назва эпохі паміж старажытнасцю (антычнасцю) і Адраджэннем. Уведзена ва ўжытак італьян. гуманістамі 15—16 ст., якія імкнуліся супрацьпаставіць свой час папярэднім стагоддзям, што трактаваліся імі як перыяд заняпаду культуры. У адрозненне ад «цёмнай», «варварскай» эпохі, што настала пасля росквіту культуры ў класічнай старажытнасці (Грэцыя і Рым), новыя часы лічыліся перыядам адраджэння антычнасці. У паняцце «С.в.» ўкладваўся адмоўны сэнс. Пасля таго, як у 1685 ням. гісторык Х.Келарыус (Келер) выдаў падручнік па універсальнай гісторыі, у якім падзяліў мінулае на старажытнасць, С.в. і новы час, 3-членная схема перыядызацыі і тэрмін «С.в.» трывала ўвайшлі ў гістарыяграфію. У 18 ст. аформілася асобная гіст. дысцыпліна, што вывучае С.в. — медыявістыка.
У еўрап. гуманістыцы лічыцца, што ў вузкім значэнні слова паняцце «С.в.» тычыцца толькі тых тэрыторый, якія зведалі Адраджэнне (г.зн. уласна Еўропы), а ў дачыненні да іншых гаварыць пра С.в. можна толькі ўмоўна. Храналагічныя межы эпохі вызначаюцца па-рознаму. Звычайна яе пачынаюць ад канца 4—5 ст. (у франц. гістарыяграфіі ад 395 — года смерці імператара Феадосія Вялікага, у нямецкай — ад 476 — краху Зах. Рымскай імперыі), а завяршаюць сярэдзінай 15 — пач. 16 ст. (1453 — крах Візантыйскай імперыі, 1492 — адкрыццё Амерыкі, 1517 — выступленне М.Лютэра і інш.). У межах гэтай эпохі вылучаюць 3 падэпохі: раннія С.в. (канец 4—11 ст.), высокія С.в. (11—1-я пал. 13 ст.) і познія С.в. (2-я пал. 13 — пач. 16 ст.). У сучаснай зах. гістарыяграфіі прызнаецца, што паміж С.в. і новым часам існавала пераходная эпоха — прыкладна паміж 1450 і 1550. У бел. падручніках па гісторыі ў адпаведнасці з «Праграмай па гісторыі для базавых агульнаадукацыйных школ» (1996) прынята траічная схема перыядызацыі з такімі ж храналагічнымі межамі, як у Зах. Еўропе. Аднак правамернасць вызначэння межаў С.в. як 5—15 ст. ў дачыненні да гісторыі Беларусі аспрэчваецца ў навук. л-ры.
Асн. прыкметамі С.в. прынята лічыць існаванне васальна-леннай сістэмы (гл.Васалітэт) і феадалізму як асаблівага тыпу грамадскага ладу. Эпоху характарызавалі панаванне натуральнай гаспадаркі і падзеленасць свету на мноства малых, практычна аўтаномных гасп. рэгіёнаў, а таксама поўная перавага рэліг. светапогляду. Паколькі ў гаспадарцы, формах грамадскага жыцця і асабліва ў менталітэце С.в. вызначалі еўрап. культуру і пасля 16 ст., прадстаўнікі «школы «Аналаў» увялі канцэпцыю «працяглага сярэдневякоўя», згодна з якой С.в. доўжыліся да 18—19 ст.
Літ.:
Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада: Пер. с фр.М., 1992;
Сагановіч Г. У пошуках Сярэднявечча // Бел.гіст. агляд. 1997. Сш. 1—2;
Dinzelbacher R. Sachwörterbuch der Mediávistjk. Stuttgart, 1992;
Sauer H. Mittelalter // Leksikon des Mittelalters. Berlin. 1993. Bd. 6;
Goetz H.-W. Moderne Mediavistik: Stand und Perspektiven der Mittelalterschung. Darmstadt, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭ́СКА (італьян. fresco літар. — свежы),
тэхніка манументальнага жывапісу: размалёўка па свежым сырым тынку, які пры высыханні ўтварае тонкую празрыстую плёнку, што замацоўвае фарбы і робіць Ф. даўгавечнай; твор выкананы ў гэтай тэхніцы. Тэхнічныя разнавіднасці: а фрэска, а сэка, казеінава-вапнавы жывапіс.
