КРАСТО́ЎСКІ Усевалад Уладзіміравіч (23.2.1840, с. М. Беразанка Ягацінскага р-на Кіеўскай вобл. — 30.1.1895),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, дзе зблізіўся з перадавой моладдзю 1860-х г., пазней перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі. У 1868—74 служыў афіцэрам у палку, раскватараваным у Гродзенскай губ. Друкаваўся з 1857. Сац.-крытычны пафас характэрны для рамана «Пецярбургскія трушчобы» (1864—67). У антынігілістычных раманах «Панургавы статак» (1869) і «Дзве сілы» (1874), аб’яднаных у дылогію «Крывавы пуф», з рэакц. пазіцый адлюстраваў рэв. рух 1860-х г., паўстанне 1863—64. Аўтар трылогіі «Цемра Егіпецкая» (1888—92). Шэраг апавяданняў і нарысаў прысвяціў Беларусі, яе прыродзе і нар. побыту («Белавежская пушча», «Базарны дзень у Свіслачы»).
Тв.:
Средний солдат // Русская военная проза XIX в. Л., 1989;
Петербургские трущобы. Кн. 1—2. Мн., 1993.
Літ.:
Викторович В.А. Всеволод Крестовский: легенды и факты // Рус. лит 1990. № 2.
т. 8, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЧМЕЛЬ Іосіф Фадзеевіч (1907 — сак. 1942),
бел. гісторык. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т. У 1935—41 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР. Загінуў на фронце ў Вял. Айч. вайну. Асн. навук. працы прысвечаны нац.-вызв. барацьбе бел.народа. Лічыў, што нац. і рэліг. прыгнёт бел. народу з боку польскіх паноў падштурхнуў яго да ўз’яднання з Расіяй, спрыяў аб’яднанню яго нац.-вызв. і антыфеад. барацьбы ў адзіную плынь. Сял. рух пач. 1860-х г. і паўстанне 1863—64 звязаў з сял. рэформай 1861. Лічыў К.Каліноўскага найб. радыкальным правадыром паўстання, выразнікам і абаронцам інтарэсаў прыгнечанага сялянства. Даследаваў барацьбу бел. народа супраць польскіх акупантаў у грамадз. вайну. Аўтар працы «Нарыс гісторыі барацьбы беларускага народа супраць польскіх паноў» (1940).
Літ.:
Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985.
М.У.Токараў.
т. 9, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРА́НДА (Miranda) Франсіска (28.3.1750, Каракас — 14.7.1816),
адзін з кіраўнікоў барацьбы за незалежнасць ісп. калоній у Паўд. Амерыцы. Генералісімус Венесуэлы (1812). Скончыў ун-т у Каракасе (1764). З 1773 у ісп. арміі. З пач. 1780-х г. удзельнік антыісп. сепаратысцкага руху. У 1783 эмігрыраваў у Паўн. Амерыку, дзе ўдзельнічаў у барацьбе за незалежнасць англ. калоній. У 1786—87 у Расіі вёў перагаворы пра фін. дапамогу і дыпламат. падтрымку. У 1792—97 у Францыі, зблізіўся з жырандыстамі і ўступіў у франц. армію. З 1798 у Англіі, потым у ЗША. У 1806 арганізаваў няўдалую экспедыцыю ў Венесуэлу з мэтай узняць там паўстанне. У 1810 узначаліў барацьбу за незалежнасць Венесуэлы. У пач. 1812 кангрэс краіны даў яму паўнамоцтвы дыктатара. Пасля паражэння венесуэльскай арміі (ліп. 1812) высланы ісп. ўладамі ў Іспанію, дзе і памёр у турме.
Літ.:
Лаврецкий И.Р. Миранда. М., 1965.
т. 10, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫКАПЕ́Й (грэч. Pantikapaion),
антычны горад-калонія ва Усх. Крыме (цяпер г. Керч, Украіна). Засн. ў 1-й пал. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў П. чаканілі сярэбраныя, з 4 ст. да н.э. — залатыя і медныя манеты. У 2-й пал. 5 ст. да н.э. П. аб’яднаў грэч. гарады па абодвух берагах Баспора Кімерыйскага, стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы, гал. рамесніцкім, гандл. і культ. цэнтрам Паўн. Прычарнамор’я. Паліт. падзеі 2—1 ст. да н.э. (Саўмака паўстанне, войны Мітрыдата VI Еўпатара), землетрасенне (63 да н.э.) прывялі да разбурэння горада. Нягледзячы на некат. ажыўленне гандл. і паліт. жыцця ў 1—2 ст. н.э. П. паступова заняпаў. З сярэдзіны 3 ст. горад рабаваўся готамі, у канцы 4 ст. разбураны гунамі. Раскопкі вядуцца з 1-й пал. 19 ст. (сістэматычна з 1945).
