стаўбуно́к, ‑нка, м.

Абл.

1. Памянш.-ласк. да стаўбун (у 1–3 і 5 знач.); маленькі стаўбун.

2. Вадзяная лілія. [Зіна] гаварыла, што там растуць фіялетава-ружовыя стаўбункі, а на ўзгорках — чырвоныя гваздзічкі. Гаўрылкін.

3. Пра што‑н. падобнае на слупок. Ля ларка Лёшка раскашэліўся яшчэ раз: купіў два стаўбункі марожанага. Асіпенка. І плацце сонечнага колеру, і прычоска, чугачку паднятая стаўбунком .. — усё так міла і так хораша .. [Тоні]. Скрыган. Над .. паверхняй [ракі] часам у знікалі цёмныя рухомыя стаўбункі — камары таўклі мак. Кірэенка. // Пра высокую шапку. Стройная, не прыгнутая гадамі, пастава, з густам падабраная і падагнаная вопратка — шэры аўчынкавы каўнер і гэткая ж шапка-стаўбунок узімку,.. падкрэсліваюць унутраную сабранасць, тую, што з глыбінь душы, інтэлігентнасць [пісьменніка]. Юрэвіч. Беглі на дарогу наперарэз карэце мужыкі... У лапцях, доўгіх, ледзь не па самае калена, белых зрэбных кашулях, шапках-стаўбунках: у руках — тапары. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бу́рбалка1 ’пузыр, баўдыр на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Некр., Сцяшк. МГ, Янк. II, Мядзв., Шат., Нас., Касп.), бурбо́лка (Бяльк.), бу́рбаліць ’дзьмуць у ваду, каб з яе выходзілі бурбалкі’ (Бір. Дзярж.), ’пускаць праз ваду бурбалкі’ (КЭС), бурбуле́ць ’моцна кіпець’ (Юрч.), бурбо́ліць ’булькаць’ (Касп., Нас.), бурба́ліць ’пузырыцца’ (Шат.). Рус. дыял. бу́рболка, бурбы́лка, польск. burbulka, burbułka. Лічыцца запазычаннем з літ. burbuliúoti, burbuolė̃, bur̃bulas (да этымалогіі балт. слоў гл. Фрэнкель, 1, 44–45 пад bir̃bti: усё гукапераймальнае). Варш. сл. 1, 235; Блесэ, SB, V, 11; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13 (< лат. bur̂bulis); Лаучутэ, Лекс. балтызмы, 22. Але праблема больш складаная, чым думаюць, таму што ўся група слоў гукапераймальнага паходжання, і могуць існаваць незалежныя славянскія ўтварэнні (аб складанасці пытання гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 51; V (2), 1969, 160, 161).

Бу́рбалка2 ’жоўтая вадзяная лілія’ (Шат.). Таго ж паходжання, што і бу́рбалка1 (гл.). Назва гэтай кветкі часта ўтвараецца ад слоў са значэннем ’пузыр, баўдыр, глечык і да т. п.’ Параўн. глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, булдоўка, жбанкі і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сон1 ‘спанне’, ‘тое, што сніцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. сон, польск., чэш., славац. sen, в.-луж. són, н.-луж. són, славен. sën, серб.-харв. са̏н, балг. сън, макед. сон, ст.-слав. сънъ. Прасл. *sъnъ з *sъpnъ, роднаснага спаць (гл.). Роднасныя: літ. sãpnas ‘сон; тое, што сніцца’, лат. sapnis ‘тое, што сніцца’, ст.-інд. svápnas ‘сон; тое, што сніцца’, лац. somnus ‘сон’. Гл. Фасмер, 3, 716–713 з літ-рай; Махэк₂, 541; Шустар-Шэўц (1334); Глухак, 540.

