аж,

1. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для інтанацыйнага вылучэння слова ці словазлучэння, да якога адносіцца. Цімафей Міронавіч аж кладзецца ад вясёлага нястрымнага смеху. Зарэцкі. Здаецца, аж сюды, да самага лесу, далятаў гул вялізнага пажару, узнікшага за якую хвіліну. Лынькоў. Раса высыхала, сонца прыгравала моцна, лес аж звінеў ад птушыных галасоў. Чорны. // Падкрэслівае самую крайнюю мяжу выяўлення якой‑н. уласцівасці. За гаем, на полі, аж да самага возера, іскрылася пад месяцам светлая сцежка. Асіпенка. [Вера:] — Пасля разлукі з табой я ў той жа вечар паехала аж за Чалябінск. Пестрак. [Русаковіч:] Цяпер у нас матэрыялу хапае. Для мяне — аж занадта. Крапіва.

2. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для выражэння нечаканасці або раптоўнасці наступлення якіх‑н. падзей. [Пазарэўскі:] — Раніцай прачнуліся — аж.. [Толіка] ужо няма. Чорны. [Мартын Рыль:] — Гэта мы выходзім з лесу на паляну, аж як гаркне наш Марка Балук: «Стой, лапаць скінуўся!» Колас. Прыглядаюся, аж тут траха не ўсе нашы сваякі і суседзі. Якімовіч.

3. злучнік супраціўны. Злучае сказы з узаемна неадпаведным значэннем, якое ўскладняецца адценнем нечаканасці, раптоўнасці. Бруй увайшоў у хату і спыніўся каля парога: у хаце нікога не было. Завярнуўся і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас. Колас. А я думаю, хто гэта ідзе к гумну. Думаў, Максімка памагаць, аж гэта ты. Чорны. [Скуратовіч:] — Думаў устаць зацемна, жэрдак на плот спусціць некалькі. Аж ужо і сонца ўзышло. Чорны.

