АКМЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1331.
Адбылася паміж літ.-бел. войскам ВКЛ і рыцарамі Тэўтонскага ордэна на р. Акмяна (Паўн. Літва). Ням. рыцары, уварваўшыся ў Жамойць, рабавалі і знішчалі насельніцтва. Жмудзіны папрасілі дапамогі ў ВКЛ. Вял. кн. Гедзімін сабраў войска з літ., полацкіх і новагародскіх дружын і даў бой рыцарам на чале з Генрыхам фон Плокам. Дзякуючы добраму размяшчэнню войскаў (наперадзе татарская конніца, пасярэдзіне літ. воіны, на флангах і ў рэзерве бел. дружыны) Гедзімін разбіў ворагаў і прымусіў іх уцякаць. Мясц. насельніцтва, гвалтоўна ўключанае ў тэўтонскае войска, у час бою перайшло на бок Гедзіміна. Акмянская бітва на пэўны час прыпыніла ням. агрэсію на землі ВКЛ.
т. 1, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКА-РА́ДАМСКАЯ У́НІЯ 1401,
дзяржаўны і паліт, саюз ВКЛ і Польшчы. Дакумент пра заключэнне уніі быў падпісаны князямі і панамі ВКЛ 18.1.1401 у Вільні, у Польшчы — 11 сак. ў Радаме. Паводле пагаднення абедзве дзяржавы павінны былі дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, польскія феадалы абавязваліся ў выпадку смерці Ягайлы не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ, пацвярджаліся правы вял. князя ВКЛ Вітаўта на самаст. кіраванне, але таксама прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы, які ў акце уніі названы найвышэйшым князем літоўскім. Уніяй быў юрыдычна замацаваны саюз дзяржаў у барацьбе з ням. агрэсіяй. Адным з вынікаў уніі стала перамога ў Грунвальдскай бітве 1410.
І.А.Юхо.
т. 4, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ШНА (санскр., літар. цёмны, чорны),
у індуізме і індуісцкай міфалогіі бажаство, восьмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну. У эпічных легендах К. — мудры і мужны воін, часам вераломны да ворагаў, пазней, у сярэднія вякі, — боскі пастух-асілак (увасабленне сіл прыроды і кахання). Культ К. адыгрывае значную ролю ў індуізме. Легенды пра каханне К. да пастушак і яго подзвігі (забойства дэманаў і цара-тырана Кансу, узніманне над галавой гары, каб выратаваць ад дажджу людзей і іх статкі і інш.) здаўна выкарыстоўваюцца інд. л-рай і мастацтвам. На выявах К. — мужчына з цёмным (часцей цёмна-сінім або цёмна-ліловым) колерам скуры, ад якога і паходзіць яго імя.
т. 8, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1915,
сакрэтнае пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй з аднаго боку і Італіяй з другога. Падпісана 26 крас. ў Лондане. Вызначаў умовы ўступлення Італіі, якая раней уваходзіла ў Траісты саюз, у 1-ю сусв. вайну 1914—18 на баку Антанты. Паводле дагавора Італія абавязалася не пазней чым праз месяц аб’явіць вайну Аўстра-Венгрыі і выступіць (без вызначэння дакладнага тэрміну) супраць «усіх... ворагаў» Антанты. У абмен на такую згоду Італіі дэкларавалася перадача некаторых тэрыторый у Адрыятычным і Эгейскім морах, М. Азіі, Афрыцы і інш. Пасля заканчэння вайны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Італія дамагалася поўнага выканання ўмоў Л.д., але саюзнікі адхілілі многія яе прэтэнзіі.
т. 9, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
патро́іць, ‑трою, ‑троіш, ‑троіць;зак., што.
Павялічыць у тры разы. Мы сілы падвоім, мы храбрасць патроім, Мы ворагаў іх жа крывёю напоім, Як ворану вышай арла не лятаць, Так ворагу нашай зямлі не таптаць. Крапіва. Браты падаспелі да вас на падмогу, З’ядналіся разам, патроілі сілы. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́бліск, ‑у, м.