Сон2 ‘травяністая расліна з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), ‘розныя віды расліны Pulsatilla L.’ (Кіс., Меер Крыч.), сон-трава ‘расліна сон’ (Байк. і Некр., Касп., Нар. лекс., Кіс.), сонь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), со́нчык ‘тс’ (гродз., Кіс., Сл. ПЗБ), сасо́ннік ‘тс’ (Шат.), бабі́н сон ‘расліна Crocus Heuffelianus Herb.’ (Бейл.). Укр. сон, сон‑зі́лля, сон-трава́ ‘расліны Anemone pulsatilla L. і Anemone pratensis L.’, рус. сон, сон‑дре́ма ‘расліна Pulsatilla palena, сон’, таксама сон, сон-трава́ ‘расліна Atrapa belladonna’. Назвы раслін у іншых славянскіх мовах: польск. sasanka, ст.-польск. sesenki, sasenki, sesanki, чэш., славац. sasanka ‘анемона’, серб.-харв. са́са ‘тс’, балг. са́са́н, съ́сън ‘анемона’ і ‘пралеска, Hepatica triloba’, дыял. съса́нка, саса́нка ‘анемона’. Этымалогія няпэўная. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) славянскія словы лічыць звязанымі з ст.-егіп. s‑šš‑n ‘лотас’, араб. susanлілія’, тат. susan ‘касач’. Яны былі запазычаны з ст.-грэч. σουσονлілія’ і ў праславянскай набылі формы *sъsъnъ, *sъsьnъ або *sъsenъ. Пасля вакалізацыі ераў паводле народнай этымалогіі былі звязаны з *sъnъ ‘сон’, што не беспадстаўна, таму што некаторыя віды раслін, напрыклад Pulsatilla patens L., у беларускай народнай медыцыне ўжываюцца як заспакаяльны і снатворны сродак (гл. Лекарственные растения и их применение. Минск, 1976, 482), а ў Сафійскім краі ў Балгарыі кветкі расліны кладуць у калыску дзецям. Іншая версія звязана з тым, што расліны роду Anemone у час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, што звешваюцца ўніз (нібы спяць), гл. Краўчук, БЛ, 6, 66–67. Ва ўсходнеславянскіх мовах слова, відаць, было поўнасцю атаясамлена з сон1. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538; ЕСУМ, 5, 352.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́жа1 ’дэкаратыўная расліна Rosa L.’ (ТСБМ; Ласт.), ’шыпшына’ (Кіс.), ’лілія’ (Сл. ПЗБ, ТС). Укр. дыял. ру́жа, польск. ruża, чэш. růže, славац. ruža, серб.-харв. ру́жа, макед. роза, ружа. Запазычанне, параўн. ст.-польск. róża, ruża < ст.-чэш. ruože < лац. rose або с.-в.-ням. rôse (Фасмер, 3, 493). Гл. таксама рожа1.

Ру́жа2 ’суша’ (Касп.). Паводле Анікіна, роднаснымі да гэтага слова з’яўляюцца рус. ру́жа ’сухое галлё, галіна высахлага дрэва’, ружь ’знешнасць; вобраз; выгляд; аблічча’, ру́жа ’прасвет; вонкавы бок’, славен. rȗž ’шалупінне; стручок’, rúžiti ’чысціць; абіраць, здымаць шалупінне; лушчыць’. Прасл. *ruža < з (< *rugja) ’суша, сцягнутая тугая, моцная, цвёрдая зямля’ < і.-е. *reu‑g‑ ’рваць, драць, цягнуць’. З індаеўрапейскіх паралеляў прыводзяцца літ. ráugti ’квасіць’, лат. raûgt ’заквашваць’, raûdzêt ’квасіць’, літ. ráugas ’закваска’, лат. raûgs ’тс’, прус. raugus ’кіндзюк’, літ. rū́gti ’кіснуць’, лат. rûgt ’брадзіць’ і інш. Прычым значэнне ’кіслы’ асэнсоўваецца, з аднаго боку, як ’які сцягвае, зводзіць рот (непрыемным смакам)’, параўн. лат. tik skābs, ka savęlk muti ’такі кіслы, што зводзіць рот’, savìlktiês ’збягацца, скісаць’, грэч. στύφω ’сцягваць; мець даўкі смак’. З іншага боку, ’кіслы’ асэнсоўваюць як ’які сцягнуўся; які загусцеў’, параўн. ст.-ісл. þēttr ’густы’, ісл. þētti ’кіслае малако’, сяр.-ісл. tēcht ’кіслы’ — усе яны з і.-е. *ten‑k‑ ’збягацца, скісаць’. Такім чынам, значэнне ’суша’ матывуецца тым, што суша часта называецца па прыкмеце ’цвёрды; моцны’ (у адрозненне ад балота), параўн. ням. Festland ’мацярык, кантынент, суша’ з festes Land ’цвёрдая зямля’. (Анікін, Этимология–1982, 70–78). Гл. таксама Макоўскі, Мир сл. и знач., 104 (дапускаецца сувязь з літ. reñgti ’рыхтаваць, уладкоўваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)