стры́гчы, стрыгу, стрыжэш, стрыжэ; стрыжом, стрыжаце, стрыгуць; пр. стрыг, ‑ла; незак., каго-што.

1. Зразаць. падрэзваць ножкамі, машынкай (валасы, шэрсць і пад.). Стрыгчы шэрсць. Стрыгчы бараду. □ Летам гаспадар прыбірае валасы пад капялюш, а зімою стрыжэ коратка. Бажко. // Зразаць, падразаць каму‑н. валасы, шэрсць. У школе ёсць машынка. На школьным дварэ ў часе перапынку стрыжэ настаўнік сваіх маленькіх вучняў. Колас. Проста дзівы творыць электрычнасць: нават кароў доіць і авечак стрыжэ... Якімовіч. // Падразаць, караціць траву, галінкі і пад. У старажытным парку ўлетку стрыгуць газоны. Грачанікаў. // Спец. Падразаць, падраўноўваць ворс на тканіне. Стрыгчы бобрык.

2. Падразаць валасы якім‑н. спосабам; стрыгчыся. Стрыгчы валасы пад бокс.

•••

Стрыгчы вачамі — наглядваць на каго‑н., кідаць позіркі на каго‑н. Сват Рыгорка стрыг вачамі, стараючыся непрыкметна кінуць позіркі на маладуху, улавіць яе настрой. Дуброўскі.

Стрыгчы вушамі — паводзячы вушамі, прыслухоўвацца (пра коней, зайцаў).

Стрыгчы купоны — жыць на рэнту, на працэнты з каштоўных папер.

Стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень — раўняць усіх у якіх‑н. адносінах, падганяць пад адно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЯСЕ́ЛЛЕ,

комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл. Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.

Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц. бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.

Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

Л.​А.​Малаш.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

брат, ‑а; мн. браты, ‑оў; м.

1. Кожны з сыноў у адносінах да другіх дзяцей гэтых жа бацькоў. Бацька.. [Марынкі], Раман Дзянісавіч, маці і малодшы брат Міша .. вячэралі. Хадкевіч. На другой палове [вагона] месціцца дзіцячы тапчан, тут жа спіць Міколаў старэйшы брат. Лынькоў.

2. Усякі чалавек, якога яднае з тым, хто гаворыць, агульнасць радзімы, класавых інтарэсаў, становішча, умоў. Браты па класу. Браты-славяне. □ Дняпроўцы прынялі на сябе галоўны ўдар, уласнымі грудзьмі прыкрылі ўкраінскіх братоў. Шамякін.

3. Разм. Форма сяброўскага звароту да мужчыны. — Давай, брат, падкіну! — параўноўваючыся з салдатам, спыніў.. [шафёр] машыну. Васілевіч. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу патрапіць. Крапіва.

4. Член рэлігійнай секты; манах.

•••

Малочны брат (сястра) — сын (дачка) мамкі ў адносінах да выкармленых ёю чужых дзяцей, а таксама гэтыя дзеці ў адносінах да дзяцей мамкі.

Ваш брат — вы і на вас падобныя. [Маеўскі:] — Мы людзі навучаныя не горш за вашага брата, салдата. Бачылі і не такое. Шамякін.

На брата — на кожнага. — Наташачка, золатка, слухай мяне, — верхаводзіў Лукаш, — па дзвесце на брата. Лобан.

Наш брат — я і на мяне падобныя. Таварышы давалі наказ: «Працуй шчыра, любі людзей, не падвядзі нашага брата, журналіста». Сергіевіч.

Ні брат ні сват — зусім чужы, ніякі не родны.

Ні свата ні брата — без родных, без сваякоў, без радні, адзінокі.

Сам чорт не брат каму — пра таго, хто ні ад каго, ні ад чаго не залежыць, каму ўсё лёгка даецца.

Свой брат — пра чалавека аднолькавага стану і становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паса́д 1 ’снапы, раскладзеныя ў рад для малацьбы цэпам’ (паўсюдна, апрача Зах. Палесся і Зах. Віцебшчыны — ДАБМ, к. 285; ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Янк. БП, Некр., Сцяшк., ТС, Янк. 2, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’колькасць снапоў, высушаных у ёўні за адзін раз’ (Касп., Шатал.), ’месца на таку для абмалочвання снапоў’ (паст., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’будынак для абмалочанага збожжа’ (Мат. Гом.). Укр. поса́д, рус. поса́д ’род або круг снапоў’, том. насад ’тс’, уладз. ’рад дамоў з аднаго боку вуліцы’, польск. posad, posot, posou̯t ’снапы на таку для абмалоту’, славен. pósad, násad, nasàd, серб.-харв. на́сад, макед. насад ’тс’. Прасл. posadъ. Да садзі́ць ’насаджваць’ (гл.). Першапачаткова, відаць, снапы насаджвалі на нешта ці ўсаджвалі (напр., у азярод), калі малацьба была больш прымітыўнай. Параўн. малацьбу ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе, дзе малацілі пры дапамозе дошак з вострым) зубамі (Основы этнографии, M., 1968, 168).

Паса́д 2 ’трон, прастол уладара’, ’месца (звычайна дзяжа, пакрытая кажухом), дзе сядзіць маладая на вяселлі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Маш., Мал., Касп.; КЭС, лаг.; ТС, Бяльк.), ’рознае дабро, рэчы’ (паўн.-усх., КЭС), ’вышка’ (Яруш.), ’як каравай дзеляць, тады ета пасад, маладой расплятаюць касу’ (Мат. Гом.), садзіць на пасад ’садзіць маладую на воз да маладога’ (паўн.-усх., КЭС). Яшчэ ў X ст. пасад — ’гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной’, ’прыгарад, прадмесце, пасёлак’ (ТСБМ). Укр. посад, рус. посад, ст.-рус. посадъ, польск., ст.-польск. posad(a) ’тс’. Да пасадзіць < па‑ і сад, садзі́ць (Ягіч, AfslPh, 13, 300; Фасмер, 3, 338). Брукнер (432) выводзіць з posagъ (гл. паса́г). Сюды ж пасажа́нка, паса́дная маці ’пасаджоная маці’, паса́жаны бацька ’сват’ (Сцяшк., Сл.), паса́жаны, пасаджоны (бацька, маці) ’хросныя’ (Бір.), пасаднік ’намеснік князя’, ’выбраны вечам правіцель горада ў Старажытнай Русі’ (ТСБМ), пасадзі́ць ’усадзіць у зямлю’, ’паставіць у гарачую печ’, ’прымусіць сесці’, ’арыштаваць’, ’пакінуць знак’, ’прывесці ў нягоднасць’, ’змясціць у вулей рой’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)