Квет ’краска, кветка’ (ТСБМ, Ян., Нас.), ’кветкі’ (ТС). Укр. квіт ’кветка’, рус. квет ’тс’, ст.-слав. цвѣтъ ’тс’, балг. цвят, мак. цвет, серб.-харв. цве̏т, славен. сvȇt, польск. kwiat, чэш. květ, славац. kvet, в.-луж. kwět, н.-луж. kwět. Пераход kvʼ > cvʼ звязвае паўднёваславянскі і ўсходнеславянскі арэалы (гл. цвет). Заходнеславянскія формы з пачатковым kv распаўсюдзіліся на заходнюю частку ўсходнеславянскага арэала. Прасл. květъ, якое мае рэгулярныя аблаўтныя адносіны з дзеясловам kvisti (гл. цвісці). Рэгулярных паралелей за межамі славянскіх моў, як здаецца, няма (Слаўскі, 3, 479). Але германскія назвы пшаніцы і белага колеру можна суаднесці са славянскай назвай кветкі, калі прыняць пад увагу магчымасць кентумнага рэфлексу для апошняй і дублета t/d. Параўн. гоц. ƕaitеis ’пшаніца’ і ƕeits ’белы’ і ст.-слав. свѣтъ ’свет’. Літ. kvietỹs, лат. kvìesis ’зерне пшаніцы’ лічыцца германскім (гоцкім) па паходжанню. З гэтага пункту погляду прасл. květъ можа разглядацца як кентумны дублет да прасл. světъ або як лексічнае пранікненне з невядомай кентумнай мовы. Тады адносіны паміж květъ і kvisti трэба разглядаць як другасныя, якія ўзніклі па вядомай індаеўрапейскай мадэлі аблаўта. Але неверагодна, каб дублет d/t быў характэрны як для květъ, так і для světъ, тым больш што формы з канцавым ‑d не засведчаны. Таму як прасл. květъ, так і прасл. světъ нельга лічыць надзейнымі паралелямі да гоц. ƕaitеis і ƕeits. Аб семантычнай рэканструкцыі прасл. květъ гл. Лекс. Палесся, 29–30.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Серабро ‘срэбра’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сірабро́ ‘тс’ (Шымк. Собр.), сры́бра ‘тс’ (Ласт.), се́рабра ‘тс’ (Касп., Др.-Падб.), жыво́е серабро́ ‘ртуць’ (Шымк. Собр.; Яшк. Мясц.), ст.-бел. серебро, сребро (Альтбаўэр), серебра (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі, 1, 248); сюды ж серэбра́нка ‘мядзянка’ (брасл., Сл. ПЗБ), серабрыць ваду ‘класці сярэбраную манету пры купанні нованароджанага’ (Нік. Бабы). Параўн. укр. серебро́, срібро́, рус. серебро́, ст.-рус. сьребро, серебро, польск. srebro, в.-луж. slěbro, н.-луж. slobro, slabro, чэш. stříbro, славац. striebro, серб.-харв. сре́бро, славен. srebrọ̑, балг. сребро́, макед. сребро, ст.-слав. сьрекро, съребро. Прасл. *sьrebro ‘срэбра’. Слова мае балтыйскія і германскія паралелі, параўн. літ. sidãbras ‘серабро’, лат. sidrabs, гоц. silubr, с.-в.-ням., нов.-в.-ням. Silber ‘тс’, якія аднак узыходзяць да розных архетыпаў: усх.