КО́БАЛЬТ (лац. Cobaltum),
Co, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 27, ат. м. 58,9332. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў: 59Co (99,83%) і 57Co (0,17%). У зямной кары 410−3% па масе. Неабходны для жыцця раслін і жывёл; уваходзіць у састаў вітаміну B12. Атрыманы ў 1735 швед. хімікам Г.Брантам. Назва ад ням. Kobold — дамавік, гном.
Бледна-жоўты метал з ружовым ці сіняватым адценнем, tпл 1494 °C, шчыльн. 8900 кг/м³; ферамагнетык (пункт Кюры 1121 °C). Кампактны пры звычайнай т-ры ўстойлівы ў паветры, тонкадысперсны — пірафорны. Узаемадзейнічае з разбаўленымі мінер. к-тамі (пасівіруецца канцэнтраванай азотнай), галагенамі (акрамя фтору), пры сплаўленні — з вугляродам, серай, селенам. Атрымліваюць пры перапрацоўцы нікелевых руд. Выкарыстоўваюць для атрымання кобальтавых сплаваў (гарачатрывалых, магнітных, каразійнаўстойлівых і інш.); злучэнні К. — як каталізатары, пігменты, мікраўгнаенні (гл. Кобальтавыя ўгнаенні), кампаненты фарбаў, шкла, керамікі; радыеактыўны ізатоп 60Co — як крыніцу γ-выпрамянення ў медыцыне і тэхніцы.
Літ.:
Перельман Ф.М., Зворыкин А.Я. Кобальт и никель. М., 1975;
Большаков К.А. Химия и технология кобальта. М., 1981.
В.В.Свірыдаў.
т. 8, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)