ЗАГАРТО́ЎКА,

тэрмічная апрацоўка матэрыялаў, якая робіцца іх награваннем і наступным хуткім ахаладжэннем з мэтай фіксацыі (замацавання) высокатэмпературнага стану або прадухілення (падаўлення) непажаданых працэсаў, што адбываюцца пры павольным ахаладжэнні. З. магчыма толькі для рэчываў, раўнаважны стан якіх пры высокай т-ры адрозніваецца ад раўнаважнага стану пры нізкай т-ры (крышт. структурай, канцэнтрацыяй, дэфектнасцю). У выніку З. ствараецца адносна ўстойлівы (метастабільны) стан, які пры награванні пераходзіць у больш стабільны. З. апрацоўваюць металы, іх сплавы, шкло і інш.

Найб. пашырана З. сталі. Награваннем вышэй за крытычную т-ру сталь пераводзіцца ў стан аўстэніту — цвёрдага раствору вугляроду і легіравальных элементаў у гама-жалезе, што дазваляе растварыць у аўстэніце карбіды і рэалізаваць уплыў легіравальных элементаў і вугляроду на ўласцівасці сталі. Пры ахаладжэнні з пэўнай скорасцю падаўляецца распад аўстэніту на ферытна-карбідную сумесь і адбываецца бездыфузійнае (зрухавае) пераўтварэнне аўстэніту ў мартэнсіт. Пры гэтым рэзка павялічваецца цвёрдасць, трываласць, магн. насычэнне і зніжаецца пластычнасць сталі. Пасля З. сталі абавязковы водпуск, які забяспечвае зададзенае спалучэнне цвёрдасці, трываласці, вязкасці і пластычнасці. Загартоўваюць таксама старэючыя сплавы (для атрымання перанасычанага цвёрдага раствору, які распадаецца пры старэнні з умацаваннем), вадкасці (для фіксацыі шклопадобнага стану), шкло (для зніжэння дэфектнасці і паляпшэння мех. уласцівасцей) і інш. Пры З. цвярдзеюць толькі сталі, якія загартоўваюцца на мартэнсіт; З. металічных сплаваў (старэючых, накляпаных і інш.) суправаджаецца зніжэннем цвёрдасці.

Літ.:

Курдюмов Г.В. Явления закалки и отпуска стали. М., 1960.

Г.​Г.​Паніч.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІО́БІЙ (лац. Niobium),

Nb, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 41, ат. м. 92,9064. У прыродзе адзін стабільны ізатоп ​93Nb. У зямной кары 210​−3% па масе, трапляецца звычайна разам з танталам (гл. Ніобіевыя руды). Адкрыты ў выглядзе аксіду ў 1801 англ. вучоным Ч.​Хатчэтам (названы ім «калумбіем»), незалежна ад яго ў 1844 ням. хімікам Г.​Розе (прапанаваў назву Н.; ад імя Ніобы — дачкі міфалагічнага Тантала); пазней даказана ідэнтычнасць Н. і калумбію. Назва ўзаконена ў 1950 Міжнар. саюзам тэарэт. і прыкладной хіміі.

Светла-шэры пластычны метал, tпл 2477 °C, tкіп каля 4760 °C, шчыльн. 8570 кг/м³, т-ра пераходу ў звышправодны стан 9,28 К. У звычайных умовах хімічна ўстойлівы. Раствараецца толькі ў плавікавай кіслаце, яе сумесях з азотнай к-той і расплавах шчолачаў. Кампактны Н. у паветры пачынае акісляцца пры t > 200 °C. Пры награванні ўзаемадзейнічае з хлорам, фторам, вадародам, азотам, вугляродам і інш. Атрымліваюць аднаўленнем аксіду Nb (V) Nb2O5, гептафтораніабату (V) калію K2NbF7, асабліва чысты Н. і пакрыцці з яго на інш. металах — аднаўленнем пентахларыду NbCl5 вадародам пры t > 1000 °C. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент нержавейных і гарачаўстойлівых сталей, сплавы Н. з вальфрамам, малібдэнам і цырконіем — як гарачаўстойлівыя канстр. матэрыялы ў ядз. энергетыцы, авіяц. і касм. тэхніцы, каразійнаўстойлівыя сплавы Н. з танталам — для вырабу хім. абсталявання, што працуе ў агрэсіўным асяроддзі, сплавы Н. з тытанам і цырконіем, а таксама звышправаднікі станід Nb3Sn і германід Nb3Ge (т-ра пераходу ў звышправодны стан 23,2 К) — у радыёэлектроніды для вырабу звышправодных саленоідаў.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛУЧЭ́ННЕ ЗЯМЕ́ЛЬ БЕЛАРУ́СІ ДА РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ.

