фане́ра, ‑ы, ж.

1. Абліцовачны драўняны матэрыял у выглядзе тонкіх пласцін, які выкарыстоўваецца для абклейвання сталярных вырабаў, каб надаць ім прыгожы выгляд.

2. Матэрыял са склееных тонкіх пласцін дрэва з перакрыжаваным размяшчэннем валокнаў драўніны. Саша набраў хлебных крошак, ссыпаў іх на ліст фанеры і папрасіў маці: — Хачу на балкон, пакарміць верабейчыкаў. Даніленка.

[Ад ням. Furnier.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эма́левы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эмалі (у 1 знач.). Эмалевыя фарбы. // Зроблены з эмалі; пакрыты, упрыгожаны эмаллю. Саша выняў з маленькай верхняй кішэні пінжака невялікую рубінавую зорачку з белым эмалевым галубком і ўрачыста падаў яе дзяўчынцы. Краўчанка.

2. Які звязаны са спосабам атрымання эмалі (у 2 знач.). Эмалевая тэхніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нецярплі́вы, ‑ая, ‑ае.

Такі, якому не ўласціва цярпенне. Нецярплівы чалавек. □ Саша выйшла першая, як заўсёды імклівая, нецярплівая, — ёй цяжка было глядзець на развітанне. Шамякін. / у знач. наз. нецярплі́вы, ‑ага, м.; нецярплі́вая, ‑ай, ж. — Ты раскажы, дзед, што там сёння было? — прасілі нецярплівыя. Якімовіч. // Які выражае нецярпенне. Праз хвіліну пачулася нецярплівае наравістае фырканне каня. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нечака́насць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нечаканага; раптоўнасць. Нечаканасць сустрэчы. □ Партызан ратавала іх смеласць, выключная нечаканасць іх з’яўлення. Лынькоў.

2. Нечаканая падзея, з’ява, нечаканыя абставіны і г. д. Саша глянула на брата і раптам зразумела, што ён узброены і гатовы да любых нечаканасцей. Шамякін. — Стой! Пароль! — раздаўся вокліч, і Сяміздраў аж падскочыў ад нечаканасці. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пані́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да панікі; прасякнуты панікай. Магчыма ў панічнай мітусні, узнікшай з прычыны нечаканай хвалі, .. [чалавека] і проста маглі скінуць з памосту ў агульнай штурханіне без усякага злога намеру. Лынькоў. Саша на момант супакоілася, адагнала свой панічны страх. Шамякін. // Які выклікае паніку. Панічныя чуткі.

2. Разм. Які паддаецца паніцы. Панічны чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бы́дла, ‑а, н., зб. (рэдка).

Буйная рагатая жывёла. — Выганяй, выганяй, брат, быдла, — заўважыў дзядзька Марцін: — Сонца, унь, ужо высока над лесам стаіць. Колас. [Бацька:] — Чаго ж ты [Грышка] сярдуеш? Вось падрасцеш крыху, пачнеш быдла пасвіць, дык і перастануць свінапасам абзываць... Чарот. // Пры выказванні зневажальных, пагардлівых адносін да каго‑н. Саша з дзяцінства толькі і чуў: «мужык, быдла». Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапта́ць, шапчу, шэпчаш, шэпча; незак., што і без дап.

1. Гаварыць, вымаўляць вельмі ціха, шэптам. Шаптаць на вуха. Шаптаць малітвы. □ Губы .. [Людмілы] шапталі гнеўныя пракляцці тым, хто ўчыніў такую лютую бойню. Якімовіч. Саша... Саша... Ты ж сама прыгажосць... — шаптаў Малашкін, гладзячы руц Сашы, — з табою жыць і паміраць. Пестрак. // перан. Утвараць якія‑н. ціхія гукі (слабы шум, шолах і пад.). Шэпча жыта, нібы стогне Здушанай тугою. Колас. Зноў так радасна шэпчуць дубровы. Кляшторны.

2. Перадаваць якія‑н. чуткі па сакрэту, тайна. І не толькі яны [Сцёпка з Борам] — уся вуліца шаптала пра Міхалку. Баранавых. — Каму ж, хлопцы, пачаць, як не нам? Можа, напалохаюць тыя, што будуць шаптаць з-за вугла ды чакаць паратунку з-за мора. Брыль.

3. Шэптам замаўляць, чараваць. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разжало́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

Разм. Выклікаць пачуццё жалю, жальбы. — Што гэта вы, Аня! А то вы і мяне разжалобіце, чаго добрага — жартам сказала Саша, а ў самой дрыжэлі губы і голас ненатуральна звінеў. Шамякін. [Вера:] — То бывала, хоць вяроўкі з яго [Пятра] ві, а то і гаворыцца не даўся: Можа б вы там, старшынька, закінулі слоўца. Скажэце, што хеарэю і аб ім смуткую. Разжалобце сэрца. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ла,

1. нескл., н. Музычны твор або асобныя партыя, прызначаная для выканання адным музыкантам, спеваком або танцорам. Сола для скрыпкі. // Выкананне такога твора (партыі). — Сола на баяне ў тым жа выкананы, — не сціхаў Саша. Васілевіч.

2. у знач. прысл. Асобна ад другіх (пра выкананне музычных твораў, танцаў). Спяваць сола. Танцаваць сола. □ Я лічыўся здольным скрыпачом, мне часам нават давалі выступаць сола ў якіх-небудзь святочныя канцэртах. Рамановіч.

[Іт. solo.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буркава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Утвараць характэрныя для галубоў гукі. Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы. Шамякін. // перан. Жарт. Лагодна і пяшчотна размаўляць. З усімі.. [Ліза] гаварыла ласкава і мякка. Ну проста не гаварыла, а мурлыкала, як каток, ці буркавала, як галубка. Арабей. Сядзела на лаўцы Пад фрэнчам хлапечым І ўсё буркавала Каханку аб нечым. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)