне (Паўд. Італія) піфагарэйскі саюз, які быў адначасова філас. школай, паліт. партыяй і рэліг. брацтвам. Лічыў, што лік ёсць сутнасць усіх рэчаў, а Сусвет з’яўляецца гарманічнай сістэмай лікаў і іх адносін. Адстойваў уяўленне аб бессмяротнасці душ і іх перасяленні. Быў ідэолагам рабаўладальніцкай арыстакратыі.

Літ.:

Болгарский Б.В. Очерки по истории математики. Мн., 1974.

Піфагор.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУДО́Н (Proudhon) П’ер Жазеф (15.1.1809, г. Безансон, Францыя — 19.1.1865),

французскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, тэарэтык анархізму, заснавальнік пруданізму. У сваёй сінт. філасофіі спалучаў антытэізм (засн. на тэзісе «Бог — гэта зло») і прызнанне трансцэндэнтнага пачатку ў прыродзе і грамадстве, валюнтарызм і тэалагічны правідэнцыялізм. Гісторыю грамадства разглядаў як барацьбу ідэй. У кн. «Што такое ўласнасць?» (1840) абвяшчаў буйную ўласнасць крадзяжом, адстойваў уласнасць, не звязаную з эксплуатацыяй чужой працы. У працы «Сістэма эканамічных супярэчнасцей, ці Філасофія жабрацтва» (т. 1—2, 1846) прапаноўваў мірную перабудову грамадства шляхам рэформ у галіне абарачэння (безграшовы абмен таварамі, беспрацэнтны крэдыт і інш.); крытыкаваў камунізм як «абсурдную ідэалогію», «згуртаванне зла і тыраніі», «рэлігію жабрацтва». Дзяржаву лічыў гал. сродкам расколу грамадства, паразітызму і прыгнёту, прапанаваў праекты яе ліквідацыі ці федэратыўнай перабудовы, накіраванай на раздрабленне цэнтралізаваных дзяржаў на дробныя аўтаномныя вобласці.

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЎРА́САЎ Аляксей Кандратавіч (24.5.1830, Масква — 8.10.1897),

рускі жывапісец-пейзажыст. У 1844—54 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, у 1857—82 выкладаў у ім. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Раннім творам уласцівы рысы рамант. пейзажу («Від на Крэмль у непагадзь», 1851). У 1850—70-я г. звяргаўся да спакойных, апавядальных вобразаў, каларыстычнага адзінства, узмоцненага эмацыянальным гучаннем святлаценю («Ласіны востраў у Сакольніках», 1869; «Гракі прыляцелі», 1871). Прастатой матыву, вял. ўнутр. змястоўнасцю, цэльнасцю вызначаюцца работы «Прасёлак» (1873), «Дворык» (1870-я г.) і інш. С. зрабіў вял. ўплыў на рус. пейзажыстаў канца 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Федоров-Давыдов А.А. Саврасов. М., 1957;

Новоуспенский Н.Н. А.​К.​Саврасов: [Альбом]. Л., 1981;

Мальцева Ф.С. А.​К.​Саврасов: [Альбом]. 2 изд. Л., 1989.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Саўрасаў. Гракі прыляцелі. 1871.

т. 14, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́ВЭ Васіль Якаўлевіч (15.4.1793, Альтана, Германія — 23.11.1864),

расійскі астраном і геадэзіст, заснавальнік Пулкаўскай астр. абсерваторыі. Акад. Пецярбургскай АН (1832, чл.-кар. 1822). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1810). З 1818 дырэктар Дэрпцкай, у 1839—62 Пулкаўскай абсерваторый.

Навук. працы па практычнай і зорнай астраноміі, астраметрыі і геадэзіі. Правёў першыя надзейныя вымярэнні паралаксаў 27 зорак (1837). Выявіў канцэнтрацыю зорак у галоўнай плоскасці Галактыкі, даказаў існаванне паглынання святла ў міжзорным асяроддзі і прапанаваў спосабы яго ўліку пры астр. назіраннях. З 1816 кіраваў астранома-геадэз. вымярэннямі некалькіх экспедыцый, вынікі работы якіх дазволілі вызначыць даўжыню дугі мерыдыяна ў 25°20 ад р. Дунай да Паўн. Ледавітага ак., т.зв. дуга Струвэ.

Тв.:

Рус. пер. — Этюды звездной астрономии. М., 1953;

Дуга меридиана. М., 1957.

Літ.:

Новокшанова (Соколовская) З.К. В.​Я.​Струве. М., 1964.

В.Я.Струвэ.

т. 15, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УШЫ́НСКАС (Uśinskas) Стасіс (20.6.1905, г. Пакруаіс, Літва — 12.6.1974),

літоўскі мастак; заснавальнік школы літ. вітража. Засл. дз. маст. Літвы (1974). У 1925—29 вучыўся ў Каўнаскай маст. школе, у 1929—32 — у маст. акадэміях Парыжа. На яго творчасць паўплывала мастацтва канструктывізму. З 1933 выкладаў у ВНУ Каўнаса і Вільнюса (з 1946 праф.). У 1936 засн. т-р марыянетак. Для твораў У. характэрны наватарскія сродкі выяўлення, дэкаратыўнасць і манументальнасць форм: у Каўнасе — вітражы банка (1927), «Літоўка» і «Будаўнік» у Палацы прам-сці і буд-ва (1937), «Грунвальдская бітва» (1947), «Крысціёнас Данелайціс» (1965); праекты плафонаў залы Дома авіятараў (1937). Аўтар жывапісных карцін («Маці з дзіцем», 1930; «Сон у летнюю ноч», 1949), лялек для лялечных спектакляў і фільмаў. Дзярж. прэмія Літвы 1972.

