Славяні́н, славя́не ‘група роднасных па паходжанні і блізкіх па мове народаў’ (ТСБМ). Параўн. укр. словʼяни́н, словʼя́ни, рус. славяни́н, славя́не, стараж.-рус. словѣне — назва ўсходнеславянскага племені паблізу Ноўгарада, словѦне, польск. Słowianie ‘славяне’, в.-луж. Słowjan, Słovjanojo, н.-луж. Słowjan, чэш. Slovan, Slované, славац. Slovan, Slovania, серб.-харв. Сло̀вен, Slavén, Слове́ни, Slavéni, Сло̀венин, славен. Slovān, Slováni, Slovéni, балг. славя́нин, славя́ни, макед. Словен(ин), Словени, ст.-слав. словенинъ, словѣне у адносінах да славянскага племені вакол Салуні. Прасл. *slověninъ, мн. л. *slověne, с.-лац. Sclavi, Sklavini, Sclaveni ‘славяне’, с.-грэч. Σκλαβηνοί ‘славяне’. Асноўныя версіі: Трубачоў (Этимология–1980, 12–13) найбольш перспектыўнай лічыць версію Якабсона (IJSLP, 1959, 1–2, 271) ад *slovo (гл. слова), які спасылаецца на аналогію ў стараж.-рус. кличане ‘паляўнічыя, якія падымаюць звера крыкам’: кличь (гл. клікаць), а таксама на апазіцыю словѣненѣмци; але сам Трубачоў прапануе ўтвараць *slověninъ не ад імя, а ад дзеяслова *slovǫ, *sluti (гл. слыць) ‘зразумела гаварыць’ — ‘быць гучна аклікнутым’ з суф. ‑jan, параўн. ст.-рус., рус.-ц.-слав. слути, слову ‘лічыцца, называцца, славіцца’ (таксама Глухак, 561), роднасным і слав. *slava (гл. слава). Супраць роднасці з *slovo Фасмер (3, 663), які лічыць, што ўтварэнні на ‑ěninъ, ‑aninъ сустракаюцца толькі ў вытворных ад назваў месцаў, таму разглядае слова як вытворнае ад гідроніма, параўн. стараж.-рус. Словутичьэпітэт Дняпра, Слуя — рака ў былой Смаленскай губ., гідронімы польск. Sława, Sławinica, серб.-харв. Славница, якія набліжаюць да грэч. κλύζω ‘адмываю’, лац. cluō ‘ачышчаю’, cloāca ‘каналізацыйны сток’. Іншыя версіі — ад уласных імён на ‑slav (Бадуэн дэ Куртэнэ, JP, 3, 62 і наст.; супраць Мікала, РФВ, 48, 271); супастаўленне з грэч. λαός, λϜαός ад σλαϜός ‘народ’ (Мікала, там жа). У сувязі з гэтай думкай параўн. гоц. piuda ‘народ’, ням. deutsch ‘нямецкі’, лац. teutōnes ‘немцы’ ад і.-е. *teut ‘народ’; гл. Младэнаў, 588–589; Скок, 3, 281–283; Бернштейн, Фонетика, 90–91. Агляд літ-ры гл. яшчэ БЕР, 6, 834 і наст., ЕСУМ, 5, 307; SEK, 4, 320; Бязлай, 3, 265; Трубачоў, Этногенез₂, 93, 312, 335–336 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАЭ́ТЫКА (ад грэч. poiētikē паэтычнае мастацтва),

1) у шырокім сэнсе — тое, што і тэорыя літаратуры (гл. ў арт. Літаратуразнаўства).

2) Раздзел літаратуразнаўства, у якім вывучаецца структура, асаблівасці і змястоўнасць літ. формы.

3) Сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету ў іх змястоўнай, сэнсава-выяўл. сутнасці, абумоўленая ідэйнай задумай мастака. П. падзяляецца на агульную (тэарэт.), функцыян. (апісальную) і гістарычную. Вылучаюць таксама параўнальную, практычную і сацыялагічную П. Агульная П. аперыруе агульнымі заканамернасцямі і элементамі л-ры як сістэмы: даследуе ўсе магчымыя спосабы маст. ўвасаблення аўтарскай задумы і законы суадносін розных творчых метадаў арганізацыі тэксту з літ. жанрам, відам, родам. Падзяляецца на 3 галіны, што вывучаюць гукавую, славесную і вобразную будову тэксту. Функцыянальная П. аналізуе эстэт. кампаненты твораў пэўнага літ. кірунку, жанру ці перыяду творчасці пісьменніка (П. рамана, П. рамантызму, паэтыка М.​Танка і інш.). Гістарычная П. вывучае рух і змену літ. форм у працэсе гіст. эвалюцыі, паходжанне і развіццё маст. сродкаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і г.д.) у залежнасці ад сац.-гіст. і літ. умоў, карыстаецца параўнальна-гіст. метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусв. літ. працэсу. Параўнальная П. займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету дзвюма і больш нац. л-рамі (напр., параўнальная метрыка ўсх.-слав. верша), засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца данымі перакладу мастацкага. Сацыялагічная П. даследуе ўздзеянне сац. фактараў на змену літ. форм. Практычную П. складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай П., разлічаныя на шырокага чытача; задача яе — выхаванне паэт. культуры, азнаямленне з асновамі вершаскладання.

Першае сістэм. выкладанне П. даў Арыстоцель. Яго традыцыя развівалася як нарматыўная П., што ўстанаўлівала стылістычныя прынцыпы будовы маст. твораў (працы Гарацыя, Н.​Буало, В.​Традзьякоўскага, М.​Ламаносава). Элементы нарматыўнасці П. распрацоўвалі пэўныя літ. кірункі і плыні (напр., П. сімвалістаў), асобныя паэты (П. А.​Пушкіна). Да 18 ст. пераважала П. вершаваных (высокіх) жанраў. Значнымі ў яе развіцці сталі канцэпцыі Г.​Лесінга (вызначыў паэзію як мастацтва, якое разгортваецца ў часе, у адрозненне ад выяўл. мастацтва), В.​Гумбальта (разумеў мову як творчасць), рас. рэв. дэмакратаў (В.​Бялінскага, М.​Дабралюбава, М.​Чарнышэўскага і інш.). У 19 ст. П. займалася «акадэмічная» навука (А.​Весялоўскі, А.​Патабня, С.​Шавыроў). У 1920-я г. ў П. пашырыліся сацыялагічная і фармальная школы. Першая з іх тлумачыла ўсе факты л-ры гіст. і сац.-эканам. прычынамі; другой уласцівы іманентнасць літ.-знаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі фармальнай школы (Ю.​Тынянаў, Б.​Эйхенбаум, В.​Шклоўскі і інш.) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своеасаблівасць паэт. мовы як тыпу маўлення і інш. Ідэі фармальнай школы пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай П. Новым крокам у распрацоўцы праблем П. сталі працы В.​Жырмунскага, В.​Вінаградава, Дз.​Ліхачова, М.​Храпчанкі, М.​Гаспарава і інш.

На Беларусі ў 16—18 ст. П. распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіумаў. Л.​Зізаній у кн. «Грамматика словенска...» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсх.-слав. л-ры сцісла падаў тэорыю пабудовы верша. М.​Сматрыцкі ў кн. «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1619) імкнуўся перанесці законы ант. (метрычнага) вершаскладання на ўсх.-слав. паэзію. Найвыш. дасягненне тэарэтыка-літ. думкі Беларусі, Літвы і Польшчы 17—18 ст. — праца М.​Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (на лац. мове) і курс паэтыкі, у аснову якога ляглі лекцыі аўтара, прачытаныя ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго нарматыўная П. паяднала тэарэт. палажэнні эпохі Адраджэння і барока, вызначыла кірунак далейшага развіцця навукі пра л-ру і самой маст. л-ры на Беларусі. У кн. Ф.​Пракаповіча «Пра мастацтва паэзіі» (Магілёў, 1786) абгрунтоўваліся прынцыпы класіцызму. Выказвалі свае думкі пра сілаба-танічны верш Я.​Чачот і пра нар. вершаскладанне І.​Насовіч.

