АСТУ́РЫЯ

(Asturias),

аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі ўздоўж Біскайскага заліва, у Кантабрыйскіх гарах. Пл. 10,6 тыс. км². Нас. 1,1 млн. чал. (1981). Адм. ц.г. Аўеда. На тэр. Астурыі — сучасная правінцыя Аўеда. Вырошчваюць кукурузу, садавіну; жывёлагадоўля. Здабыча вугалю (50% ад патрэб Іспаніі), цынку, жалеза.

У старажытнасці — вобласць рассялення астураў. У 1 ст. да нашай эры заваявана рымлянамі, у 216 разам з ч. Галісіі вылучана ў асобную правінцыю. У Астурыі пачалася Рэканкіста. Пасля перамогі над арабамі ў бітве 718 Астурыя — незалежнае каралеўства, з 924 наз. Леон, у 1230 далучана да Кастыліі. З 15 ст. ў складзе Іспаніі. У 1808—13 Астурыя — цэнтр узбр. супраціўлення франц. агрэсіі. З 19 ст. адзін з гал. прамысл. раёнаў Іспаніі. У 1934 адбылося паўстанне рабочых у абарону рэспублікі. У час грамадз. вайны 1936—39 захоплена франкістамі, адзін з асн. цэнтраў партыз. барацьбы. З 1981 мае статус аўт. Абшчыны.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)