Літ.:

Кулешова В.Н. Стасис Ушинскас. М., 1973.

т. 16, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́ДКІН Сямён Захаравіч (н. 27.12.1932, г. Дуброўна Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі; заснавальнік навук. школы па гіпертэрміі і гіперглікеміі ў анкалогіі. Д-р мед. н. (1977), праф. (1979). Скончыў Смаленскі мед. ін-т (1955). З 1959 у ін-це ўдасканалення ўрачоў у г. Новакузнецк, Расія. З 1966 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1972 заг. лабараторыі). Навук. працы па камбінаваным і хірург. лячэнні злаякасных пухлін, інтэнсіўнай тэрапіі, рэанімацыі і анестэзіялогіі ў клінічнай анкалогіі; па праблемах кіравальнай штучнай гіпертэрміі і гіперглікеміі ў мнагакампанентным лячэнні злаякасных новаўтварэнняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Операционный риск и интенсивная терапия в онкологической клинике. Мн., 1976 (у сааўт.);

Гипертермия и гипергликемия в онкологии. Киев, 1987 (разам з Э.​А.​Жаўрыдам, С.​П.​Асінскім);

Меланома кожи. Мн., 2000 (разам з І.​В.​Залуцкім).

т. 16, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАКУСА́Й Кацусіка, (верасень 1760, Токіо — 18.4.1849), японскі жывапісец і графік; заснавальнік пейзажнага жанру ў яп. гравюры. Вучыўся ў гравёра К.​Сюнсё і інш. майстроў. Буйнейшы прадстаўнік кірунку укіё-э. У сваіх творах адлюстроўваў разнастайныя ландшафтныя матывы (каля 30 тыс. малюнкаў і гравюр) з дапамогай смелых перспектыўных эфектаў і нечаканых колеравых спалучэнняў: серыі каляровых і тонавых ксілаграфій «36 відаў Фудзі» (1823—29), «Вандраванне па вадаспадах розных правінцый» (1827—33), «100 відаў Фудзі» (1834—35). Працаваў таксама ў жанрах «прыгажуні», «людзі». Выканаў серыю «Паэты Кітая і Японіі» (1830), ілюстраваў кнігі (больш за 500), ствараў зб-кі «Манга» («Змешаныя малюнкі», да 1871 выдадзена 15 тамоў). Яго творчасць паўплывала на еўрап. жывапіс і графіку канца 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Воронова Б.Г. Кацусика Хокусай: Графика. М., 1975.

К.Хакусай. Гара Фудзі ў ясны дзень. Брыз.

т. 16, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРКУ́Н Іван Іванавіч (н. 28.10.1950, в. Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-педагог. Д-р пед. н. (1999), праф. (2000). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1971). З 1976 у Бел. пед. ун-це (з 1985 заг. кафедры). Заснавальнік навук. школы і новага кірунку ў галіне інавацыйнай педагогікі — мадэліраванне і арганізацыя інавацыйнай прафес. адукацыі. Навук. працы па праблемах дыдактыкі фізікі, пед. інаватыкі, тэорыі і методыкі прафес. адукацыі і пед. навукі, выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі на Беларусі.

Тв.:

Инновационная культура учителя-предметника. Мн., 1996;

Методическая инноватика. Мн., 1996;

Культурно-праксиологическая концепция специальной инновационной подготовки студентов педвуза // Вестн. Междунар. акад. наук высшей школы. 1999. №3 (9);

Система инновационной подготовки специалистов гуманитарной сферы. Мн., 2000;

Проблемы развития педагогической науки в Беларуси: Концептуальное обоснование и проектно-программные ориентиры // Адукацыя і выхаванне. 2002. №8.

т. 17, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭРА́СКІ Вітольд Карлавіч (9.5.1849, г. Слуцк Мінскай вобл. — 29.5.1925),

расійскі астраном; пачынальнік даследаванняў і заснавальнік навук. школы па астрафотаметрыі ў Расіі. Чл.-кар. Пецярб. АН (1914). Скончыў Маскоўскі ун-т (1871), дзе выкладаў з 1882 (з 1889 праф.); з 1878 у астр. абсерваторыі ун-та (у 1891—1916 дырэктар). Навук. працы па астрафотаметрыі. Распрацаваў методыку фотаметрычных назіранняў, удасканаліў (1887) фатометр Цольнера (фатометр Цольнера—Ц.). Вызначыў бляск больш як 500 зорак, адзін з першых вызначыў зорную велічыню Сонца (1903) і ніжнюю мяжу яго т-ры (1895). Адкрыў існаванне т.зв. серабрыстых воблакаў (1885), 2 пераменныя зоркі (1892, 1901). Даследаваў метэоры, стварыў шэраг астр. інструментаў. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Тв.:

Избранные работы по астрономии. М., 1953.

Літ.:

Перель Ю.Г. Выдающиеся русские астрономы. М.; Л., 1951.

М.​М.​Касцюковіч.

В.К.Цэраскі.

т. 17, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)