Дзёгаць ’дзёгаць’. Рус. деготь, укр. де́готь, польск. dziegieć, чэш. dehet. Прасл. *degъtь ’тс’. Лічыцца роднасным з літ. degùtas ’тс’ (параўн. літ. dègti ’паліць’). Раней меркавалі, што слав. слова запазычана з балт. моў (аргументам тут было тое, што няма адпаведнага слав. дзеяслова: у слав. мовах выступае аснова *žeg‑ < *geg‑ ’паліць’, а не *deg‑, як у балт.). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 204–205; Фасмер, 1, 493; Бернекер, 1, 182–183; Брукнер, 109. Незалежна ад праблематыкі існавання слав. базавага дзеяслова для *degъtь трэба звярнуць увагу, што ў ст.-чэш. мове dehet абазначае таксама пэўнае дрэва (Terpentinbaum, terebinthus; гл. у слоўніку Гебаўэра). Гэта магчымы каштоўны рэлікт даўніны, які, мяркуем, зусім не падмацоўвае ідэю запазычання з балт. моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Нататое, натотое ’наўмысна, назло’ (драг., З нар. сл.). Вынік замены другой часткі слова тыпу на-зло займеннікавым спалучэннем татое ’тое самае’ (рэдуплікацыя ўказальнага займенніка, гл. той), магчыма, з-за танізацыі. Параўн. падобныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: рус. нарастото (на‑рас‑тото) з на распустинку ’асаблівы спосаб завязвання хусцінкі на галаве ў жанчын’ (Фасмер, 3, 446), польск. nietota ’расліна Lycopodium’ з *nie to ta, «бо чараўнічых раслін нельга называць па імені» (Брукнер, 362), чэш. toten ’расліна Sanguisorba’ са спалучэння to ten ’гэта той’, сапраўдная назва табуізуецца, каб расліна не страціла сваіх магічных здольнасцей (Махэк₂, 648). Бел. тол ’рагулькі’, відаць, з * мацер божэй то е ’што належыць божай мацеры’, параўн. мацер божое слёзкі ’дрыгучка’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нахлабу́чыць (ныхлабу́чыць) ’сядзець як папала’ (чавус., Нар. сл.), сюды ж нахлабу́чка ’праборка, натацыя’ (Бяльк.), рус. нахлобу́чить ’накрыць чым-небудзь зверху; набіць, пакараць’, нахлобу́чка ’высокая шапка’ і інш. канкрэтныя значэнні, а таксама ’біццё’ (СРНГ). Рускія словы выводзяць са спалучэння на і клобук ’высокая шапка’ (Праабражэнскі, 1, 316, 596; Гараеў, 266) у якасці экспрэсіўнага ўтварэння пад уплывам хло́пать ’стукаць’ (Фасмер, 3, 50); беларускія словы, магчыма, арэальнае пранікненне на беларускую тэрыторыю з рускай, на іх экспрэсіўны характар і семантыку маглі ўплываць дзеясловы тыпу хлабыста́цца ’шлёпацца’ (рагач., Шатал.) і пад. Параўн., аднак, балгарскія паралелі нахлбу́ча, нахлбу́чвам ’нацягваць шапку і інш. нізка на лоб’, на якія звярнуў увагу Талстой (ZfSl, 1976, 6, 834 і інш.), што могуць сведчыць аб значнай старажытнасці слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Немаўля ’малое дзіця’ (ТСБМ), іншыя формы, адзначаныя ў мастацкай літаратуры: немаўляшка (Багдановіч), немаўлёнак ’дзіця, якое знаходзіцца яшчэ ў лоне мацеры, не радзілася на свет’ (Лужанін), немаўлятка і пад., гл. Рапановіч, Лекс. і грам., 26–27. Адсутнасць слова ў народных гаворках сведчыць пра запазычанне, параўн. польск. niemowlę, укр. немовля́ ’дзіця, што яшчэ не гаворыць’ (Грынч.), якія маглі быць непасрэднымі крыніцамі запазычання (асабліва апошняе). Ст.-бел. немовя ’грудное дзіця’ (пачатак XVII ст.), паводле Булыкі (Лекс. запазыч.), са ст.