раннехрысціянскія творы пра жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Узніклі на мяжы 1—2 ст.н.э., аўтарамі Е. лічаць апосталаў або іх вучняў. Е. падзяляюцца на кананічныя — ад Матфея, Марка, Лукі і Іаана (уваходзяць у Новы Запавет) і апакрыфічныя (гл.Апокрыфы). На Беларусі Е. бытуюць з 10 ст. Найбольш стараж. Е., якія дайшлі да нас, — Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкія (12—14 ст.), Мсціжскае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае (14 ст.), Жыровіцкае (15 ст.), Шарашоўскае (16 ст.; гл. адпаведныя артыкулы). Евангельскія сюжэты, вобразы, прытчы, сімвалы шырока выкарыстоўвалі ў літ. і асветніцкай дзейнасці Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Ф.Скарына, В.Цяпінскі (першы надрукаваў Е. на старабел. мове), С.Будны, Л. і С.Зізаніі, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, А.Філіповіч і інш. Сюжэты, змест і вобразы Е. выкарыстоўвалі майстры скульптуры, жывапісу, кніжнай графікі, пісьменнікі (Сімяон Полацкі, М.Багдановіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.Караткевіч і інш.).
Літ.:
Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.
Да арт.Евангеллі. «Евангелле вучыцельнае» Каліста. Еўе. 1616.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КАВАЯ ТЭО́РЫЯ МО́ВЫ,
вучэнне, якое даследуе мову ў адносінах да інш. знакавых сістэм (матэм., муз., дарожнай і інш.), а таксама яе падабенства ці адрозненне ад іх. Заснавальнік семіётыкіамер. філосаф Ч.Пірс разглядаў мову як знакавыя адзінкі, характэрнай рысай якіх служыць адсутнасць знешняга падабенства з суадноснымі прадметамі. Амер. вучоны Ч.Морыс прапанаваў разглядаць усе знакі (у т. л. і моўныя) у трох вымярэннях: адносіны знакаў да аб’ектаў (семантыка), да інш. знакаў (сінтактыка) і да тых, хто карыстаецца гэтымі знакамі (прагматыка). Заснавальнік лінгвасеміётыкі (навукі, што вывучае знакавыя ўласцівасці мовы) швейцарскі лінгвіст Ф. дэ Сасюр асн. рысамі моўных знакаў лічыў іх сістэмнасць і наяўнасць адвольнай сувязі паміж іх планамі выражэння і планамі зместу. Гэтыя рысы надаюць мове стабільнасць, а таксама здольнасць фармуляваць самыя складаныя адцягненыя паняцці. Найб. выразны знакавы характар маюць пісьмовыя формы мовы, разам з якімі выкарыстоўваюцца і неславесныя знакі (лічбы, сімвалы і інш.).
Літ.:
Семиотика языка и литературы. М., 1983;
Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫТЭ́Н (Maritain) Жак (18.11.1882, Парыж — 29.4.1973),
французскі рэліг. філосаф, прадстаўнік неатамізму. Адукацыю атрымаў у ліцэі Генрыха IV і Сарбоне, вучань А.Бергсона. У 1906 прыняў каталіцтва. З 1914 праф. Каталіцкага ін-та ў Парыжы, з 1933 у Ін-це сярэдневяковых даследаванняў у Таронта (Канада). З 1940 праф. Прынстанскага і Калумбійскага ун-таў (ЗША). У 1945—48 пасол Францыі ў Ватыкане. Крытыкаваў Рэфармацыю і філасофію Новага часу, мяркуючы, што іх прадстаўнікі (М.Лютэр, Ж.Ж.Русо, І.Кант і інш.) нясуць адказнасць за разбурэнне сярэдневяковага светапогляду і ладу жыцця. Сфармуляваў рэліг.-утапічную ідэю інтэгральнага гуманізму, які павінен перабудаваць цывілізацыю, згуртаваць людзей на аснове рэліг. каштоўнасцей. Выступаў з ліберальнай крытыкай капіталізму і сацыялізму, рэзка асуджаў фашызм. Спасылаючыся на вучэнне Фамы Аквінскага, даказваў неабходнасць гармоніі розуму і веры, лічыў плённым вяршэнства тэалогіі і метафізікі над канкрэтнымі галінамі тэарэт. ведаў. Сацыякультурны ідэал М. атрымаў афіц. прызнанне каталіцкай царквы пасля II Ватыканскага сабора. У сваіх працах з пазіцый тамізму асвятляў праблемы псіхалогіі, сацыялогіі, этыкі, эстэтыкі і педагогікі. Асн. творы — «Мастацтва і схаластыка» (1920), «Антымадэрн» (1922), «Інтэгральны гуманізм» (1936).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАТЭІ́ЗМ (ад мона... + грэч. theos бог),
сістэма рэліг. вераванняў, заснаваная на ўяўленні пра адзінага Бога (адзінабожжа) у адрозненне ад політэізму (мнагабожжа). М. — характэрная асаблівасць хрысціянства, іудаізму і ісламу. Аднак паняцце «М.» адноснае, бо ні адна рэлігія не з’яўляецца паслядоўна монатэістычнай. Культ адзінага Бога ў іх арганічна звязаны з шанаваннем інш. багоў, якія ўтвараюць складаную іерархічную сістэму (анёлы, прарокі, апосталы, святыя і інш.).