У пач. 20 ст. да пытанняў П. звярнуўся М.​Багдановіч, меркаванні якога пра еднасць формы і зместу, суадносіны метра, рытму і рыфмы, нарыс пра санет маюць прынцыповае значэнне для тэорыі бел. вершаванага слова. Бел. функцыян. П. папоўнілася працамі А.​Вазнясенскага («Паэтыка М.​Багдановіча», 1926), Я.​Барычэўскага («Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), даследаваннем У.​Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Пытанні П. закраналіся ў працах «Беларусы» Я.​Карскага (вып. 1—7, 1903—22), «Гісторыя беларускай літаратуры» М.​Гарэцкага (4-е выд., 1926), «Пуціны беларускай літаратуры» (1924) і «Беларуская драматургія» (1927) І.​Замоціна, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.​Піятуховіча (1928), у даследаваннях па тэорыі рамана І.​Акушкі, публікацыях А.​Бабарэкі і інш. З 1960-х г. сістэматычна вывучаюцца метрыка і рытміка верша (М.​Грынчык, А.​Кабаковіч, В.​Рагойша, І.​Ралько, В.​Славецкі, В.​Ярац), яго кампазіц. асаблівасці і слоўна-паэт. вобразнасць (І.​Шпакоўскі, А.​Яскевіч), П. празаічных твораў (В.​Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў л-ры (А.​Матрунёнак), стылю (М.​Арочка, В.​Бечык, Л.​Гусева), рытмічнай арг-цыі маст. тэксту (Яскевіч), маст. асаблівасцей фалькл. жанраў (Г.​Барташэвіч, Н.​Гілевіч, А.​Ліс, Л.​Салавей, А.​Фядосік. І.​Цішчанка, М.​Янкоўскі). Выйшлі спец. даследаванні Гусевай, Кабаковіч, Рагойшы пра П. асобных пісьменнікаў, вучэбныя дапаможнікі па агульнай П. (І.​Гутараў, М.​Лазарук, А.​Ленсу, А.​Майсейчык, М.​Палкін). Створаны літ.-знаўчыя слоўнікі (Лазарук, Ленсу, А.​Макарэвіч, Рагойша).

Як літ.-знаўчая дысцыпліна П. стаіць на мяжы эстэтыкі, стылістыкі, літ.-знаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэнні матэматыкі, кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі.

Літ.:

Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Л., 1940;

Виноградов В.В. Стилистика. Теория поэтической речи. Поэтика. М., 1963;

Потебня А.А. Эстетика и поэтика. М., 1976;

Поспелов Г.Н. Вопросы методологии и поэтики. М., 1983;

Рагойша В.П. Паэтыка М.​Танка. Мн., 1968;

Яскевіч А. Ад слова — да вобраза. Мн., 1968;

Матрунёнак А. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972;

Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Жураўлёў В., Шпакоўскі І., Яскевіч А Пытанні паэтыкі. Мн., 1974;

Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;

Гілевіч Н. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Коўтун В. Святло народнага слова. Мн., 1984.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

све́тлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ярка свеціць. І бачыў месяц светлы Цяжкі Лявонаў крок. Панчанка. З тых дзён, як воляй ленінскіх дэкрэтаў Дзяржавай стала наша Беларусь, Знайшоў народ шляхі да яснай мэты, Убачыў шчасця светлую зару. Звонак.

2. Добра асветлены, напоўнены святлом. Дзень выдаўся сонечны, светлы, з невялікім марозам. Шамякін. У светлай зале За чырвоны стол Сям’ёй адзінай Селі з намі поруч Сяляне з польскіх і румынскіх сёл. Аўрамчык. // Які прапускае шмат сонечнага святла, які накіраваны да сонца (пра вокны, шкло і пад.). У нашым клубе вялікія светлыя вокны. Брыль. [Якуб] адсоўваецца далей у кут і дае Саньку месца побач, ля светлых шыбінак. Якімовіч.

3. Не цёмнага колеру. Светлы касцюм. Светлыя косы. Светлыя вочы. □ Светлыя хмаркі — дзеткі прастору — Ціха па небе плывуць. Колас. // Які адбівае бляск, бліскучы. Зіхацяць азёры светлым глянцам. Звонак.

4. Чысты, празрысты (пра вадкасць). Вада ў затоцы светлая і чыстая. Ігнаценка. [Дзед і Сашка] падышлі да дрэва і нахіліліся да падсечкі на ствале. З прыладжанай лучынкі сцякалі светлыя кроплі. Даніленка. І бярозы пянёк Паміж дрэў высокіх У зацішку ў прыпёк Плакаў светлым сокам. Бялевіч. // Чысты, ясны, не затуманены (пра вочы, погляд). У чырвонай касынцы, з пытаннем сваім, Як юнацтва, стаяла яна [Марына] перад ім, З тым жа позіркам светлым трывожных вачэй, З тым жа сэрцам, — як помнік ягоных [Цімоха] надзей. Куляшоў. // Высокі, чыстага, металічнага тэмбру (пра голас, гук).

