ДЫЯРА́МА (ад дыя... + грэч. horama від, відовішча),
від жывапісу, у якім стужкападобная карціна нацягнута на ўнутр. паверхні паўкруглага ў плане падрамніка; спалучаецца з аб’ёмным (бутафорскім) пярэднім планам, макетамі. Разлічана на штучнае асвятленне. Вял. Д. размешчаны ў спец. будынках.
Стварае ілюзію шырокіх прастораў і паказвае пераважна батальныя сцэны. У адрозненне ад панарамы ахоплівае толькі частку гарызонту. Д. ствараецца з 19 ст. Першапачаткова жывапісныя выявы выконваліся па абодвух баках матэрыялу, які прасвечваўся. Пры змене напрамку і інтэнсіўнасці асвятлення змянялася і бачная гледачу карціна. Першую такую Д. стварыў Л.Ж.Дагер у Парыжы (1822). У сучасным мастацтве такія Д. часам выкарыстоўваюць ў тэатральна-дэкарацыйным мастацтве.
З вядомых Д. у бел. мастацтве «Фашысцкі лагер смерці Малы Трасцянец» (1968, Я.Красоўскі, І.Пешкур), «Мінскі касцёл» «Мінскі кацёл» (1969—71, П.Крохалеў, У.Лагун, Л.Асядоўскі, Б.Аракчэеў; абедзве ў Бел.дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. Вайны), «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, П.Дурчын, Ф.Зільберт, Брэсцкі абл. краязнаўчы музей), «Ф.Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта» (1991—96, П.Драчоў, Музей медыцыны ў Мінску).
Дыярама. «Ф.Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта». Мастак П.Драчоў. 1991—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХЦІЦКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму і барока. Фарміравалася ў 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Кухцічы (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага р-на Мінскай вобл.). У комплекс уваходзілі палац, флігелі і парк з капліцай-пахавальняй Завішаў.
Палац (захаваліся бакавыя флігелі) — разгорнутая па фронце 3-часткавая кампазіцыя, цэнтрам якой быў 1-павярховы П-падобны ў плане аб’ём з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе. Флігелі — лаканічныя па архітэктуры 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі, вось сіметрыі якіх вылучана 4-калоннымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. Бутавая муроўка сцен дэкарыравана атынкаванымі пілястрамі, вуглы раскрапаваны руставанымі цаглянымі лапаткамі. Гал. фасады апяразаны фрызамі з трыгліфамі. Палац знаходзіўся ў маляўнічым пейзажна-рэгулярным парку. Капліца-пахавальня размешчана ў паўн.-ўсх.ч. парку. Пабудавана ў 2-й пал. 16 ст. як кальвінскі збор уладальнікамі маёнтка Кавячынскімі, у 17 ст.касцёл, у канцы 18 ст. капліца-пахавальня. Мураванае кампактнае 12-граннае ў плане збудаванне (таўшчыня сцен да 1,5 м) з конусным шатровым дахам і кубападобнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны цыліндрычнымі вежамі з шатровымі дошкамі і вузкімі байніцамі. У дэкоры выкарыстаны ляпныя гірлянды, геральдыка, слаістыя пілястры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛЬ (Kiel),
горад на Пн Германіі. Адм. ц. зямлі Шлезвіг-Гольштэйн. 247 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандлёвы і рыбалавецкі порт каля выхаду з Кільскага канала ў Кільскую бухту Балтыйскага м.Прам-сць: суднабуд. і дапаможныя галіны (дызелебудаўніцтва і інш.), вытв-сць лакаматываў і тэкст. машын, хім., оптыка-мех., тэкст., рыбаперапрацоўчая. Ун-т (з 1665). Оперны т-р, музеі, у т. л. марскі, акіянаграфіі, Кунстгале. База ВМФ. Месца правядзення алімп. рэгат 1936, 1972. Арх. помнікі: касцёлсв. Мікалая (13 ст.), руіны ратушы і замка (16 ст.).
