выпіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да выперці.

2. Выдавацца на паверхню, выпінацца. Твар.. [танкіста] быў як набрынялы, і кадык выпіраў з расшпіленага мундзірнага каўняра. Чорны. Вера бачыла яго чорныя ўскудлачаныя валасы і вострыя лапаткі, што выпіралі з-пад бэзавай тэніскі. Асіпенка. // перан. Разм. Яскрава выяўляцца, прарывацца. У рысах майго твару не было той лагоднай сіметрыі, якая, мне тады здавалася, так падабаецца дзяўчатам; выпірала нейкая вуглаватасць, а шэрыя з жаўцізной вочы глядзелі пранікліва. Карпюк. Праз гэтую ціхую фразу так і выпірала наверх злосць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тру́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.

Разм.

1. Біць, крышыць на дробныя часткі. Ногі рвуцца самі, лезуць у снег, крышаць нешта цвёрдае і хрусткае пад сабою — гэта ступаюць на шкло, трушчаць яго на друзачкі... Пташнікаў.

2. Ламаць, крышыць, разбураць. А міны ўсё вылі і вылі, трушчылі дрэвы, ссякалі галлё, запальвалі зямлянкі. Шамякін. Там, дзе дзік ламачча трушчыць, Дзе мелодый — незлічона, У славутай нашай пушчы — Рай для птушак і вучоных. Панчанка.

3. Знішчаць каго‑, што‑н. [Соміку] яскрава ўявілася, як рушыцца ўніз грузны кавалак, падбірае, камечыць і трушчыць пад сабою Рыгора. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАМАРШЭ́ (Beaumarchais) П’ер Агюстэн Карон дэ

(24.1.1732, Парыж — 18.5.1799),

французскі драматург. Першыя п’есы «Яўгенія» (1767) і «Два сябры» (1770) напісаны ў традыцыях «мяшчанскай драмы». Бліскучы ўзор асветніцкай публіцыстыкі — «Мемуары» (1773—74), скіраваныя супраць каралеўскай юстыцыі. Вяршыня творчасці Бамаршэ — п’есы з трылогіі пра Фігаро «Севільскі цырульнік» (1775) і «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» (1785; пер. на бел. мову А.​Дудар, 1936), у якіх адлюстраваны канфлікт паміж трэцім саслоўем і дваранствам напярэдадні Франц. рэвалюцыі 1789—94, адноўлены традыцыі сатыр. камедый Мальера і А.​Р.​Лесажа, найбольш яскрава выяўлены тэндэнцыі асветніцкага рэалізму. У заключнай частцы трылогіі «Злачынная маці» (1794) на першы план выходзяць маральныя праблемы і традыцыі драмы сентыменталізму. Аўтар лібрэта оперы «Тартар» (1787). Выдаў поўны збор твораў Вальтэра (1784—89). На сюжэты камедый Бамаршэ напісаны оперы «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта (1786) і «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні (1816).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произведения Т. 1—2. М., 1966;

Драматические произведения;

Мемуары М., 1971.

Літ.:

Грандель Ф. Бомарше: Пер. с фр. 2 изд. М., 1985;

Пьер Огюстен Карон де Бомарше: Биобиблиогр. указ. М., 1980.

Г.​В.​Сініла.

П.А.К. дэ Бамаршэ.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІКО́ЎСКІ (Уладзімір Лукіч) (4.8.1757, г. Міргарад, Украіна — 18.4.1825),

