«Жыціе Аляксея, чалавека божага» (помнік рэліг. л-ры) 4/452

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫЦІЕ́ АЛЯКСЕ́Я, ЧАЛАВЕ́КА БО́ЖАГА»,

помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры канца 15 ст. Змешчана ў рукапісным зб-ку разам з «Страсцямі Хрыстовымі» і «Аповесцю пра трох каралёў». Перакладзена з лац. мовы з выкарыстаннем чэш. крыніц. Шырока адлюстроўвае рысы бел. нар. гаворкі свайго часу.

«Жыціе...» апавядае пра Аляксея, які ў імя веры пакінуў багатых бацькоў і жонку і стаў хрысціянскім падзвіжнікам. Пасля вярнуўся ў бацькоўскі дом пад выглядам жабрака і жыў так 17 гадоў. Толькі пасля яго смерці бацькі даведаліся, што гэта быў іх сын. Аповесць вядома ў чэш. і польскім перакладах, у празаічным, вершаваным і драматургічным варыянтах. Зборнік зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

Публ.:

Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959;

Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.

Літ.:

Адрианова В.П. Житие Алексея, человека божия, в древней русской литературе и народной словесности. Пг., 1917.

У.​М.​Сеяжынскі.

т. 6, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НГЕЛЫ (грэч. archangelos),

паводле хрысціянскіх вераванняў — старшыя анёлы. Артадаксальная хрысц. традыцыя называе 3 архангелаў: Міхаіла — нябеснага архістратыга (военачальніка), анёла-апекуна ўсіх хрысціян; Гаўрыіла — божага пасланніка, які прынёс добрую вестку Марыі (гл. Благавешчанне); Рафаіла — анёла-лекара.

т. 1, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯШЧЭ́ННАЕ ПІСА́ННЕ,

кнігі, якія змяшчаюць вызначальныя ідэі пэўнай рэлігіі і ўспрымаюцца вернікамі як дадзеныя шляхам божага адкрыцця. Кожная рэлігія мае ўласнае С.п.: напр., у хрысціянстве С.п. лічыцца Біблія (Стары і Новы запаветы), у іудаізме — Стары запавет, у будызме — Трыпітака, у ісламе — Каран, у індуізме — Веды.

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРКАФА́Г (грэч. sarkophagos літар. пажыральнік мяса ад sarx мяса + phagos пажыральнік),

труна, невял. грабніца ў народаў старажытнасці; у шырокім сэнсе — любая архітэктурна і па-мастацку аформленая труна з дрэва, каменю, металу і інш. Найб. вядомы С. стараж.-егіпецкія (складаліся з мноства частак, першапачаткова ў выглядзе жытла, з 3-га тыс. да н.э. — муміяпадобныя), этрускія (з фігурай памерлага на вечку), эліністычныя, стараж.-рым. і раннесярэдневяковыя (аздобленыя рэльефамі і арх. дэкорам). Тып ант. С. развіваўся і ў эпоху рэнесансу і барока. У Кіеўскай Русі С. паявіліся з прыняццем хрысціянства (напр., Яраслава Мудрага ў Кіеўскім Сафійскім саборы). Самы стараж. С. на Беларусі знойдзены ў г.п. Тураў Гомельскай вобл. (12 ст.). Вядомы С. кн. Радзівілаў (17 — пач. 20 ст., Нясвіжскі касцёл Божага Цела), Сапегаў (18 ст., Гальшанскі касцёл францысканцаў).

М.​М.​Чарняўскі.

Старажытнаегіпецкі саркафаг Тутанхамона.
Саркафаг з выявай 12 апосталаў. 5 ст. (г. Равена, Італія).
Саркафаг з г.п. Тураў Гомельскай вобл. 12 ст.
Саркафаг К.​С.​Радзівіла Пане Каханку ў крыпце Нясвіжскага касцёла Божага Цела. 18 ст.