Засн. ў 1-й пал. 13 ст. У 1242 атрымаў гар. правы. У 1284—1518 уваходзіў у саюз ням. гарадоў Ганза. У 14 ст.гал.гандл. цэнтр графства Шлезвіг-Гольштэйн. У 1460—1864 К. пад уладай каралёў Даніі. Месца заключэння Кільскіх мірных дагавораў 1814. Эканам. развіццё горада паскорылася пасля ўключэння яго ў склад Прусіі (1866) і буд-ва Кільскага канала (1887—95). Тут адбылося паўстанне матросаў герм. флоту, якое дало пачатак Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі. У час 2-й сусв. вайны горад значна разбураны. З 1946 адм. ц. зямлі Шлезвіг-Гольштэйн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ПАГО́СТ,
вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Міёры—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 580 ж., 288 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл (1989). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
У пісьмовых крыніцах у ВКЛ вядома з канца 15 ст. пад назвай Пагост як месца збору даніны. У 15—18 ст. належаў І.Сапегу, Клоту, М.Сіняўскаму, Л.Сапегу, С.Бужынскаму і Ф.Юндзілу. З 1795 мястэчка ў складзе Рас. імперыі. У 1818 з маёнтка Пагост вылучылася частка пад назвай Стары Пагост (за 7 км ад яго, мела 284 ж., 31 двор); мястэчка сталі называць Н.П. У 1859 у Н.П. 119 ж., 32 двары. З 1862 працавала школа, цэнтр воласці Дзісенскага пав. У 1878—79 пабудавана Мікалаеўская царква. У 1897—607 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Новапагосцкага с/с Міёрскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НПАЛБСКАЯ СЯДЗІ́БА помнік сядзібна-паркавай архітэктуры барока ў в. Лявонпаль Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Створана ў 1750 на левым беразе Зах. Дзвіны на заказ брэсцкага ваяводы М.Лапацінскага. Арх. А.Гену
(магчыма, Т.Жаброўскі). У час паўстання 1831 пашкоджана. У 1919 сядзібны дом адрамантаваны і прыстасаваны пад касцёл (унутр. планіроўка зменена). Ансамбль мае сіметрычна-восевую кампазіцыю. На восі сядзібы пастаўлена брама з элементамі дарычнага ордэра. Сядзібны дом — мураваны 1-павярховы будынак з сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай структурай і 2-павярховай цэнтр. часткай, накрытай 2-схільным дахам з фігурнымі франтонамі на тарцах. Бакавыя выцягнутыя крылы з 2-схільнымі дахамі выступаюць на гал. і дваровым фасадах глыбокімі рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У дэкар. аздобе выкарыстана ордэрная пластыка: канеліраваныя пілястры, прафіляваныя карнізы і абрамленні прамавугольных аконных праёмаў (мелі дэкор у стылі ракако),
рустоўка і інш. За домам і паўадкрытым дваром, які ўтваралі 2 мураваныя 2-павярховыя флігелі (захаваўся заходні), размешчаны прамавугольны фрагмент рэгулярнага тэраснага парку, абмежаванага каналамі; меліся лабірынты і звярынец, дэкар, скульптура. У 1791 у парку пастаўлена мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая. У 19 ст. паркавыя насаджэнні набылі пейзажную арг-цыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЕЎШЧЫНА,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета. За 8 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 86 км ад Мінска. 737 ж., 340 двароў (1999).
Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць Осцікавічаў, Л.Свірскага, М.К.Радзівіла Сіроткі. У 1596 мела 17 двароў, карчму, бровар, прыстань. На мяжы 16—17 ст. ператварылася ў мястэчка. У 1628 было 114 двароў, касцёл, ратуша, гасціны двор, рынак, млын, верф (сточня), 13 складоў для тавараў. У 1664 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай М. спалена. З 1793 у Рас. імперыі ў Мінскім пав., у 19 ст. сяло Свержанскай вол. У 1882 каля М. ў засценку Акінчыцы нарадзіўся Я.Колас. У 1897 у М. 935 ж., 141 двор, царква, карчма, магазін. У ліп. 1906 тут адбыўся з’езд настаўнікаў Мінскай губерні 1906. З 1921 у складзе Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Коласаўскі заказнік, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Каля вёскі турбаза «Высокі бераг». Радзіма вучонага-мовазнаўца Я.Лёсіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАВА,
гарадскі пасёлак у Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось. Аўтадарогамі злучаны са Свіслаччу, Ваўкавыскам, Ружанамі. За 22 км ад г.п. Свіслач, 112 км ад Гродна. 1,4 тыс.ж. (2000).
