Плята́ць ’ілгаць’ (Нас.). Да прасл. *plęt‑a‑ti, якое з’яўляецца дзеясловам шматразовага дзеяння ад прасл. *plęsti (< ple‑n‑i‑ з інфіксам ‑n‑ у аснове цяп. часу) < першапачаткова Spiesti > бел. плесці (гл.). Фурлан (JS, 29, 120–123) параўноўвае плятаць з славен. oplėtati ’помсціць’, oplėsti ’ашукаць, абдурыць’, якія ўзводзіць да прасл. *plet‑ < і.-е. (s)pele‑t‑/*(s)plet‑ ’узнёсла гаварыць’, дапускаючы аманімію асноў у праславянскай мове, пры якой сувязь з ’плесці’ тлумачыцца народнай этымалогіяй, параўн., аднак, круціць ’падмануць’ (ТС), што сведчыць аб прадуктыўнасці семантычнага пераходу ’плясці, віць, круціць’ > ’ашукваць, ілгаць’. Сюды ж: плятня ’хлусня, плёткі’ (Нас.; ТС), ’пляткарка’ (шчуч., Сл. ПЗБ; клец., Нар. лекс.), пляту́пня ’балбатуха’, пляту́н ’забаўнік, балбатун’ (Нас.), ’пляткар, хлус’ (капыл., Нар. словатв.; гор., Мат. Маг.; Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́верзня ’бесталковы, хлуслівы’, накаверзнічаць ’схлусіць’ засведчаны ў Барысаўскім р‑не (Жакава, Совещание по ОЛА, 1975, 199). Укр. каверза ’хітрыкі, штука’, каверзник не выглядае як народнае, аднак Грынчэнка з паметай «Лебед. у.» прыводзіць слова каверзякати ’верзці лухту’. Рус. каверза вядома ў літар. мове (з 1641) і ў гаворках: пск., асташ., цвяр. каверза ’пра чалавека, які прыносіць іншым непрыемнасці’, перм., алан., арх. ’пляткар, пляткарка’, валаг. ’штукар’, алан. ’назола’, смален. кавирзу сплесть ’схлусіць, сказаць плётку, узвесці паклёп’. Усх.-слав. утварэнне ад коверзати ’плесці’, гл. кавярзаць. Семантыка празрыстая, параўн. рус. сплетня, польск. plotki. Бел. каверзь ’лухта’ можна параўнаць з рус. пск., асташ., цвяр. каверзь ’дрэнь, брыдота’ (параўн. адзначанае на той жа тэрыторыі каверзяниться ’пэцкацца’), ’пра пустога, нікчэмнага чалавека’; бел. каверзня ’пра бесталковае, хлуслівае’ з рус. пск., асташ., цвяр. каверзня ’неверагоднае, або такое, якое не заслугоўвае даверу, апавяданне’. Гл. кавярзень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́ндра ’неахайная, нязграбная жанчына’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.); плю́ндріна (Юрч. СНЛ; Юрч. Вытв.). Паралельная форма флюндра ’тс’ (беласт., Жыв. НС) сведчыць, што гэта — запазычанне з польск. flądra ’няхлюйная жанчына, прастытутка’ (з XVIII ст.), якое Слаўскі (1, 232) разглядае як запазычанне з ням. дыял. Flunder, Flander ’анучы, рыззё’, ’прастытутка’, што паходзяць, напэўна, з назвы краіны Фландрыі, адкуль разыходзіліся па Еўропе сукны. Банькоўскі (2, 600) мяркуе, што фармальна блізкае польск. plądra ’вандроўная ашуканка-зладзейка’ паходзіць ад plądrować, plondrować і plundrować ’грабці’, ’шарыць, шукаць’, а гэтае — з н.-ням. plündern ’грабіць, спусташаць’. Таго ж паходжання ўкр. фльондра, чэш. plundra ’гуляшчая, блудніца, прастытутка’, pladry ’адзенне’, ’паношанае адзенне, латы, анучы’, н.-луж. plundrawa ’абадранка’, славен. plȗndra ’снежная слота’, ’балота, дрыгва’, plọ̑dra, plọ̑jndra ’дождж са снегам’ (з факультатыўнай экспрэсіўнай назалізацыяй — Бязлай, 3, 62). Адносна літ. pliùndra ’слата’, pliùdra ’непраходная дарога з-за дажджу’, pliù(n)dra ’бадзяга, блудніца, прастытутка’, ’пляткарка’, ’неахайная жанчына’ Фрэнкель (1, 625) мяркуе, што яны ўзыходзяць да і.