лекавыя сродкі, якія маюць заспакаяльны ўплыў. Адрозніваюць С.с. расл. паходжання (прэпараты валяр’яны, сардэчніку, півоні, пасіфлоры), сінт. (прэпараты брому, напр., натрыю і калію брамід) і камбінаваныя (валакардзін, валаседан і інш.). Заспакаяльным дзеяннем у малых дозах валодаюць снатворныя сродкі, транквілізатары, сардэчныя гліказіды, нейралептыкі і інш. Зніжэнне эмацыянальнага напружання, часам лёгкі снатворны эфект пры прыёме С.с. абумоўлены ўзмацненнем працэсаў тармажэння або аслабленнем працэсаў узбуджэння ў ц. н. с. С.с. ўзмацняюць уздзеянне снатворных, абязбольваючых і інш. сродкаў, не выклікаюць прывыкання, псіхічнай і фіз. залежнасці, расстройстваў каардынацыі руху. Ужываюцца для лячэння неўрозаў, пры бяссонніцы, павышанай раздражняльнасці, спазмах страўнікава-кішачнага тракта, пач. стадыі артэрыяльнай гіпертаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУРАЕ́ДЫ (Dermestidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 900 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, пераважна ў сухіх раёнах. Пасяляюцца на трупах жывёл, у гнёздах птушак, насякомых, норах грызуноў, пад карой дрэў, на жывёльнай сыравіне (скура, шэрсць, футра і вырабы з іх, вяленае мяса і рыба) і інш. На Беларусі 20—30 відаў, сярод іх С.: вяндлінны (Dermestes lardarius), дывановы (Attagenus pissus), залознікавы (Anthirenus scrophulariae), музейны (Anthrenus museorum) і інш.
Даўж. 1,3—12 мм. Цела звычайна авальнае, пакрытае валаскамі або лускавінкамі. Афарбоўка цёмна-карычневая або чорная, часта са стракатым малюнкам. Кормяцца сухімі рэчывамі жывёльнага і расл. паходжання, некат. — пылком кветак. У прыродных умовах — санітары, каля жылля чалавека — шкоднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІ́ЗІ,
рэчывы расліннага, жывёльнага і мікробнага паходжання, якія ўтвараюць вязкія водныя растворы. У раслін С. — гідрафільныя поліцукрыды, назапашваюцца пераважна ў слізевых хадах насення, каранёў, кары. Здольнасць С. да набракання ў вадзе спрыяе прарастанню семя, назапашванне С. ў тканках раслін (напр., кактусы, малачаі) павышае іх засухаўстойлівасць. У жывёл С. — сакрэты слізістых залоз, якія выдзяляюцца на паверхню скурнага покрыва і ва ўнутр. поласці некат. органаў. Па хім. прыродзе — складаныя сумесі глікапратэідаў. Прадухіляюць органы і покрыўныя тканкі ад мех. пашкоджванняў, спрыяюць руху ежы па стрававальным тракце, маюць імуналагічную і бактэрыцыдную актыўнасць. У некат. бактэрый клетачная сценка пакрыта слізістай капсулай, якая ахоўвае патагенныя мікробы ад фагацытаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУ́РЭ (Sture),
шведскі дваранскі род (дацкага паходжання), рэгенты (правіцелі) Швецыі ў 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. Праводзілі палітыку цэнтралізацыі дзяржавы, скасавання Кальмарскай уніі і аднаўлення швед.нац. дзяржаўнасці. Стэн С. Старэйшы, рэгент у 1471—97, 1501—03. Кіраваў апалчэннем, якое ў 1471 разбіла армію дацкага караля Крысціяна I. Каб пашырыць эканам. і ваен. рэсурсы кароны, секвестраваў уладанні буйных феадалаў, землеўладанне царквы, забараніў вываз за мяжу каштоўных камянёў. У 1477 заснаваў першы ў Скандынавіі Упсальскі ун-т. Стэн С. Малодшы, рэгенту 1512—20. Праводзіў палітыку па ўзмацненні паўнамоцтваў саслоўнага рыксдага ў процівагу арыстакратычнаму. Смяротна паранены ў час ваен. экспедыцыі дацкага караля Крысціяна II у Швецыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦІ́КЛЕВА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Засн. ў 2001 для аховы ў натуральным стане ўчасткаў каштоўных лясных фармацый з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 412 га. Рэльеф дэнудацыйнага тыпу ў межах Мінскага канцова-марэннага ўзвышша акругі Бел. грады. Глебы дзярнова-падзолістыя флювіягляцыяльнага паходжання, пясчаныя і супясчаныя на лёгкіх лесападобных суглінках. Расліннасць пераважна лясная хваёвая. У флоры 370 відаў сасудзістых раслін, з іх у Чырв. кнізе: купальнік горны, пярэсна еўрапейская, лілея паўночная, лілея кучаравая. Шмат лек., харч., кармавых, меданосных, дэкар. раслін. У фауне 7 відаў амфібій і рэптылій, 70 — птушак (у Чырв. кнізе пустальга звычайная), 13 — млекакормячых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ПЕЛ (ням. Tripel, ад назвы г. Трыпалі ў Паўн. Афрыцы),
рыхлая або слабасцэментаваная танкапорыстая лёгкая асадкавая крамяністая горная парода.