Для Ф. выкарыстоўваюць парашкі мінер. пігментаў (охра, умбра, кобальт і інш.), расцёртыя на чыстай ці вапнавай вадзе або водна-клеявым саставе (дадаюць сінт. фарбы). Сувязным рэчывам паміж асновай і фарбавым слоем з’яўляецца вапна. Палітра фрэскавага жывапісу звычайна стрыманая, пры высыханні фарбы моцна блякнуць. Тэхніка Ф. вядома з 2-га тыс. да н.э. ў эгейскім мастацтве, была адной з асн. у ант. і візант. мастацтве, краін Каўказа, Балкан і Зах. Еўропы. Росквіту дасягнула ў 14—16 ст. у творчасці майстроў італьян. Адраджэння Джота, Мазачыо, П’ера дэла Франчэска, Рафаэля, Мікеланджэла. Высокім узроўнем вызначаюцца Ф. Сафійскага сабора ў Кіеве (10—12 ст.), а таксама майстроў 14—17 ст. Феафана Грэка, Андрэя Рублёва, Дыянісія. У 20 ст. вядомасць набылі Ф. мексіканскіх мастакоў Х.К.Ароска і Д.Рывера.
На Беларусі найб.стараж. Ф. захаваліся ў інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку (11 ст.). Унікальнымі з’яўляюцца Ф. Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы (12 ст.), якія вылучаюцца эмац. напружанасцю, выразнасцю ліній і штрыха. У фрэскавых размалёўках 12—16 ст. прасочваецца ўплыў візант. традыцый: Барысаглебская царква Бельчыцкага манастыра ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску, Барысаглебская царква ў Гродне (усе 12 ст.), Супрасльская царква-крэпасць (16 ст.). На манум. жывапіс 17—18 ст. паўплывалі тагачасныя эстэт. прынцыпы зах.-еўрап. мастацтва. У размалёўках праявіліся рысы барока: Ф. касцёла францысканцаў у в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. (17 ст.), Мікалаеўскай царквы (17—18 ст.) і касцёла кармелітаў (1-я пал. 18 ст.) у Магілёве, касцёлаў езуітаў у Нясвіжы, кармелітаў у Мсціславе, бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, езуітаў у в. Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., бернардзінцаў у в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (усе 18 ст.). Рысы класіцызму маюць размалёўкі цэркваў Варварынскай у Пінску, у в. Вейна Магілёўскага р-на (абедзве 19 ст.). У пач. 20 ст. мастакі С.Рудзінскі і Б.Вішнеўскі выканалі размалёўку ў інтэр’еры кляштара францысканцаў у Пінску. Ф. выконвалі бел. мастакі В.Барабанцаў, Г.Вашчанка, В.Доўнар, В.Ціханаў.
Літ.:
Виннер А.В. Материалы и техника монументально-декоративной живописи. М., 1953;
Чернышев Н.М. Искусство фрески в Древней Руси. М., 1954;
Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1980;
Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;
Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985.
Н.Я.Трыфанава.
Да арт.Фрэска. Рафаэль. Афінская школа. 1508—11.Да арт. Фрэска ў інтэр’еры касцёла кармелітаў у Магілёве. 1-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЭ́ЗМ,
старажытная дзяржава ў Сярэдняй Азіі з цэнтрам у нізоўі р. Амудар’я, вобласць развітага ірыгацыйнага земляробства, рамесніцтва і гандлю. высокай культуры. Упершыню згадваецца ў іран. крыніцах 6 ст. да н.э. У канцы 6 ст. да н.э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы. У 4—1 ст. да н.э. — незалежная дзяржава; у 1—2 ст.н.э. ў складзе Кушанскай дзяржавы, у 3 ст. зноў незалежны. У 712 заваяваны арабамі. У 995 аб’яднаны пад уладай эміра г. Ургенч. Найб. магутнасці Х. дасягнуў пры Вял.харэзмшахах [951—1220]. З 1220 у складзе Манг. імперыі, з 1224 — улуса хана Джучы, потым у Залатой Ардзе. У 1388 Х. падпарадкаваў Цімур. На працягу стагоддзя за валоданне ім змагаліся Цімурыды і ханы Залатой Арды. З пач. 16 ст. большасць тэр. Х. ўключана ў Хівінскае ханства, якое на мясц.афіц. тэрміналогіі наз. Харэзмскай дзяржавай, што дало падставу так назваць створаную ў 1920 Харэзмскую народную савецкую рэспубліку.
