УО́ТСАН (Watson) Джэймс Дзьюі (н. 6.4.1928, г. Чыкага, ЗША),
амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл.Нац.АН ЗША (1962), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1957), Дацкай каралеўскай АН (1962). Замежны чл.Рас.АН (1988). Скончыў Чыкагскі ун-т (1947). У 1951—53 і 1955—56 у Кавендышскай лабараторыі Кембрыджскага ун-та, у 1953—55 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. З 1956 у Гарвардскім ун-це (з 1961 праф.), з 1962 кансультант прэзідэнта ЗША па навуцы, з 1968 у Колд-Спрынг-Харбары (штат Нью-Йорк). Навук. працы па вывучэнні структуры ДНК, ролі РНК у біясінтэзе бялку. Разам з Ф.Х.К.Крыкам (1953) прапанаваў мадэль прасторавай структуры ДНК (падвоеная спіраль), што дазволіла растлумачыць яе ўласцівасці і біял. функцыі. З паяўленнем гэтай працы звязана ўзнікненне малекулярнай генетыкі. Вывучаў структуру вірусаў і іх ролю ў злаякасным росце тканак. Нобелеўская прэмія 1962 (з Крыкам і М.Уілкінсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́ЛС, Уэлес (Welles) Орсан (6.5.1915, г. Кеноша, ЗША — 10.10.1985), амерыканскі рэжысёр, акцёр, сцэнарыст, прадзюсер. З 1931 у т-ры, з 1934 на радыё. Рэж.-наватар пастановак «Макбет» (1936) і «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра (1937), «Вайна сусветаў» паводле Г.Уэлса (1938, на радыё). Для творчасці характэрны смелыя пошукі ў драматургіі і кінамове, імкненне да абагульненых прытчавых форм маст. выказвання, увасаблення рэзкіх кантрастаў і маштабных характараў. Паставіў фільмы: «Грамадзянін Кейн» (1941, прэмія «Оскар», аўтар сцэнарыя з Дж.Манкіевічам, выканаўца гал. ролі), «Цудоўныя Эмберсоны» (1942), «Макбет» (1948), «Атэла» (1952, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Пячатка зла» (1958), «Працэс» (1962), «Паўночныя званы» (1966) і інш. Зняўся ў фільмах «Падарожжа ў страх», «Трэці чалавек», «Мобі Дзік», «Ватэрлоо», «Матылёк» і інш.Спец. прэмія «Оскар» 1970. Залаты прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі (1982) за ўклад у сусв. кіно.
Літ.:
Орсон Уэллс: Статьи. Свидетельства. Интервью. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ЎЛЕР (Fowler) Уільям Алфрэд (9.8.1911, г. Пітсбург, ЗША — 14.3.1995),
амерыканскі фізік і астрафізік, адзін з заснавальнікаў ядз. астрафізікі. Чл.Нац.АН ЗША (1956). Скончыў ун-т Агайо (1933). З 1936 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1946 праф., у 1963—67 прэзідэнт). Навук. працы ў галіне ядз. фізікі, ядз. і рэлятывісцкай астрафізікі, касмалогіі. Распрацаваў тэорыю тэрмаядз. ўтварэння хім. элементаў у нетрах зорак (1955). Пастуліраваў асн. працэсы нуклеасінтэзу ў зорках (1957; з Ф.Хойлам, М. і Дж. Бэрбіджамі). Прапанаваў механізм выбуху звышновых зорак (1960, з Хойлам), разлічыў пашыранасць лёгкіх хім. элементаў на ранніх стадыях расшырэння аднароднага і ізатропнага Сусвету (1967). Нобелеўская прэмія 1983 (з С.Чандрасекарам). Нац.навук. медаль ЗША (1974).