М. вынікае з гіст. развіцця рэліг. вераванняў. З 18 ст. існуе думка (К.Ф.Вальней, А.Конт, Дж.Лебак і інш.), што М. ёсць апошняя і вышэйшая форма рэлігіі, якая вырасла з політэізму ў працэсе развіцця абстрактнага мыслення. Элементы М. ўзнікалі ў Стараж. Кітаі (культ вярх. бога Шандзі), у Індыі (вучэнне аб Брахме), Стараж. Егіпце (рэліг. рэформа цара Аменхатэпа IV (Эхнатона), Вавілоне (усе багі — сутнасць адзінага вярх. бога Мардука), Стараж. Перу (культ бога-сонца), у стараж. яўрэяў бог Яхве. Хрысціянства, засвоіўшы культ вярх. бога (Бог-айцец), дапоўніўшы яго верай у Бога-сына, які ўвасобіўся ў «богачалавека» Хрыста, неаплатанічным вучэннем аб адзіным сусв. духу (Бог — Дух святы) не можа лічыцца строга монатэістычнай рэлігіяй: хрысціянскі Бог — Тройца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЎЭН (Owen) Роберт (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),
англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.Мор і Т.Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДУА́НСКАЯ ШКО́ЛА,
філас. кірунак 14—16 ст., які развіваў ва ун-тах Паўн. Італіі (Падуі, Мантуі, Ферары, Балонні) традыцыі арыстоцелізму ў авераісцкай інтэрпрэтацыі (гл.Авераізм) або ў тлумачэнні Аляксандра Афрадыйскага (грэч. каментатар Арыстоцеля). Звязана з дзейнасцю праф. Падуанскага ун-та П’етра д’Абана, які замацаваў у італьян. ун-тах прыродазнаўчую праблематыку і арыстоцелізм у трактоўцы араб. філосафаў і Марсілія Падуанскага, які адстойваў аддзяленне палітыкі ад царк. аўтарытэту і рэліг. маралі. Да П.ш. належалі праф. Падуанскага і Балонскага ун-таў Анджэла д’Арэца, Паала Венета, Гаэтана да Цьене, Нікалета Вернія, П’етра Трапаліна, Марка Антоніо Зімара, Алесандра Акіліні, Агасціна Ніфа. На філас. думку некаторых прадстаўнікоў позняга перыяду П.ш. паўплывалі ідэі тамізму. Для П.ш. характэрны рысы сярэдневяковага вальнадумства. Прыняўшы дзвюх ісцін тэорыю, філосафы П.ш. развівалі палажэнні, матэрыялістычныя па сваёй тэндэнцыі і непрымірымыя з вучэннем царквы: своеасаблівы сенсуалізм у гнасеалогіі, уяўленне аб нястворанасці чалавечага роду і яго калект. бессмяротнасці, аб адзінстве бессмяротнай душы чалавецтва і смяротнасці індывід. душы, вучэнне аб несвабодзе волі чалавека, аб натуральным дэтэрмінізме. П.ш. мела ўплыў на італьян. філосафаў Дж.Бруна, Дж.Ваніні, П.Пампанацы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМІ́ЗМ (ад лац. Thomas Фама),
кірунак у схаластыцы і каталіцкай тэалогіі, які сфарміраваўся пад уплывам філасофіі Фамы Аквінскага. Характарызуецца імкненнем да рацыянальнага абгрунтавання хрысціянскага веравучэння, арыентаванасцю на філасофію Арыстоцеля ў большай ступені, чым на вучэнне Платона і неаплатонікаў. Гнасеалогія Т. заснавана на перакананні, што сэнс пазнанага шляхам божага адкрыцця павінен знаходзіцца ў згодзе з рацыянальным усведамленнем; у тэалогіі тамісты аддавалі перавагу касмалагічнаму доказу быцця Бога, а не анталагічнаму; антрапалогія Т. базіруецца на вучэнні пра адзінства душы і цела, якому душа надае «субстанцыянальную форму», этыка — на арыстоцелеўскай канцэпцыі дабрачыннасці як сярэдзіны паміж 2 заганамі. Першапачаткова Т. крытыкаваўся з боку прадстаўнікоў аўгусцініянства, якія ў пытаннях веры аддавалі перавагу інтуіцыі, і ў 1277 быў афіцыйна асуджаны ун-тамі Парыжа і Оксфарда. У 14 ст. Т. стаў агульнапрынятай дактрынай дамініканскага ордэна, якую абаранялі Гервей Наталіс, Іаан Капрэол у палеміцы з францысканскімі апанентамі. Пасля кананізацыі Фамы Аквінскага ў 1323 Т. замацаваўся ва ун-тах Парыжа і Кёльна. У 16 ст. Т. стаў пануючым вучэннем у каталіцкім багаслоўі (Ф.