МАРЫЕНГО́Ф Анатоль Барысавіч (6.7.1897, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.6.1962),

расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1918. Тэарэтык імажынізму (зб. арт. «Буян-Востраў. Імажынізм», 1920). У творах 1920-х г. вобраз паэта-паяца, прадстаўніка багемы і адначасова шукальніка праўды, бунтара, прарока (паэт. зб-кі «Вітрына сэрца», 1918; «Вершамі фанабэрствую», 1920; «Распуснічаю з натхненнем», «Хмаралёт», абодва 1921; вершаваная гіст. трагедыя «Змова дурняў», 1922, і інш.). Познія вершы адметныя засяроджанасцю, драм. успрыняццем жыцця. Прозе М. ўласцівы кантрастныя вобразы, буйныя планы, сцверджанне высокага праз нізкае. Аўтабіягр. «Раман без хлусні» (1927) пераважна пра сяброўства з С.​Ясеніным. Аўтар раманаў «Цынікі» (1928), «Голены чалавек» (1930), п’ес «Блазан Балакіраў» (1940), «Суд жыцця» (1948), «Нараджэнне паэта» (1951, пра М.​Лермантава), успамінаў «Маё стагоддзе, мае сябры і сяброўкі» (нап. 1956, выд. пад назвай «Маё стагоддзе, мая маладосць, мае сябры і сяброўкі», 1988), кінасцэнарыяў і інш.

Тв.:

Циники. М., 1990;

Бритый человек. М., 1991;

Неизвестный Мариенгоф: Избр. стихи и поэмы 1916—1962 гг. СПб., 1996.

А.​В.​Спрынчан.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́НСЕН (Nansen) Фрыцьяф (10.10. 1861, Осла — 13.5.1930),

нарвежскі акіянолаг, даследчык Арктыкі, грамадскі дзеяч. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1898). У 1880—82 вучыўся ва ун-це ў Осла, з 1897 праф. гэтага ун-та. У 1888 перасек Грэнландыю (на лыжах), вызначыў характар яе ледавіковага покрыва. У 1893—96 на судне «Фрам» дрэйфаваў ад Новасібірскіх а-воў да в-ва Шпіцберген. Даказаў наяўнасць вял. глыбінь у Арктыцы, даследаваў структуру і паходжанне яе водных мас, адкрыў уплыў вярчэння Зямлі на рух ільдоў. У 1900 вывучаў цячэнні ў Паўн. Ледавітым ак. У 1923 праплыў уздоўж берагоў Расіі да вусця р. Енісей, падарожнічаў на Пд Усх. Сібіры і Д. Усходу. Імем Н. названы падводны хрыбет, праліў, востраў, катлавіна ў Паўн. Ледавітым ак., гара на п-ве Таймыр. Нобелеўская прэмія міру 1922.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1937-40.

Літ.:

Нансен-Хейер Л. Книга об отце: Пер. с норв. 2 изд. Л., 1986.

Ф.Нансен.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ЙО́РКСКАЯ ГАРАДСКА́Я О́ПЕРА (New York City Opera). Засн. ў 1943 у Нью-Йорку ў будынку Гар. цэнтр. тэатра. З 1966 працуе ў будынку Т-ра штата Нью-Йорк у Лінкальн-цэнтры. Адкрыта ў 1944 спектаклем «Тоска» Дж.​Пучыні. У рэпертуары творы амер. кампазітараў

(«Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна, «Патрывожаны востраў» У.​Г.​Стыла, «Ласкавая зямля» А.​Копленда, «Крылы галубкі» Дж.​Мура, «Вар’ятка» Дж.​К.​Меноці),

сусв. класікаў («Любоў да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева, «Воцак» А.​Берга, «Юлій Цэзар» Г.​Ф.​Гендэля, «Каранацыя Папеі» К.​Мантэвердзі, «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта, «Травіята» Дж.​Вердзі і інш.). З 1984 неангламоўныя творы суправаджаюцца цітрамі на англ. мове («бягучы радок» над прасцэніумам). У т-ры працуюць (2000): спевакі Э.​Бертан, С.​Паўэл; дырыжоры Дж.​Мэнахан, Л.​Мейджар; рэжысёры Дж.​Робінсан, М.​Ламас; маст. кіраўнік П.​Келаг.

Я.​У.​Новікаў.

