КАМЕ́НСКІ (Длужык-Каменскі) Адам Рыгор, бел. пісьменнік-мемуарыст 17 ст. З аршанскай шляхты. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 ваяваў пад харугвай кароннага гетмана С.Чарнецкага. У час бітвы на р. Бася 20.10.1660 трапіў у маск. палон. У Сібірскім прыказе залічаны ў «казакі літоўскага спісу», з 1662 служыў у Якуцкім астрозе турэмным наглядчыкам. Пасля Андрусаўскага перамір’я 1667 адпушчаны ў Маскву, у 1669 ці 1670 — на радзіму. У «Дыярыушы» (выяўлены і апубл. на польск. мове ў 1874) апісаў гарады і народы, што сустракаў, а таксама экспедыцыі рус. землепраходцаў В.Паяркава на Амур і М.Стадухіна на Поўнач, пра якія сабраў звесткі ў Якуцку. «Дыярыуш» К. — каштоўны помнік мемуарнай л-ры Беларусі, у якім яскрава адлюстраваны пытанні геаграфіі і этнаграфіі Сібіры і Д. Усходу.

Тв.:

Бел. пер. — Дыяруш маскоўскага палону з апісаннем гарадоў і мясцовасцей // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Мн., 1974. Вып. 2.

Літ.:

Коршунаў А Нататкі з падарожжа па Сібіры ў XVII ст. («Дыярыуш» Адама Каменскага) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1973. № 1;

Ласкоў І. Нашчадкі таямнічае Літвы // Полымя. 1991. № 8;

Ефремов К. Польские ссыльные о якутах // Национальные отношения в регионах страны. Якутск, 1992. Ч. 2.

І.У.Саламевіч.

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)