АЗАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад а... + занальнасць),

пашырэнне прыроднай з’явы без сувязі з занальнымі асаблівасцямі пэўнай тэрыторыі. Абумоўлена геал. структурай, асаблівасцямі літалогіі, тэктанічным рэжымам, характарам рэльефу і інш. ўнутр. фактарамі. Прыводзіць да прасторавых адрозненняў у клімаце, водным рэжыме, глебах і арган. свеце. Найб. яскрава выяўляецца ў гарах.

Да арт. Азанальнасць. Пяскі, якія развяваюцца, у тайзе Забайкалля (Чарская катлавіна).

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАПАТЫ́Я (ад псіха... + грэч. pathos пакута, хвароба),

расстройства асобы, паталагічны стан псіхічнай дзейнасці чалавека. Анамаліі характару, якія вызначаюць псіхічнае аблічча індывідуума, выяўляюцца з дзяцінства, яскрава выражаны ў падлеткаў і захоўваюцца на працягу жыцця. Адрозніваюць П. ўзбудлівую, істэрычную, шызоідную і інш. формы. Праяўляецца дысгарманічнасцю эмацыянальна-валявых уласцівасцей асобы (празмерная раздражняльнасць, замкнёнасць, эгацэнтрызм і інш.), парушэннем прыстасавальнасці да навакольнага асяроддзя пры адносным захаванні інтэлекту.

У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ФА́КТАРЫ,

рухальныя сілы, якія ўплываюць на прыродныя працэсы і паходжаннем звязаны з існаваннем і дзейнасцю чалавека. Сукупны ўплыў антрапагенных фактараў фарміруе антрапагеннае ўздзеянне на прыроду, што адбываецца ў комплексе з абіятычнымі і біятычнымі фактарамі і характарызуецца цеснай сувяззю і ўзаемазалежнасцю паміж імі. Адмоўнае і станоўчае значэнне антрапагенных фактараў для існавання жывых арганізмаў і чалавека выяўляецца на ўзроўні асобных экасістэм (найб. яскрава) і біясферы ў цэлым, улічваецца пры планаванні і распрацоўцы мерапрыемстваў па ахове прыроды.

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ (Барыс Елісеевіч) (14.5.1900—13.1.1973),

рускі тэатр. педагог, акцёр. Нар. арт. Расіі (1955). З 1922 на пед. рабоце (з 1924 у Ленінградскім тэатр. ін-це імя А.​Астроўскага). Праф. (1944). З 1923 акцёр Ленінградскага т-ра імя А.​Пушкіна. У 1934—37 маст. кіраўнік Бел. студыі пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе. Вял. ўвагу аддаваў развіццю вобразнага мыслення студыйцаў, уменню пранікнуць у сутнасць вобраза, што яскрава выявілася ў спектаклях «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага (1936) і «Банкір» А.​Карнейчука (1937). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАРАЛІ́НСКАЯ ШКО́ЛА»,

адзін з кірункаў англ. паэзіі барока 17 ст. (разам з «метафізічнай школай»), Паслядоўнікі — «паэты-кавалеры» — імкнуліся да вытанчанасці формы, асаблівай маляўнічасці, складанай метафарычнасці і адначасова афарыстычнасці мовы. Культывавалі метафару-канцэпт як плён «высокай дасціпнасці». Эталонам для іх была паэзія Дж. Дона і Дж. Марына, драматургія Б.Джонсана. Найб. яскрава манера «К.ш.» выявілася ў творчасці Р.​Герыка, Т.​Кэр’ю, Р.​Лаўлейса, Дж. Саклінга і інш.

Літ.:

Горбунов А.Н. Поэзия Джона Донна, Бена Джонсона и их младших современников // Английская лирика первой половины XVII в. М., 1989;

Мирский Д.П. Барокко и английская литература // Мирский Д.П. Статьи о литературе. М., 1987.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІШ (Алена Андрэеўна) (1896, в. Лен ша Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1949),

бел. нар. мастачка. Рабіла маляваныя дываны з казачна-экзатычнымі сюжэтамі («Ліст да каханага», «Дзева на водах», «Рай», «У райскім садзе» і інш.), адметныя кампазіцыйным майстэрствам, своеасаблівым бачаннем і унікальнай вобразнасцю; у іх яскрава выявіўся наіўна-рэаліст. характар творчасці мастачкі. Блізкасць да традыцый мясц. нар. размалёўкі выявілася ў дэкаратыўнасці прапрацаваных дэталяў, лакальнасці колераў, шырокім выкарыстанні расл. элементаў, акаймоўцы дываноў. Іл. гл. таксама да арт. Дываны.

