МАРАШЭ́ЎСКІ Каятан, бел. і польскі драматург канца 18 ст. Праф. рыторыкі і паэтыкі Забельскага дамініканскага калегіума (в. Валынцы, Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.). Аўтар бел.-польск. «Камедыі» і польск. трагедыі «Свабода ў няволі» (паст. ў 1787 у мясц. школьным т-ры). У «Камедыі» паказана цяжкае жыццё прыгоннага селяніна Дзёмкі, выказваецца асветніцкая думка, што шчасце залежыць не ад лёсу, а ад чалавечых учынкаў. Твор напісаны ў адпаведнасці з эстэтыкай класіцызму, аднак адчуваецца ўплыў барочных інтэрмедый, якія ўпершыню ў бел. л-ры сінтэзуюцца ў камедыю. Ідэі асветніцтва выявіліся ў трагедыі «Свабода ў няволі», дзе гал. герой — рымскі палкаводзец Велізарый — вышэй асабістых інтарэсаў ставіць інтарэсы радзімы. «Камедыя» ўпершыню апубл. У.Ператцам у 1911. Творы М. захаваліся ў рукапісным зборніку, які зберагаецца ў б-цы Літ. АН. Сюжэт «Камедыі» выкарыстоўвалі бел. драматургі (п’еса Ф.Аляхновіча «Птушка шчасця», 1920; паст. ў Мінску ў 1991).
Тв.:
Камедыя // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2 выд. Мн., 1997. Т. 1.
Літ.:
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 72—110;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн.. 1980. С. 320—335.
А.В.Мальдзіс.
т. 10, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЕ́Й З МЕ́ХАВА, Мехавіта (Maciej z Miechowa, Miechowita; сапр. Карпіга Мацей; каля 1457, ц. Мехаў, Польшча — 8.9.1523),
польскі гісторык, урач, географ, астролаг. Праф. (з 1485) і рэктар (1501—19) Кракаўскай акадэміі. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1474—78), ун-тах Падуі і Балонні (1483—85). У 1507 пасвечаны ў духоўны сан. У якасці ўрача запрашаўся на каралеўскі і магнацкія двары. Займаўся астралогіяй, прыпісваў яе ўплыў на ход гіст. падзей. Аўтар «Трактата пра дзве Сарматыі» (1517) — першага ў еўрап. пісьменстве геагр.-этнагр.-гістарычнага апісання зямель паміж Віслай і Донам (у т. л. беларускіх) і далей да паўд. ўзбярэжжа Каспійскага мора. Яго «Польская хроніка» (1519) уключае пераказ «Гісторыі Польшчы» Я.Длугаша (да 1480) і арыгінальнае апісанне далейшых падзей (да 1506). У 1521 «Хроніка» была канфіскавана з-за наяўнасці ў ёй крытычных заўваг пра тагачасную пануючую дынастыю Ягелонаў і перавыдадзена са зменамі. Аўтар эпідэміялагічнага даведніка (1508) і папулярнай працы па гігіене і дыетыцы (1522).
Літ.:
Maciej z Miechowa, 1457—1523: Historyk, geograf, lekarz, organizator nauki. Wrocław, 1960;
Hajdukiewicz L. Biblioteka Macieja z Miechowa. Wrocław, 1960.
Н.К.Мазоўка.
т. 10, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЙЧЫК ((Mikołajczyk) Станіслаў) (18.7.1901, Гольстэргаўзен, Германія — 13.12.1966),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік Велікапольскага паўстання 1918 супраць прускага панавання, савецка-польскай вайны 1920. У 1920—31 чл. партыі Польске стронніцтва людовэ-«Пяст» (у 1930—31 чл. Гал. рады), у 1931—39 чл. Гал. рады партыі Стронніцтва людовэ. Адзін з заснавальнікаў (1927) Велікапольскага Саюза сял. моладзі. Дэпутат сейма (1930—35). За кіраўніцтва сял. забастоўкай 1937 быў зняволены. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік вераснёўскай кампаніі 1939. Пазней у эміграцыі. У 1940—43 віцэ-прэм’ер, у 1943—44 прэм’ер-міністр польскага эмігранцкага ўрада. З 1946 віцэ-прэм’ер і міністр земляробства кааліцыйнага Часовага ўрада нац. адзінства. У 1945 засн. партыю Польскае стронніцтва людовэ (ПСЛ, у 1945—47 яе старшыня). Дэпутат Краёвай рады нарадовай (1945—47), сейма (1947). Арганізатар легальнай антыкамуніст. апазіцыі ў Польшчы. Пад пагрозай арышту выехаў у ЗША. У 1947—66 старшыня ПСЛ у эміграцыі. Аўтар успамінаў «Згвалтаваная Польшча» (1948), прысвечаных падзеям 1939—47.