У перыяд Ахеменідаў у мастацтве Х. захоўваліся асобныя рысы сакаў. У 4—3 ст. да н.э. на аснове сінтэзу мясц. і запазычаных элементаў сфарміравалася самаст.маст. культура. На выяўл. мастацтва паўплывала эліністычнае мастацтва, успрынятае ад парфян (гл.Парфянскае царства) і кушан (гл.Кушанская дзяржава). Адметныя рысы архітэктуры — масіўнасць і лаканічнасць аб’ёму, стрыманасць вонкавага дэкору; буд. матэрыялы — пахса і сырцовая цэгла. Традыц. былі каменныя базы ў форме гаршка на 3-ступеньчатым квадратным падмурку. Гарады звычайна прамавугольныя ў плане, з рэгулярнай забудовай, умацаваны сценамі з галерэямі і вежамі (Кюзелі-Гыр). У асобных гар. кварталах ці палацавых комплексах узводзілі храмы і свяцілішчы з брукаванай пляцоўкай для свяшчэннага агню. Палацы ўключалі парадныя двары з айванамі, залы і шматлікія пакоі, злучаныя калідорамі (Калалы-Гыр, 5—4 ст. да н.э.; Тапрак-Кала, 2—6 ст.). Пахавальныя збудаванні ўяўлялі сабой вежападобныя пабудовы з крыжападобнай планіроўкай (на гарадзішчы Кюзелі-Гыр, 5 ст. да н.э.) або цыліндрычныя храмы-маўзалеі (Кой-Крылган-Кала, 4—3 ст. да н.э.). У сінтэзе з архітэктурай развіваліся жывапіс і скульптура (гліняныя расфарбаваныя статуі і барэльефы, шматкаляровыя размалёўкі мінер. фарбамі). Асаблівы від мастацтва — урны-асуарыі ў выглядзе пустацелых статуй (5 ст. да н.э.) ці ў форме куфэрка (7—8 ст.), часам з размалёўкай. Пашыраны тэракотавыя статуэткі. У 4—3 ст. да н.э. выраблялі керамічныя біклагі з барэльефамі міфічнага зместу. Сярэдневяковыя дойліды Х. распрацавалі арыгінальныя шатрова-купальныя канструкцыі (маўзалеі 12 ст. ў г. Ургенч), у арх. дэкоры выкарыстоўвалі ўзорыстую цагляную муроўку, разную тэракоту, ганч. Развіццё мастацтва познафеад. Х. звязана з узвышэннем Хівы (культавыя і палацавыя ансамблі, кераміка, чаканка па медзі, разьба па дрэве, мармуры, ганчы).
Да арт.Харэзм. Тапрак-Кала. Фрагмент манументальнай скульптуры з алебастру. 3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫЧНАЕ МАСТАЦТВА.
Вядучае месца ў нар.бел.муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі гіст.-стылёвых пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў. Каляндарна-земляробчы цыкл уключае песні калядныя, шчадроўскія, масленічныя, веснавыя гукальныя, валачобныя, юраўскія, купальскія, карагодныя, жніўныя, дажынкавыя, ярныя, восеньскія. Сямейна-абрадавы цыкл прадстаўлены жанрамі радзінных і вясельных песень, галашэнняў (прымыкаюць і калыханкі). Вызначальная асаблівасць песенных цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена адпаведнай абраднасцю, у наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязаны фарміраванне т.зв. формульных тыповых напеваў, якія маюць знакавую інтанацыйную семантыку. Гэтыя гранічна сціслыя вузкааб’ёмныя напевы (звычайна не перавышаюць квінты), якія абагульняюць некалькі паэтычных тэкстаў пэўнага жанру; пры вонкава скупых меладычных сродках маюць вял. выразна-эмацыянальную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанацыйнаму нюансаванню ў межах ладава-меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, тэмбравых. У залежнасці ад мясц. традыцый пры сумесным спяванні каляндарна-земляробчыя і сямейна-абрадавьы песні выконваюцца ў антыфоннай манеры (Паазер’е), гетэрафонным (Гомельскае Палессе) або бурдонна-дыяфонным (Брэсцкае Палессе) роспеве.
Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылёвы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, якія ўзніклі ў эпоху станаўлення бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сялянскіх паўстанняў (17—18 ст.). Яны прадстаўляюць лірычную і лірыка-эпічную традыцыю: муз. сацыяльную лірыку і эпас (песні чумацкія, бурлацкія, казацкія, пра ваен. падзеі і важакоў сялянскіх паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія), любоўную лірыку, а таксама песні жартоўныя, бытавыя. Ад стараж. абрадавых песень яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэтычнага вобраза, існуюць у мностве жанравых і сольных варыянтаў. У іх асноўную муз.-выразную ролю адыгрывае ўласна меладычная плынь. Мелодыі, распетыя ў сярэднім і вял. дыяпазонах, вызначаюцца ўнутранымі інтанацыйнымі кантрастамі, развітой песеннай строфікай. З песнямі 2-га пласта звязана шматгалосае падгалосачна-поліфанічнае выкананне (на Палессі найб. пашырана з «падводкай» — верхнім саліруючым голасам), а таксама тыпу «ўторы» (Панямонне). Вытокі песнятворчасці савецкага і постсавецкага часу — напевы нар. класічнага стылю і мастацтва літ. паходжання. Цэнтральнае па значнасці месца займае партызанская песня, якая ўвасобіла гераічны, лірычны, жартоўны і сатырычны пачатак сучаснай нар. песні.
Рэгіянальныя песенныя традыцыі ўвасабляюць песенныя сістэмы, якія гістарычна склаліся і акрэсліліся на Палессі, Падняпроўі, Паазер’і, Панямонні. Іх вызначае сукупнасць прыкмет, з’яў і заканамернасцей; суадносіны гісторыка-стылёвых пластоў; песенна-знакавыя асаблівасці абраду і яго «парадак»«закон»; суадносіны ўласна песеннага і гульнёвага (танцавальнага інстр.) пачатку; адзіночнага і сумеснага спеву (тыпы шматгалосся); выканальніцкія асаблівасці і іх тэрміналагічныя абазначэнні самімі носьбітамі аўтэнтычнага фальклору; цэнтралізуючы кампанент сістэмы, які ўрэшце і вызначае адметны характар традыцыі.
З.Я.Мажэйка.
Жаночы гурт в. Тонеж Лельчыцкага раёна.Жаночы гурт в. Клятная Пінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
клас
(лац. classis = разрад)
1) вялікая група людзей з пэўным становішчам у гістарычна складзенай сістэме грамадскай вытворчасці і з пэўнай, звычайна заканадаўча замацаванай роллю ў грамадскай арганізацыі працы, аб’яднаная аднолькавымі адносінамі да сродкаў вытворчасці, да размеркавання грамадскага багацця і агульнасцю інтарэсаў;
2) група вучняў аднаго і таго ж года навучання або група, якая навучаецца ў пэўнага выкладчыка, вывучае пэўны прадмет (у мастацкіх школах) (напр. к. жывапісу);
3) пакой для заняткаў у школе;
4) разрад, падраздзяленне па якой-н. класіфікацыі (напр. к. земнаводных, каюта першага класа);
5) ступень, узровень чаго-н. або ступень падрыхтаванасці, кваліфікацыі каго-н. (напр. шафёр першага класа).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Вея1 ’завея, завіруха’ (КТС, БРС, Гарэц., Яруш., Касп., Нас., Бяльк.; докш., Янк. Мат.), укр.ві́я ’шуфель, веялка’, рус.пск., смал.вея ’завея, мяцеліца’, польск.wieja ’завіруха’, wija/wieja ’вецер’, н.-луж., в.-луж.wějawa ’веялка’, чэш.vějavka, мар.věj ’завіруха’, славац.veja ’тс’, vejka ’разная фігурка (найчасцей птушка) у вільчаку франтона’, серб.-харв.ве́ја, вје́ја ’вядзьмарка’, ве̏јавица ’мяцеліца, завіруха’, макед.виулица, вејавица, балг.виелица, веявица ’тс’. І.‑е. адпаведнікі: літ.vė́jas, лат.vējš, грэч.ἀήτης, ст.-інд.vāyúḥ ’вецер’ < *vē‑ да веяць (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ja (ён абазначаў спачатку Nomina actionis, якія пераходзілі звычайна ў Nomina acti). Блезэ (21) сцвярджае, што ве́я паходзіць з літ.vė́jas, лат.vējš. Лаўчутэ (351) гэта аспрэчвае.
