Перамо́т ’памылка пры снаванні кроснаў: нітку кладуць не на адпаведную губіцу (калок)’ (Сл. ПЗБ. Варл., Мат. Гом., Шатал., ТС, Скарбы, Сл. Брэс., Бяльк.; гродз., брагін., Нар. сл.: мсцісл., Жыв. сл.), перамёт ’тс’ (Ян.); укр. перемі́т, рус. смол., разан., кастр. перемо́т, польск. przemot, przemota, чэш. přímota. Паўночнаславянская ізалекса. Да пера- і мата́ць (гл.). Пра чаргаванне о/e гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 107 (прасл. *męto: motъ. Сюды ж бялын. перамоты ’вітка для перавівання калкоў плоту’, перэмоты ’перапляценне перадка ў санях’ (ТС), толькі з іншым значэннем прыстаўкі пера-.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́сце ’месца ўпадзення ракі’ (БРС, Сцяшк. МГ, Байк. і Некр.), ву́сьці ’тс’ (КЭС, лаг.), ву́сьця ’тс’ (Грыг.), ву́сьте ’праход у печы’ (Дразд.), вусць ’чалеснікі’ (Сцяшк.), укр. у́стя, рус. у́стье і усть, польск. uście, чэш. ústí, славац. ústie, славен. ústje, серб.-харв. y̏шћe, макед. устие, балг. у́стие. Прасл. *ustьje, вытворнае ад *usta (Брукнер, 596; Махэк₂, 671; Фасмер, 1, 173); параўн. таксама ст.-рус. усто ’вусце ракі’ (Слова аб палку Ігаравым). Поўную лексічную адпаведнасць прасл. *ustьje і лац. ostium (варыянт austium) канстатуюць Порцыг (Членение, 197), Трубачоў (Проспект, 85).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаве́нь ’назва рыбы’ (БРС, Касп., Шат., Нас.). Параўн. рус. дыял. смал. голави́нь ’тс’. Паколькі гэтыя назвы ізаляваныя (сувязь з назвамі тыпу рус. дыял. головня́ ’галавень’ няпэўная, таму што рус. слова ж. р.), то, здаецца, пераконвае меркаванне Трубачова (Эт. сл., 7, 10) пра сувязь рус. голавинь з назвамі тыпу рус. гола́вль, голо́вль, го́лове́ль, укр. голове́ль ’тс’. Калі гэта так, мы можам прыняць дысіміляцыю лл > лн (*галаве́ль > галаве́нь). Зыходнай формай, якой Трубачоў надае статус праславянскай, з’яўляецца *golvjь (вытворнае з суф. ‑jь ад *golva ’галава’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гумно́ ’гумно’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Шатал.). Гл. яшчэ Яшкін, дзе прыводзяцца і іншыя значэнні. Слова, вядомае ва ўсіх слав. мовах. Параўн. рус. гумно, укр. гумно, польск. gumno, чэш. humno, балг. гумно, серб.-харв. гумно, ст.-слав. гоумьно. Прасл. *gumьno. Найбольш верагоднай лічыцца этымалогія Пагодзіна: *gumьno з’яўляецца старым складаным словам: *gu‑ (звязана этымалагічна з *govędo) і *mьn‑ (апошняе, напр., у дзеяслове *męti ’мяць’). Першапачатковае значэнне ’месца, дзе жывёла топча хлеб’. Гл. Фасмер, 1, 474; Бернекер, 1, 362; Трубачоў, Эт. сл., 7, 173–175.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дре́гка ’дрогка, труска’ (Бяльк.). Гл. дро́гкі. Лексема з беларускай тэрыторыі з вакалізмам «е» не прыводзіцца наогул у падрабязным этымалагічным слоўніку прасл. мовы (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 138, дзе пад праформай *drъgъkъjь прыводзіцца толькі бел. дро́гкі і рус. смал. дре́хкий). Але ўсё сведчыць аб тым, што і формы з вакалізмам «о», і формы з вакалізмам «е» канцэнтраваліся фактычна на беларускай этнічнай тэрыторыі, г. зн. што прасл. лексема *drъgъkъjь (можна дадаць і яе варыянт *drьgъkъjь) з’яўляецца праславянскім дыялектызмам бел. мовы, што вельмі важна для гісторыі праславянскіх дыялектаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дубро́ва ’дуброва’ (БРС, Бяльк.). У Яшкіна дубро́ва ’дубовы лес, гай’, ’лісцевы лес, мяшаны лес’, ’бярэзнік’, ’сасоннік, хваёвы лес’, ’трава, якая расце ў лесе або від кармавых траў’, ’балота’. Падрабязны агляд семантыкі слова гл. у Талстога, Геогр., 44–48; гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 93–94 (з вялікай літ-рай). Прасл. форма рэканструюецца як *dǫbrava, *dǫbrova (лексема вядома ва ўсіх слав. мовах). Звычайна слова звязваецца з *dǫbъ, але гл. удакладненні ў Трубачова (сувязь з *dǫbъ мае больш шырокую семантычную аснову). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 548.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ду́жы ’моцны’, сюды і ду́жа ’вельмі’. Прасл. *dužьjь ’тс’ (утварэнне ад *dugъ: ст.-рус. дугъ ’сіла’, чэш. duh; гэта параўноўваюць з літ. daũg ’многа’, гоц. daug, ням. taugen ’падыходзіць’ і г. д.). Агляд форм (у тым ліку польск. dużo, рус. дю́же, бел. ду́жа, укр. ду́же) гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 167–168, 150; гл. яшчэ Фасмер, 1, 550; Слаўскі, 1, 181–182. Прасл. характар мае *dužiti (параўн. бел. ду́жыць; няма ў Трубачова), *dużati () (параўн. бел. ду́жацца); гл. Трубачоў, там жа, 166–167.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клы́паць ’марудна ісці, накульгваючы, перавальваючыся з нагі на нагу’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом., ТС, Др.-Падб., Нік. Посл., Сцяшк., Бір., Юрч., КЭС, лаг.). Лічыцца балтызмам. Рус. клыпаць ’тс’. Параўн. літ. klỹpti ’кульгаць’ (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 54 з літаратурай). Але, як адзначыў Трубачоў (Эт. сл., 10, 81–82), наяўнасць серб.-харв. кли̏пати(се) ’цяжка ісці, калываючыся ад стомы’, якое можна разглядаць як адпаведнік бел. клыпаць, укр. клипати, пярэчыць версіі аб балтыйскім паходжанні апошніх слоў і робіць верагоднай гіпотэзу аб прасл. klypati, якое адпавядае літ. klū́poti ’стаяць на каленях’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клёкат1 ’перарывісты крык некаторых птушак’ (ТСБМ). Гукапераймальнае. Укр. клекіт, рус. клекот ’тс’, польск. klekot ’стук’, чэш. klekot ’клёкат’, славац. klekot ’тс’, в.-луж. klekot ’балбатня’, н.-луж. klekot ’тс’. Утварэнне з суфіксам ‑otъ (Трубачоў, Эт. сл., 9, 192).

Клёкат2 ’шыя’ (Бяльк.). Ілюстрацыя ў Бяльк., 227 даволі няпэўная: «Родненькая, як у цябе запекся клёкат, ажно чорны». Магчыма, маецца на ўвазе значэнне ’горла’. Тады клёкат ’булькатанне, хрыпенне (у горле), гарлавы гук’ > ’горла’. Словаўтварэнне з прасл. ‑otъ для аддзеяслоўных назоўнікаў гаворыць аб надзейнасці такога семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́роўка ’вяроўка’ (КЭС). Форма слова (у параўнанні з вяро́ўка, гл.) не вельмі ясная. Акрамя зыходнага *vьrvь у слав. мовах былі словы і з іншым вакалізмам (параўн. рус. воро́ви́на ’вяроўка’, воровьё ’вяровачныя вырабы’; гл. Фасмер, 1, 275; асабліва Трубачоў, Дополн., 275), палес. воро́вка (Лысенка, ССП). Тэарэтычна мяркуючы, варо́ўка можа адлюстроўваць гэты другі вакалізм. Але можна таксама дапусціць, што варо́ўка — гэта гіперкарэктная форма (замест вяро́ўка) — якраз адваротнае таму, што назіраецца ў слове варэ́нік, якое ў дыялектах мае форму вярэ́нік. Параўн. яшчэ і рус. дыял. (вяц.) варо́вка ’вяроўка’ (СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)