Літ.:
Paczkowski A Stanisław Mikołajczyk, czyli Klęska realisty. Warszawa, 1991.
Н.К.Мазоўка.
т. 10, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТШ ((Nitsch) Казімеж) (1.2.1874, г. Кракаў, Польшча — 26.9.1958),
польскі мовазнавец-славіст; заснавальнік сучаснай польск. дыялекталогіі і адзін з заснавальнікаў кракаўскай школы мовазнаўцаў. Чл. АН у Кракаве (з 1911, з 1946 прэзідэнт), чл. і віцэ-прэзідэнт Польскай АН (з 1952), чл.-кар. АН СССР (з 1947) і інш. замежных акадэмій. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1895). Праф. Ягелонскага (1910—52; з перапынкамі) і Львоўскага (1917—20) ун-таў. Асн. працы ў галіне гісторыі польск. мовы, дыялекталогіі, лінгвістычнай геаграфіі, лексікаграфіі: «Мова польскага народа» (1911), «Паходжанне польскай літаратурнай мовы» (1913), «Дыялекты польскай мовы» (1915, 3-е выд. 1957), «З гісторыі малапольскіх гаворак» (1928), «Збор польскіх дыялектных тэкстаў» (1929, 1960), «Лінгвістычны атлас польскага Прыкарпацця» (з М.Малецкім, 1934) і інш. Ініцыятар стварэння і рэдактар «Малога атласа польскіх гаворак» (т. 1—2, 1957—59). Адзін з заснавальнікаў «Т-ва аматараў польскай мовы» (1920) і «Польскага лінгвістычнага т-ва» (1925). Дзярж. прэміі Польшчы 1953, 1972.
Тв.:
Wybór pism polonistycznych. T. 1—4. Wrocław;
Kraków, 1954—58;
Ze wspomnień językoznawcy. Kraków, 1960.
А.С.Аксамітаў.
т. 11, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНДО́ЎСКІ ((Parandowski) Ян) (11.5.1895, г. Львоў, Украіна — 26.9.1978),
польскі пісьменнік, гісторык культуры. Скончыў Львоўскі ун-т (1923). У 1945—48 праф. Люблінскага ун-та. Друкаваўся з 1913. Аўтар кніг і эсэ пра антычнасць («Міфалогія» і «Эрас на Алімпе», абодва 1924; «Алімпійскі дыск», 1933), белетрызаваных біяграфій «Кароль жыцця» (1930, пра О.Уайльда), «Петрарка» (1956), аўтабіягр. рамана «Неба ў агні» (1936), цыклаў лірычных («Сонечны гадзіннік», 1953) і гіст. («Успаміны і сілуэты», 1960) апавяданняў. Праблемы псіхалогіі творчасці ў кн. эсэ «Алхімія слова» (1951). Яго творчай манеры ўласціва спалучэнне асаблівасцей маст. прозы, стылявой вытанчанасці з дакладнасцю гіст., культуралагічнага, філал. даследавання. Пераклаў прозай «Адысею» Гамера (1953) і інш. Выдаў анталогію «Пісьменнікі свету Міцкевічу» (1962). Дзярж. прэмія Польшчы 1964.
Тв.:
Dzieła wybrane. Т. 1—3. Warszawa, 1957;
Рус. пер. — Избранное. М., 1981;
Мифология: Верования и легенды греков и римлян. М., 1971;
Алхимия слова. Петрарка. Король жизни. М., 1990;
Эрос на Олимпе. М., 1991.