5. перан. Нічым не азмрочаны; шчаслівы. Светлая будучыня. Светлыя ўспаміны. Светлы дзень. □ Цяпер паставіў ты [Мазыр] у свой герб сталёвы молат, востры серп. Стварыўшы шчасце, пройдзеш з ім да светлай мэты — у камунізм. Дубоўка. Песню вецер нясе — То дзяўчаты пяюць грамадою Пра каліну, што ў лузе цвіце, Ды пра светлую долю. Гілевіч. // Азораны ўнутраным святлом, пачуццём радасці. Салавей спяваў нам аж да лета, Як па нотах выцінаў, Захапляўся нашай дружбай светлай І вяселле прадракаў. Астрэйка. На вуліцы сабралася многа людзей, і твары ва ўсіх былі светлыя, узрадаваныя. Бяганская. // Прасякнуты аптымізмам, узнёслы. Са сцэны гучаць прапікпёныя сімфоніі Чайкоўскага, лірычна ўзнёслая, светлая музыка Пракоф’ева, творы Шастаковіча. «Маладосць».

6. перан. Урачысты, радасны (пра чалавека). І юбіляр — такі светлы, які не бываў даўно, З усмешкай горда і важна Адказаў па гучныя словы. Кірэенка.

7. Якому ўласцівы высокія маральныя якасці; высакародны. Не будзе мне ні праўды, ні натхнення, Пакуль я не прайду па месцах тых, Дзе жыў, тварыў, гарэў наш светлы Ленін, Каб разагнаць стагоддзяў змрок густы. Панчанка.

8. перан. Лагічны, ясны (пра розум, думкі). Надзя добра ведае, што і вёсцы патрэбны светлы розум і залатыя рукі. «Полымя». Але хоць не магу дыхаць на поўныя грудзі ад страху, думкі мае светлыя і вострыя як ніколі. Карпюк.

9. Які мае адносіны да свята вялікадня ў хрысціян. А сёння светлая субота. Гуляе месяц, як алень. Дукса.

10. Уст. і нар.-паэт. Ужываецца як пастаянны эпітэт цара, князя, баярына і пад. Верны паслугач таго магната Вынюхаў, Расказваў: — Светлы пан, Навярнуў карчоў дзівак багата. Бялевіч.

•••

Светлы шрыфт гл. шрыфт.

Светлая галава гл. галава.

Светлая памяць — ужываецца як выказванне пашаны да памёршага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святы́, ‑ая, ‑ое.

1. Паводле рэлігійных вераванняў — надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай. Святая тройца. Святая вада. □ — Схадзі, сірацінка, пакліч Сымона-кантычніка. Няхай над нябожчыкам святыя словы чытае. Бядуля. // Ужываецца як пастаянны эпітэт да слоў, якія абазначаюць прадметы і месцы рэлігійнага пакланення. Святая царква. □ Святая пасцель небасхіла Крывавай імглой заплывала, Пасад заручальны магілай Пуціна сляпая хавала. Купала. Вунь там, за какосавым гаем, руіны старажытнага храма. Месца лічыцца святым. Б. Стральцоў.

2. У хрысціянскім кульце — чалавек, які ўсё жыццё служыў богу ў царкве, а пасля смерці прызнаны нябесным заступнікам веруючых. Святы Ілля сядзеў задумна, Самотна тоячы аб разу. Гаўрусёў. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м.; свята́я, ‑ой, ж. З палотнішчаў старых абразоў на яго глянулі строгія, хоць і выцвіўшыя, твары святых. Колас. Там [у Вільні] ёсць каму кланяцца, гнуць спіну, ёсць перад кім поўзаць на каленях і ў сваёй слепаце ліць слязу за слязою перад абразамі святых, якім і ліку няма. Пестрак. / у іран. ужыв. Пелагея.. з крыкам кінулася да.. [Маеўскага і Тацяны]: — Што? Што вы седзіцё тут, як святыя? А там кароўку павялі... Шамякін.

3. перан. Высокай маралі, бездакорны ў сваім жыцці, паводзінах. Ты спяшала туды, Маладая, святая. І пасоўваўся бераг насустрач табе. Чэрня. // Не вінаваты перад кім‑н. у чым‑н.; бязгрэшны. [Галіна:] — От бачыш, і я саграшыла перад табою, і я не святая, як думала сама сабе. Скрыган.