«Нью-Йоркскі гарадскі балет». Сцэна са спектакля «Антычныя эпіграфы». Балетмайстар Дж.​Робінс.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУ́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Павулле,

Цётча. Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 18 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 8,45 км², даўж. 6,4 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 25 км. Пл. вадазбору 652 км². Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 6—8 м (на Пн і З да 20 м), пераважна спадзістыя, сугліністыя і супясчаныя, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі забалочаныя. У паўд. ч. 2 вузкія доўгія залівы. На ПнУ і У забалочаная пойма шыр. 15—25 м. Востраў пл. 6 га. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае і пясчана-гліністае, глыбей дно сапрапелістае. У летні час вада праграваецца да дна і добра насычаецца кіслародам. Мінералізацыя каля 200 мг/л. Празрыстасць 0,7—1,3 м. Эўтрофнае. Зарастае. Возера багатае рыбай, ёсць вугор. Праз возера цячэ р. Дзіва (злучае яго з азёрамі Бярозаўскае і Янова). Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. з азёр Чарсцвяцкае і Вяркудскае.

Павульскае возера.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДКО́ЎСКІ Міхась (Міхаіл Міхайлавіч; 17.4.1936, в. Востраў Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 7.7.1991),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1961). Настаўнічаў. З 1960 у Ганцавіцкай раённай газеце, у 1962—82 на Брэсцкай студыі тэлебачання. Друкаваўся з 1957. Аўтар зб-каў лірыкі «Першыя вёрсты» (1963), «Сінія Брады» (1967), «Позвы» (1971), «У краі тым...» (1975), «Векавечная Бацькаўшчына» (1976), «Трыгор’е» (1981), «Засцярога» (1984). Гал. тэма яго твораў — Беларусь, хараство яе краявідаў, дабрыня, мужнасць і шчырасць людзей, іх надзеі, праблемы і трывогі, мінулае, сучаснае і будучыня. Палессе ў паэзіі Р. паўстае як край казачна-рамантычны, амаль былінны. Вершам Р. ўласціва тонкая акварэльнасць малюнка, трапнасць маст. дэталі, светлыя элегічныя інтанацыі роздуму пра ўзаемасувязі прыроды і чалавека, псіхалагізм. Працаваў у жанры балады, элегіі, санета, трыялета і інш. Пераклаў на бел. мову вершы ўкр. паэтаў.

Тв.:

Залатазвон: Выбр. лірыка. Мн., 1986;

Гарынь: Вершы. Мн., 1992.

Літ.:

Калеснік Зорны спеў. Мн., 1975.

Т.​К.​Чабан.

М.Рудкоўскі.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСА́НАЎ Уладзімір Аляксандравіч (15.11.1875, г. Арол, Расія — 1913),

расійскі даследчык Арктыкі. Скончыў Арлоўскую духоўную семінарыю (1897), Парыжскі ун-т (1907). За ўдзел у студэнцкім рэв. руху ў Кіеўскім ун-це ў 1901 сасланы ва Усць-Сысольск (цяпер Сыктыўкар). У 1903 эмігрыраваў у Францыю. У 1908 прымаў удзел у франц., а ў 1909 — у рус. экспедыцыях на Новую Зямлю. У 1910 і 1911 кіраваў экспедыцыямі на гэты архіпелаг, пехатой перасек в-аў Паўночны, на маторна-ветразевых суднах плаваў вакол а-воў Паўночны і Паўднёвы. Правёў шэраг тапаграфічных, геал., і гідралагічных работ. У 1912 кіраваў экспедыцыяй на боце «Геркулес» па даследаванні вугляносных раёнаў Шпіцбергена, затым адправіўся на У і прапаў без вестак. У 1934 на астравах каля зах. ўзбярэжжа п-ва Таймыр знойдзены драўляны слуп з надпісам «Геркулес. 1913» і некат. рэчы ўдзельнікаў экспедыцыі. Імем Р. названы бухта і паўвостраў на Новай Зямлі, ледавік на Паўн. Зямлі, востраў у праліве Вількіцкага, гара ў Антарктыдзе.

т. 13, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРГІЕ́ВІЧ Зміцер Рыгоравіч (н. 8.8.1912, в. Сухое Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. З 1929 у Мінску. Працаваў у Радыёцэнтры Беларусі. Вучыўся ў Мінскім вышэйшым пед. ін-це (1932). У 1933 рэпрэсіраваны. У 1935 вярнуўся ў г. Калінкавічы Гомельскай вобл. Працаваў на фанернай ф-цы ў Мазыры. У Вял. Айч. вайну на фронце. З 1945 у газ. «За честь Родины» (Вена). З 1950 у газ. «Зищитник Родины» (Адэса). У 1956—61 у газ. Паўд. групы войск «Ленинское знамя» (Будапешт). З 1961 жыве ў Адэсе. Дэбютаваў вершамі на бел. мове ў 1930 (пад псеўд. Змітро Віталін). Аўтар зб. вершаў «Будзем жыць!» (1932). У Адэсе пад сваім прозвішчам на рус. мове выдаў кнігі прозы пераважна на ваен. тэматыку: «На блакітным Дунаі» (1955), «Першы бой» (1957), «Прывітанне з юнацтва» (1964), «Трывожная восень» (1966), «Высокі востраў» (1969), «Маршавая рота» (1971), «Навальніца на світанні» (1973), «Сосны пасярод поля» (1975), «Добрыя прыкметы» (1978), «Няма апошніх рубяжоў» (1982) і інш.