Ажыццёўлена ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772, 1793 (без Аўстрыі) і 1795 (пра кожны падзел гл. асобны арт.). Расія набыла пераважна землі Беларусі, Левабярэжнай Украіны Правабярэжнай Украіны, Літвы пл. 41 млн. дзес. з 3,8 млн. чал. Бел. землі ў 1802 атрымалі ўстойлівы адм.-тэр. падзел: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. (пра кожную губ. гл. асобны арт.). Вышэйшую ўладу на месцах узначальвалі губернатары і ген.-губернатары. Калегіяльным органам пры губернатару было губернскае праўленне. Сістэма суд. органаў улады будавалася адпаведна Устанаўленню для кіравання губернямі 1775 з захаваннем саслоўнасці іх прадстаўніцтва. Паліт. правы паноў (памешчыкаў-прыгоннікаў) і шляхты размяжоўваліся і абмяжоўваліся. З 1772 праводзіўся разбор шляхты. З 1773 да выбараў на судовыя пасады дапускаліся толькі асобы, якія мелі больш за 20 прыгонных; пазней былі забаронены самавольныя шляхецкія сходы (ранейшыя сеймікі). Антырус. настроі шляхты прывялі да паўстання 1794. У ходзе рэвізіі 1772, 1782, 1795 і інш. былі запрыгонены катэгорыі раней вольных людзей (выбранцы, зямяне і інш.). У рэліг. палітыцы быў дэклараваны прынцып талерантнасці, захаваны ордэн езуітаў (скасаваны ў 1773 ва ўсім астатнім свеце), у 1782—83 створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія. Спробы ў 1780—82 і 1795 перавесці уніятаў у праваслаўе мелі толькі частковы поспех з-за непадрыхтаванасці і матэр. незабяспечанасці гэтай акцыі. Уніяты пераведзены ў праваслаўе у выніку Полацкага царкоўнага сабору 1839. У 1791 далучаныя тэрыторыі ўключаны ў мяжу яўр. аселасці; яўрэям забаранялася пакідаць гэтыя тэрыторыі для пасялення і гандлю ў глыбі Расіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у склад Рас. імперыі ўвайшла Беласточчына (у ліп. 1808 утворана Беластоцкая вобласць). Я.​К.​Анішчанка.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ХАРА́КТАР,

сукупнасць асн. устойлівых псіхал. якасцей, якія сфарміраваліся ў нацыі ў канкрэтных гіст., сац.-культ. і прыродных умовах яе развіцця. Існуюць стэрэатыпныя ўяўленні наконт асаблівасцей Н.х. розных народаў свету (ням. пунктуальнасць, англ. традыцыяналізм, яп. працавітасць, бел. талерантнасць і інш.). Але Н.х. ў асобных народаў адрозніваюцца не столькі пэўнымі псіхал. якасцямі, колькі іх сукупнасцю, ступенню ўласцівасці асобных рыс прадстаўнікам розных нац. супольнасцей. Першапачаткова паняцце «Н.х.» выкарыстоўвалася падарожнікамі, этнографамі для апісання асаблівасцей паводзін, ладу жыцця, звычаяў, абрадаў, традыцый розных народаў. Першыя спробы даследавання Н.х. зроблены ў сярэдзіне 19 ст. ў Германіі прадстаўнікамі кірунку «псіхалогіі народаў» (В.​Вунт, М.​Лацарус, Г.​Штайнталь і інш.). У сярэдзіне 19—1-й пал. 20 ст. рабіліся спробы даследавання рус. (М.​Данілеўскі, К.​Кавелін, М.​Лоскі, М.​Бярдзяеў, Г.​Шпет і інш.) і бел. (П.​Шпілеўскі, А.​Багдановіч, М.​Доўнар-Запольскі, І.​Канчэўскі, У.​Самойла) Н.х. У розных тэарэт. канцэпцыях Н.х. разглядаецца як нешта прыроджанае, прадвызначанае генетычна, або як абумоўленае сац.-гіст. і культ. фактарамі і звязанае з пашыранасцю тыповых псіхал. якасцей сярод асобных прадстаўнікоў нацыі і іх суадносінамі з агульначалавечымі якасцямі. Прадстаўнікі амер. культ. (псіхалагічнай) антрапалогіі (Ф.​Боас, Р.​Бенедыкт, М.​Мід, А.​Кардынер, Р.​Лінтан, К.​Дзюбуа і інш.) лічылі, што ў кожнай культуры складваецца спецыфічны, адносна ўстойлівы тып асобы, выяўленне якога (а значыць, і Н.х.) магчыма дзякуючы вывучэнню асаблівасцей першаснай сацыялізацыі дзяцей. Яны вызначалі асаблівасці Н.х., зыходзячы з канцэпцый «базавай структуры асобы» (комплекс тыповых псіхал. якасцей, уласцівых прадстаўнікам адной нац. культуры) і «мадальнай асобы» (найб. распаўсюджаны ў дадзенай культуры тып асобы). Адсюль атаясамліванне Н.х. з ідэяй адзінай для грамадства структуры асобы, абсалютызацыя міжкульт. і недаацэнка ўнутрыкульт. адрозненняў паміж індывідамі. Н.х. нярэдка разглядаецца ў рамках даследавання праблемы менталітэту. У апошні час псіхал. адметнасці розных народаў даследуюцца праз выяўленне базавых каштоўнасцей, этнічных стэрэатыпаў і ўяўленняў, якія вывучаюцца ў межах этнічнай псіхалогіі. У даследаваннях Н.х. выкарыстоўваюцца этнаграфічныя метады збору інфармацыі, псіхааналіз як спосаб асноўнай інтэрпрэтацыі, а таксама псіхал. тэсты.