-е. *pel‑, *pleu̯‑d ’плыць, лётаць’, што дае падставы Лаўчутэ (Балтизмы, 71) следам за Блесэ (SB, 5, 17) лічыць балтыйскія словы зыходнымі для бел. плюндра ’той, хто заўсёды пэцкаецца’, што ў святле вышэй прыведзеных фактаў не мае падстаў, гл. спецыяльна Віткоўскі (LB, 4, 149–152). Гл. і хлюндра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляцёнка1, пляця́нка, плецю́нка, плэтю́нка, плыті́нка ’што-небудзь сплеценае ўздоўж з 2–3 і больш пасмаў, кавалкаў’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’плеценая вяроўка’ (Касп.), ’лазіва бортніка’ (карм., рэч., ЛА, 1), ’плецены пояс’ (навагр., З нар. сл.; валож., ЛА, 4), ’тасёмка’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’карункі’ (добр., Мат. Гом.), ’мярэжка’ (пін., Шатал.); ’плеценая кашолка’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’каробка, сплеценая з сітняку’ (драг., З нар. сл.), ’палукашак’ (віл., Сл. ПЗБ; віл., ЛА, 4), ’аснова кроснаў, сплеценая ў касу’ (пін., карэліц., Шатал.; трак., ашм., вільн., стаўб., бяроз., Сл. ПЗБ), ’прылада для звівання нітак у клубок’ (брагін., Мат. Гом.), ’сплеценая з саломы дарожка на падлогу’ (дзятл., Сцяшк. МГ), ’будынак з плеценымі сценамі’ (ТС), ’падоўжаная вітая белая булка’ (ТСБМ), ’сеткавая частка сіта’ (свісл., Шатал.), ’уцяпленне дзвярэй’ (драг., Нар. словатв.), ’сплецены вянок цыбулі’ (астрав., Сцяшк. МГ; Ян.; ТС, Бяльк., Мат. Гом.; брасл., ганц., бяроз., Сл. ПЗБ; усх.-брэсц., усх.-віц., маг., усх.-гом., ЛА, 2), ’нізка грыбоў’ (кругл., ЛА, 1), ’вялікая бутэлька, аплеценая лазой’ (Мат. Маг.; Сл. Брэс.; ТС), ’вязаная хустка’ (воран., Сцяшк. Сл.), а таксама: пляце́нка ’сплеценая аснова (для красён)’ (пух., Сл. ПЗБ), плеце́нка ’ручнік з датыкальных адрэзаных і сплеценых канцоў’ (івац., З нар. сл.), плэ́тянка ’плеценая ёмістасць’ (драг., З нар. сл.), пле́цінка, пліця́нка ’аплеценая бутля’, ’акуратна сплецены кошык’ (Юрч. СНЛ), пляця́нка ’пуня з лазы’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. плеті́нка ’вязаная рукавіца’, ’род вышыўкі’, плетя́нка ’агароджаны крыніца’, ’сплеценая з саломы стужка, з якой сшывалі капялюш’; рус. плете́нка ’сплеценая рэч — шнурок, пояс, гірлянда з зелені, кветак, пляцёнка цыбулі; круг з саломы; палавічок для выцірання ног’, ’карункі’, плетёнка ’заплечны кошык для бялізны’; польск. plecionka, plecionka ’што-небудзь сплеценае’, ’тасьма, плецены шнур’, ’гірлянда, нізка, вянок; “каса” з саломы для аббівання дзвярэй’, ’кошык’, ’пляшка, аплеценая лазой’, ’саламяны вулей’, чэш. pletenka ’хала’. Прасл. *pletьnъka < *pletьnъ(jь), адпрыметнікавае ўтварэнне. Да пле́сці (гл.).

Пляцёнка2пляткарка’ (пух., Сл. ПЗБ), ’весялуха, пахатніца’ (пух., ЛА, 3). Да пле́сці (гл.).

Пляцёнка3 ’бярозка палявая, Сопvulvulus arvense L.’ (брагін., ельск., Мат. Гом.). Да пле́сці (гл.). Названа паводле таго, што расліна ўецца, нібы “пляцецца” па дарозе. Параўн. іншыя назвы, звязаныя з віць: укр. повійка, чэш. svlak, slatec, але і opletnik ’тс’ (ад oplétati ’абпляпаць’) (Махэк, Jména, 184), параўн. лац. con‑volv‑ulus, дзе ‑volv‑ < *‑vel‑ ’віцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламу́ціць ’муціць, рабіць каламутным’ (ТСБМ), ’выклікаць неспакой, уносіць беспарадак, блытаніну’ (ТСБМ). Укр. каламутити ’муціць; бунтаваць’, каломутити ’тс’, рус. варонеж., зах.-бран. каламутить ’муціць ваду’, кур., зах.-бран. ’выклікаць разлад, смуту; баламуціць’, польск. kołomącić ’муціць, баламуціць, круціць’, kalamacić ’муціць (напр., ваду), баламуціць’ (там жа), kałamucać ’муціць, боўтаць’ з усх.-слав. фанетыкай; сведчыць, магчыма, аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў бел. мове, славац. zkolomutit ’закрануць, падражніць, пашавяліць’. На поўдні славянскай тэрыторыі адзначана серб.-харв. каламу́тити (у Вука), якое RHSJ (4) суадносіць з kalabúriti. Адносна першага слоўнік мяркуе, што яно магло ўтварыцца ў выніку кантамінацыі kalabúriti і дзеяслова mutiti; адносна другога — ад kalabàluk ’вялікая колькасць людзей, шум, мітусня’, якое з тур. galabalyk. Відаць, такое меркаванне нельга прыняць, паколькі ёсць дакладныя адпаведнікі ў паўн.-слав. мовах. Цікава і серб.