ВО́НДЭЛ
(Vondel) Іост Ван дэн (17.11.1587, г. Кёльн, Германія — 5.2.1679),
нідэрландскі паэт і драматург. Найб. яскрава яго талент раскрыўся ў драматургіі. У ранніх творах (1610—40-я г., т.зв. рымскі перыяд) адчуваецца ўплыў Сенекі, у больш позніх (1650—70-я г., т.зв. грэчаскі перыяд) — Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда. Першая трагікамедыя «Пасха» (паст. 1610) — водгук на вызваленне Галандыі ад ісп. прыгнёту. У трагедыі «Разбурэнне Іерусаліма» (1620) на матэрыяле стараж.-яўр. гісторыі паказаў небяспечнасць унутр. канфліктаў перад знешняй пагрозай. На біблейскія сюжэты напісаны трагедыі «Браты» (1639), «Іосіф у Егіпце» (1640), «Пётр і Павел» (1641), «Саламон» (1648), «Іефай» (1659), трылогія «Люцыфер» (1654), «Адам у выгнанні» (1664), «Ной» (1667), у якіх даў новае асэнсаванне спрадвечнай барацьбе Дабра і Зла. У творчасці Вондэла арганічна спалучаліся тэндэнцыі барока і класіцызму (пры відавочнай перавазе першых). Яго стыль адметны эпічнасцю, жывапіснасцю, амаль што рубенсаўскай магутнасцю, барочнай поліфанічнасцю і кантрастнасцю. Аўтар зб. «Розныя вершы» (1644-47).
Тв.:
Рус. пер. — Трагедии. М., 1988.
Літ.:
Балашов Н.И. Вондел в системе западноевропейской литературы XVII в // Вондел Й. ван ден: Пер. с нидерл. Трагедии. М., 1988;
Ошис В.В. «Трагик хороший»;
(Творчество Вондела и нидерландская литература XVII в.) // Там жа.
Г.В.Сініла.
т. 4, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)