Літ.:

Кон И.С. К проблеме национального характера // История и психология. М., 1971;

Дейкер Х.П.Й., Фрейда Н.Х. Национальный характер и национальные стереотипы: Пер. с англ. // Современная зарубежная этнопсихология. М., 1979;

Стефаненко Т.Г. Этнопсихология. М., 1999;

Kardiner A. The psychological frontiers of society. New York, 1946.

Э.​С.​Дубянецкі, Л.​І.​Навуменка.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

sound2 [saʊnd] adj.

1. здаро́вы, мо́цны;

sound teeth мо́цныя зу́бы;

a man of sound constitution чалаве́к мо́цнага скла́ду;

a sound sleep мо́цны, глыбо́кі сон

2. разу́мны, пра́вільны, лагі́чны;

a sound argument перакана́ўчы до́каз;

morally sound мара́льна ўсто́йлівы;

sound advice разу́мная пара́да

3. дабрая́касны;

sound fruit све́жая садаві́на;

a sound machine спра́ўная машы́на

4. надзе́йны, усто́йлівы (у фінансавых справах)

5. уме́лы, до́бры;

a sound tennis-player до́бры тэнісі́ст

6. infml мо́цны;

give a sound flogging до́бранька адлупцава́ць

(as) sound as a bell infml ≅ здаро́вы як бык;

sound in life and limb dated or joc. жывы́; ≅цэ́лы і здаро́вы

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Стано́вішча ‘месца знаходжання’, ‘пастава; поза’, ‘абставіны’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), ‘пазіцыя, пункт погляду’ (Стан.), ‘стан, месца, дзе жывуць рыбакі ў час лоўлі рыбы’ (дзісн., Яшк. Мясц.), ‘месца на пашы, дзе апоўдні стаіць быдла’ (Касп.), станаві́шча ‘месца, дзе стаяць каровы ўдзень’ (Сл. ПЗБ), станові́шчэ ‘стаянка’ (ТС). Укр. стано́вище ‘месца знаходжання, размяшчэнне’, ‘лагер, стан’, ‘месца прыпынку скаціны, якая пасецца’, рус. станови́ще ‘стан, табар, стаянка’, чэш. stanoviště ‘месца прыпынку, станцыя’, серб.-харв. ста̀новиште ‘пункт гледжання, пазіцыя’, балг. стано́вище ‘тс; месца знаходжання’, макед. становиште ‘пазіцыя, пункт погляду’. Дэрыват з суф. ‑ішч(а) ад прыметніка станавы (гл. стан), што прадстаўляе прасл. *stanovъ, *stanovati, параўн. стано́ўны ‘пастаянны’, станаві́ты ‘станоўчы’ (Нас.), станаўкі́ўстойлівы, рашучы’, станаві́ць ‘ставіць’ (Стан.), ст.-рус. становый, рус. дыял. становать, укр. станови́ти, польск. stanovíc, дыял. stanovny, чэш. stanovati, stanový, славен. stanovati, stanovit, серб.-харв. становати, сталован, балг. стану́вам, стано́вен, макед. станува. Магчыма, ужо прасл. *stanoviště ‘стан, стаянка’, паводле Гарачавай (ЭИРЯ, 9, 63–64), утворанага ад зыходных ‑асноў або ŏ‑асноў, якія перад галоснымі атрымалі канцавое ‑ou̯: *stanou̯‑išče > stanov‑išče > *stan‑ovišče. Бярнар (Бълг. изсл., 98) выводзіць аснову *stanov‑ з іменных форм, параўн. ст.-слав. Р. скл. адз. л. станоу — Н. скл. мн. л. станове, пры старой форме станище < станъ ‘stadium’. Ён жа звяртае ўвагу на семантычную тоеснасць балг. стано́вище ‘пункт погляду’ і чэш. stanovisko ‘тс’ (там жа, 104). У сучаснай беларускай мове супрацьпастаўленне семантыкі ‘месца’ і ‘дзеянне’ рэалізуецца праз ужыванне назоўніка ста́ўленне ‘пазіцыя, адносіны’, гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1182.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЯСЕ́ЛЛЕ,

комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл. Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.

Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц. бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.

Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

Л.​А.​Малаш.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)