-польск. niemowlę, хутчэй niemowię, што ў сваю чаргу запазычана з чэшскай, параўн. заўвагу Урбанчыка адносна польск. niemowiątko, якое упершыню з’явілася ў перакладзе Бібліі (ZPSS, 8, 460). Гл. таксама Фасмер, ZfSlPh, 12, 120; Вінцэнц, Slavica Herosolimitana, 7, 245–252; Брукнер, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Немярэ́ча (німяреча) ’непраходнае балота’ (Яруш.), не́мярэч (немеречь) ’непраходнае месца ў лесе; балоцістае месца сярод лесу, заваленае ламаччам’ (Нас.), не́мерача, не́міріч, німярэ́ч, німярэ́чча ’непралазныя зараслі ў лесе’ (Бяльк.), німярэ́ч ’нетры’ (Яруш.), немарэ́ча ’гушчар лесу’ (Сцяшк. Сл.). Этымалагічна звязана з мярэ́ча ’непраходнае балота, багна; нетры’ (гл.), з якім можа выступаць як сінонім, параўн. нимяреча, мяреча ’балота’ (Максимов, Смол.); для этымалогіі слова паказальна смал. немере́чча ’непраходнае месца ў лесе’ і ’дрэннае надвор’е’ (Дабр.), што дазваляе звязаць яго з мо́рак ’змрок’ з іншай ступенню вакалізму (Талстой, Геогр., 187–188), параўн. немарач (гл.). Пачатковае не- тлумачыцца як паказчык адмоўнай прыкметы (Талстой, там жа) або як словаўтваральны элемент ці «пусты» прэфікс, параўн. рус. не́клен ’чарнаклён’ і пад. (Фасмер, 3, 60; 2, 447).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашало́т ’буйное марское млекакормячае атрада кітоў’. Параўн. рус. кашало́т, укр. кашало́т. Можна меркаваць, што ў бел. мове слова з’явілася пад уплывам рус. мовы, дзе ў канцы XVIII ст. запазычана з франц. Упершыню зафіксавана ў 1788 г. з напісаннем кашелот (сучасная арфаграфія адзначаецца з 1816 г.). Франц. cachalot, у сваю чаргу, запазычана з ісп. мовы; ісп. cachalote паходзіць з парт. крыніцы. Гл. Шанскі, 2, К, 105. Некаторыя крыніцы ўказваюць, што, напр., ням. Kaschelott паходзіць не прама з франц. формы, а з англ., якая ўзята з франц. (гл. Fremdwörterbuch, Leipzig, 1965, 338). Гэта спрэчная праблематыка, відаць, не мае яшчэ свайго канчатковага рашэння (новае выданне Wahrig G. Deutsches Wörterbuch. — Mosaik Verlag, 1980, англ. крыніцу нават не згадвае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́бка ’пячурка ў печы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. кабиця ’круглая яма пад ганчарнай печчу, летняя кухня’, рус. кабица ’летняя кухня, будка сабакі, логава зайца’. Укр. ковбиця ’наглыбленне для попелу ў печы’, кобиця ’паглыбленне пад прыпечкам’. Украінскае слова не мае надзейнай этымалогіі. Запазычанне з тур. kabig ’вялікі кол’ неверагодна па значэнню, са шв. kabyss ’камбуз’ — па гісторыка-культурных прычынах (гл. ЕСУМ, 2, 332, 481). Бел. кебка ў гэтых этымалогіях не ўлічваецца. Існуе, аднак, рус. кибитка ў значэнні ’цагляны каркас рускай печы, у якую складаюць гаршкі пасля абпалу’. Апошняе значэнне супадае з першым значэннем укр. кабиця. Адсюль можна меркаваць, што крыніцай разглядаемых слоў і рус. кибитка была тая ж цюркская лексема kibit, käbit ’будка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аса́да 1 ’рама, аснова акна, воза, сельскагаспадарчых прылад; драўляная частка сякеры’, ’паліца каля акна’, матэрыял для рам’ (Янк. II). Укр. осада ’ложа ў ружжа’, ’аснова воза’, ’частка (аснова) млына’. Аддзеяслоўны назоўнік ад слова асадзіць ’змясціць нешта на месца’ (параўн. рус. у Даля асаживать токарные колодочки ’стаўляць іх у калодкі, ручкі’).