т. 14, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛАВЕ́СІ (Sulawesi), Цэлебес,

востраў у Малайскім архіпелагу, самы ўсходні з Вялікіх Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. каля 170 тыс. км² Нас. каля 15 млн. чал. (2000). Складаецца з 4 доўгіх паўастравоў. Берагавая лінія вельмі парэзана, але зручных гаваней мала. Паверхня гарыстая (выш. да 3455 м, г. Рантэкомбала). Шмат патухлых вулканаў, на ПнУ ёсць дзеючыя (Клабат і Сапутан). Частыя землетрасенні. С. складзены са стараж. гранітаў і гнейсаў, мезазойскіх вапнякоў, маладых асадкавых і вулканічных парод. Карысныя выкапні: жалеза, нікель, золата, серабро, свінец, волава, вугаль, нафта. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, на Пн — экватарыяльны. Сярэднегадавая т-ра на ўзбярэжжы 25—27 °C, ападкаў 2000—5000 мм за год. Шмат азёр і горных рэк. Вільготныя трапічныя лясы (пальмы, панданусы, сандалавае, эбенавае, цікавае і інш. дрэвы, ліяны, бамбук). На Пд высакатраўныя саванны. У складзе фауны кабан-бабіруса, сумчатыя (кускусы), чубаты макак, райская птушка, какаду і інш. Вырошчваюць какосавыя пальмы, рыс, батат, кукурузу, чорны перац, каву, мускатны арэх. Рыбалоўства. Асн. гарады: Уджунгпанданг (Макасар), Манада, Гарантала.

т. 15, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́КСЛІ (Huxley) Олдас Леанард (26.7.1894, Годалмінг, Вялікабрытанія — 22.11.1963),

англійскі пісьменнік. Брат Дж.С.Хакслі. Скончыў Оксфардскі ун-т (1921). Дэбютаваў як паэт (1916). У інтэлектуальных «раманах ідэй» «Жоўты Кром» (1921), «Блазнерскі карагод» (1923), «Кантрапункт» (1928) выкрываў заганы тагачаснага грамадства. Вядомасць прынеслі антыутопіі «Цудоўны новы свет» (1932) і «Малпа і сутнасць» (1948) — сатыра на таталітарызм, стандартызаваны лад жыцця «грамадства спажывання». Разгубленасць і трывога за будучыню чалавецтва, нявер’е ў сац. прагрэс і духоўны патэнцыял асобы (сац.-псіхал. раман «Геній і багіня», 1955) прывялі Х. да містыцызму, ідэй будызму (раман-утопія «Востраў», 1962). Аўтар філас. раманаў «Сляпы ў Газе» (1936), «Пасля многіх гадоў памірае лебедзь» (1939), зб-каў вершаў, апавяданняў, філас. трактатаў, літ.-крытычных і мастацтвазнаўчых артыкулаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Л.​Баршчэўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Желтый Кром: Роман. Рассказы. М., 1987;

Контрапункг;

Новеллы. Л., 1990;

О дивный новый мир. Обезьяна и сущность. Через много лет: Романы. М., 2002.

Е.​А.​Лявонава.

т. 16, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́НСЮ, Хонда,

самы вялікі в-аў Японскага архіпелага, паміж Ціхім ак. і Японскім морам. Пл. 230,4 тыс. км² (з прылеглымі астравамі 231 тыс. км²), даўж. больш за 1400 км. На Х. жыве каля 80% насельніцтва Японіі. У рэльефе пераважаюць нізкія і сярэдневышынныя горы выш. 1500—2000 м (хр. Оу, Хіда, Кісо, Акаісі і інш.). Найб. высокія хрыбты (т.зв. Японскія Альпы) укрыты снежнікамі, маюць формы альпійскага рэльефу. Каля 20 дзеючых вулканаў, у т. л. Фудзіяма, і шмат патухлых. Частыя землетрасенні (катастрафічнае Такійскае ў 1923). Невял. прыбярэжныя раўніны (Канто, Нобі і інш.). Клімат акіянічны мусонны, на Пн умераны, на Пд субтрапічны. Восенню звычайна бываюць тайфуны. У гарах на Пн шыракалістыя лясы, участкі тайгі; на Пд — субтрапічныя (вечназялёныя і хвойныя) лясы. Нац. паркі — Бандай-Асахі, Ніко, Фудзі-Хаконе-Ідзу і інш. Раўніны разараны і густа населены. Гал. гарады: Токіо, Осака, Нагоя, Кіёта, Іакагама, Кобе. Пра гаспадарку гл. ў арт. Японія.

Востраў Хонсю. Гара Фудзіяма.

т. 17, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)