САРКАФА́Г (грэч. sarkophagos літар. пажыральнік мяса ад sarx мяса + phagos пажыральнік),
труна, невял. грабніца ў народаў старажытнасці; у шырокім сэнсе — любая архітэктурна і па-мастацку аформленая труна з дрэва, каменю, металу і інш.Найб. вядомы С. стараж.-егіпецкія (складаліся з мноства частак, першапачаткова ў выглядзе жытла, з 3-га тыс. да н.э. — муміяпадобныя), этрускія (з фігурай памерлага на вечку), эліністычныя, стараж.-рым. і раннесярэдневяковыя (аздобленыя рэльефамі і арх. дэкорам). Тып ант. С. развіваўся і ў эпоху рэнесансу і барока. У Кіеўскай Русі С. паявіліся з прыняццем хрысціянства (напр., Яраслава Мудрага ў Кіеўскім Сафійскім саборы). Самы стараж. С. на Беларусі знойдзены ў г.п. Тураў Гомельскай вобл. (12 ст.). Вядомы С. кн. Радзівілаў (17 — пач. 20 ст., Нясвіжскі касцёл Божага Цела), Сапегаў (18 ст., Гальшанскі касцёл францысканцаў).
М.М.Чарняўскі.
Старажытнаегіпецкі саркафаг Тутанхамона.Саркафаг з выявай 12 апосталаў. 5 ст. (г. Равена, Італія).Саркафаг з г.п. Тураў Гомельскай вобл. 12 ст.Саркафаг К.С.Радзівіла Пане Каханку ў крыпце Нясвіжскага касцёла Божага Цела. 18 ст.