РЭФЛЕ́КСІЯ (ад позналац. reflexio абарачэнне назад, адлюстраванне),
прынцып мыслення, накіраваны на асэнсаванне суб’ектам уласнага духоўнага свету; прадметны перагляд ведаў, крытычны аналіз іх зместу і метадаў пазнання. Адрозніваюць індывідуальную Р., накіраваную на спасціжэнне чалавекам уласных ведаў, учынкаў, іх межаў і значэння; навуковую Р., вынікам якой з’яўляецца асэнсаванне і крытычны аналіз тэарэт. ведаў, атрыманых пры дапамозе метадаў і прынцыпаў, уласцівых пэўнай галіне навукі; філасофскую Р., накіраваную на пазнанне межаў мыслення і чалавечай культуры наогул.
Праблема Р. паўстала яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі. Сакрат акцэнтаваў ролю Р. ў пазнавальнай дзейнасці. Платон і Арыстоцель лічылі Р. неад’емным атрыбутам божага розуму. У сярэдневяковай філасофіі Р. разглядалася як самавыяўленне «разумовай энергіі» Бога. Як асн. метадалагічны прынцып філасофіі Р. ўсталявалася з 17 ст. Р.Дэкарт трактаваў Р. як спосаб спасціжэння сапраўдных асновапалажэнняў свядомасці. Дж.Лок лічыў Р. крыніцай пазнання, якая мае пачуццёвы, эмпірычны характар. У процілегласць Локу Г.Лейбніц бачыў у Р. крыніцу вышэйшай формы ведаў і характарызаваў яе як выключна інтэлектуальны працэс. І.Кант у сваёй трактоўцы Р. аб’яднаў погляды Лока і Лейбніца: лічыў, што Р. складаецца з пачуццёвага і разумовага сузірання. Г.В.Ф.Гегель разглядаў Р. як унутр. форму развіцця гіст. самасвядомасці і самаразвіцця культуры. З канца 19 ст. ў вырашэнні праблемы Р. існуюць супрацьлеглыя погляды: абсалютызацыя ролі Р. як спосабу аналізу свядомасці (фенаменалогія, неакантыянства) і крытыка Р. як неадэкватнай крыніцы самапазнання чалавека (Ф.Ніцшэ, В.Дзільтэй, М.Хайдэгер, Ж.Дэрыда).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦІЕ́, агіяграфія,
від рэліг. л-ры, апавяданне пра жыццё духоўнай ці свецкай асобы, кананізаванай хрысціянскай царквой.
Ж. ўзніклі ў Рымскай імперыі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Складваліся па пэўнай схеме, вызначаліся ўмоўнасцю, дыдактыкай, царк.-рэліг. фантастыкай (прывіды, цуды). Услаўлялі аскетызм, цярплівасць, рэліг. фанатызм і былі сродкам царк. і паліт. прапаганды. Некаторыя ўвабралі сюжэты дахрысц. міфаў, сярэдневяковых навел, анекдотаў і самі сталі крыніцай легенд, духоўных вершаў, народных драм. У Кіеўскую Русь перайшлі ў 10—11 ст. з Візантыі (гл. ў арт.Візантыя, раздз. Літаратура) і шырока бытавалі на землях усх. славян у зб-ках Мінеі-чэцці (пашыраныя), пралогі (кароткія) і пацерыкі (у іх аснове займальныя эпізоды з жыцця манахаў). Арыгінальныя Ж. ў Кіеўскай Русі з’явіліся ў 11 ст.: княжацкія з паліт. тэндэнцыяй (такі від Ж. невядомы ў Візантыі) — Ж. Барыса і Глеба (11 ст.), Вольгі, Уладзіміра (12 ст.), Аляксандра Неўскага (13 ст.), Дзмітрыя Данскога (14 ст.); царкоўныя — «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Жыціе Аўрамія Смеленскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш.