рускі і ўкр. жывапісец-партрэтыст. Акадэмік (з 1795), саветнік (з 1802) Пецярбургскай АМ. Вучыўся ў аўстр. мастака І.​Б.​Лампі. У партрэтах 1790-х г. яскрава выявіліся ідэі сентыменталізму (партрэт Кацярыны II). Імкнуўся ствараць натуральныя вобразы асоб, здольных на тонкія перажыванні, паэт. мары і элегічныя настроі (партрэты А.​А.​Менеласа, В.​В.​Капніста, К.​М.​Арсеньевай, М.​І.​Лапухіной, А.Г. І В.​Г.​Гагарыных). У мужчынскіх партрэтах імкнуўся ўвасобіць ідэал паважаных дзярж. дзеячаў (Д.​П.​Трашчынскага, Ф.​А.​Бароўскага, А.​Ф.​Бястужава і інш.). Пасля 1800 у яго творчасці з’яўляюцца рысы класіцызму (партрэты А.​І.​Безбародка з дочкамі, А.А. і М.​І.​Далгарукіх, А.Л.Ж. дэ Сталь і інш.). Баравікоўскаму належаць парадныя партрэты (Муртаза-Кулі-Хана, А.​Б.​Куракіна і інш.) і рэдкія ў тагачасным мастацтве вобразы сялян («Хрысціння», «Зіма ў вобразе селяніна»). У 1793—94 стварыў абразы для Іосіфаўскага сабора ў Магілёве.

Літ.:

Алексеева Т.В. В.Л. Боровиковский и русская культура на рубеже 18—19 вв. М., 1975.

У.Баравікоўскі. Партрэт М.​І.​Лапухіной. 1797.

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТАННЕ,

сацыяльна-паліт. з’ява, якая выяўлялася ў паразуменні паміж салдатамі варагуючых армій; найб. яскрава праявілася ў гады 1-й сусв. вайны і мела антываен. накіраванасць. На рус.-герм. фронце братанне пачалося ў 1915—16, пашырылася пасля Лют. рэвалюцыі 1917. На Зах. фронце да крас. 1917 братанне адбывалася стыхійна і зводзілася пераважна да абмену лістоўкамі і рэчамі салдацкага побыту. Першае арганізаванае масавае братанне адбылося 1.5.1917 на ўчастку фронту паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Камандаванне праследавала тых, хто братаўся. У час падрыхтоўкі наступлення на фронце ў чэрв. 1917, ва ўмовах барацьбы з братаннем яно пайшло на спад. З новай сілай пашырылася пасля разгрому карнілаўшчыны. У вер.кастр. 1917 братанне вызначалася масавасцю, арганізаванасцю, вострай паліт. і антываен. накіраванасцю. Толькі ў кастр. адбылося каля 30 выпадкаў братання. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 братанне на Зах. фронце прыняло паўсюдны характар і стала пралогам заключэння перамір’я на рус.-герм. фронце. Часовы дагавор аб перамір’і на Зах. фронце, падпісаны 4.12.1917, уключаў пункт пра братанне, у адпаведнасці з якім салдатам абодвух бакоў дазвалялася сустракацца ў дзённы час.

М.​М.​Смальянінаў.

т. 3, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДАЎ (Анатоль Канстанцінавіч) (11.5. 1855, С.-Пецярбург — 28.8.1914),

рускі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1878, клас М.Рымскага-Корсакава), з 1878 выкладаў у ёй (з 1886 праф.). Прадстаўнік «Новай рус. муз. школы», чл. Бяляеўскага гуртка (з пач. 1880-х г.). Выступаў як дырыжор у «Рускіх сімфанічных канцэртах» і інш. Яго яскрава нац. ў сваёй аснове музыка роднасная музыцы М.​Глінкі, А.​Барадзіна, Рымскага-Корсакава. Асн. жанр творчасці — мініяцюра (сімфанічная, фп., вакальная). У фп. творах арганічна пераўтвораны некаторыя рысы музыкі Ф.​Шапэна, Р.​Шумана, у сімф. творах з характэрным багаццем тэмбравага каларыту вызначыўся прынцып камернага сімфанізму. Аўтар апрацовак (больш за 200) і складальнік зборнікаў рус. нар. песень. Сярод твораў: для аркестра — «Баба Яга» (1904), «Восем рускіх народных песень» (1906), «Чароўнае возера», «Пачвара» (абедзве 1909), «Танец амазонкі» (1910), «Журботная песня» (1914); камерна-інстр. ансамблі; для фп. — «Бірулькі» (14 п’ес, 1876), «Арабескі» (1878), «Пра даўніну» (1889), «Баркарола» (1898); хары, рамансы, 18 дзіцячых песень на нар. словы (1887—90).

Літ.:

Михайлов М. А.​К.​Лядов: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1985.