А.Г.Зельскі.
т. 12, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯ́ТЭР (Броэль-Плятэр) Эмілія Францаўна
(13.11.1806, г. Вільня — 23.12.1831),
бел. фалькларыстка, удзельніца паўстання 1830—31. З 9 гадоў жыла ў маёнтку Ліксна Віцебскай губ. Збірала і апрацоўвала бел. нар. песні, пісала вершы, стылізаваныя пад нар. плачы-галашэнні. 29.3.1831 узначаліла паўстанне ў мяст. Дусяты (Дусетас, Літва), арганізавала партыз. атрад, які ў чэрв. пасля шматлікіх баёў уліўся ў рэгулярнае польск. войска; П. уключана ў яго штаб, прызначана ганаровым камандзірам роты і атрымала званне капітана. У кастр. 1831 захварэла і памерла. Вобраз П. паслужыў асновай для напісання вершаў паэтамі розных краін Еўропы. Імя П. насіў асобны жаночы батальён 1-й пях. дывізіі імя Т.Касцюшкі Войска Польскага, сфарміраванай у 1943 у СССР.
Літ.:
Кісялёў Г.В. Падзорная труба Эміліі Плятэр // Кісялёў Г.В. Радаводнае дрэва. Мн., 1994;
Zakrzewski B. Emilia Plater // Życiorysy historyczne, literackie i legendarne. Warszawa, 1980.
В.В.Швед.
т. 12, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́АБО́РГ, Суаменліна (швед. Sveaborg, фін. Suomenlinna),
горад-крэпасць у Фінляндыі, на а-вах Фінскага зал., каля ўваходу ў Хельсінкі.
Засн. шведамі ў 2-й пал. 18 ст. Асн. ўмацаванні пабудаваны ў 1749—70 пад кіраўніцтвам ген. А.Эрэнсверда. У 1809—1917 у складзе Рас. імперыі, адна з баз Балт. флоту. У Крымскую вайну 1853—56 у жн. 1855 абстраляны англа-франц. флотам, ч. ўмацаванняў узарвана. У 1860—70 крэпасць рэканструявана. У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі тут адбылося ўзбр. выступленне салдат і матросаў (гл. Свеаборгскае паўстанне 1906). У 1-ю сусв. вайну нач. Свеаборгскай крэпасці быў з 1915 ген. К.А.Аляксееўскі. Ён і інш. вайскоўцы крэпасці, што паходзілі з Беларусі, у 1917—18 удзельнічалі ў бел. руху, у т. л. кантактавалі з арг-цыяй БСГ у Гельсінгфорсе (цяпер Хельсінкі), пратэставалі супраць разгону бальшавікамі 1-га Усебел. з’езда.
т. 14, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́МАРШЭЛЬД (Hammarskjōld) Даг Яльмар (29.7.1905, г. Іёнчэпінг, Швецыя — 18.9.1961),
дзяржаўны дзеяч Швецыі, дыпламат, эканаміст. Чл. Швед. акадэміі (з 1954). Сын К.Я.Хамаршэльда, прэм’ер-міністра Швецыі ў 1914—17. Скончыў Упсальскі ун-т (1928). У 1930—34 сакратар швед. Камісіі па беспрацоўі. У 1936—45 статс-сакратар Мін-ва фінансаў, адначасова ў 1941—48 старшыня праўлення Нац. банка. З 1949 ген. сакратар Мін-ва замежных спраў, з 1951 міністр без партфеля; у 1952—53 узначальваў швед. дэлегацыі пры ААН. З крас. 1953 ген. сакратар ААН (у вер. 1957 перавыбраны). Садзейнічаў вырашэнню міжнар. канфліктаў у Егіпце (вакол Суэцкага канала, 1956), Венгрыі (паўстанне і сав. ўмяшанне 1956), хваляванняў у Ліване (1952) і Конга (1960). Загінуў у авіякатастрофе ў час пасрэдніцкага візіту ў Конга. Аўтар кн. «Знак на шляху» (выд. 1963). Нобелеўская прэмія міру 1961.