Вядома з 15 ст. як каралеўскае мястэчка ў Ваўкавыскім пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. З 1523 мела магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі, дзярж. маёнтак, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр вытв-сці Поразаўскай керамікі. У 1897 каля 1,5 тыс.ж., 2 гарбарні, ганчарны і піваварны з-ды, пач. вучылішча, аптэка. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З ліст. 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Поразаўскага раёна Брэсцкай вобл. З чэрв. 1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў П. 354 чал. Вызвалена 15.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 20.1.1960 у Свіслацкім р-не.
Працуе ф-ка лазовай мэблі; сярэдняя, муз. школа, спецшкола-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі, Свята-Троіцкая царква. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры 19 ст.: Поразаўскі Міхайлаўскі касцёл, Поразаўская сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎЕ,
горад абл. падпарадкавання ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Мінск—Маладзечна, на р. Свіслач пры ўпадзенні яе ў Заслаўскае вадасх. За 27 км ад Мінска, чыг. ст. Беларусь на лініі Мінск—Маладзечна, 13,7 тыс.ж. (1997).
Паводле археал. даследаванняў, у 10 ст. на правым беразе р. Свіслач існавала неўмацаванае паселішча крывічоў, на процілеглым беразе — пагост (велікакняжацкі адм.-гасп. пункт). Каля 985 на ПдЗ ад іх узнікла гарадзішча «Замэчак», якое на мяжы 11—12 ст. насельніцтва пакінула пасля ўзвядзення дзядзінца на месцы правабярэжнага паселішча. Паводле летапіснага падання, у 10 ст. кіеўскі кн.Уладзімір Святаславіч заснаваў туг горад для жонкі кн. полацкай Рагнеды Рагвалодаўны і сына Ізяслава Уладзіміравіча, у гонар якога названы. Верагодна, з пач. 12 ст. быў цэнтрам удзельнага Ізяслаўскага княства. У летапісах З. (Изяславль, Жеславль, Жаславль) упамінаецца пад 1127 у сувязі з паходам на Полацкую зямлю вял кн. кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча. У сярэдзіне 12 ст. горад і княства сталі аб’ектам барацьбы паміж полацкімі і мінскімі князямі. У канцы 13 ст., верагодна, увайшло ў склад ВКЛ. З 1345 прыватнаўласніцкі горад, належаў кн. Яўнуту, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі. У 1539 З. належала Глябовічам, з 1569 у складзе Мінскага пав. Былы дзядзінец у 16 ст. ператвораны ў рэзідэнцыю ўладальнікаў З. (гл.Заслаўскі замак). У канцы 16 ст. тут пабудаваны кальвінскі збор. З 1678 горадам валодалі Сапегі, з 1753 — Пшаздзецкія. У канцы 17—18 ст. цэнтр Заслаўскага графства, паводле прывілея 1772 атрымала права на 4 кірмашы ў год. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў З. былі цагельня і суконная ф-ка. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці. У 1873 праз яго пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, адкрыта ст. Ізяслаў. У 1904—3 тыс.ж., 2 школы, бальніца, аптэка, пошта, 2 царквы (захавалася Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква), Заслаўскі фарны касцёл. У 1924—59 цэнтр Заслаўскага раёнаБССР, з 27.9.1938 гар. пасёлак, з 14.8.1985 горад абл. падпарадкавання. З 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў З. і раёне загубілі 3938 чал. У 1977—6,5 тыс.чал.Стараж. частка горада, археал. і арх. помнікі ўключаны ў Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік.
Працуюць карданажна-паліграф.ф-ка, з-ды драбільна-сартавальны, жалезабетонных вырабаў, асфальтавы, малочны, хлебазавод. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, памятны крыж у гонар 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі. Памятны камень (1985) з нагоды 1000-годдзя горада. Помнікі архітэктуры: Заслаўскі фарны касцёл, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква. Помнік археалогіі гарадзішча Замэчак. На тэр. З. існаваў Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў.
Да арт.Заслаўе. Памятны крыж на гарадзішчы Замэчак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НСКІ СТЫЛЬ,
стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх.ч. базілікі — хор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум. жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.
Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.
На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;
М., 1966;
Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.
А.М.Кулагін.