Арыгінальныя бел. Ж. вядомы з канца 12—13 ст. — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Сказанне пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія». Іх аўтары не прытрымліваліся візант. схемы, звярталіся да гіст. фактаў, уключалі эмац.-псіхал. маналогі, бытавыя замалёўкі. З перакладных папулярных на Беларусі былі «Жыціе Аляксея, чалавека божага» і зб.«Жыціі святых». Вядомы таксама Чэцці камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльскія рукапісная і друкаваная «Мінея агульная» (17 ст.), пралогі і пацерыкі (віленскія, супрасльскія і інш. 15—17 ст.). У Ж. шмат каштоўнага гіст. матэрыялу, яны маюць вял. пазнавальнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТУІ́ЦЫЯ (ад лац. intueri пільна, уважліва ўглядацца),
здольнасць спасціжэння ісціны шляхам яе непасрэднага перажывання без абгрунтавання з дапамогай лагічных доказаў. Ант. філосафы разглядалі І. як своеасаблівы сродак цэласнага «спасціжэння сябе» (Сакрат), як спосаб пазнання ідэй (Платон) і вышэйшых прынцыпаў быцця (Арыстоцель). Вылучаюць пачуццёвую, інтэлектуальную, эмацыянальную, містычную І. Пачуццёвая выяўляецца незалежна ад інтэлекту ў розных вобразах, пачуццях і перажываннях. Інтэлектуальная з’яўляецца формай непасрэднага, інтэлектуальна-інтуітыўнага спасціжэння сутнасці розных феноменаў быцця (Э.Гусерль). Эмацыянальная праяўляецца ў эмацыянальных актах пазнання вечных, абсалютных каштоўнасцей (М.Шэлер). Містычная І. — неўсвядомлены працэс Божага адкрыцця, таямнічага азарэння (Ж.Марытэн). У ням. класічнай філасофіі практычна атаясамлівалася з «інтэлектуальным сузіраннем» (Ф.Шэлінг). У інтуітывізме тлумачыцца як непасрэднае зліццё суб’екта з аб’ектам, поўнае пераадоленне супрацьлегласці паміж імі (А.Бергсон). У «філасофіі жыцця» І. супрацьстаіць навук. пазнанню жыццёвай рэальнасці і ўспрымаецца як здольнасць да ірацыянальнага спасціжэння свету. У псіхааналізе трактуецца як неўсвядомлены першапрынцып творчай дзейнасці чалавека (З.Фрэйд). Аналітычная псіхалогія разглядае І. як адну з асн.псіхал. функцый, што дазваляе чалавеку атрымліваць інфармацыю шляхам непасрэднага ўспрымання жыццёвых падзей на ўзроўні падсвядомасці (К.Г.Юнг). У экзістэнцыялізме тлумачыцца як спецыфічны спосаб быцця чалавека ў свеце (М.Хайдэгер, К.Ясперс і інш.). Адыгрывае важную ролю ў вырашэнні складаных навук. задач стварэнні арыгінальных маст. твораў, прадухіленні канфліктных сітуацый у паўсядзённым жыцці чалавека.
Літ.:
Налчаджян А.А. Некоторые психологические и философские проблемы интуитивного познания: (Интуиция в процессе науч. творчества). М., 1972;
Ярвилекто Т. Мозг и психика. М., 1992;
Петухов В.В. Психология мышления. М., 1987;
Васильев И.А., Поплужный В.Л., Тихомиров О.К. Эмоции и мышление. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НЦЭР (Müntzer, Münzer) Томас (каля 1490, г. Штольберг, Германія — 27.5.1525), рэлігійны дзеяч, адзін з ідэолагаў Рэфармацыі і кіраўнікоў Сялянскай вайны 1524—25 у Германіі. Вучыўся ва ун-тах Лейпцыга і Франкфурта-на-Одэры. Адзін з найб. адукаваных тагачасных ням. тэолагаў. З 1518 прыхільнік М.Лютэра. Паводле яго рэкамендацыі ў 1520—21 быў святаром у г. Цвікаў (Саксонія), дзе зблізіўся з сектай анабаптыстаў, але ідэйна разышоўся з лютэранамі. У 1521 наведаў Чэхію, у т. л. Прагу, дзе прапаведаваў радыкальную Рэфармацыю (т.зв. «Пражская адозва») і абвясціў сябе прыхільнікам вучэння Я.Гуса. З 1523 святар у г. Альштэт (Цюрынгія), дзе арганізаваў «Саюз выбраных» — тайнае т-ва, якое мела на мэце звяржэнне ўлады князёў; канчаткова адышоў ад супрацоўніцтва з лютэранамі. Выступаў супраць «мёртвай літары» царк. вучэння, развіваў уяўленне пра ўнутр. веру, якая дазваляе мысліць і дзейнічаць у адпаведнасці з божым прадвызначэннем. Гал. задачу Рэфармацыі разумеў у абвяшчэнні блізкага сац.-паліт. перавароту, які павінен быць здзейснены масай сялян і гар. беднякоў. Прапагандаваў ідэю ўстанаўлення «царства божага на зямлі», адмаўляў прыватныя інтарэсы, але выступаў за ўмацаванне дробнасялянскай працоўнай уласнасці. У час Сял. вайны з лют.—сак. 1525 кіраваў паўстанцамі Цюрынгіі, спрабаваў стварыць у Мюльгаўзене адзіны цэнтр кіраўніцтва вайной. Пасля паражэння свайго атрада 15.5.1525 каля г. Франкенгаўзен трапіў у палон і пакараны смерцю.