т. 16, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАНЬ,
імператарская дынастыя ў Кітаі, якая правіла ў 206 да н.э. — 220 н.э. Падзялялася на Зах., ці Раннюю (Старэйшую), Хань (206 да н.э. — 25 н.э.) і Усх., ці Познюю (Малодшую), Хань (25—220 н.э.). У кіт. гістарыяграфіі з дынастыі Х. выключаюць праўленне Ван Мана і Лю Сюаня (9—25 н.э.; гл. «Чырванабровых паўстанне»). Заснавальнік дынастыі Лю Бан аб’яднаў краіну, стварыў моцную цэнтралізаваную імперыю, аднак яго практыка раздачы зямель сваякам і паплечнікам садзейнічала расколу. Цэнтралізаваная ўлада ўмацавалася пры імператарах Цзіндзі (156—141 да н.э.) і асабліва У Дзі (140—87 да н.э.). Дынастыя вяла захопніцкія войны з мэтай пашырэння імперыі. У час яе праўлення афіц. ідэалогіяй стала канфуцыянства, актывізаваліся гандл. сувязі Кітая з Захадам па Вялікім шаўковым шляху. Дынастыя страціла ўладу ў выніку «Жоўтых павязак» паўстання і міжусобіц. Ад назвы дынастыі Х. паходзіць этнонім хань — саманазва кітайцаў.
т. 16, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТУ́РЫЯ (Asturias),
аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі ўздоўж Біскайскага заліва, у Кантабрыйскіх гарах. Пл. 10,6 тыс. км². Нас. 1,1 млн. чал. (1981). Адм. ц. — г. Аўеда. На тэр. Астурыі — сучасная правінцыя Аўеда. Вырошчваюць кукурузу, садавіну; жывёлагадоўля. Здабыча вугалю (50% ад патрэб Іспаніі), цынку, жалеза.
У старажытнасці — вобласць рассялення астураў. У 1 ст. да нашай эры заваявана рымлянамі, у 216 разам з ч. Галісіі вылучана ў асобную правінцыю. У Астурыі пачалася Рэканкіста. Пасля перамогі над арабамі ў бітве 718 Астурыя — незалежнае каралеўства, з 924 наз. Леон, у 1230 далучана да Кастыліі. З 15 ст. ў складзе Іспаніі. У 1808—13 Астурыя — цэнтр узбр. супраціўлення франц. агрэсіі. З 19 ст. адзін з гал. прамысл. раёнаў Іспаніі. У 1934 адбылося паўстанне рабочых у абарону рэспублікі. У час грамадз. вайны 1936—39 захоплена франкістамі, адзін з асн. цэнтраў партыз. барацьбы. З 1981 мае статус аўт. абшчыны.
т. 2, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1919, 1921,
нацыянальна-вызв. паўстанні супраць англ. калан. панавання ў Егіпце. Зімой 1918 партыя «Егіпецкая дэлегацыя» (Вафд) сабрала подпісы з патрабаваннямі прадаставіць Егіпту незалежнасць. У адказ 8.3.1919 англічане арыштавалі лідэра партыі С.Заглулу, што стала штуршком да паўстання. 9 сак. ў Каіры прайшла масавая дэманстрацыя пад лозунгамі поўнай нац. незалежнасці, адмены пратэктарату і вываду англ. войск. Кровапралітныя баі адбыліся ў Каіры, Александрыі, Порт-Саідзе і інш. гарадах, паўстанцы вызвалілі значную ч. тэр., стварылі свае органы ўлады. На кароткі час калан. ўлады страцілі кантроль, але кіраўніцтва Вафд не скарыстала момант для арганізацыі нар. мас, і англ. войскі задушылі паўстанне. У снеж. 1921 пасля спробы Англіі навязаць Егіпту нераўнапраўны саюзны дагавор пачаўся новы ўздым вызв. руху. Арышт лідэраў Вафд стаў сігналам да новага паўстання, якое было задушана ў пач. 1922. У лют. 1922 Вялікабрытанія адмовілася ад пратэктарату над Егіптам і фармальна прызнала яго незалежнасць.
У.С.Кошалеў.
т. 6, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)