Да арт.Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.Да арт.Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНСК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у сутоках р. Піна і Прыпяць. Чыг. ст. на лініі Брэст—Лунінец, вузел аўтадарог на Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін. Рачны порт. За 180 км на У ад Брэста. 131 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097. Назва ад р. Піна. Стараж. П. складаўся з дзядзінца, вакольнага горада (гл.Пінскія ўмацаванні) і гар. пасада. Пры археал. раскопках знойдзены сашнік, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, шпоры, упрыгожанні, каляровыя керамічныя пліткі, каменны абразок з выявай Спаса Эмануіла (12 ст.), высокамастацкая касцяная капавушка, рэчы з надпісамі. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. У 13 ст. ўтворана Пінская праваслаўная епархія.
З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ, з 15 ст. ў Трокскім ваяв. З 1-й пал. 16 ст. цэнтр Пінскага староства, з 1565—66 — Пінскага павета Берасцейскага ваяв. У 1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырв. полі залатыя лук са стралой і напятай цецівой. У 1596—1795 існавала Пінска-Тураўская уніяцкая епархія. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у вер. 1648 паўстанцы П. разам з казацкім атрадам А.Нябабы аказалі супраціўленне войску вял. стражніка ВКЛ Р.Мірскага. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс.ж. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 П. заняты атрадам Ф.Ф.Валконскага, разрабаваны і спалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла XII захапілі і разрабавалі горад. У 1-й пал. 18 ст. ў П. працавала друкарня (належала езуітам). Пінская кангрэгацыя 1791 зрабіла спробу ўтварыць асобную арг-цыю правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) П. у Рас. імперыі, цэнтр павета Мінскай губ. У 1794 у горадзе 3716 ж., 548 дамоў. У сярэдзіне 19 ст. працавалі медзеапрацоўчы з-д, тытунёвая ф-ка, 2 гарбарні, піваварня, млыны і інш. У 1858 адкрыта гімназія (з 1872 Пінскае рэальнае вучылішча). У 1882 праз П. прайшла паўд. ветка Палескіх чыгунак. У канцы 19 ст. ў горадзе дзейнічала 27 прадпрыемстваў, найб. з іх — майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы з-д, ф-кі — шпілечна-фанерная, тытунёвая, запалкавая «Прагрэс-Вулкан», 3 лесапільні, маслабойня і інш. У 1897 у П. 28 368 ж. У час рэвалюцыі 1905—07 тут адбываліся забастоўкі рабочых, усеагульная стачка 1905 задушана карнай экспедыцыяй ген. Арлова. З 15.9.1915 да 25.1.1919 горад акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 П. у складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. У 1925—39 існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. З ліст. 1939 П. у складзе БССР, база Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З 4.12.1939 цэнтр Пінскай вобласці, з 15.1.1940 — Пінскага раёна. У 1939 у П. 35,9 тыс.ж. У 1940 працавалі суднарамонтны і 2 фанерныя з-ды, запалкавая ф-ка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, настаўніцкі ін-т, пед. вучылішча, муз. і фельчарская школы, абл.драм. тэатр, б-кі, 8 дзіцячых садоў, абл. і гар. бальніцы, паліклінікі, база Пінскай ваеннай флатыліі. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі. У час Вял.Айч. вайны дзейнічала Пінскае патрыятычнае падполле. Ням.-фаш. захопнікі знішчылі ў П. 59 084 чал., з іх 20 тыс. ваеннапалонных. Вызвалены 14.7.1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1947—51 база Дняпроўскай ваен. флатыліі апошняга фарміравання, у 1951—93 тут існаваў вучэбны цэнтр сав. (з канца 1991 рас.) ВМФ. З 8.1.1954 П. — раённы цэнтр Брэсцкай вобл. У 1959 у П. 41,5 тыс.ж., у 1986—112,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. (Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Пінскі ліцейна-механічны завод, з-ды доследна-мех., сродкаў малой механізацыі і металаканструкцый і інш.), лёгкай (Пінскі завод штучных скур, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», прамысл,гандл.трыкат. прадпрыемства «Дынама», ільнозавод і інш.), дрэваапр. (Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод), буд. матэрыялаў, мікрабіял. (Пінскі завод кармавых вітамінаў), харч. (Пінскі кансервавы завод, масласырбаза, мясакамбінат, хлебазавод і інш.) прам-сці. Дзейнічаюць Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі сельскагаспадарчы каледж, Пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, Пінскі банкаўскі каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў, Музей Беларускага Палесся. Мемарыяльны комплекс вызваліцелям на брацкай магіле сав. воінаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызан. Стэла на месцы знішчэння сав. грамадзян ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: Айч. вайны 1812, у гонар буд-ва шашы Пінск—Брэст, воінам-вызваліцелям, маракам Дняпроўскай флатыліі, В.З.Харужай, у гонар 40-годдзя вызвалення Пінска. Археал. помнік — гарадзішча старажытнага Пінска (археал. запаведнік).