Літ.:
Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;
Лазарев В.В. Становление философского сознания нового времени. М., 1987;
Ревуненкова Н.В. Ренессансное свободомыслие и идеология Реформации. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́ВЕСЦЬ СТАРАЖЫТНАРУ́СКАЯ,
жанр старажытнарускай л-ры, які аб’ядноўвае апавядальныя творы розных відаў (воінская, жыційная, бытавая, сатырычная аповесці, сказанне, гісторыя, слова, павучанне).
Вядома з 11 ст. Напачатку гэта былі перакладныя (пераважна з грэч.) творы — «Гісторыя Іудзейскай вайны» Іосіфа Флавія, прыгодніцка-фантастычная «Александрыя» пра Аляксандра Македонскага, гераічнае «Дзяўгеніева дзяянне», павучальныя «Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», апакрыфічныя «Пра стварэнне Адама», «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах». Амаль адначасова ўзніклі і арыгінальныя, пераважна гістарычныя, аповесці. Для кожнай жанравай разнавіднасці існавала свая літ.-эстэтычная рэгламентацыя. У 11—13 ст. пераважаў стыль манум. гістарызму, якому ўласцівыя значнасць тэм і праблем (веліч радзімы, сэнс чалавечага жыцця), ахоп падзей у буйных гіст. маштабах і вял. прасторах. На пач. 12 ст. ўзніклі агіяграфічныя аповесці «Сказанне аб Барысе і Глебе», «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і інш. (гл.Жыціе). Асаблівую папулярнасць набылі воінскія аповесці пра гераічную барацьбу за незалежнасць роднай зямлі («Слова пра паход Ігараў»). Блізкія да іх і царк. біяграфіі вядомых гіст. асоб («Аповесць пра жыццё Аляксандра Неўскага»). Аповесць старажытнаруская перыяду Кіеўскай Русі належыць да культурнай спадчыны рус., бел. і ўкр. народаў. У далейшым яна развівалася ў межах рускай літаратуры.
Аповесці старажытнарускія шырока бытавалі на Беларусі, а многія з іх у 15—17 ст. перакладаліся на бел. мову, перапрацоўваліся, уваходзілі ў буйныя творы інш. жанраў. Так, у 15—16 ст. з’явіліся бел. апрацоўка апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» — «Аб дванаццаці пакутах», бел. рэдакцыя «Сказання пра Мамаева пабоішча» — «Мамаева пабоішча»; «Аповесць пра разбурэнне Батыем Разані» была ўключана ў Беларуска-літоўскі летапіс 1446.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
История русской литературы Х—XVII веков. М., 1980;
Старинная русская повесть: Статьи и исслед. М.; Л., 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЫ́МСКІЯ ДЗЯЯ́ННІ»,
«Рымскія гісторыі» («Gesta Romanorum»), сярэдневяковы зборнік дыдактычных і псеўдагістарычных аповесцей, навел, прытчаў; помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. Складзены, відаць, у Англіі ў 13 ст. на падставе зах.-еўрап., ант. і блізкаўсх. крыніц. Паводле агульнага характару, літ. структуры твораў, спосабаў апавядання і прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці блізкі да «Вялікага зярцала».