4. Высакародны, чысты, узвышаны. Я перадам святую праўду века, Што ў промнях сонца, з дыму і крыві Да новых зор узнёсла чалавека Для шчасця і вялікае любві! Грахоўскі. І зведаў пераможаны Берлін Святы наш гнеў, святую нашу літасць; Не толькі помсціць за сяброў забітых — Жывых сяброў мы ратаваць ішлі. Жычка. // Высокі, пачэсны. Святы абавязак. □ Гэта дзіця загінуўшай маці; яе [Тацяны] святы доўг захаваць і вырасціць яго... Шамякін. // Шчыры, сапраўдны. Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка.

5. Паважаны, дарагі, любімы. Ты [Мінск] — наша сталасць, Нашае юнацтва І наш святы двухкаляровы сцяг. Прыходзька. Сню цябе, Беларусь, па начах, Адзіную ў свеце, святую. Астрэйка. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м. І ўсё, што ў нас святога ёсць — Радзіма, воля, слава, чэсць, — Мы пранясём праз гром, агонь, Варожых сіл раскрышым бронь. Колас. Здрадзіць [дадзенаму слову] для.. [Ніны] — значыць адрачыся ад усяго святога. «Маладосць».

6. перан. Якім даражаць, якога шануюць. Часу не хапала, ён [Лоўгач] затрымліваўся позна, рэдка прыходзіў абедаць, і толькі ранішнім гадзіны былі для яго святыя. Савіцкі. Даўно мінулі дні атак. На ўзбярэжжы Нёмна Стаіць падбіты грозны танк — Святы суровы помнік. Панчанка. З братамі дзяліліся хлебам, Што вырас у стэпах данецкіх Пад зорным, апаленым небам, Святым нашым хлебам савецкім. Танк.

7. Непахісны, непарушны. Наш святы жыцця закон Мы ў кнігу дружбы запісалі. Колас.

•••

Святы айцец гл. айцец.

Скокі святога Віта гл. скокі.

Адправіцца да святых на чай (чай піць) гл. адправіцца.

Бог святы ведае гл. бог.

На святыя ніколі — ніколі, аніколі.

Не святыя гаршкі лепяць — кожнаму пад сілу, усякі чалавек гэта можа зрабіць.

Святая прастата — пра наіўнага, прастадушнага, няхітрага чалавека. Тады малады дзесятнік пачаў заляцацца. Нічога ж пра яе не ведае, шчабеча ўвесь вечар — святая прастата. Мыслівец.

Святая праўда (ісціна) — бясспрэчная, безумоўная праўда, ісціна. Усё, што гаворыць Антон сваім слухачам, беларускім сялянам, ацэньваецца імі як святая праўда. Ларчанка.

Святая святых — а) пра што‑н. тайнае, недаступнае. [Штрыпке:] — Тонкасці гэтай справы, святая святых яе, для мяне недаступны. Лынькоў; б) пра што‑н. самае дарагое, запаветнае. [Прэзідэнт:] Мне шчыра шкада.. [Андрэя], але стрэлам у судзе злачынца зрабіў замах на святая святых нашай дзяржавы, на яе фундамент, на закон. Кучар.

Святы дух гл. дух.

Святым духам гл. дух.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́бры, ‑ая, ‑ае; дабёр, дабра.

1. Чулы да людзей; спагадлівы, сардэчны. Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. Благі абразіць, а добры разважыць ды яшчэ і парадзіць. З нар. // Які выражае чуласць, спагаду, прыхільнасць. Голас у .. [жанчыны] мяккі, пявучы, добры. Здавалася, што голас гэты гучыць там, дзе пануе шчасце. Чорны. Чалавек глядзеў.. вясёлымі вачамі, і ўвесь яго твар.. поўніўся добрай прыязнай усмешкай. Лынькоў. // Ужываецца як сталы эпітэт пры словах «людзі», «чалавек». — Асвятленне ў вашых палацах такое, што добрага чалавека адразу і не пазнаеш. Лынькоў. / У зваротку. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер. — Дапамажы мне, добры чалавек, выбрацца адсюль. Якімовіч.

2. Заснаваны на жаданні дабра, прыхільнасці да людзей. Успомніць добрым словам. Зрабіць добрую справу. □ [Надзя:] За два тыдні добрага слова ад вас не пачула. Крапіва.

