Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХІ́Н Аскольд Аўрамавіч (2.5.1941, г. Архангельск, Расія — 19.2.1994),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Ін-т мастацтваў у Кішынёве (1965). З 1965 саліст ансамбля песні і танца БВА, з 1966 — Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1980 — Дзярж.к-та Беларусі па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у 1985—90 — Крымскай філармоніі. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці і пластычнасці. Сярод партый: Мечык («Калі ападае лісце» Ю.Семянякі), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Барыс, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Канчак, Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Рэнэ, Грэмін («Іаланта», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Рамфіс, Мантэроне («Аіда», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Камандор («Дон Жуан» В.А.Моцарта). У камерным рэпертуары рамансы і песні бел. кампазітараў. Лаўрэат міжнар. конкурсаў вакалістаў у Празе (1967) і Сафіі (1968, залаты медаль), міжрэсп. конкурсу вакалістаў імя Я.Вітала (1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІК Леанід Фёдаравіч (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Якуб («Марынка» Р.Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ Алег Уладзіміравіч (н. 13.7.1961, Мінск),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1993). З 1993 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру поўнага дыяпазону, добрай вак. школай. Сярод партый: Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Спарафучыле і Мантэроне, Рамфіс, Захарыя («Рыгалета», «Аіда», «Набука» Дж.Вердзі), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Канчак і Уладзімір Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава). Барыс і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Стары катаржнік («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча). Выканаў таксама партыю баса ў Рэквіеме Вердзі, удзельнічаў у запісе на кампакт-дыск кантаты С.Рахманінава «Званы» (Дублін, 1996). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу маладых оперных спевакоў імя Ф.Шаляпіна (1989), міжнар. конкурсаў вакалістаў у Більбао (Іспанія) і Карлавых Варах (Чэхія; абодва 1988), імя Г.Отса (1989), «Новыя галасы» (Германія) і SIEM (Жэнева; абодва 1991), імя Л.Тодзі (Партугалія, 1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮВА́НАЎ Міхаіл Акімавіч (24.2.1906, г. Грозны, Чэчня — 29.4.1977),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951, клас Я.Віцінга), з 1962 выкладаў у ёй. З 1938 працаваў у т-рах оперы і балета ў Баку, Ташкенце, Фрунзе, Маскве (Вял.т-р, 1944), Пермі. У 1949—61 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў моцным голасам прыгожага цёплага тэмбру. Аднолькава пераканаўча выконваў партыі лірычныя, драм. і камедыйныя. Сярод партый нац. рэпертуару: Даніла і Анішчук («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Якуб («Марынка» Р.Пукста), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова); з лепшых партый класікі — Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ, Качубей («Яўген Анегін», «Іаланта», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Шлях акцёра // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Б.С.Смольскі.
М.А.Зюванаў.М.Зюванаў у ролях Карася (злева) і караля Рэнэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў Яраслаў Фёдаравіч (н. 11.6.1942, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл.),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1974). З 1973 у Нац.акад. т-ры оперы Беларусі. Валодае моцным голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, сцэнічнай абаяльнасцю. Творчасці ўласцівы тэмперамент і шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокае пранікненне ў вобраз, гранічная выразнасць кожнага характару. Стварыў запамінальныя эпічна-велічныя, глыбока драм. і разам з тым чалавечныя вобразы. Сярод партый: Найміт («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), Рыгор («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак, князь Ігар, Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Іван Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Кутузаў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава), Філіп II, Рамсіс, Спарафучыле, Мантэроне («Дон Карлас», «Аіда», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Бартала (Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Зарастра («Чароўная флейта» В.А.Моцарта). У канцэртным рэпертуары бел. і рус.нар. песні, творы бел. кампазітараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАВІ́НСКІ Фёдар Ігнатавіч (20.6.1843, маёнтак Новы Двор, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. —4.12.1902),
