ФУНДАМЕНТАЛІ́ЗМ,
1) кансерватыўны кірунак у пратэстантызме, прадстаўнікі якога патрабуюць прыняцця ў якасці асновы («фундамента») веравучэння ўсяго зместу Свяшчэннага пісання і адмаўляюць любыя спробы яго алегарычнага і рацыяналістычнага вытлумачэння. Узнік у 1910-я г. ў ЗША як рэакцыя на пашырэнне матэрыялізму, неадарвінізму і крытычных адносін людзей да Бібліі; было апублікавана выданне «The fundamentals» («Асновы»; вып. 1—12, 1910—12), якое і дало назву ўсяму руху. Найб. росквіту дасягнуў у 1920-я г., калі па ініцыятыве фундаменталістаў у многіх паўд. штатах ЗША былі прыняты т.зв. «антыэвалюцыйныя законы», якія забаранялі выкладанне вучэння Ч.Дарвіна. У 1919 на Сусв. біблейскай канферэнцыі ў Філадэльфіі заснавана Сусв. хрысц. фундаменталісцкая асацыяцыя. На Ніягарскіх біблейскіх канферэнцыях, якія рэгулярна праводзяцца ў ЗША, былі выпрацаваны 5 асн. прынцыпаў у якасці базы Ф.: боганатхнёнасць і непагрэшнасць Бібліі; божая прырода Ісуса Хрыста; бязгрэшнае зачацце; збавіцельная ахвяра сына Божага; яго фіз. ўваскрэсенне і будучае другое прышэсце.
2) Ідэалагічная прыхільнасць зыходным ідэям, прынцыпам, каштоўнасцям пэўных вучэнняў, дактрын [напр., ісламскі Ф., язычніцкі Ф., этнічны Ф., экалагічны («зялёны») Ф. і да т.п.]. Узнікае ва ўмовах крызісу якога-н. руху і праяўляецца ў супраціўленні, у т. л. гвалтоўнымі сродкамі, працэсу змен і абнаўлення розных сфер грамадскага жыцця. Напр., прыхільнікі ісламскага Ф. выступаюць за няўхільнае выкананне прадпісанняў Карана і шарыяту і ўвядзенне іх у якасці абавязковых норм сучаснага грамадска-паліт. жыцця (ісламізацыя), выкарыстоўваюць метады тэрору і насілля ў «свяшчэннай вайне» (газават, джыхад) з іншаверцамі за ўмацаванне і пашырэнне мусульманскага ўплыву ў свеце.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 16, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)