-балт. *sudrab‑/*sidarb‑, герм. *silubr‑/*silabr‑, слав. *sirabr‑, у аснове якіх нейкая назва, запазычаная разам з рэаліяй з Усходу. Трубачоў (Этногенез₂, 122) прапануе ў якасці зыходнай *śúb(h)‑riapa ‘светлая вада’, што атаясамліваецца з тапонімам Σιβριάπα, які Пталемей лакалізуе на Кубані. Махэк₂ (587) прапаноўвае сувязь з асір. sarrupum ‘тс’; Будзімір (Слав. филология, 2, 1958, 113) узводзіць да анаталійскага архетыпу *subau‑ro ‘бліскучы’. Гл. таксама Мюленбах-Эндзелін, 3, 835; Торп, 441; Фрэнкель, 780 і наст.; Фасмер, 3, 606; Борысь, 573; Сной₁, 601. Формы з псеўдапоўнагалоссем у выніку прыпадабнення зыходнага ь да наступнага е (Векслер, Гіст., 119).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́сяча, ты́сеча, тысіча ‘лік і лічба 1000’, ‘колькасць, якая абазначаецца лічбай 1000’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Бяльк., Вруб.; ашм., Сл. ПЗБ); ‘напасць, смерць’: кап цябе тысяча ўбіла (маг., Рэгіян. асабл., 4), ты́сячы ‘мноства чаго-небудзь, вялікая колькасць’, ‘вялікія грошы, капітал’ (ТСБМ), ці́сяча ‘безліч, многа’: грымаціць, бы там цісяча гармат смаліць (Сержп. Прымхі), císiaczy мн. л. ‘тс’ (Пятк. 3), ст.-бел. тысяча, тисеча, тисяча, тысеча, тысеща, тысяща ‘тысяча’, ‘вялікая колькасць’ (ГСБМ) з перавагай формы тисяча (Карскі 1, 237). Параўн. укр. ти́сяча, рус. ты́сяча ‘тысяча’, стараж.-рус. тысяча ‘апалчэнне, якое дзялілася на сотні’, ц.-слав. тысѫща, тысѧща, польск. tysiąc, н.-луж. tysac, tysec, в.-луж. tysac, чэш. tisíc, ст.-чэш. tisúc, славац. tisíc, славен. tísoč, харв. tȉsuća, балг. старое ти́сеча, ст.-слав. тысѧщи, тысѧща і тысѫщи, тысѫща. Прасл. *tysętja, *tysętjь, *tysǫtja, *tysǫtjь, роднасныя прус. tusimtons (В. скл. мн. л.); апошняя форма, як і літ. tū́kstantis, лат. tũkstuotis, гоц. þūsundi, ст.-в.-ням. dūdundt, нова-в.-ням. Tausend ‘тс’, выводзяцца з і.-е. *tu‑kʼm̥t‑ia ‘вялікая сотня’ < пра-і.-е. *teū‑ > *tūs‑ ‘набрыняць, пухнуць, таўсцець’ + *kʼm̥tom ‘сто’ (Махэк₂, 643; Голуб-Копечны, 385; Скок, 3, 474; Фасмер, 4, 133; Чарных, 2, 275–276; Брукнер, 590; Борысь, 659; Сной, 766; ЕСУМ, 5, 574; Арол, 4, 126). Меркаванні пра запазычанне з германскіх моў (Ваян, RÉS, 24, 184 і інш.) спрэчныя, балтыйскія і германскія формы паралельныя да славянскіх, але не ідэнтычныя ім (Мілеўскі, Teoria, 318); балтыйскія формы, за выключэннем старапрускай, хутчэй запазычаны з ранніх прасл. *tūcentjā, *tūcontjā (Трубачоў, Слав. языкозн. VIII, 311). Славянскія формы з палаталізаваным пачатковым складам утварыліся ў