Ве́я2 ’вейка’ (Сцяшк. МГ, бяроз., Шатал.), зах.-палес.ві́я, ві́йі (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр.ві́я ’вейка’. Бел.-укр. ізалекса; паводле бел.вейка, можна меркаваць, што на іншай, апрача вышэйадзначанай, беларускай моўнай тэрыторыі было таксама вея. Узнікла ад věja ’галіна’ ў выніку пераносу значэння дзеяслова vějati ’хістацца, махаць’ → ’абмахваць’ (параўн. укр.ві́яло ’веер’); ’змахваць’. Да ве́яць (гл.).
Вея3 ’павека’ (КТС) утворана ў выніку пераносу па сумежнасці ад вея2, тое ж і ў балт. мовах: літ.blakstíena ’павека’ — лат.plakstinš ’вейка’.
Вы — асабовы займ. 2 асобы мн. л., укр.ви, рус.вы, польск.wy, чэш.vy, славац.vy, славен.vȋ, серб.-харв.ви̑, балг., макед.вие. Агульнаславянскае, ускосным склонавым формам адпавядаюць ст.-прус.wans — він. скл. мн. л. ’вас’, лац.vōs, авест.vō, ст.-інд.vas — энклітыка він. скл. падв. л., род. скл. мн. л., грэч.ὑμᾶς і інш.; старажытная форма наз. скл. мн. л., якой адпавядаюць ст.-прус.ious, літ., лат.jūs, авест.yužəm, yūš, ст.-інд.yūyám, гоц.jus (і.-е.*i̯ūs) была страчана пад уплывам ускосных склонавых форм (Фасмер, 1, 366; Брукнер, 637; Махэк₂, 704; Младэнаў, 65; Праабражэнскі, 1, 103). Вы ў звароце да адной асобы адз. л. засвоена праз польск. з заходнееўрапейскіх краін, дзе пачало ўжывацца ў такім значэнні ў сярэднія вякі (Махэк₂, 704; Шанскі, 1, В, 218).
Вы — прыстаўка, характэрная пераважна для паўночнаславянскіх моў (укр.ви‑, рус.вы‑, польск.wy‑, чэш.vy‑, в-, луж.wu‑), якой у паўднёваславянскіх па значэнню часцей за ўсё адпавядае из‑. Роднасная ст.-в.-ням.ūz (сучасн. ням.aus ’з’), гоц.ūt, ст.-інд.ud ’на, уверх, з’ і інш. Пры калькаванні ў беларускай літар. мове звычайна служыць для перадачы рус.из (< ц.-слав.); параўн. рус.истребовать — бел.вытрабаваць, 124) извергнуть — бел.вывергнуць і пад. (Крукоўскі, Уплыў, 124).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Віці́на1 ’дубец, галінка’ (БРС, Др.-Падб.); ’кій, плыт’ (Гарэц.); ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі’ (З нар. сл.), віці́ны ’перапляценне, на якое кладуць жэрдкі ў плоце’ (Шатал.). Рус.ви́тина ’дубец; кошык, пляцёнка’, серб.-харв.ви̏тина ’дубец, звычайна лазовы, для звязвання снапоў або перавязь з дубцоў’. Да віць (Праабражэнскі, 1, 86); (параўн. таксама ў словаўтваральных адносінах літ.vỳtinė ’дубец, галінка’ ад vỹtis ’тс’). Гл. віца.