Аса́да 2 ’аблога’, стар. ’сядзіба, пасяленне, умацаванае месца’ (Нас., Гарб.), дыял. насаджэнні вакол сядзібы, саду’ (Янк. II). Рус. осада (ваен.), укр. асада ’сядзіба’, ст.-рус. осада ’аблога; абарона ўмацаванага месца, пасяленне’. Польск. osada ’пасяленне, сядзіба, асада, калонія, група людзей’, чэш. osada ’пасяленне, калонія, група людзей’, славац. osada ’пасяленне, калонія’, в.-луж. wosada ’абшчына, калонія’. Паўночнаславянскае бязафікснае ўтварэнне ад дзеяслова асаджвацца ’сяліцца’, адкуль развіццё іншых значэнняў, у тым ліку ваеннага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барбо́с (БРС). Рус. барбо́с, укр. барбо́с. Не вельмі яснае слова. Праўдападобнай з’яўляецца думка, што яно было занесена ў Расію праз прыгодніцкія раманы (у якіх, у прыватнасці, выступае ісп. разбойнік Barbosa, літаральна ’барадаты’: Борбос, Барбосс, Барбос; Фран Барбоса, разбойник гишпанский > ’злосны чалавек’ > ’злосны сабака’). Аб такой магчымасці сведчыць і іншая назва сабакі — рус. Полка́н (< італ. Pulicane, пачвара ў прыгодніцкім рамане «Buovo d’ Antona»). Кіпарскі, ZfslPh, 27, 32–34; Штрыдтэр, ZfslPh, 28, 72–75; Унбегаун, ZfslPh, 28, 58–72. Іншая версія: запазычанне з цюрк. моў. Раней аб гэтай магчымасці Кузеля-Чайкоўскі, Словар, 37 (< тат.); цяпер падрабязна Райзензон (пісьм.). Не пераконвае Шанскі, 1, Б, 42, які бачыць тут утварэнне ад дзеяслова тыпу ўкр. барабо́сити ’балбатаць і да т. п.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́вуза, на́ўза ’вашчына’ (паст., З нар. сл.), ’соты без мёду, вашчына’ (слаўг., Нар. сл.), ’аснова для пчаліных сотаў, вырабленая штучна’ (мядз., Нар. словатв.), ’неператоплены воск’, ’рамка для вашчыны ў калодачным вулеі’ (Сл. ПЗБ), навужваць ’рыхтаваць рамкі для мёду’ (Мат. Гом.), наву́знік, наву́жнік ’невялікі вулей у лесе на дрэве, пастаўлены для лаўлення раёў, што вылецелі са свайго пчальніка’ (Гарэц.); параўн. рус. наўза ’сухія ці пустыя канцы сотаў, падрыхтаваная вашчына без мёду’, науз, наузник ’невялікі вулей у лесе на дрэве (для лаўлення дзікіх пчол)’. Да вуза (гл.), вязаць; адносна словаўтварэння параўн. таксама рус. науз ’частка конскай збруі’, літаральна ’прывязь’; тады семантыка слова тлумачыцца як ’тое, што навязана, начэплена’, што адпавядае старажытнаму спосабу натыкання вашчыны на спецыяльныя калонкі ў калодачным вулеі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)