Тв.:
Рус.пер. — Нейтринные процессы и образование пар в массивных звездах и Сверхновых М., 1967 (разам з Ф.Хойлам);
Экспериментальная и теоретическая ядерная астрофизика: пробл. происхождения элементов. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́ЛЕР (Fuller) Рычард Бакмінстэр (12.7.1895, г. Мілтан, ЗША — 1.7.1983),
амерыканскі архітэктар, дызайнер, інжынер. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (1913—15). Працаваў у буд. кампаніі ў Чыкага, з 1959 ва ун-це Паўд. Ілінойса. Распрацаваў праект зборнага алюмініевага дома, падвешанага да мачты, т.зв. машыну для жылля (1927); 3-колавы аўтамабіль (1933). Вынайшаў новую картаграфічную праекцыю свету (1942, складаецца з 6 прамавугольнікаў і 8 трохвугольнікаў, мае шэраг пераваг у параўнанні з глобусам). Распрацоўваў прасторавую канструкцыю «геадэзічнага купала» (паўсферы, што збіраліся з тэтраэдраў): «Залаты купал» для Амер. выстаўкі ў Маскве (1959), павільён ЗША на Сусв. выстаўцы ў Манрэалі (1967) і інш., у 1966—67 распрацаваў праект горада, які плавае, для 300 тыс. жыхароў. Аўтар кніг «Тэхнічнае настаўленне для касмічнага карабля «Зямля» (1969), «Сінергетыка: даследаванні геаметрыі мыслення» (1974), аўтабіяграфіі «Ідэі і цэласнасць» (1963). Імем Ф. названа адна з форм вугляроду — фулерэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ТАРН, Готарн (Hawthorne) Натаніэл (4.7.1804, г. Сейлем, штат Масачусетс, ЗША — 19.5.1864), амерыканскі пісьменнік, прадстаўнік амер. рамантызму. Скончыў Бодайнскі каледж (1825). На яго творчасць значна паўплывалі трансцэндэнталісты. Майстар псіхал. і алегарычных аповесцей і апавяданняў (зб-кі «Двойчы расказаныя гісторыі», 1837, 1842; «Легенды старога двара», 1846) пра пошукі прыгажосці, амер. даўніны, цяжкасці духоўнага самапазнання. Пурытанскія традыцыі паўплывалі на праблематыку сумлення і граху, духоўнасці і фанатызму, дабра і зла ў раманах «Пунсовая літара» (1850, экранізаваны ў 1972) і «Дом з сямю шпілямі» (1851). Аўтар «Рамана пра Блайтдэйл» (1852), рамана «Мармуровы фаўн» (1860), кніг апавяданняў і казак для дзяцей «Дзядулева крэсла» (1841), нарысаў «Наша старая радзіма» (1863), нататак, біяграфій гіст. асоб і інш. Яго творы адметныя рытмічнасцю мовы, дыдактычнай скіраванасцю, спалучэннем рэальна-канкрэтнага з умоўна-фантаст., насычаны сімваламі і алегорыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́ВЕР (Shever) Джон (27.5.1912, г. Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 19.6.1982),
амерыканскі пісьменнік. Працаваў у перыяд. выданнях. Літ. дзейнасць пачаў у 1930-я г.псіхал. апавяданнямі. У дылогіі «Сямейная хроніка Уопшатаў» (1957) і «Скандал у сям’і Уопшатаў» (1964), сатыр. рамане «Булет-Парк» (1969), зб.апавяд. і навел «Гісторыі Джона Чывера» (1978), аповесці «Ну проста райскі куток» (1982) крызіс «грамадства спажывання», катастрафічныя сац. і маральныя тэндэнцыі ў амер. рэчаіснасці. Паэтыка Ч. адметная спалучэннем дакладнасці фактаў і дэталей, каларытнасці персанажаў, псіхалагізму з элементамі ўмоўнасці і прытчавасцю.
Тв.:
Рус.пер. — Исполинское радио М., 1962;
Ангел на мосту. М., 1966;
Прощай, брат. Л., 1983;
Семейная хроника Уопшотов... М., 1983.
Літ.:
Мендельсон М.О. Социально-критические мотивы в творчестве Беллоу, Апдайка и Чивера // Проблемы литературы США XX в. М., 1970;
Олдридж Дж. Джон Чивер и облегченная форма трагедии // Олдридж Дж. После потерянного поколения: Пер. с англ.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭК (Cech) Томас Роберт (н. 8.12.1947, г. Чыкага, ЗША),
амерыканскі біяхімік і малекулярны генетык. Чл.Нац.АН ЗША (1987), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1988). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у г. Берклі (1975). З 1975 у Нац. анкалагічным цэнтры пры Масачусецкім тэхнал. ін-це, з 1978 ва ун-це штата Каларада ў г. Боўлдэр (з 1983 праф.). Адначасова з 1978 у Нац. ін-це здароўя, з 1988 у мед. ін-це Ховарда Х’ю (з 2002 прэзідэнт). Навук. працы па біяхіміі, малекулярнай і структурнай біялогіі, генетыцы. Адкрыў ферментатыўна актыўныя малекулы рыбанкулеінавых к-т (рыбазімы) і даказаў, што РНК з’яўляецца не толькі пераносчыкам генет. інфармацыі, але, падобна бялкам, таксама каталізуе жыццёва важныя ўнутрыклетачныя хім. рэакцыі (1982, незалежна ад С.Олтмена). Нобелеўская прэмія 1989 (з Олтменам). Нац.Навук. медаль ЗША (1995).