Віці́на2 ’вялікая барка або лодка, асаблівы від барак’ (Федар., 6, 106, 7, 254; Шн., 1; Дзмітр., Гарэц., Др.-Падб.). Рус.вити́на, вити́н, вити́ма ’хадавое пласкадоннае судна толькі на Нёмане і яго прытоках і на Прыляці’, польск.wicina ’тс’. Этымалогія застаецца няяснай. Брукнер (613) лічыць слова літоўска-беларускім. Скарджус (ZfslPh, 26, 1957, 150 і наст.) адносіць яго да запазычанняў з літ. (слав.витина, віціна < літ.vytìne ’пласкадоннае судна, барка’, якое з vytìs або výtas ’плецены’) і ў якасці аргумента на карысць запазычання ўказвае на геаграфію і ізаляванасць слова ў славянскіх мовах. Але з семантычнага і словаўтваральнага пунктаў погляду як літоўскае, так і славянскае паходжанне (ад віць, віты) роўнаверагодныя; параўн. польск.okręt ’карабель’ з *obkrǫntь ’пляцёнка’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 230 і наст.). Фасмер (1, 321) дапускае славянскае паходжанне і роднаснасць з ветвь, ви́твина.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гай1 ’гай’ (БРС, Шат., Нас., Бяльк., Сцяшк., Яшкін, Касп., Грыг., Мядзв., Шн., Бес., Булг.). Агляд значэнняў бел. слова гл. Яшкін, 43–44; Талстой, Геогр., 48–50; ДАБМ, 913. Укр.гай, рус.гай, чэш., славац.háj, польск.gaj, в.-луж.haj, н.-луж.gaj, серб.-харв.га̑ј, славен.gáj. Слав.*gajь. Звычайна тлумачыцца як звязанае са слав. дзеясловам *gojiti ’даглядаць, ахоўваць’ (гл. Фасмер, 1, 383, там і агляд іншых версій, якія Фасмер не прымае, здаюцца досыць праўдападобнымі пасля дэталёвага аналізу Талстога, Геогр., 48–56). Талстой лічыць, што, падобна да таго як слова *šuma ’лес’ звязана з *šuměti, слова *gajь роднаснае лексеме *gajiti ’крычаць, шумець’ (там жа, 54–55). Некаторыя спецыфічныя значэнні бел. слова, напр. ’могілкі’ (гл. Яруш.; ДАБМ, 913), тлумачацца з прамежкавага ’гай, асабліва на могілках’ (Гарэц.).
Гай2 ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ (Шатал.: «Мы зовом гаем між полей неудобную землю, де ростэ трава, а лес не ростэ»). Не выклікае сумнення сувязь з гай1 (гл.). Дыяпазон семантыкі славянскай лексемы *gajь вельмі шырокі (параўн. Яшкін, 43–44, і асабліва Талстой, Геогр., 48–54). Талстой (Геогр., 50) спецыяльна адзначае, што ў бел. гаворках gajь мае і спецыфічнае значэнне ’адсутнасць расліннасці’. Гай ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ якраз адносіцца іменна да гэтай катэгорыі семантычнага развіцця.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калі́ прысл., злучн. у розных значэннях (ТСБМ, Бяльк., Грыг., Мал., Нас., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп., Сержп. Прымхі, Радч., Шат., Сл. паўн.-зах., ТС (колі)). Укр.коли, рус.коли, коль, ст.-чэш.koli, славен.koli, балг.уст.коли, ст.-слав.коли. Прасл.koli/kole, падрабязна аб фіксацыях і формах у слав. мовах гл. ESSJ SG, 2, 356–360. Там жа мяркуецца, што слова ўтворана ад і.-е. займеннай асновы *ku̯o‑ (аб якой падрабязна гл. пад хто), пашыранай i‑ партыкулай. Пры гэтым, верагодна, структура была ўтворана яшчэ ў даславянскі перыяд, паколькі ў літ. мове адзначаюць як надзейныя паралелі kõl, kõlei (дыял.kõlaik) ’як доўга, пакуль’. Больш праблематычная сувязь з лац.quālis, ’які’, грэч.πηλίκος, якая прымалася шэрагам этымолагаў, нягледзячы на фармальную перашкоду. Калі дапусціць такую сувязь для і.-е. перыяду, неабходна аднавіць архетып *ku̯ā‑, што прымусіла Покарнага (1, 646) рэканструяваць праформу *ku̯o/ku̯a‑, аднак апрача фармальнай перашкоды ёсць яшчэ і семантычныя. Што датычыць іншых і.-е. паралелей, неабходна згадаць яшчэ прапанову Махэка₂, 269, які не сумняваўся ў тоеснасці слав. утварэння і ст.-інд.‑khálu. Апошняе звычайна ўжываецца пасля займеннікаў, параўн. na khálu ’зусім не’ і ніколі, чэш.nikoli. Гэта прапанова патрабавала б раздзялення як генетычна розных функцыянальных варыянтаў слав.koli, што не здаецца правільным. Параўн. яшчэ іншыя меркаванні адносна архетыпу ў ESSJ S J, 2, 360.