Літ.:
Studenski W. Alchemik słowa: Rzecz o Janie Parandowskim. Г. 1—2. Opole, 1972—74.
С.Дз.Малюковіч.
т. 12, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКО́ЎСКІ ((Pawlikowski) Юзаф) (19.3.1767, в. Розпжа Лодзінскага ваяв., Польшча — 1829),
польскі публіцыст, паліт. дзеяч. Вывучаў права ў Ягелонскім ун-це (Кракаў), дзе належаў да Саюза філантропаў. Працаваў адвакатам. Выступаў супраць Таргавіцкай канфедэрацыі. Адзін з гал. арганізатараў паўстання 1794. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Бельгію, потым у Францыю, дзе 22.8.1795 падпісаў акт пра стварэнне радыкальнай эмігранцкай арг-цыі Польская дэпутацыя. У 1799—1800 сакратар і дарадчык А.Т.Касцюшкі. Пазней жыў у Варшаве, з 1821 чл. тайнага Нац. патрыят. т-ва. У 1826 арыштаваны, памёр у зняволенні. У першай публіцыст. працы «Пра польскіх прыгонных», выдадзенай ананімна ў 1788, выказваў фізіякратычныя погляды радыкалаў, якія патрабавалі адмены прыгону, асабістай незалежнасці і правоў для сялян. У трактаце «Палітычныя думкі для Польшчы» (1789) сфармуляваў філас. праграму нар. манархіі. Пад кіраўніцтвам Касцюшкі напісаў працу «Ці могуць палякі дамагчыся незалежнасці?» (1800), у якой патрабаваў спалучэння нац.-вызв. барацьбы з барацьбой за грамадскі прагрэс. Аўтар «Успамінаў пра падрыхтоўку касцюшкаўскага паўстання» (1876).
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977.
Н.К.Мазоўка.
т. 12, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́УТ (Газдава-Рэут) Вінцэнты
(Вікенцій Уладзіслававіч; 1812? — не пазней 1883),
польскі і бел. пісьменнік; прадстаўнік рамантызму. Жыў у маёнтку Мосар у Полацкім пав. У 1827—34 чыноўнік у Віцебску. У 1839—42 полацкі павятовы прадвадзіцель дваранства (маршалак). Друкаваўся ў альманахах «Niezabudka» («Незабудка»), «Rocznik literacki» («Літаратурны штогоднік»), «Rubon» («Рубон»), Збіраў і публікаваў бел. фальклор, шырока выкарыстаў яго ў вершаванай аповесці «Жонка» (1844). У паэме «Летуценнік» (1849) выказаў сімпатыі да вызв. барацьбы грэч. народа. У публіцыст. артыкулах заклікаў развіваць на Беларусі прамысловасць. Прыхільна ставіўся да паўстання 1863—64, прыцягваўся да следства, быў пад наглядам паліцыі. Зрабіў запіс у «Альбоме» А.І.Вярыгі-Дарэўскага. У пісьме да І.Легатовіча расказаў пра сувязі беларусаў, якія жылі ў Пецярбургу, з Т.Шаўчэнкам.
Літ.:
Зямкевіч Р. Тарас Шаўчэнка і беларусы // Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн., 1964;
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;
Яго ж. Радаводнае дрэва. Мн., 1994;
Пачынальнікі. Мн., 1977;
IngIot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-mskich w latach 1832—1851. Warszawa, 1966.
Г.В.Кісялёў.