-харв. калабу́рити, якое суадносіцца з прасл. buriti са значэннем ’хваляваць’ і да т. п. Звернем яшчэ ўвагу на дзеяслоў buniti ў дэфініцыі як на вельмі сімптаматычны (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 3, 99: «buriti… родственно *bura, а также глагольно-именной паре *buna‑ *buniti…». Наяўнасць у слав. мовах фанетычна розных лексем (першая частка ‑kala‑ і ‑kolo‑) зацямняе этымалогію. Слаўскі (2, 371) мяркуе аб злучэнні *kolomǫtiti ’муціць навокал’, як аргумент прыводзяцца паралельныя чэш. (у Юнгмана) kolotáceti se ’круціцца’, рус. колобродить, дыял. колобродить, бел. каламесіць. Надзейнасць гэтых прыкладаў не вельмі высокая, аднак структура такая з’яўляецца магчымай: параўн. укр. коломыя ’яма, вымытая вадой’, серб.-харв. kolòvada («složeno od kolo osnove glagola voditi…», RHSJ, 5, 214), рус. коловодиться ’вазіцца, многа займацца чым-н. і да т. п.’, магчыма, рус. маск. коломыкапляткарка і да т. п.’ Фанетычныя недакладнасці Слаўскі тлумачыць ад’ідэацыяй першай часткі да kalъ ’гразь’ і да *balamutiti ’муціць’. Махэк₁ (419). Махэк₂ (514) мяркуе аб праформе *kalomǫtiti, дзе першая частка паходзіць ад kalъ ’гразь і да т. п.’ Фанетыку слав. утварэнняў ён тлумачыць наступным чынам: форма kala магла быць вынікам прагрэсіўнай асіміляцыі (укр. каламутити), а польск. і чэш. рэгрэсіўнай. Такое тлумачэнне не вельмі добра спалучаецца з паралельнымі формамі koło‑ і kało‑ ў польск. дыял. словах, а семантыку слав. прыкладаў нельга звесці да семантыкі kalъ. Параўн., у прыватнасці, бел. дыял. каламут ’вір’ і сінонімы; рус. дыял. коловерть, коловорот, круговорот. Аднак, калі прыняць версію Слаўскага, відавочна, што нельга проста вытлумачыць серб.-харв. прыклады, паколькі на поўдні ўтварэнні з першай часткай bala‑ не адзначаюцца. Гэта значыць, што на серб. лексемы або сапраўды ўплывалі семантычна падобныя турцызмы, або тут дзейнічалі ўласна фанетычныя працэсы. Не выключана, што прапанаваныя этымалогіі наогул няпэўныя і больш верагодна бачыць тут кампозіт, у якім першая частка ўспрымаецца як экспрэсіўны фармант. Так разглядаў Кноблах (JC, 1969 (2), 141) лексемы балагур, баламут і інш. Найбольш істотным момантам такой версіі з’яўляецца магчымасць утварэння экспрэсіўнага фарманта на базе слова. Тады змяненне фанетыкі лёгка вытлумачыць як натуральнае для экспрэсіўнай лексікі або фармантаў. Не выключана, што з такімі фармантамі ўтвораны рус. бран. коломат ’крык, шум’, аб другой частцы гл. Мартынаў, Бел.-рус. ізал., 70; укр. усх.-палес. калабушить ’ласкатаць’, магчыма, бел. каланытка (гл.) і інш. Параўн. славац. galamuta ’змяшэнне, смута’ і balamuta ’тс’, што сведчыць, па-першае, аб блізкай семантыцы ўтварэнняў з рознымі фармантамі ў пачатку слова, па-другое, аб змяненні фанетыкі. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што нельга выключыць уплыву паўн.-слав. balamǫtiti на разглядаемую групу лексікі, аднак характар гэтага ўплыву не вельмі ясны. Магчыма, balamǫtiti ўласна славянскае ўтварэнне (гл. агляд версій Трубачоў, Эт. сл., 1, 146–147), не выключана, што паралельнае да kalamǫtiti. Версія аб запазычанні слова (баламуць) з манг. balamut больш верагодная, калі прыняць пад увагу аргументацыю Папова (Из истории, 35, заўвага 4), які адзначае, што ў іранскіх дыялектах Паміра balāmū́t ’віхор’. Робіцца таксама слушная заўвага, што складанасць лексемы і семантыка не дазваляюць меркаваць аб выпадковым супадзенні. Аднак апошнія прапановы не праясняюць справу, хоць лінгвагеаграфія і не пярэчыць версіі аб магчымым запазычанні слова (ва ўсякім разе слова баламут). Таксама не вельмі ясным з’яўляецца словаўтварэнне, калі дапускаць славянскае паходжанне слоў. Тут можна бачыць складанне назоўнік + дзеяслоў, або дзеяслоўны назоўнік (гл. прыклады вышэй).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)