ХО́ТАРН, Готарн (Hawthorne) Натаніэл (4.7.1804, г. Сейлем, штат Масачусетс, ЗША — 19.5.1864), амерыканскі пісьменнік, прадстаўнік амер. рамантызму. Скончыў Бодайнскі каледж (1825). На яго творчасць значна паўплывалі трансцэндэнталісты. Майстар псіхал. і алегарычных аповесцей і апавяданняў (зб-кі «Двойчы расказаныя гісторыі», 1837, 1842; «Легенды старога двара», 1846) пра пошукі прыгажосці, амер. даўніны, цяжкасці духоўнага самапазнання. Пурытанскія традыцыі паўплывалі на праблематыку сумлення і граху, духоўнасці і фанатызму, дабра і зла ў раманах «Пунсовая літара» (1850, экранізаваны ў 1972) і «Дом з сямю шпілямі» (1851). Аўтар «Рамана пра Блайтдэйл» (1852), рамана «Мармуровы фаўн» (1860), кніг апавяданняў і казак для дзяцей «Дзядулева крэсла» (1841), нарысаў «Наша старая радзіма» (1863), нататак, біяграфій гіст. асоб і інш. Яго творы адметныя рытмічнасцю мовы, дыдактычнай скіраванасцю, спалучэннем рэальна-канкрэтнага з умоўна-фантаст., насычаны сімваламі і алегорыямі.
Тв.:
Рус. пер. — Новеллы. М.; Л., 1965;
Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1982.
Е.А.Лявонава.
т. 17, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)