4. у знач. выніковага злучніка. Далучае сказы, якія паказваюць на вынік асабліва напружаным падзей ці якую‑н. прыкмету самай высокай ступені. Бег што сілы, без аглядкі, Аж блішчалі ў хлопца пяткі. А. Александровіч. Гул матораў, цяжкі, абрывісты, поўніў усё паветра, аж звінелі шырокія шыбы дэпоўскіх акон. Лынькоў. Булай скамячыў ліст ватману, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́кры, пры́крый, прі́крый, пры́клы ’непрыемны, брыдкі; крыўдны; надакучлівы, нязносны; прытарны, агідны; нясмачны’ (Нас., Нік. Очерки, Бес., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ; смарг., шальч., баран., чэрв., Сл. ПЗБ; ТС, ЛА, 3), пры́кра ’непрыемна, брыдка; крыўдна; надакучліва, нязносна; прытарна, агідна’ (ТСБМ, Мядзв., Нас., Нік. Очерки, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., Бяльк., ТС), ’горка’ (Байк. і Некр.), прі́кра ’прыкра; горка’ (Бяльк.). Сюды ж з іншымі архаічнымі значэннямі: пры́кры ’стромы (бераг)’ (Мат. Гродз., Сцяшк.), пры́кры, пры́крыйабрывісты, круты (бераг)’ (лід., іван., пін., Сл. ПЗБ; ЛА, 2, ТС), прэ́кры, прэ́крый ’круты, стромкі (пра бераг)’, прэ́кро ’крута, стромка’ (Сіг., ЛА, 2). Таксама сюды ж вытворныя назоўнікі і дзеясловы, якія захоўваюць семантыку прыметнікаў: пры́красць, прікрысь, прікрысць ’непрыемнае пачуццё, непрыемнасць’ (Нік. Очерки, Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), пры́кросць ’прыкрасць, непрыемнасць’, ’круцізна, абрывістасць’, прыкрэ́ц ’круты бераг’ (ТС), са стратай каранёвага ‑р‑ пры́кун ’круты бераг’ (Мат. Гродз.); пры́крыць ’надакучваць; назаляць; рабіцца прытарным, агідным’ (Нас., Нік. Очерки, Байк. і Некр.), прыкрэ́ць ’рабіцца прытарным, больш салодкім’ (Нас.), прі́кріцца ’апрыкрыць, надакучыць’ (Бяльк.), пры́крыць ’рабіць непрыемнасці’ (ашм., Сл. ПЗБ); ст.-бел. прикрии, прыкрыи ’круты’, прыкрыи ’непрыемны’, прикритство ’строгасць, жорстскасць’ (Сл. Скарыны). Параўн. укр. при́крий ’непрыемны; моцны, надзвычайны; рэзкі (пра колер); злы; круты; стромы’, рус. дыял. при́крый ’прытарны’, ’цяжкі, недаступны, недасягальны (пра шлях, работу і пад.)’, польск. przykry ’прыкры, аскомісты’, чэш. příkrý, славац. príkry ’прыкры, брыдкі, непрыемны, аскомісты, востры’. Узыходзіць да прасл. *prikrъ(jь) ’круты; востры, горкі; непрыемны; рэзкі і г. д.’, якое калі не спрадвеку было полісемічным, то набыло шэраг значэнняў (аб якіх падрабязна гл. Пятлёва, Этимология–1983, 43–45; тут таксама крытычны агляд папярэдніх версій і аналіз семантыкі) даволі рана, што, безумоўна, можа быць звязана з патэнцыяльна невычэрпнай семантыкай і.-е. *qer‑ ’рэзаць’, да якога (з прэфіксам pri‑) праславянскае слова ўзводзіў яшчэ Петарсан (гл. Фасмер, 3, 364; Пятлёва, там жа). Іншыя версіі (Міклашыч, 264; Голуб-Копечны, 301; Махэк₂, 493) падаюцца пэўнымі ў значна меншай ступені. Кюнэ (Poln., 89) па лінгвагеаграфічных прычынах лічыў польскім запазычаннем у беларускай мове, што не мае падстаў у сувязі з народным характарам слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяна́1 ’вертыкальная частка будынка’, ’высокая агароджа з камення’, ’стромкая бакавая паверхня’ (ТСБМ, Касп., Ласт., Бяльк., Сцяшк., Ян.), ’рад чаго-небудзь, што стаіць на прамой лініі’ (Нас.), ’абрывісты бераг’ (ветк., Яшк.), сцена́ ’сцяна будынка’ (ТС), стена́ ’тс’ (Шушк.), стина́ ’сцяна, мур’ (пруж., Горбач, Зах.-пол. гов.), сце́нка памянш. да сцяна́ (ТСБМ, Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’сценка, грань’ (Байк. і Некр.), сце́нька ’сценка будынка’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѣна: стѣны домовъ наших (Альтбаўэр). Укр. стіна́, рус. стена́, ст.-рус. стѣна, польск. ściana, в.-луж., н.-луж. sćěna, чэш. stěna, славац. stena ’сцяна’, серб.-харв. стијѐна ’скала, камень’, славен. sténa ’сцяна’, ’скала’, балг. стена́ ’сцяна; каменная агароджа’, макед. стена ’сцяна’, ст.-слав. стѣна ’сцяна; вал’. Прасл. *stěna ’сцяна’, роднаснае гоц. stains ’камень’, ст.-ісл. steinn; далей параўноўваюць з грэч. στία, σττον ’крэмень’, ст.-інд. styā́yatē ’цвярдзее’ (гл. Мее, 446; Міклашыч, 323; Траўтман, 281; Фасмер, 3, 754; Махэк₂, 576–577). Мартынаў (Этимология–1968, 18) мяркуе, што слова паходзіць з першаснага спалучэння *stěna zьdь ’каменная сцяна, мур’, аналагічна да англ. stone wall, тады прыметнік меў бы форму *stěnъ (?) ’каменны’. Усё да і.-е. *stei̯‑/*sti‑ ’станавіцца цвёрдым, цвярдзець’; першаснае значэнне ’нешта зацвярдзелае’, адкуль ’плеценая (з прутоў) сцяна, пакрытая, аблепленая глінай (якая зацвярдзела пасля высушвання)’ (Борысь, 612). Шустар-Шэўц (2, 1276) германскія значэнні лічыць другаснымі; *stěna, на яго думку, з’яўляецца дэвербатывам ад асновы, якая захавалася ў літ. stìngti ’цвярдзець’, лат. stiñgt ’зрабіцца цвёрдым, кампактным’. Запазычанне славянскага слова з германскіх лічыцца неверагодным; параўн. Фасмер, там жа, з літ-рай; Бязлай, 3, 316. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Из истории, 232–238), які рэканструюе прасл. *steg‑s‑na ад і.-е. *steg‑/stog‑ ’пакрываць’ (сцяна пакрывала зямлянку), што малаверагодна па семантычных прычынах.

Сцяна́2 ’мяжа ў выглядзе дарогі, якая раздзяляе розныя палі’ (Нас.), ’лінія, мяжа’ (Шпіл.), ’канцавая забытая дарога’ (Сцяшк.), ст.-бел. стена ’мяжа, граніца’ (Ст.-бел. лексікон), остенити, застенити ’абмежаваць’ (Вопр. лит. яз., 143). Лічыцца калькай літ. síena ’сцяна’, ’мяжа, рубеж’, параўн. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 66; Барысава, Бел.-рус. ізал., 9. Гл. таксама сценка1.

Сцяна́3 ’частка асновы пры тканні’ (Нік. Очерки; ашм., Стан.), ’мера асновы, палатна, даўжынёй на хатнюю сцяну’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Шатал., Цых.; ашм., смарг., Нар. скарбы; Жд. 1). Да сцяна1, гл. таксама сценка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)