Суарэс). У 1879 энцыклікай папы Льва XIII Т. зацверджаны ў якасці каталіцкай дактрыны. Гл. таксама Неатамізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКТАНІ́ЧНЫ ЦЫКЛ,
перыяд геал. гісторыі Зямлі, які вызначаецца сукупнасцю паслядоўнага развіцця буйных структур тэктанасферы і агульнагеал. падзей. Найб. праяўлены ў геасінкліналях, дзе цыкл пачынаецца з апусканняў зямной кары, намнажэння глыбакаводных асадкаў пры праяўленні падводнага вулканізму, прыводзіць да ўтварэння на іх месцы складкавых і складкава-глыбавых структур і заканчваецца гораўтварэннем (цыклы Шціле).
Т.ц. наз. таксама цыкл складкавасці, эпоха складкавасці або складкавасць. Вылучаюць яшчэ Т.ц. як этапы развіцця складкавых паясоў (цыклы Вілсана): кантынентальнага рыфтагенезу, раннюю, спелую, згасання, заключную і рэліктавую стадыі. На платформах на пач. цыкла кантынент. ўмовы змяняюцца трансгрэсіяй мора, потым рэгрэсіяй і ўстанаўленнем кантынент. рэжыму з утварэннем кор выветрывання. Вучэнне аб Т.ц. найб. распрацавана для позняга пратэразою і фанеразою (байкальская, каледонская, герцынская, кімерыйская, альпійская складкавасці або Т.ц., гл. адпаведныя арт.). Сярэдняя працягласць Т.ц. 150—200 млн.г. Іх аб’ядноўваюць у вял. мегацыклы (каля 550 млн.г.). У дакембрыі вылучаецца не менш за 4 мегацыклы, фанеразой ахоплівае 1 мегацыкл. Уяўленні пра Т.ц. выкарыстоўваюць пры складанні тэктанічных і металагенічных карт вял. тэрыторый (Еўропы, Еўразіі, Свету). Блізкія паняцці да Т.ц. — тэктона-магматычны цыкл, арагенічны цыкл, эпоха тэктанічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕАЛО́ГІЯ [ад грэч. telos (teleos) вынік, заканчэнне + ...логія],
вучэнне пра мэтазгоднасць як характарыстыку аб’ектаў, працэсаў і быцця ўвогуле. Асновы тэлеалагічнага падыходу закладзены ў стараж.-грэч. філасофіі, тэрмін «Т.» ўведзены ў навуку ў 1740 ням. філосафам К.Вольфам. У адрозненне ад дэтэрмінізму Т. пастуліруе асаблівы тып прычыннасці — мэтавы, згодна з якім мэта і канчатковы вынік уздзейнічаюць на ход кожнага працэсу. Адрозніваюць Т.: антрапацэнтрычную, згодна з якой свет створаны дзеля мэт чалавека (Вольф і інш.); трансцэндэнтную, якая прызнае існаванне звышнатуральнага пачатку, што вызначае канчатковую мэту сусветнага працэсу (Платон, неатамізм і інш.); іманентную, якая зыходзіць з таго, што мэта закладзена ў саміх рэчах (Арыстоцель, Г.В.Лейбніц, Ф.В.І.Шэлінг, Г.В.Ф.Гегель і інш._). Як гнасеалагічны падыход Т. разглядаў І.Кант, які лічыў Т. «эўрыстычным прынцыпам», што мае значэнне для спосабу пазнання навакольнага асяроддзя, але не з’яўляецца анталагічнай характарыстыкай быцця. Анталагічная Т. развівалася ў філасофіі А.Шапенгаўэра, Э Гартмана, П.Тэяра дэ Шардэна і інш. Т. набыла пэўнае пашырэнне ў фізіялогіі (віталізм, халізм), псіхалогіі («фізіялогія актыўнасці», біхевіярызм), сацыялогіі (структурна функцыянальны аналіз), кібернетыцы (неафіналізм, інфарм., віталізм) і інш.