Літ.:

Ягоўдзік У.І. Алена Кіш: [Альбом]. Мн., 1990.

У.​С.​Басалыга.

А.Кіш. Дзева на водах. 1930-я г.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕТАФІЗІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,

адна з асноўных (разам з «каралінскай школай») паэт. школ англ. барока 1-й пал. 17 ст. Яе пачатак ў лірыцы Дк.Дона. Названа метафізічнай за паглыблены філас. характар, імкненне асэнсаваць складаныя праблемы быцця (жыццё і смерць, час і вечнасць, Бог і чалавек), спасцігнуць трансцэндэнтнае. Творчасці паэтаў-метафізікаў (Дж. і Э.​Херберты, Р.​Крэша, Г.​Воген, Э.​Марвел) уласцівы напружанасць думкі і пачуцця, спалучэнне аналітызму мыслення і містычнай экзальтацыі, мудрагелістая метафарычнасць, зварот да тэм і вобразаў Свяшчэннага пісання. Найб. яскрава манера «М.ш.» выявілася ў творчасці Дж.​Херберта (зб. «Храм духоўных вершаў», 1633).

Г.​В.​Сініла.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗІ́НА ((Masina) Джульета) (сапр. імя Джулія Ганна; 22.2.1921, г. Сан-Джорджа-ды-П’яна, Італія — 1994),

італьянская актрыса. Вучылася ў Рымскім ун-це. У 1942 дэбютавала ў т-ры, у 1946 — у кіно. Сусв. вядомасць прынеслі ролі ў фільмах яе мужа рэжысёра Ф.Феліні: «Агні вар’етэ» (1950), «Дарога» (1954, у сав. пракаце «Яны вандравалі па дарогах»), «Махлярства» (1955), «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Джульета і духі» (1965), «Джынджэр і Фрэд» (1986). Яе мастацтва вызначалася тонкім псіхалагізмам, спалучэннем лірызму і гратэску, уменнем яскрава і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Еўропа, 51» (1952), «Фартунела» (1958), «Шалёная з Шаё» (1969, англ.), «Фрау Холь» (1985).

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ВЕРБЕК ((Overbeck) Іагай Фрыдрых) (3.7.1789, г. Любек, Германія — 12.11.1869),

нямецкі жывапісец. Вучыўся ў Венскай АМ (1806—09). У 1809 заснаваў у Вене брацтва назарэйцаў. З 1810 жыў у Рыме. У творчасці яскрава выявіліся патрыярхальна-кансерватыўныя тэндэнцыі ням. рамантызму, імкненне адрадзіць рэлігійнае мастацтва і стылістычныя прыёмы ням. і італьян. мастакоў 15 — пач. 16 ст.: фрэскі ў доме Бартольдзі (1816—17) і Казіно Масіма (1817—27) у Рыме; карціны «Уезд Ісуса Хрыста ў Іерусалім» (1809—24), «Італія і Германія» (1811—28), «Урачыстасць рэлігіі ў мастацтве» (1840). Аўтар партрэтаў: «Аўтапартрэт з Бібліяй» (1809), «Сямейны партрэт» (1820—30).

Ф.Овербек. Італія і Германія. 1811—28.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫ ЛУГ,

жылы раён у Мінску. Складаецца з 7 мікрараёнаў. Забудоўваецца з 1962; аўтарскі калектыў: арх. С.​Богін, А.​Воўк, Ю.​Грыгор’еў, І.​Грышчынскі, Л.​Кліцунова, П.​Кракалёў, Н.​Краўкова, Э.​Левіна, С.​Мусінскі, І.​Сітнікава, Л.​Сакалова, А.​Шалякін. Вызначаецца дасканалай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, функцыянальна-планіровачным і тэхнал. вырашэннем, высокімі арх.-маст. якасцямі забудовы і ўзроўнем добраўпарадкаванасці і азелянення тэрыторыі. Арх.-планіровачная структура заснавана на максімальным выкарыстанні маляўнічага рэльефу з яскрава акрэсленымі перападамі вышынь і штучнымі вадаёмамі. Траса канала (з вадаспадамі, паркавымі басейнамі, набярэжнай) фарміруе садова-паркавую вось. Забудаваны буйнапанэльнымі і цаглянымі жылымі дамамі. Дэкор фасадаў складаецца з разнастайных аздабленняў, пластычных экранаў лоджый, дэкар. сценак, каляровых панэлей.

Жылы раён Зялёны луг. Набярэжная штучнага вадаёма.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)