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТУРНА́ЛІІ (лац. Satumalia),

у Старажытным Рыме штогадовыя святы ў гонар бога Сатурна. Наладжваліся пасля збору ўраджаю ў час зімовага сонцастаяння. Суправаджаліся карнавалам, у час якога рабы «ўраўноўваліся» са сваімі гаспадарамі і нават абслугоўваліся імі, бедным грамадзянам раздаваліся грошы. Рытуал С., у т. л. звычай рабіць адзін аднаму падарункі, захаваўся ў калядах і абрадах хрысц. свята Божага нараджэння.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯШЧЭ́ННАЕ ПАДА́ННЕ,

сукупнасць рэлігійных палажэнняў, якія дапаўняюць і каменціруюць Свяшчэннае пісанне. У хрысціянстве побач з Бібліяй лічыцца крыніцай божага адкрыцця, якое вусна перадавалася апосталамі. Да С.п. адносяць сімвал веры, творы айцоў царквы, «Правілы апостальскія», вырашэнні Усяленскіх і некат. памесных сабораў. У каталіцызме С.п. дапоўнена шэрагам папскіх дэкрэталій. У пратэстантызме абвяргаецца боская прырода С.п. У ісламе С.п. з’яўляецца Суна, у іудаізме — Талмуд.

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́СТРЫГ,

пастрыжэнне, хрысціянскі абрад прыняцця манаства. Суправаджаецца падстрыганнем святаром (у манастыры ігуменам) валасоў на галаве паслушніка ў знак пасвячэння яго Хрысту, ператварэння ў раба Божага. Сімвалізуе поўнае падначаленне чалавека царкве, манастырскаму статуту.

Пасля П. пасвячонаму даецца новае імя ў знак канчатковага адрачэння ад свецкага жыцця, ён апранаецца ў манаскае адзенне. У царк. жыцці П. мае мэтай падкрэсліць адрозненне асоб, якія добраахвотна далі зарок служэння Богу.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАКА́ЛІПСІС (грэч. apokalypsis літар. адкрыццё),

1) адна з кніг Новага Запавета (Адкрыццё святога Іаана Багаслова). Напісана ў 68 — пач. 69 н.э. Іаанам Багасловам. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Гал. ідэя апакаліпсіса — чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусв. катастрофы. Рэлігійна арыентаваныя тлумачальнікі разглядаюць апакаліпсіс як прарочую кнігу пра апошнія часы свету і здарэнні, што павінны адбыцца напярэдадні 2-га прышэсця Хрыста на зямлю. Праз увесь яго тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Бога, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чашаў Божага гневу, і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастрофаў прызначана выклікаць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шматлікія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т. л. на Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі трэцяга анёла, што апавяшчае аб падзенні на зямлю вялікай зоркі пад назвай «палын» (па-ўкраінску «чарнобыль»), з біблейскім прадказаннем гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы — нац. трагедыі бел. народа. Акрамя інтэрпрэтацыі апакаліпсіса як страшнага суда і канца свету яго яшчэ тлумачаць як абяцанне тысячагадовага шчасця пасля такога суда.

2) У шырокім сэнсе апакаліпсіс — буйнамаштабнае бедства, пагроза пагібелі чалавецтва, культуры, навакольнага асяроддзя. Апакаліпсіс часта асацыіруецца з крызісам або канцом цывілізацыі, эканам. катастрофамі, ядз. вайной.

Літ.:

Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАЛЕ́ЎСКІ (Мітрафан) (свецкае імя Міхаіл),

украінскі і беларускі пісьменнік, культ.-асв. дзеяч 1-й пал. 18 ст. Скончыў Кіеўскую акадэмію (1732). Пастрыгся ў манахі; з 1733 быў выкладчыкам, у 1736—37 прафесарам паэтыкі гэтай акадэміі. Аўтар некалькіх панегірыкаў, школьных драм на біблейскія сюжэты: «Камічнае дзеянне...» (1736) і «Уладатворчае аблічча чалавекалюбства божага» (1737), дадаткам да якіх былі 10 інтэрмедый (аўтарства невядома) пра жыццё ўкр. і бел. сялян, іх нац.-рэліг барацьбу супраць польскіх паноў. У яго драм. сац.-бытавых творах дзеючыя асобы «літвіны» гавораць на бел. мове.

Тв.:

Поетика. (Сад поетичний). Київ, 1973;

Комичеськое дійствіе // Украшська література XVIII ст. Київ, 1983.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)