КЛОН (ад грэч. klōn галіна, парастак, нашчадак),

сукупнасць клетак або асобін, што паходзяць ад агульнага продка ў выніку бясполага размнажэння. Аснова ўтварэння К. — мітоз (у бактэрый — простае дзяленне): генетычная інфармацыя падзяляецца пароўну паміж мацярынскімі і даччынымі клеткамі. У мікрабіялогіі К. — патомкі адной клеткі. У селекцыі раслін К. — патомкі адной расліны, расплоджаныя атожылкамі, чаранкамі, цыбулінамі, карэнішчамі і інш. яе часткамі. Новы метад атрымання К. раслін (напр., новы сорт бульбы) — вырошчванне іх з адной клеткі з дапамогай клетачнай культуры. Выкарыстоўваецца ў біялогіі, медыцыне, харч., хім. і мікрабіял. прам-сці.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́ВА (Галіна Іванаўна) (н. 30.3.1939, в. Вял. Сялюцічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1967), праф. (1989). Скончыла Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1961). З 1963 у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Даследуе праблемы і стан грашова-крэдытнай сістэмы і банкаў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў, падручнікаў, даведнікаў.

Тв.:

Кредитование и расчеты предприятий. Мн., 1975 (разам з У.​Ф.​Блізняцом, С.​С.​Ткачуком);

Совершенствование банковского кредитования отраслей народного хозяйства. Мн., 1983 (у сааўт.);

Кредит и повышение эффективности промышленного производства. Мн., 1986.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРУА́НСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ, Гумбальта цячэнне,

халоднае паверхневае цячэнне ў Ціхім ак., галіна Заходніх Вятроў цячэння. Праходзіць з Пд па Пн паміж 45° і 4° паўд. ш., уздоўж зах. берагоў Перу і Чылі. Т-ра вады 15—20 °C, скорасць каля 0,9 км/гадз. У раёне 4° паўд. ш. адхіляецца ад берагоў на З і злучаецца з Паўднёвым Пасатным цячэннем. Некаторыя вучоныя вылучаюць прыбярэжнае і акіянскае П.ц., паміж якімі праходзіць Паўд. Перуана-Чылійскае супрацьцячэнне. П.ц. абумоўлівае адносна нізкія т-ры паветра і малую колькасць ападкаў на ўзбярэжжы.

т. 12, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЗМЕННАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

галіна металургіі, у якой для атрымання і апрацоўкі металаў і сплаваў выкарыстоўваюць нізкатэмпературную (~10​4К) плазму. Пачала развівацца ў 1950-я г. ў СССР, Японіі, ЗША і інш. краінах.

Уключае здабыванне з руды металаў, іх плаўку, плазменна-дугавы пераплаў, плазменна-дугавое рафінаванне, атрыманне метал. парашкоў і гранул, плазменна-дугавое награванне металаў, вырошчванне метал. монакрышталёў. Каб здабыць з руды метал, яе падвяргаюць тэрмічнай дысацыяцыі ў плазме. Плаўку сталей і гарачатрывалых сплаваў на нікелевай аснове, хімічна актыўных металаў (тытану, цырконію і інш.) вядуць у плазменных печах.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЫСТАЛО́ГІЯ (ад пратысты + ...логія),

галіна біялогіі, якая вывучае аднаклетачныя ядзерныя арганізмы — пратысты. Тэрмін «П.» часам выкарыстоўваецца як сінонім тэрміна «протазаалогія». На Беларусі даследаванні ў галіне П. пачаты ў 1930-я г. В.​Л.​Якімавым. Пераважнае развіццё атрымалі вет. і мед. П. Праводзяцца ў Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі, віцебскіх Акадэміі вет. медыцыны і ун-це, у БДУ і інш. Значны ўклад зрабілі вучоныя Г.​Г.​Вінберг, У.​Р.​Гобзем, В.​Ф.​Гусеў, М.​І.​Дылько, П.​С.​Іванова, С.​П.​Сузько і інш.

А.​С.​Шалапёнак.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,

галіна прыкладной псіхалогіі, якая вывучае псіхалагічныя аспекты і заканамернасці працоўнай дзейнасці. Гал. яе задачы звязаны з праблемамі ўдасканальвання вытв. адносін, павышэння якасці працы, паляпшэння ўмоў працы, ліквідавання аварыйных сітуацый і г.д. Пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. ў сувязі з навуковай арганізацыяй працы і вырашэннем пытанняў прафес. адбору, прафесійнай арыентацыі. Цесна звязана з медыцынай, фізіялогіяй, тэхнікай, сацыялогіяй і г.д. Створаны спец. метады — тэсты, з дапамогай якіх праводзіцца прафес. адбор. Вылучыліся кірункі: інжынерная псіхалогія, авіяц. і касм. псіхалогіі, эрганоміка, псіхалогія кіравання і інш.

т. 13, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕНАЛО́ГІЯ медыцынская,

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае выкарыстанне рэнтгенаўскага выпрамянення для даследавання будовы і функцыі органаў і сістэм, дыягностыкі хвароб чалавека і жывёл. Дае магчымасць вывучаць дзейнасць розных органаў, сачыць за дынамікай паталаг. працэсаў, выяўляць раннія формы захворванняў, якія працякаюць скрыта (напр., пухліны) і інш. Узнікла пасля адкрыцця рэнтгенаўскіх прамянёў (1895). Асн. раздзелы — рэнтгенадыягностыка (распрацоўвае пытанні распазнавання пашкоджанняў і захворванняў розных органаў), мед. рэнтгенатэхніка (рэнтгенаўская апаратура); таксама ваенна-палявая Р. (арганізацыя, тэхн. аснашчэнне, методыкі рэнтгеналагічнага даследавання хворых у палявых умовах). У Р. выкарыстоўваецца лічбавая апрацоўка рэнтгенаўскіх відарысаў (гл. Рэнтгенаграмаметрыя).

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ПРА́ВА,

пабудова нацыянальнага права, якая заключаецца ў раздзяленні адзіных па прызначэнні ў грамадстве ўнутрана ўзгодненых норм на пэўныя часткі — галіны права, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на ін-ты права. Напр., галіна цывільнага права падзяляецца на ін-ты права ўласнасці, абавязацельнае права, аўтарскае права і сумежныя правы, спадчыннае права і інш. Дакладна распрацаваная С.п. — неабходная аснова для эфектыўнай работы па сістэматызацыі заканадаўства, павышэнні прававой культуры. С.п. розных краін могуць адрознівацца пэўнымі асаблівасцямі, абумоўленымі гіст. ўмовамі, нац. традыцыямі, узроўнем развіцця прававой культуры.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

парапсіхало́гія

(ад гр. para = каля + psyche = душа + logos = слова)

1) галіна псіхалогіі, якая вывучае незвычайныя здольнасці чалавечага арганізма (яснабачанне, тэлепатыю і інш.);

2) тэлепатычныя здольнасці чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

інду́стрыя

(фр. industrie, ад лац. mdustria = дзейнасць)

важнейшая галіна народнай гаспадаркі, якая аказвае рашаючае ўздзеянне на ўзровень развіцця вытворчых сіл грамадства, прамысловасць (напр. цяжкая і., лёгкая і.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)