выніку асіміляцыі з наступнымі мяккімі зычнымі, параўн. ESJSt, 17, 1003. Сюды ж тысячагалоў ‘смолка, Vaccaria pyramidata’ (ТСБМ), тысячагоддзе ‘прамежак часу ў 1000 год’, ‘гадавіна тысячагадовай даўнасці’, тысячано́жка ‘мядзведка’ (Мат. Гом.), тысячанышка ‘сараканожка, мнаганожка’ (драг, Сл. Брэс.), ты́сяцкі ‘начальнік ваеннага апалчэння на Русі’, ‘галоўны распарадчык у вясельным абрадзе’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяна́1 ’вертыкальная частка будынка’, ’высокая агароджа з камення’, ’стромкая бакавая паверхня’ (ТСБМ, Касп., Ласт., Бяльк., Сцяшк., Ян.), ’рад чаго-небудзь, што стаіць на прамой лініі’ (Нас.), ’абрывісты бераг’ (ветк., Яшк.), сцена́ ’сцяна будынка’ (ТС), стена́ ’тс’ (Шушк.), стина́ ’сцяна, мур’ (пруж., Горбач, Зах.-пол. гов.), сце́нка памянш. да сцяна́ (ТСБМ, Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’сценка, грань’ (Байк. і Некр.), сце́нька ’сценка будынка’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѣна: стѣны домовъ наших (Альтбаўэр). Укр. стіна́, рус. стена́, ст.-рус. стѣна, польск. ściana, в.-луж., н.-луж. sćěna, чэш. stěna, славац. stena ’сцяна’, серб.-харв. стијѐна ’скала, камень’, славен. sténa ’сцяна’, ’скала’, балг. стена́ ’сцяна; каменная агароджа’, макед. стена ’сцяна’, ст.-слав. стѣна ’сцяна; вал’. Прасл. *stěna ’сцяна’, роднаснае гоц. stains ’камень’, ст.-ісл. steinn; далей параўноўваюць з грэч. στία, σττον ’крэмень’, ст.-інд. styā́yatē ’цвярдзее’ (гл. Мее, 446; Міклашыч, 323; Траўтман, 281; Фасмер, 3, 754; Махэк₂, 576–577). Мартынаў (Этимология–1968, 18) мяркуе, што слова паходзіць з першаснага спалучэння *stěna zьdь ’каменная сцяна, мур’, аналагічна да англ. stone wall, тады прыметнік меў бы форму *stěnъ (?) ’каменны’. Усё да і.-е. *stei̯‑/*sti‑ ’станавіцца цвёрдым, цвярдзець’; першаснае значэнне ’нешта зацвярдзелае’, адкуль ’плеценая (з прутоў) сцяна, пакрытая, аблепленая глінай (якая зацвярдзела пасля высушвання)’ (Борысь, 612). Шустар-Шэўц (2, 1276) германскія значэнні лічыць другаснымі; *stěna, на яго думку, з’яўляецца дэвербатывам ад асновы, якая захавалася ў літ. stìngti ’цвярдзець’, лат. stiñgt ’зрабіцца цвёрдым, кампактным’. Запазычанне славянскага слова з германскіх лічыцца неверагодным; параўн. Фасмер, там жа, з літ-рай; Бязлай, 3, 316. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Из истории, 232–238), які рэканструюе прасл. *steg‑s‑na ад і.-е. *steg‑/stog‑ ’пакрываць’ (сцяна пакрывала зямлянку), што малаверагодна па семантычных прычынах.