т. 14, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПАЛЯ́КАЎ НА БЕЛАРУ́СІ,
(СПБ; Związek Polaków na Białorusi), добраахвотнае нац.-культ. аб’яднанне грамадзян Беларусі, якія лічаць сябе палякамі. Створаны ў 1986. Мэты саюза: адраджэнне і захаванне польскай мовы і культуры, ахова помнікаў гісторыі, архітэктуры і экалогіі, каардынацыя сумеснай дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый у вырашэнні праблем духоўнага развіцця польскага этнасу на Беларусі. На 1999 у СПБ больш за 30 тыс. членаў. Паводле статута вышэйшым органам СПБ з’яўляецца з’езд, які склікаецца 1 раз у 4 гады. У перыяд паміж з’ездамі саюзам кіруе Гал. праўленне (знаходзіцца ў г. Гродна) на чале са старшынёй. Мае абл., гар., раённыя, мясц. пярвічныя арг-цыі. Найб. абл. арг-цыя пасля гродзенскай — Саюз палякаў на Міншчыне. СПБ удзельнічае ў правядзенні фестываляў, конкурсаў, аглядаў маст. самадзейнасці і інш. Хадайнічае перад Мін-вам адукацыі аб адкрыцці польскіх школ, збірае сродкі на іх фінансаванне. Падтрымлівае сувязі з Польшчай і польскай дыяспарай у свеце. Выдае газ. «Глос знад Немна» і час. «Магазын польскі». Пра нац.-культ. дзейнасць СПБ гл. таксама ў арт. Палякі.
А.І.Валахановіч.
т. 14, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВІ́СТЫКІ ІНСТЫТУ́Т ПО́ЛЬСКАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К (Instytut Slawistyki PAN). Створаны ў 1954 у Варшаве як Ін-т славяназнаўства Польскай АН на базе Мовазнаўчай камісіі Акадэміі ведаў. З 1992 сучасная назва. Асн. кірункі даследаванняў: гісторыя славянства і літ. слав. моў, развіццё слав. гаворак. Мае аддзелы: беларусістыкі, русістыкі, украіністыкі, чэшскай і славацкай, праслав. моў, слав. анамастыкі, агульнай славістыкі, слав. л-р і інш. Разам з К-там мовазнаўства выдае квартальнік «Slavia Orientalis», штогоднікі «Rocznik Slawistyczny» («Славяназнаўчы штогоднік»), «Studia z Filologii Polskiej i Słowianskej» («Даследаванні з філалогіі польскай і славянскай»), «Pamętnik Słowiański» («Славянскія нататкі»), «Biuletyn Slawistyczny» («Славяназнаўчы бюлетэнь») і інш. Мае філіялы ў Кракаве, Познані, Гданьску. Сумесна з Інтам мовазнаўства АН Беларусі ў 1960-я г. праводзіў даследаванні польскіх рэгіянальных гаворак на Палессі, сімпозіумы па бел.-балта-слав. ізалексах. Да 1986 і з 1992 сумесна апрацоўваецца славістычная бібліяграфія, якая выдаецца ін-там. Выдадзены «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй М.Бірылы і А.Абрэмбскай-Яблонскай (1962), «Беларуска-польскі фразеалагічны слоўнік» А.Аксамітава і М.Чурак (2000), кн. «Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура (Анталогія)» (1998).
І.У.Кур’ян.
т. 14, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Та́ранікі ’аладкі з бульбы, дранікі’ (Ян.), адз. л. та́ранік ’тс’, та́ранка ’бабка’ (Мат. Гом.), та́рнікі ’аладкі’ (Сцяшк.). Утворана ад та́раны ’цёрты на тарцы’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), гл. тарыць. Запрудскі (дыс., 112) параўноўвае з серб.-харв. тара̀на ’цёртае цеста’, макед. тарана ’сушаныя крупы з цеста і ежа з іх’ (відаць, памылкова, бо гэта балканскі турцызм з тур. tarhana ’тс’; Скок, 3, 444) і (з пытальнікам) рус. та́рань ’зброд, вырадкі’ (без пэўнай этымалогіі, гл. Фасмер, 4, 22); фармальна супадае з серб.-харв. та́рањ ’бандарны інструмент для стругання клёпак’, што, паводле Скока (3, 512), звязана з tr̥ti (тр̏ти), гл. церці. Магчыма, сюды і чэш. дыял. taraňa ’сухія грушы, размятыя ў малацэ’ (Махэк₂, 636: няясна). Незвычайная рэфлексацыя слова можа сведчыць пра польскі ўплыў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)