А.К.Лядаў.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НКУС ((Minkus) Людвіг Фёдаравіч) (сапр. імя Алаізій Людвіг; 23.3.1826, Вена — 7.12.1917),

аўстрыйскі скрыпач, кампазітар, педагог. Па нацыянальнасці чэх (паводле інш. звестак — паляк). Муз. адукацыю атрымаў у Вене. Працаваў пераважна ў Расіі. У 1853—55 капельмайстар хатняга аркестра кн. М.​Б.​Юсупава ў Пецярбургу, у 1861—72 саліст аркестра Вял. т-ра ў Маскве, з 1862 адначасова інспектар балетнай музыкі маскоўскіх т-раў, у 1872—90 кампазітар балетнай музыкі пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. У 1866—72 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Пасля 1890 жыў у Вене. Аўтар каля 20 балетаў, у т. л. «Фіямета, або Перамога кахання» (паст. 1864), «Пахіта» (паст. 1864, разам з Э.​Дэльдэвезам), «Ручай» (паст. 1866, з Л.​Дэлібам), «Дон Кіхот» (паст. 1869), «Камарго» (паст. 1872), «Баядэрка» (паст. 1877), «Млада» і «Дачка снягоў» (паст. абодва 1879), «12 эцюдаў» і інш. п’ес для скрыпкі. Яго лепшыя балеты вызначаюцца меладычнай, яскрава танцавальнай, рытмічнай музыкай. «Вялікае класічнае па» з «Пахіты», «Дон Кіхот», «Баядэрка» і класічны акт «Цені» з яе неаднаразова ставіліся ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каляро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Афарбаваны ў які‑н. колер, не чорны і не белы. Каляровае шкло. Каляровыя алоўкі. □ Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. На поўдні яны былі яскрава-чырвонымі, над галавою — нейкія жоўтыя. Шамякін. // Рознакаляровы. Каляровы фільм. Каляровая лінагравюра. □ Пярэстая панарама горада, раскінута, як каляровы бухарскі халат. Бядуля. То незвычайную медную гайку прывязе бацька, то фарфоравы ізалятар, .. а то проста, каменьчыкаў розных, каляровых. Лынькоў.

2. Не белы, з чорнай або жоўтай скурай (пра людзей). Каляровае насельніцтва. Каляровыя народы.

3. Які мае адносіны да вытворчасці ўсіх металаў, акрамя жалеза. Каляровая металургія.

•••

Каляровыя металы гл. метал.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жы́ва, прысл.

1. Наглядна, маляўніча, ярка. Прачытаў Сцяпан аб адным здарэнні на начлезе, дзе апісвалася вельмі жыва і натуральна, як дзядзька Мікола шукаў сваю люльку. Колас. // Выразна, яскрава. У Панасюка ўсплывае жыва ў памяці малюнак развітання з маткай. Яна галасіла, як па нябожчыку: — На каго ты мяне, старую, пакідаеш? Бядуля.

2. Хутка, паспешліва. Наталька жыва абулася ў свае старыя чаравічкі. Колас.

3. Ажыўлена, бадзёра, бойка. Гутарка на сходзе ішла жыва, хаця і бязладна. Дуброўскі. — Давай сыр! — жыва сказаў мужчына, хапаючыся за кошык. Самуйлёнак.

4. Дзейсна, актыўна; горача. Беларуская крытыка жыва адгукалася і на тую палеміку, якая разгортвалася на старонках усесаюзнага друку. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халу́й, ‑я, м.

Пагард.

1. Назва слугі, лакея. Халую важна было дагаджаць толькі свайму пану. Машара. Міхал, селянін па натуры, па выхаванню, пры гэтых, няхай сабе нячастых, наездах паноў «на глушцовыя токі» найбольш яскрава выступае ў ролі халуя, папіхача, і такая роля для яго глыбока абразлівая. Навуменка.

2. перан. Занадта паслужлівы, угодлівы чалавек; падхалім. Ад цяжкай не стагнаў работы, А халуём быць не магу. Валасевіч. Фашысты давяралі сваім халуям не толькі прымаць перадачы для зняволеных, але і гаспадарыць у камерах, тэрарызаваць непаслухмяных. Мяжэвіч. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)