рускі спявак (бас). Скончыў гімназію ў Мазыры (1865, у час вучобы спяваў у студэнцкіх спектаклях, зборы ад якіх ішлі матэрыяльна незабяспечаным гімназістам), Пецярбургскую кансерваторыю (1873). Саліст Кіеўскага (з 1873), Марыінскага (з 1876) оперных т-раў. На сцэне апошняга выканаў больш за 60 рознахарактарных партый у операх рус. і замежных кампазітараў. Сярод лепшых роляў: Фарлаф («Руслан і Людміла» М.Глінкі), Варлам і Рангоні («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Яромка, Алаферн («Варожая сіла», «Юдзіф» А.Сярова), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Дон Базіліо і Бартола («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Спарафучыле («Рыгалета» Дж.Вердзі), Сен-Бры і Марсель («Гугеноты» Дж.Меербера), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно) і інш. С. валодаў яркім сцэнічным талентам, майстэрствам пераўвасаблення, найб. ўвагу аддаваў акцёрскаму ўдасканаленню, сам ствараў эскізы грыму да роляў. Выканальніцкая дзейнасць С., які прадоўжыў традыцыі В.Пятрова і прадвызначыў творчы шлях Ф.Шаляпіна, стала значным этапам у гісторыі рус. опернага мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́СІН (Massine) Леанід Фёдаравіч (8.8.1895, Масква —15.3.1979),
расійскі і франц. танцоўшчык, балетмайстар. Скончыў Маскоўскае тэатр, вучылішча (1912), вучань А.Горскага. З 1912 у Вял. т-ры ў Маскве, у 1914—28 (з перапынкам) у трупе Рускі балет Дзягілева. З 1932 у франц. трупе «Бале рус дэ Монтэ-Карла» (з 1933 гал. балетмайстар), з 1947 ставіў балеты ў т-рах Еўропы і ЗША. Сярод партый: Іосіф («Легенда пра Іосіфа» Р.Штрауса), Пятрушка («Пятрушка» І.Стравінскага), Млынар («Трохвуголка» М. дэ Фальі) і інш. З 1915 і харэограф. Узбагаціў выразныя сродкі балетнай сімфоніі як жанру 20 ст. Яго жанрава-характарныя пастаноўкі ўключалі танец, мастацтва і фальклор розных краін і эпох: «Жанчыны ў добрым настроі» на муз. Д.Скарлаці, «Трохвуголка»; «Пульчынела» і «Песня салаўя» на муз. Стравінскага, «Меркурый» Э.Саці, «Цудоўны Дунай» на муз. І.Штрауса, «Стальны скок» С.Пракоф’ева. Пастаўленыя ім сімф. балеты вызначаліся эмацыянальнасцю, маляўнічасцю: «Прадвесце» на муз. 5-й сімф. П.Чайкоўскага, «Фантастычная сімфонія» на муз. Г.Берліёза, «7-я сімфонія» на муз. Л.Бетховена, «Чырвонае і чорнае» на муз. 1-й сімф. і «Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча. Аўтар успамінаў «Маё жыццё ў балеце» (1960, рус.пер. 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНД (Sand) Жорж [сапр.Дзюпэн
(Dupin) Аўрора; па мужу Дзюдэван (Dudevant); 1.7.1804, Парыж — 8.6.1876], французская пісьменніца. Вучылася ў англ. каталіцкім манастыры ў Парыжы. Дэбютавала псіхал. раманам «Індыяна» (1832),
у якім тэма жаночай эмансіпацыі цесна звязана з праблемай свабоды чалавека. У раманах «Валянціна» (1832), «Лелія» (1833), «Жак» (1834) у традыцыях байранізму і «нястрымнага рамантызму» абвясціла індывідуалістычны бунт як адзіны шлях у абнаўленні грамадства. На мяжы 1830—40-х г. захапілася ідэямі утапічнага і хрысц. сацыялізму. Аўтар сац. раманаў «Мапра́» (1837), «Вандроўны падмайстар» (1840), «Арас» (1841), «Млынар з Анжыбо» (1845), «Грэх пана Антуана» (1847), дылогіі «Кансуэла» (1842—43) і «Графіня Рудальштат» (1843—44). Дэмакр. погляды С. выявіліся ў цыкле вясковых аповесцей («Чортава лужына», 1846; «Франсуа-знайдыш», 1847—48; «Маленькая Фадэта», 1848—49). Удзельніца рэвалюцыі 1848, пасля перамогі рэакцыі адышла ад палітыкі. Аўтар мемуараў «Гісторыя майго жыцця» (1854—55), шматлікіх раманаў, у т. л. «Снегавік» (1858), «Апошняе каханне» (1867) і інш. Аповесць «Франсія» (1872) пра гіст. падзеі 1812—14 у Францыі і Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛКА Уладзімір Адамавіч (27.5.1900, в. Макашы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1.3.1933),
бел.паэт. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1923—26). Як рэдактар час. «Новы прамень» (Прага) запрошаны ў 1926 у Мінск для ўдзелу ў навук., канферэнцыі па рэформе правапісу; застаўся тут. Працаваў у газ. «Звязда» і муз. тэхнікуме. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, высланы ў г. Уржум (Кіраўская вобл.). Там і памёр. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1920 у мінскіх выданнях, з 1921 у зах.-бел. прэсе, з 1923 у часопісах бел. студэнцтва ў Чэхаславакіі, пражскім зб. «Славянская книга». Паэт рамант. складу. Аўтар лірычнай паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зб-каў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мн., 1927). Творча пераносіў традыцыі еўрап. рамантызму на глебу зах.-бел. л-ры. У вершах «Віхор», «Меч», «Хто смелы» і інш. у сімвалічных вобразах паэтызаваў ахвярнае служэнне Радзіме, свабодзе. Выяўляў ідэю паяднання чалавека з сацыяліст. явай, сцвярджаў хараство новых узаемаадносін асобы і грамадства («Млынар паставіў застаўкі», «Раніцою», паэма «Тэстамент»). Творчасці Ж. ўласцівы інтэлектуальная, гуманіст. і эстэт. культура, высокае паэт. майстэрства. Пераклаў на бел. мову асобныя творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Г.Ібсена, Ш.Бадлера, І.Волькера, Б.Ясенскага.
Тв.:
Вершы. Мн., 1970;
Пожні. Мн., 1986;
Творы. Мн., 1996;
Творы. Мн., 1998.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў бел. паэзіі. Мн., 1977;