ЯФРЭ́МАЎ Алег Мікалаевіч (1.10.1927, Масква — 24.5.2000),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1969). Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Школу-студыю Маскоўскага Маст. акад. т-ра (1949). З 1949 акцёр, рэжысёр Цэнтр. дзіцячага т-ра. З 1956 арганізатар і кіраўнік т-ра «Сучаснік», з 1970 акцёр, гал. рэжысёр Маскоўскага Маст. акад. т-ра (з 1989 імя А.​Чэхава). Акцёрскія работы вылучаліся натуральнасцю і шчырасцю, іроніяй і лірызмам, дэтальнай распрацоўкай ролі і адначасова псіхалагічна дакладна пабудаваным вобразам: Барыс Гадуноў, Самазванец («Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна), Астраў («Дзядзька Ваня» Чэхава), Мальер («Кабала святош» М.​Булгакава), Аляксей («У добры час!» В.​Розава) і інш. Як рэжысёр адметны вострым адчуваннем часу, імкненнем зрабіць гледача таксама творцам спектакля. Паставіў: «Вечна жывыя» Розава (1957, і роля Барыса), «Пяць вечароў» А.​Валодзіна (1959, з Я.​Еўсцігнеевым, роля Ільіна), «Нарадавольцы» А.​Свабодзіна (1967), «Чайка» (1970, з В.​Салюком; 1980, з В.​Сергачовым), «Іванаў» (1976, з С.​Дзясніцкім), «Дзядзька Ваня» (1985, з М.​Скорыкам) Чэхава, «Апошнія» М.​Горкага (1971), «Качынае паляванне» (1978, з А.​Мягковым, роля Зілава), «Так пераможам!» М.​Шатрова (1981), «Маскоўскі хор» Л.​Петрушэўскай (1988, абодва з Р.​Сіратой), «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1992, з І.​Уласавым), «Барыс Гадуноў» (1994, з А.​Беларучавым), «Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана (2000, са Скорыкам). З 1956 здымаўся ў кіно: танкіст Іваноў («Жывыя і мёртвыя», 1964), следчы Падбярозавікаў («Сцеражыся аўтамабіля», 1966), шафёр таксі Саша («Тры таполі на Плюшчысе», 1968), Палынін («Выпадак з Палыніным», 1971). Сярод інш. фільмаў: «Гары, гары, мая зорка», «Вайна і мір», «Дні хірурга Мішкіна», «Інспектар ДАІ» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1969, 1974, 1983. Дзярж. прэмія Расіі 1997.

Л.​В.​Календа.

А.​М.​Яфрэмаў.

т. 18, кн. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)