У 16 ст. на месцы стараж. дзядзінца размяшчаўся драўляны старосцінскі замак. На месцы б. вакольнага горада сфарміраваліся 2 паўкальцы: унутр. і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На Пн ад замка ва ўнутр. паўкальцы знаходзілася гандл. плошча (Стары рынак). Паводле інвентара 1660-х г., у горадзе вылучаліся 2 раёны: асн. (паблізу замка) і па р. Ясельда, у паўн. частцы паселішча. Былі 2 масты — Троіцкі і Спаскі, 6 брам на асн. магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Найб. вуліца — Вял. Спаская, утварала гал. вось горада ўздоўж р. Піна. Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды. У сярэдзіне 17 ст. горад вырас, у выніку рэгулявання планіроўкі арх.-планіровачная структура яго была ўпарадкавана. Утварыліся 3 асн. магістральныя напрамкі: зах., усх. і паўночны. Мяркуюць, што ў гэты час склалася квартальная планіроўка. У сярэдзіне 16 ст. ў горадзе было 14 правасл. цэркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (засн. ў 1542), 2 правасл. манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча—Пінскі Лешчанскі манастыр). У 2-й пал. 16 ст. пабудаваны правасл. Богаяўленскі манастыр. У 17—18 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр горада. Паводле плана 1798 П. меў складаную планіроўку. Цэнтр. месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі. спіхлерамі, важніцай, гандл. радамі. Сярод правасл. цэркваў у 16—17 ст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалаў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква св. Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі шматкупальныя (напр., Дзмітраўская царква мела 4 прытворы. званіцу з 5 званамі). Сярод манум. мураваных і драўляных пабудоў Пінскі касцёл і калегіум езуітаў, кляштары францысканцаў, кармелітаў (1734), марыявітак (1746), Пінскі палац (канец 18 ст.). У канцы 16 ст. на У ад П. ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плана, узведзены Пінскі Каралінскі замак. У 18 ст. тут пабудаваны Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў і Пінскі касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі. Першы праектны план забудовы П. (1800) прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гар. кварталаў і пракладку 2 новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Брэст і Нясвіж (ажыццёўлены ў агульных рысах). Да 1860-х г. у паўн. частцы пабудавана некалькі кварталаў, царква на могілках (1823, цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія будынкі і жылыя дамы ў духу эклектыкі (т-р «Казіно»), Рост прам-сці з 1880-х г., пракладка чыгункі паўплывалі на арх. аблічча горада. Пасля Вял.Айч. вайны П. забудоўваўся паводле генплана 1952 («Белдзяржпраект», арх. Я.Косціч, М.Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўн. (адмежаваны чыгункай), цэнтр., зах. і ўсх. планіровачныя раёны. У 1950-я г. горад пазбаўлены гал. дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесены гандл. рады, на месцы цэнтр.гіст. плошчы ўтворана пл. Леніна, забудаваная тыпавымі 4—5-павярховымі дамамі. У 1950—60-я г. пастаўлены жылыя і адм. будынкі, у дэкоры якіх выкарыстаны класічныя ордэрныя формы. У 1970—80-я г. масавае жыллёвае буд-ва вялося ў паўн., усх. і зах. раёнах горада. Створаны зоны адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. Запланавана стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах П., прыгарадных зон адпачынку. У 1990 распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. раёна горада з прапановамі па рэгенерацыі гіст. ядра (арх. Л.Зайцава). Праект рэалізуецца з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гіст. забудовы.
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Пінска. Мн., 1998.
Ю.А.Якімовіч, С.Ф.Самбук (архітэктура).
Пінск. Панарама раёна вуліцы М.Горкага.Пінск. Тэатр «Казіно». Фота пач. 20 ст.Пінск: панарама горада (уверсе), жылыя дамы 19—1-й пал. 20 ст.Набярэжная ў горадзе Пінск.