Ста́да ‘гурт, статак, чарада, табун (коней, кароў, авечак, птушак)’ (Жыв. св., Ян., Скарбы, Барад., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ста́до ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стадо ‘тс’ (Альтбаўэр); паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), у мове Статута 1529 г. адносілася толькі да сукупнасці коней і знаходзілася ў апазіцыі да быдло, якое аб’ядноўвала іншых свойскіх жывёл. Укр., рус. ста́до, стараж.-рус. стадо, польск. stado, в.-луж., н.-луж. stadło, чэш., славац. stádo, серб.-харв. ста̏до, балг. ста́до, макед. стадо, ст.-слав. стадо. Прасл. *stado ‘статак жывёл’, дэрыват ад прасл. *stati (гл. стаць) з рэдкім суфіксам *‑do, першапачаткова ‘група жывёл, якая стаіць’; гл. Слаўскі, SP, 1, 63; Борысь, 574. Роднасныя: ст.-ісл. stód н. р. ‘конскі завод, стада’, ст.-англ. stód ж. р. ‘тс’, ст.-в.-ням. stuot ‘тс’, літ. stodas, лат. stàds ‘саджанец, расліна’; гл. Фасмер, 3, 743. Па прычыне рэдкасці словаўтварэння прапанаваліся іншыя версіі: пранікненне з герм. stôd ‘стада’ < *sta‑ ‘стаяць’ з ‑d‑ як у лексікалізаванага дзеепрыметніка (Мартынаў, Лекс. взаим., 53 і наст.), даславянскае і дагерманскае запазычанне ад “праеўрапейскіх народаў” (Махэк₂, 573). Шустар-Шэўц (1353) як на словаўтваральную паралель спасылаецца на прасл. *čędo (гл. чада ‘дзіця’) < *čęti ‘пачынаць’, *čudo (гл. цуд) < *čuti, ‘адчуваць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў, Этимология–1968, 249; Трубачоў, Происх., 164; ЕСУМ, 5, 391–392. Сюды ж ста́днік ‘племянны бык або жарабец’ (ТС), ‘пастух’ (Касп., Нас., Нік. Очерки), ст.-бел. стадникъ ‘той, хто належыць да статку’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кане́ц, ‑нца, м.

1. Мяжа, край, апошняя кропка працягласці ў прасторы чаго‑н., а таксама прылягаючая да іх частка; проціл. пачатак. Канец палкі. Канец вёскі. □ Зазер’е — сяло вялікае. Адзін канец яго ўпіраецца ў возера, а другі хаваецца ў лесе. Ваданосаў. Адам рэзаў у хлеўчуку дровы. Прывітаўшыся, Мікола падхапіў другі канец лучковай пілы і моўчкі пачаў дапамагаць. Якімовіч.

2. Апошні момант чаго‑н., што мае працягласць у часе, а таксама час, звязаны з гэтым момантам. Канец дня. Канец года. □ Быў канец верасня, і маладыя бярозкі на ўзлессі стаялі ў залатым убранні. Шамякін. [Рыгорку] было вельмі сорамна, ён ледзь дасядзеў да канца заняткаў. Колас. // Завяршэнне, заканчэнне (справы, дзеяння і пад.). Маці патроху тлумачыла Юльцы велізарную кнігу жыцця — гэту мудрую рэч, якую чытаеш-чытаеш і ніколі да канца не даходзіш. Бядуля.

3. Разм. Смерць, гібель. Жарабец мог з маху ўдарыць сані аб сасну ці аб валун, тады дзяўчыне — канец! Карпюк. Хадзілі чуткі, што скора прыйдзе свабода і буржуям будзе канец. Лынькоў.

4. Вяроўка, канат, якія служаць для прычалу суднаў. — Гэй, на беразе! — данёсся хрыплаваты голас з мора. — Прымайце канец! Самуйлёнак.

5. толькі мн. (канцы́, ‑оў). Спец. Астатні нітак асновы, якія не могуць быць датканы і адразаюцца ад палатна.

•••

Аддаць канцы гл. аддаць.

Адзін канец — усё роўна, няхай будзе так.

Без канца — вельмі доўга, вельмі многа, бесперапынна.

Да канца — цалкам, поўнасцю.

Да канца дзён (сваіх) — да самай смерці.

Звесці канцы з канцамі гл. звесці.

Знайсці канец (канцы) гл. знайсці.

З усіх канцоў — адусюль, з розных напрамкаў (сысціся, з’ехацца і пад.).

Канца (канца-краю) не відаць (няма) гл. відаць.

Канца-меры няма гл. няма.

Канцы з канцамі не сходзяцца — а) няма ўзгодненасці, адпаведнасці паміж рознымі часткамі, старанамі чаго‑н.; б) у каго не хапае каму‑н. чаго‑н. на ўвесь вызначаны перыяд.

Канцы прыйшлі каму — наступіла смерць.

Канцы ў ваду — ніякіх слядоў (злачынства, правіннасці) не засталося.

На благі канец — пра бязвыхаднае, цяжкае становішча.

Не з таго канца — не так, як патрэбна (рабіць, пачынаць што‑н.).

Падбіць канцы гл. падбіць.

Пад канец — пры заканчэнні.

Палка з двума канцамі гл. палка.

У два канцы — туды і назад (ехаць, ісці і пад.).

Хаваць канцы гл. хаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)