СУЛАВЕ́СІ (Sulawesi), Цэлебес,
востраў у Малайскім архіпелагу, самы ўсходні з Вялікіх Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. каля 170 тыс. км² Нас. каля 15 млн. чал. (2000). Складаецца з 4 доўгіх паўастравоў. Берагавая лінія вельмі парэзана, але зручных гаваней мала. Паверхня гарыстая (выш. да 3455 м, г. Рантэкомбала). Шмат патухлых вулканаў, на ПнУ ёсць дзеючыя (Клабат і Сапутан). Частыя землетрасенні. С. складзены са стараж. гранітаў і гнейсаў, мезазойскіх вапнякоў, маладых асадкавых і вулканічных парод. Карысныя выкапні: жалеза, нікель, золата, серабро, свінец, волава, вугаль, нафта. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, на Пн — экватарыяльны. Сярэднегадавая т-ра на ўзбярэжжы 25—27 °C, ападкаў 2000—5000 мм за год. Шмат азёр і горных рэк. Вільготныя трапічныя лясы (пальмы, панданусы, сандалавае, эбенавае, цікавае і інш. дрэвы, ліяны, бамбук). На Пд высакатраўныя саванны. У складзе фауны кабан-бабіруса, сумчатыя (кускусы), чубаты макак, райская птушка, какаду і інш. Вырошчваюць какосавыя пальмы, рыс, батат, кукурузу, чорны перац, каву, мускатны арэх. Рыбалоўства. Асн. гарады: Уджунгпанданг (Макасар), Манада, Гарантала.
т. 15, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)