Сцяна́2 ’мяжа ў выглядзе дарогі, якая раздзяляе розныя палі’ (Нас.), ’лінія, мяжа’ (Шпіл.), ’канцавая забытая дарога’ (Сцяшк.), ст.-бел. стена ’мяжа, граніца’ (Ст.-бел. лексікон), остенити, застенити ’абмежаваць’ (Вопр. лит. яз., 143). Лічыцца калькай літ. síena ’сцяна’, ’мяжа, рубеж’, параўн. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 66; Барысава, Бел.-рус. ізал., 9. Гл. таксама сценка1.

Сцяна́3 ’частка асновы пры тканні’ (Нік. Очерки; ашм., Стан.), ’мера асновы, палатна, даўжынёй на хатнюю сцяну’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Шатал., Цых.; ашм., смарг., Нар. скарбы; Жд. 1). Да сцяна1, гл. таксама сценка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыма́ць ‘узяўшы ў рукі (рот, зубы), не даваць выпасці’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шат., Шымк. Собр., Касп., Мядзв., Мал., Яруш., ТС), трыма́ці, трыма́ті, трыма́ты ‘тс’ (Бес., Булг., ЛА, 3), трума́ць ‘тс’ (гродз., Нар. лекс.); перан. трыма́ць ‘утрымліваць, захоўваць за сабою, быць уладальнікам’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт.; ашм., Сл. ПЗБ), ‘мець у сваёй уладзе, у духоўным падпарадкаванні’, ‘прымушаць знаходзіцца каго-небудзь дзе-небудзь супраць яго волі, не выпускаць’ (ТСБМ) (там жа), ‘выхоўваць, трымаць у рамках’ (маст., Сл. ПЗБ), ‘трымаць скаціну’ (Бяльк.), ‘гадаваць, разводзіць’ (Сл. ПЗБ), ‘служыць апорай, падтрымліваць, быць на чыімсьці баку’ (ТСБМ, Шат.), ‘стаяць, працягвацца (пра мароз)’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘захоўваць; трымаць (у хляве)’ (там жа, Бяльк., Вушац. сл.), ‘адпаведным чынам паводзіць сябе’ (ТСБМ), ‘ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць (экзамен, адказ, ініцыятыву)’ (там жа), ‘трываць’ (ТС); ст.-бел. тримати, тримать, трымати ‘трымаць, не выпускаць, захоўваць, выкарыстоўваць; утрымліваць; мець думку, погляд, стаўленне’ (1492 г., ГСБМ). Параўн. польск. trzymać ‘трымаць’, чэш. мар. třímati ‘тс’, чэш. літарат. třímat ‘сціскаць, моцна трымаць’, усх.-славац. trimae se ‘трымацца ў добрым здароўі’, ‘быць добра выхаваным’, якія, паводле Борыся (652), узыходзяць да прасл. дыял. *trimati ‘ўтрымліваць, затрымліваць, захоўваць у пэўнай пазіцыі’, што разглядаецца як каўзатыў ад прасл. (s)trьmĕti ‘тырчаць, выступаць, быць нерухомым’, што да прасл. *strьmъ ‘які тырчыць, выступае, стромкі’. Побач са славен. tŕma ‘ўпартасць’, tŕmati, tŕmiti ‘ўпарціцца’, малапольск. trzmić ‘вытыркацца’, ст.-чэш. třmĕti ‘паднімаць угору’, такі шлях развіцця падмацоўваецца знешнімі параўнаннямі з нідэрл. stram, н.-ням. stramm ‘тугі’, ‘бадзёры, бойкі, моцны’, ст.-грэч. στερέμνιος ‘цвёрды, тугі, моцны’ < і.-е. *(s)terh₁‑ ‘быць цвёрдым, моцным, тугім’ (Бязлай, Eseji, 150; Сной₂, 705; Махэк₂, 653; Борысь, 652; ЕСУМ, 5). Мартынаў (Прарадзіма, 24) генетычна суадносіць *trimati з балг. трем ‘ганак’, макед. трем ‘сені, крыты ганак’, серб. тре̑м ‘сені’, славен. trȇm ‘павець, страха’ і разглядае ст.-англ. trymman ‘трымаць, умацоўваць’ у якасці славянскай інфільтрацыі ў германскія мовы, што сведчыць пра яго інавацыйны характар, які праявіўся і ў экспансіі на ўсходнеславянскія тэрыторыі — беларускую і ўкраінскую (Золтан, Athila, 546; Гарбуль, 184), дзе ўспрымалася як запазычанне, у якім rz (ř) замяняецца на р, але гэта не дае падстаў думаць, што запазычанне адбылося яшчэ да замены > ř > rz у польскай мове (Векслер, Гіст., 65). Сюды ж вытворныя трыма́ньне ‘паводзіны’ (Байк. і Некр.), трыма́ны ‘які ўжо быў ва ўжытку’ (Нас.), а таксама трыма́лы ‘ўстрыманы, сціплы’ (Нас.), трыма́ласць ‘вытрыманасць’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мо́ва, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць агульнапрынятых гукавых і лексіка-граматычных сродкаў для выказвання думак і наладжвання сувязі паміж людзьмі. Беларуская мова. Нацыянальная мова. Родная мова. Класічныя мовы. □ У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны, хоць сякія-такія польскія словы ён ведаў. Колас. Пачуўшы словы на незнаёмай ім мове, дзяўчаты адразу насцярожыліся. Лынькоў. // Тое ж як прадмет вывучэння і выкладання. Урокі мовы. Выкладчык французскай мовы. □ У .. [Юркі] зноў была запазычанасць па англійскай мове, і ён, пакуль ліквідаваў яе, адстаў ад хлопцаў. Карпаў.