У самых поўных рэдакцыях змяшчае каля 180 твораў, частка іх звязана з рымскімі падзеямі і героямі (адсюль назва). Прызначаўся пераважна для выхаваўчых мэт, хоць у зборніку нямала белетрыстычнага матэрыялу для займальнага чытання. У канцы кожнага твора падаюцца маралізатарскія тлумачэнні-павучанні, некат. з выразнай рэліг, афарбоўкай. Зборнік паўплываў на ўсю сярэдневяковую і рэнесансавую л-ру Зах. Еўропы; яго сюжэты, вобразы, прытчы выкарыстоўвалі і пісьменнікі (Дж.Бакачыо, Вальтэр, Ф.Шылер, У.Шэкспір і інш.). На бел. мове вядомы 2 рукапісы «Р.дз.»: Магілёўскі (1688, дэфектны, без канца) і Ціханравава (1729). У першым 36, у другім 39 твораў. Паводле свайго складу бел. пераклад адносіцца да найб. стараж, рэдакцый. У бел. зборніках змешчаны не толькі павучальныя гісторыі-прытчы і легенды (як ілюстрацыі да зместу маральных правіл паводзін людзей: пра няверную жонку, чалавечую няўдзячнасць, пра справядлівасць і высакароднасць, пра спакусы д’ябла, страшны суд і г.д.), але і папулярныя творы сярэдневяковай л-ры «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Жыціе Яўстафія Плакіды», скарочаная рэдакцыя ант. рамана «Гісторыя пра Апалона Цірскага» і інш. У мове бел. перакладу нямала архаізмаў і русізмаў, хоць непасрэднай крыніцай для яго, найб. верагодна, паслужыў польскі тэкст.
Публ.: Римские деяния. СПб., 1877—78.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Средневековые западноевропейские повести в русской и славянских литературах. I. Истории из Римских деяний. СПб., 1897.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛАДНА́Я АПО́ВЕСЦЬ,
адзін з асноўных жанраў старажытнабеларускай літаратуры 15—17 ст., які аб’ядноўвае розныя апавядальныя творы замежнай літаратуры, перакладзеныя на бел. мову. Вядома з часоў Кіеўскай Русі (гл.Аповесць старажытнаруская); яе ўзнікненне звязана з пашырэннем культ. узаемасувязей Беларусі з замежнымі краінамі і з завяршэннем фарміравання ў 15 ст. старабел. літ.пісьмовай мовы. Большасць П.а. паявілася на Беларусі з заходнееўрап. узораў праз зах.-слав. і паўд.-слав. пасрэдніцтва. Вылучаюць рэлігійныя і свецкія П.а. Рэлігійныя падобныя да апокрыфаў («Страсці Хрыстовы», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Аповесць пра трох каралёў», «Аповесць пра Таўдала»). Да свецкіх належаць рыцарскія раманы, якія на Беларусі называліся аповесцямі («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), гіст. аповесці («Александрыя», «Гісторыя пра Атылу», «Мамаева пабоішча», «Троя»), дыдактычныя і жартоўныя маст. творы. Змяшчаліся ў зб-ках «Вялікае зярцала» і «Рымскія дзяянні» (напр., «Гісторыя пра Апалона Цірскага»), у хроніках-зводах і хранографах (гл.«Вялікая хроніка», «Хроніка ўсяго свету»), У П.а. часам свядома пашыраўся ці скарачаўся тэкст, уключаўся мясцовы матэрыял, узмацняліся ідэі гуманізму, беларусізаваліся імёны і інш. (напр., «Аповесць пра Трышчана» — варыянт рыцарскага рамана пра Трыстана і Ізольду). П.а. лічацца некат. біблейскія кнігі, перакладзеныя і выдадзеныя Ф.Скарынам («Юдзіф», «Эсфір», «Руф» і інш.). П.а. напісаны жывой гутарковай мовай. Яны ўзбагацілі і паўплывалі на развіццё арыгінальнай бел. л-ры (асабліва празаічных жанраў), на станаўленне бел. белетрыстыкі. Некат. аповесці пранікалі праз бел. пасрэдніцтва на Украіну і ў Расію, што ўмацоўвала культ. ўзаемасувязі паміж народамі.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Пг., 1921;
Кузьмина В.Д. Рыцарский роман на Руси. М., 1964;
Кривчик В.Ф. О словарном составе белорусских переводных повестей второй половины XVI в. // Уч. зап. БГУ. Сер. фил. Мн., 1956. Вып. 27;
Гісторыя беларускай літаратуры: Сгаражытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998.
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
РАМА́НСКІ СТЫЛЬ,
стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх.ч. базілікі — хор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум. жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.
Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.
На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;
М., 1966;
Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.
А.М.Кулагін.
Да арт.Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.Да арт.Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА ВО́ЛІ,
філасофска-этычнае паняцце, якое азначае самавызначальнасць чалавека ў сваіх дзеяннях. У філасофіі цесна звязана з праблемамі дэтэрмінізму і індэтэрмінізму волі чалавека, у этыцы — з пытаннямі аб адказнасці чалавека за свае дзеянні, аб суадносінах С.в. і маралі; у хрысц. філасофіі і этыцы разглядаецца ў кантэксце праблемы Божага прадвызначэння і свабоды выбару асобы. Праблеме С.в. належыць адно з цэнтр. месцаў у гісторыі філас. і этычнай думкі. Сакрат падкрэсліваў вызначальную ролю пазнання ў ажыццяўленні С.в. Платон звязваў С.в. з арыентацыяй на ўсеагульны ідэал дабра, Арыстоцель — з праблемай маральнага выбару. Для сярэдневяковай філасофіі характэрны ідэі прадвызначэння і прэваліравання Божай усемагутнасці над асабістай С.в. чалавека (Аўгусцін, І.Дунс Скот, Фама Аквінскі) або прызнання С.в. асобы як магчымасці выбару паміж дабром і злом (Пелагій). У антрапацэнтрычнай філасофіі Адраджэння С.в. разглядалася як аснова чалавечай дабрадзейнасці, поўнага прыроднага і культ. самаразвіцця асобы (Л.Вала, К.Салютаці, Дж.Манеці). Бел. філасофія Адраджэння прасякнута ідэямі С.в., якая набліжае чалавека да вобраза Бога (С.Будны, Л.Зізаній), з’яўляецца асновай самаўдасканалення асобы шляхам падпарадкавання эмоцый і памкненняў розуму (Б.Будны, А.Алізароўскі), творчага самавыяўлення (М.К.Сарбеўскі). З 17 ст. ў вырашэнні праблемы С.в. вызначыліся 2 супрацьлеглыя пазіцыі: дэтэрмінізм, які сцвярджае, што воля абумоўлена знешнімі прычынамі і адмаўляе існаванне С.в. (Т.Гобс, Б.Спіноза), і індэтэрмінізм, які адстойвае ідэю самаабумоўленасці волі і абсалютнай С.в. (І.Фіхтэ). І.Кант аб’яднаў дэтэрмінізм і індэтэрмінізм, сцвярджаючы, што чалавек абсалютна несвабодны ў прыродным асяроддзі і валодае С.в. толькі ў інтэлігібельным (розумаспасцігальным) свеце. Г.Гегель лічыў С.в. атрыбутам сусв. духу, А.Шапенгаўэр разглядаў С.в. чалавека як выяўленне сусв. С.в. і крыніцу адвечных пакут, звязаных з бясконцасцю чалавечых жаданняў. Рацыяналістычную трактоўку С.в. прапанавалі К.Маркс і Ф.Энгельс, якія лічылі, што пазнанне і засваенне навакольнага асяроддзя спрыяюць ажыццяўленню С.в. Ірацыянальнай трактоўкі С.в. прытрымліваліся С.К’еркегор, Г.Маркузе, К.Ясперс, якія сцвярджалі, што веды і рацыяналізм звужаюць магчымасці для выяўлення С.в. Э.Фром вызначыў парадаксальную адметнасць чалавека 20 ст. — «уцёкі» ад С.в. як форму самаабароны ад непакою, звязанага з адзінотай, адказнасцю за выбар і нявызначанасцю будучыні. У экзістэнцыялізме і фенаменалогіі С.в. разглядаецца як неад’емны атрыбут асобы, які выводзіць яе па-за межы матэрыяльнага свету (М.Хайдэгер, Ж.П.Сартр). Гл. таксама Воля, Свабода, Свабода і неабходнасць.
Літ.:
Ноговицин О.М. Ступени свободы: Логико-ист. анализ категории свободы. Л., 1990;
Максимов А.М. Измерения свободы. Екатеринбург, 1994;
Калмыков Р.Б. Анатомия свободы. Иваново, 1995;
Валла Л. Об истинном и ложном благе;
О свободе воли: Пер. с лат.М., 1989;
Шопенгауэр А. Свобода воли и нравственность: Пер. с нем. М., 1992;