ЗЮВА́НАЎ (Міхаіл Акімавіч) (24.2.1906, г. Грозны, Чэчня — 29.4.1977),

бел. спявак (бас). Нар. арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951, клас Я.Віцінга), з 1962 выкладаў у ёй. З 1938 працаваў у т-рах оперы і балета ў Баку, Ташкенце, Фрунзе, Маскве (Вял. т-р, 1944), Пермі. У 1949—61 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў моцным голасам прыгожага цёплага тэмбру. Аднолькава пераканаўча выконваў партыі лірычныя, драм. і камедыйныя. Сярод партый нац. рэпертуару: Даніла і Анішчук («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Якуб («Марынка» Р.​Пукста), Дураў («Надзея Дурава» А.​Багатырова); з лепшых партый класікі — Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Барыс («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ, Качубей («Яўген Анегін», «Іаланта», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні).

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Шлях акцёра // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​С.​Смольскі.

М.А.Зюванаў.
М.Зюванаў у ролях Карася (злева) і караля Рэнэ.

т. 7, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)