2. Сукупнасць лексічных, граматычных і іншых сродкаў выражэння думак, стыль. Літаратурная мова. Газетная мова. Канцылярская мова. □ А колькі часу прыходзілася траціць на тое, каб дастасаваць мову дзяцей да кніжнае мовы! Колас. Мова загадаў, інструкцый сухая, дакладная. Тут ніякай рамантыкі, ніякай усмешкі. Лынькоў. // Сукупнасць прымет, уласцівых індывідуальнай манеры якога‑н. пісьменніка, мастака і інш. Мова Пушкіна. Мова Коласа.

3. Спосаб вымаўлення слоў, манера гаварыць. Таццяна з мацярынскай пяшчотай і замілаваннем сачыла, як .. [яе сын] ужо сам выпаўзаў з зямлянкі, а потым падымаўся і паважна ішоў па лагеры і з кожным сустрэчным размаўляў на сваёй смешнай дзіцячай мове. Шамякін.

4. Здольнасць гаварыць. Новая хваля сораму прыліла да .. стомленага, бледнага твару [Крысціны], пазбавіла яе мовы. Васілевіч. Дзяніс падаў Карнею руку, але не прамовіў ні слова, быццам у яго адняло мову. Гроднеў.

5. Тое, што перадае сабой якую‑н. думку, можа служыць сродкам зносін. Мова форму л. Мова лічбаў. □ Скрыпка Тамаша кожнаму на яго ж мове гаварыла, пад яго густ грала. Бядуля. Народы ўсяго свету павінны гаварыць паміж сабой не на мове гармат, а на мове мастацтва. «Полымя».

6. Разм. Гутарка, размова. — Пытаўся я ў людзей, брат, сёння Наконт зямлі каля Заблопня, — Так бацька мову расчынае. Колас. [Тапурыя:] — Слухай далей і больш не перабівай мне мовы. Самуйлёнак.

•••

Аналітычныя мовы — мовы, у якіх адносіны паміж словамі ў сказе выражаюцца не формамі змянення слоў, а парадкам слоў, службовымі словамі, інтанацыяй і пад.

Жывая мова — мова якога‑н. існуючага народа, якая ўжываецца як сродак зносін.

Індаеўрапейскія мовы — агульная назва самай вялікай у свеце сям’і сваяцкіх моў Азіі і Еўропы, да якой належаць мовы індыйскія, іранскія, славянскія, балтыйскія, германскія, раманскія, італійскія і некаторыя іншыя.

Інфармацыйная мова — спецыяльная штучная мова, якая выкарыстоўваецца ў сістэмах апрацоўкі інфармацыі.

Літаратурная мова — унармаваная форма агульнанароднай мовы, пісьмовыя і вусныя нормы якой з’яўляюцца агульнаабавязковымі.

Мёртвая мова — старажытная мова, на якой ужо не гавораць.

Новыя мовы — сучасныя мовы, у адрозненне ад старажытных, мёртвых моў.

Простая мова — мова другой асобы, пры перадачы якой захоўваюцца лексічныя і граматычныя асаблівасці выказвання.

Ускосная мова — мова другой асобы, пры перадачы якой захоўваецца толькі змест, а яе лексічныя і граматычныя асаблівасці поўнасцю або часткова змяняюцца ў апавяданні пры дапамозе даданых сказаў.

Часціны мовы гл. часціна.

Эзопаўская мова гл. эзопаўскі.

Гаварыць на розных мовах гл. гаварыць.

Знайсці агульную мову гл. знайсці.

Мову заняло гл. заняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)