Тв.:
Рус.пер. — РНК-фермент // В мире науки. 1987. № 1.
англа-амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1980), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1996). Замежны чл.Нац.АН ЗША (1997), Рас.АН (1999). Скончыў Оксфардскі ун-т (1964). З 1967 ва ун-це Сусекса (Вялікабрытанія; з 1978 праф.), з 1983 праф. ва ун-це штата. Ілінойс (г. Урбана-Шампейн, ЗША). Навук. працы па фізіцы нізкіх тэмператур і кандэнсаваных асяроддзяў, квантавых вадкасцях, звышцякучасці і звышправоднасці, статыст. фізіцы, квантавай тэорыі вымярэнняў, эксперым. абгрунтаванні квантавай механікі. У 1970-я г. распрацаваў тэорыю ўзаемадзеяння і ўпарадкавання атамаў у звышцякучым стане. Прадказаў эфект макраскапічнага квантавага тунэлявання ў звышправодных пераходах Джозефсана. Нобелеўская прэмія 2003 (з А.А.Абрыкосавым; гл. Дадатак, В.Л.Гінзбургам).
Тв.:
Рус.пер. — Шредингеровская кошка и ее лабораторные сородичи // Успехи физ. наук. 1986. Т. 148, вып. 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЎ (Bellow) Сол (н. 10.6.1915, г. Лашын, Канада),
амерыканскі пісьменнік. З сям’і эмігрантаў-яўрэяў з Расіі. Скончыў ун-т у Манрэалі (1937), пасяліўся ў ЗША. У цэнтры твораў — праблема асобы, якую даследуе праз экзістэнцыялісцкія антыноміі: свабода і выбар (раман «Непрыкаяны чалавек», 1944), ахвяра і кат (аповесць «Ахвяра», 1947), індывід. і грамадская прырода чалавека (аповесць «Лаві момант», 1956; раман «Гендэрсан, кароль дажджу», 1959). Пошукі чалавекам сябе і свайго месца ў свеце, вера ў духоўныя каштоўнасці і культ. традыцыі і адначасова цвярозае ўсведамленне антаганізмаў сучаснай цывілізацыі ў раманах «Прыгоды Огі Марча» (1953), «Герцаг» (1964), «Планета містэра Самлера» (1970; за ўсе Нац. прэміі ЗША 1953, 1964, 1970), «Снежань дэкана» (1982), «Больш паміраюць ад разбітага сэрца» (1987), зб. апавяданняў «Разявака і іншыя апавяданні» (1984) і інш. Скептыцызмам прасякнуты раман пра інтэлектуальную Амерыку «Дар Гумбальта» (1975, Пулітцэраўская прэмія). Проза Белава філасофская, інтэлектуальная, псіхалагічная. Нобелеўская прэмія 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРС (Bierce) Амброз Гвінет (24.6.1842, Хорс-Кейв-Крык, штат Агайо, ЗША — 11.1.1914),
амерыканскі пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1870—90-я г. журналіст. Аўтар зб-каў аповесцяў і апавяданняў «Танец смерці» (1877), «Пра вайскоўцаў і цывільных» (1891), «Хіба можа быць такое?» (1893), «Фантастычныя байкі» (1899), у якіх, пад відавочным уплывам Э.По, напружаныя і займальныя сюжэты спалучаў з вытанчаным гумарам, сатыр. з’едлівасцю, песімістычным стаўленнем да жыцця. У багатай эсэістыцы (кн. «Д’яблава зачараванасць», 1872; «Павуцінне ў чэрапе», 1873; «Цень на цыферблаце», 1909; «Слоўнік д’ябла», 1911; «Батальныя накіды», выд. 1930, і інш.) з іроніяй, часам з пэўнай доляй цынізму апавядаў пра сучасныя яму грамадскія з’явы. Некаторыя творы Бірса пераклаў на бел. мову А.Кудраўцаў.