3. Які прадказвае ўдачу, прыносіць радасць; шчаслівы, прыемны. Добрая прымета. Добрая адзнака. Добрая навіна. □ Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны. Лынькоў. // Які вызначаецца бесклапотнасцю, весялосцю (пра настрой, гумор і пад.). Гэта здарэнне з Галасам крыху парушыла той добры настрой, у якім быў я, выходзячы з дому. Колас. / У пажаданнях, прывітаннях і пад. Добры дзень. Добры вечар. Добрай ночы. Добрага здароўя. У добры час.

4. Такі, якім павінен быць; з дадатнымі якасцямі або ўласцівасцямі; проціл. дрэнны. Добрая зямля. Добры тавар. Добрыя ўмовы. Добры апетыт. Добры слых. Добрая кніжка. □ Коні ў вусатага добрыя. У момант праскочыць ён з мястэчка на хутар. Чорны. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. Якімовіч. І яшчэ чаго папросіць для сябе дзед Талаш, гэта — добрую.. салдацкую стрэльбу. Колас. // Які адпавядае прынятым маральным нормам; варты пераймання. Добрыя традыцыі. Добры густ. Добры тон. □ Абедалі .. [Маеўскія] па-дамашняму — усе разам, паважна, не спяшаючыся, без лішніх размоў, як і належыць у добрай сялянскай сям’і. Шамякін. // Прыгодны для ужывання, карыстання. Добрыя яшчэ боты. Добры грыб.

5. Умелы, старанны ў рабоце; здольны, дбайны. Добры майстар. Добры выкладчык: Добры рабочы. □ — Добры гаспадар заўсёды загадзя пра тое думае, што наперадзе перад ім стаіць. Чорны. Бяда старога, што ён не мае добрага памочніка, які мог бы заўсёды сказаць праўду ў вочы. Гурскі.

6. у знач. наз. до́брае, ‑ага, н. Тое, што мае дадатныя ўласцівасці або якасці, заслугоўвае адабрэння. Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае. Бядуля. — Не трэба думаць.. пра тое, што было і больш не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

7. Звязаны ўзаемнай сімпатыяй з кім‑н., блізкі. Гэта быў мой добры знаёмы, сын аднавяскоўца Мірона. Якімовіч. // Заснаваны на ўзаемнай прыхільнасці. [Карнейчык:] Нашы пачуцці не абмяжоўваюцца ні спальняй, ні сям’ёй, ні добрым суседствам. Крапіва.

8. Чысты, слаўны, не зганьбаваны. Пакінуць пра сябе добрую памяць. Аб ім ідзе добрая слава. Ганьбіць добрае імя.

9. Разм. Дастаткова вялікі, значны па колькасці, велічыні. Добры заработак. □ — Я пайду ў матросы, там, людзі мне казалі, можна лёгка зарабіць добрыя грошы. Самуйлёнак. // Вялікі, здаровы, ладны. Санька забег у хату і вынес некалькі бульбін і добрую лусту хлеба. Ваданосаў. Ручка ўпала на паперу, пасадзіўшы на ёй добрую кляксу. Лынькоў. // Моцны, значны, дастаткова адчувальны. Добры мароз. □ Шынель быў заляпаны граззю, запылены, відаць, трапіў пан камендант у добрую перапалку ноччу. Лынькоў.

10. Разм. Цэлы, поўны, з лішкам (пра колькасць, велічыню). Ісці было з добрыя тры кіламетры. Дуброўскі. — Войска, брат, ёсць. Узвод — не узвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль. // Сапраўдны; глыбокі. Праз колькі часу, ужо ў добрую восень, у хмурны сівер, мы, дзеці, убачылі .. парабчышынага сына. Чорны.

•••

Бюро добрых паслуг гл. бюро.

Дзень добры!; Добры дзень! гл. дзень.

Добрага здароўя гл. здароўе.

Добрая ласка гл. ласка.

Добры вечар гл. вечар.

Добры геній гл. геній.

Людзі добрай волі гл. людзі.

На добры лад гл. лад.

На добры розум; пры добрым розуме гл. розум.

Не ад добрага жыцця гл. жыццё.

Па добрай волі гл. воля.

Па-добраму — мірна, без сваркі.

У добры час гл. час.

Усяго добрага — развітальнае нежаданне.

Чаго добрага (у знач. пабочн.) — бадай, магчыма (пры чаканні чаго‑н. непрыемнага).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)