ФЛО́РЫ (Florey) Хоўард Уолтэр (24.9.1898, г. Адэлаіда, Аўстралія — 21.2.1968),
англійскі вучоны ў галіне паталогіі і мікрабіялогіі. Чл. (1941) і прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва (1960—65). Замежны чл.АНСССР (1966). Скончыў Адэлаідскі (1921) і Оксфардскі (1924) ун-ты. З 1926 у Кембрыджскім, з 1931 у Шэфілдскім ун-тах. У 1935—62 у Оксфардскім ін-це У.Дана, у 1962—68 рэктар Каралеўскага каледжа г. Оксфард. Навук. працы па паталогіі капілярнага кровазвароту, запаленчых працэсах, функцыі лімфацытаў, антыбіётыках мікробнага паходжання. Узначаліў работы па ачыстцы пеніцыліну (з Э.Б.Чэйнам) і выкарыстаў яго (1940) для лячэння жывёл і чалавека. Нобелеўская прэмія 1945 (з А.Флемінгам і Чэйнам).