1. Бляск або святло, якое раптоўна з’явілася сярод цемры. Ні пробліску ў цёмным небе, ні зоркі. Краўчанка.
2. перан. Кароткачасовае, слабае праяўленне чаго‑н. (пачуцця, свядомасці і пад.). Пробліск надзеі. Пробліскі радасці. □ І зноў Марына не ўбачыла ніводнага пробліску спагады на тварах .. ворагаў. Шарахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабі́ць, -б’ю́, -б’е́ш, -б’е́; -б’ём, -б’яце́, -б’ю́ць; -бі́; -бі́ты; зак.
1. гл. біць.
2. каго (што). Забіць у якой-н. колькасці, перабіць.
Ён сотні ворагаў пабіў.
3. каго (што). Перамагчы ў спаборніцтве, гульні, спрэчцы.
У штурханні ядра ён пабіў усіх.
4. што. Пашкодзіць (пасевы і інш.).
Град пабіў жыта.
5. што. Разбіўшы, знішчыць, паламаць што-н. адно або ўсё, многае.
П. талерку.
П. пасуду.
6. што. Сапсаваць, пашкодзіць (пра воспу, моль і пад.).
Моль пабіла паліто.
Воспа пабіла твар.
7. што. Узнікнуць; усыпаць або пакрыцца чым-н.
Бровы пабіла сівізна.
8. што. У картачнай гульні: пакрыць карту партнёра старшай картай.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
аджы́ўшы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. пр. ад аджыць.
2. у знач. прым. Які аджыў сваё, не адпавядае сучаснасці. Аджыўшая тэорыя. Аджыўшыя погляды.
3. у знач. наз. аджы́ўшае, ‑ага, н. Тое, што аджыло. Разагнала.. [рэвалюцыя], як вецер разганяе хмары, старое і аджыўшае, прагнала сваіх ворагаў. Каваль.
4. Дзеепрысл. пр. зак. ад аджыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тхлань, ‑і, ж.
Разм.
1. Балоцістае месца. — Колькі ворагаў не дайшло, загінула ў дрыгве, у бяздоннай тхлані: і коннікаў ханскіх, і тых крыжакоў, і тых гітлераўцаў, — закончыў .. [Зыгмусь] пераканана, зірнуў у бясконцую далечыню супрацьлеглага берага і задумаўся, быццам прыпамінаючы нешта. В. Вольскі.
2. Гніль, цвіль, сырасць. Пахла травамі, прэлаю парою, тхланню. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БІЯКАМУНІКА́ЦЫЯ (ад бія... + камунікацыя),
сувязі паміж асобінамі аднаго або розных відаў жывёл, якія складаюцца праз перадачу і прыём сігналаў, што ўтвараюцца імі. Адрозніваюць сігналы спецыфічныя — хім., мех., аптычныя, акустычныя, эл. і інш. і неспецыфічныя, якія спадарожнічаюць жыццядзейнасці жывёл, успрымаюцца органамі зроку, слыху, нюху, смаку, дотыку, бакавой лініі, тэрма- і электрарэцэптарамі. Інфармацыя, якая паступае па розных каналах сувязі, перапрацоўваецца нерв. сістэмай, дзе фарміруецца рэакцыя арганізма ў адказ. Біякамунікацыя аблягчае пошукі ежы і спрыяльных умоў жыцця, ахову ад ворагаў і шкодных уздзеянняў, сустрэчу асобін рознага полу (асабліва ў перыяд размнажэння), узаемадзеянне дарослых і моладзі, фарміраванне груп (чарод, зграй, статкаў, калоній і інш.) і рэгуляцыю адносін паміж асобінамі ўнутры іх (тэр. паводзіны, іерархія і інш.). Кожны від жывёл мае свой арсенал біякамунікацыі, які перадаецца ў спадчыну.
т. 3, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)