Утвораны з глабулярных цельцаў дыям. 1—2 мкм, якія складаюцца з апалавага крэменязёму (гл.Апал) і прымесей гліністага, карбанатнага рэчыва, зерняў глаўканіту, кварцу, палявога шпату. Паводле фіз.-хім. уласцівасцей аналагічны дыятаміту, але амаль без арган. рэшткаў. Колер ад белага, шараватага да бурага, чырвонага, чорнага. Цв. 1—3. Шчыльн. 1,2—2,5 г/см³, порыстасць 50—70%, трываласць 30—35 кг/см². Паходжанне, магчыма, біяхімічнае. Трапляецца сярод кам.-вуг., мелавых, палеагенавых і неагенавых парод марскога паходжання. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэменту, цеплаізаляцыйных, буд., фільтравальных, паліравальных і інш. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУТКО́ЎСКІ Павел Апалонавіч (1.3.1858, г.п. Ліпавец Вінніцкай вобл., Украіна — 3.6.1930),
украінскі геолаг. Акад.АН Украіны (1919). Акад.АН Беларусі (1928). Скончыў Кіеўскі ун-т (1882). У 1884—95 хавальнік мінералаг. і геал. кабінетаў Кіеўскага ун-та, з 1914 праф. гэтага ун-та, з 1924 заг. кафедры з 1926 дырэктар Ін-та геалогіі АН Украіны. Навук. працы па мінералогіі, петраграфіі, гідралогіі, палеанталогіі, рэгіянальнай чацвярцічнай геалогіі, геамарфалогіі. Распрацаваў мікрапалеанталагічны метад вывучэння асадкавых горных парод. Прапанаваў новую эолавую тэорыю паходжання лёсаў. Даследаваў геамарфалогію Бел. Палесся і геал. будову Беларусі.
Тв.:
Геологический очерк Минской губернии. Ч. 1. Киев, 1915;
Геологические исследования на территории быв. Минской губернии. Ч. 2. Витебск, 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́РБЫмастацкія,
спецыяльна прыгатаваныя вадкія цестападобныя або цвёрдыя рэчывы і саставы, якія маюць павышаныя колеравыя якасці паводле здольнасці афарбоўваць і ўстойлівасці. Падзяляюцца на мінеральныя (неарганічныя, солі або вокіслы металаў) і арганічныя (складаныя злучэнні, пераважна расл. і жывёльнага паходжання). Бываюць натуральныя і штучныя. Колеравая аснова Ф. — парашкападобныя пігменты. У залежнасці ад сувязных рэчываў вылучаюць акварэль, гуаш, пастэль, сангіну, соус, тэмперу, а таксама алейныя фарбы, клеявыя фарбы і васковыя (гл.Васковы жывапіс). Ф. бываюць празрыстыя, непразрыстыя і лесіровачныя. Вядома каля 150 Ф. для жывапісу. З іх найб. выкарыстоўваюцца цынкавыя і свінцовыя бялілы, хромы, вохры, умбра, чырвоная і зялёная кінавар, ізумрудная зелень, кобальт, ультрамарын, паленая слановая косць і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛО́РЫ (Florey) Хоўард Уолтэр (24.9.1898, г. Адэлаіда, Аўстралія — 21.2.1968),
англійскі вучоны ў галіне паталогіі і мікрабіялогіі. Чл. (1941) і прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва (1960—65). Замежны чл.АНСССР (1966). Скончыў Адэлаідскі (1921) і Оксфардскі (1924) ун-ты. З 1926 у Кембрыджскім, з 1931 у Шэфілдскім ун-тах. У 1935—62 у Оксфардскім ін-це У.Дана, у 1962—68 рэктар Каралеўскага каледжа г. Оксфард. Навук. працы па паталогіі капілярнага кровазвароту, запаленчых працэсах, функцыі лімфацытаў, антыбіётыках мікробнага паходжання. Узначаліў работы па ачыстцы пеніцыліну (з Э.Б.Чэйнам) і выкарыстаў яго (1940) для лячэння жывёл і чалавека. Нобелеўская прэмія 1945 (з А.Флемінгам і Чэйнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛІНАЛІ́ТЫКІ (ад халін + грэч. lytikos здольны раствараць, аслабляць), халіналітычныя сродкі, халінаблакатары,
група лекавых сродкаў расл. і сінт.паходжання, якія блакіруюць халінарэцэптары. Адрозніваюць м-Х. (напр., атрапін, скапаламін, метацын), н-Х.—2 групы (гангліяблакатары і міярэлаксанты) і м-н-Х. (напр., спазмаліцін, цыкладол, паркапан).
Некат. Х. блакіруюць пераважна перыферычныя (напр., метацын, гігроній), інш. — цэнтр. халінарэцэптары (напр., амізіл, цыкладол). М-Х. і м-н-Х. пераважна перыферычнага дзеяння выкарыстоўваюць пры спазмах гладкай мускулатуры органаў брушной поласці, для агляду вочнага дна і інш.); Х. цэнтр. дзеяння — для лячэння паркінсанізму і інш. Уласцівасцямі Х. валодаюць некат. транквілізатары, антыгістамінныя прэпараты і інш.